Жоўтая скрыня на дзвярах Палаца Незалежнасці

Чым больш жорсткая ўладная «вертыкаль», тым вышэйшы ўзровень залежнасці ўладара ад яго найбліжэйшага асяроддзя. 21 студзеня адзіны палітык (АП) сустракаўся з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ. 



На жаль, поўная стэнаграма размовы «в форме вопросов и ответов», так і не была апублікаваная. Таму я вымушаны арыентавацца на інфармацыйны «абгрызак», змешчаны на сайце president.gov.by.

 

Пра што казаў АП на працягу пяці гадзін? Перш за ўсё, пра адсутнасць у Беларусі сучаснай дзяржавы. Абмяжуюся трыма цытатамі: «Мной еще в конце прошлой пятилетки было принято решение перейти на международные стандарты статистики». «Я сказал, что нет, мы людям обещали. Мы должны 500 долларов восстановить. Вот отсюда и мое было давление, что мы должны 500 долларов этих народу отдать». «И я сделал все для того, чтобы не было девальвации национальной валюты. Это было мое решение, и я добился его исполнения».

 

Вось такая ў нас дзяржава. Яна неаддзельная ад кіраўніка. Без яго мы самастойна і кроку не зробім. Па-першае, таму што не можам. Па-другое, таму што не маем права.

 

У канцы 2010 года кожнаму сярэднестатыстычнаму беларусу далі па 500 долараў. АП сказаў — АП зрабіў. У 2011 годзе не заробленыя долары адгукнуліся трохразовай дэвальвацыяй. А чаму? А таму, што АП не сказаў, АП не зрабіў. Папрасіць жа яго пра гэта мы не здагадаліся. Але чыя гэта праблема?

 

І так ва ўсім. Чаму ў Беларусі не растуць цэны на вываз смецця? Ён стрымлівае. І ніякага папулізму ў гэтым няма, бо толькі АП валодае мастацтвам стрымлівання цэнаў на вываз смецця, «не нарушая при этом законов экономики».

 

 

Дзе расце добрая драўніна?

 

Ці існуе паміж «па-першае» і «па-другое» прычынна-выніковая сувязь — пытанне філасофскае. Паводле французскага палітолага Энтані дэ Ясаі: «Ператварэнню кіраваных у некіраваныя спрыяе кіраванне імі». Такі вось каламбур. Яго актуальнасць АП пацвердзіў 21 студзеня.

 

Звернемся да дрэваапрацоўкі. «У нас же лес перестаивает. У нас огромное количество леса, и мы каждый год несколько миллионов кубов не успеваем переработать». Аднак з кабінетаў начальнікаў мільёны кубаметраў лесу, які перастаяў, не бачныя. Але гэта паўбяды. Дапусцім, за грошы падаткаплатнікаў начальнікам набудуць цэйсаўскія біноклі. Дапусцім, начальнікі з іх дапамогай навучацца адрозніваць перастаялую сасну ад неперастаялай. І што далей?

 

Ці змогуць яны самастойна ўсвядоміць неабходнасць мадэрнізацыі «для того, чтобы больше увеличить объемы деревообработки с целью большей продажи»? Адкуль яны ведаюць, «что хорошая древесина растет до экватора, в некоторых странах пониже. До экватора, а дальше пески. Дальше если и растут деревья, из них мебель не сделаешь»?

 

Перад намі праблема глабалізацыі ў яе непрыкрытай аголенасці. Лёс асобна ўзятай беларускай сасны сёння наўпрост звязаны з адсутнасцю добрай драўніны паўднёвей за экватар. Але ўсвядоміць гэту сувязь, аформіць яе ў кіроўнае слова, а затым і ў пэўную справу, у Беларусі здольны толькі адзін чалавек.

 

І так па ўсім фронце праблем, у тым ліку па праблеме дзяржаўнай незалежнасці: «Беларусь будет государством — суверенным и независимым. Это единственная моя главная задача, которую я должен исполнить». Страшна ўявіць, што з намі можа здарыцца, калі АП адмовіцца выконваць свой абавязак ці перавядзе задачу па захаванні суверэнітэту з шэрагу галоўных у другасныя.

 

 

Дзве прапановы

 

Замкнуўшы на сабе рашэнне ўсіх пытанняў, АП апынуўся ў поўнай залежнасці ад крыніц інфармацыі. Гэта няновая праблема. Звернемся да класіка нямецкай паліталогіі Карла Шміта: «Нават самы абсалютны манарх вымушаны абапірацца на паведамленні і данясенні і залежыць ад сваіх дарадцаў. Незлічонае мноства звестак і фактаў, прапаноў і здагадак навальваецца на яго дзень за днём, гадзіна за гадзінай. З гэтага бясконцага бушуючага мора праўды і хлусні, сапраўднага і магчымага нават самы разумны і магутны чалавек можа набраць у лепшым выпадку толькі некалькі кропель».

 

У эканоміцы Беларусі занятыя 4,5 мільёна чалавек. Гэта іх высілкамі рэалізуюцца планы, якія АП прымае на падставе аналізу некалькіх кропель інфармацыі. Дапусцім, з кожнай кроплі інфармацыі ён здольны выжаць максімум. Але дзе гарантыя, што ён выбірае патрэбныя кроплі?

 

Няма такой гарантыі. А вось гарантыі таго, што выбар патрэбных кропель АП даводзіцца рабіць з папярэдне адфільтраванага інфармацыйнага мора, існуюць.

 

«Найперш, — падкрэслівае Шміт, — тут можна бачыць унутраную дыялектыку чалавечай улады. Хто дакладае ўладару ці паведамляе яму інфармацыю, той ужо атрымлівае сваю частку ўлады, і не мае значэння, ці ён міністр, упаўнаважаны візаваць дакументы, ці хтосьці, хто ўмее ненаўпрост схіляць да сябе слых уладара».

 

Менавіта непазбежнасцю фільтравання інфармацыйнага мора тлумачыцца паліталагічны парадокс: чым больш жорсткая ўладная «вертыкаль», тым вышэйшы ўзровень залежнасці ўладара ад яго найбліжэйшага асяроддзя. Так усякая прамая ўлада (па Шміту) падпадае непрамым уплывам.

 

У гісторыі вядомыя мноства спробаў уладароў вырашыць паліталагічны парадокс за кошт нестандартных спосабаў атрымання інфармацыі. Так, каліф Гарун аль Рашыд у канцы свайго кіравання пераапранаўся ў звычайнае адзенне і наведваў па начах харчэўні Багдада.

 

З той жа мэтай імператар Павел I павесіў на дзвярах свайго палаца ў Пецярбургу жоўтую скрыню для скаргаў, якую адкрываў уласнаручна. Але ад інавацыі яе аўтару неўзабаве давялося адмовіцца, бо кемлівыя грамадзяне пачалі актыўна выкарыстоўваць скрыню для ілжывых даносаў, пасквіляў і карыкатур на самога імператара.

 

Аднак вернемся ў сённяшні дзень. «Я попросил специалистов, ну так называемых независимых, молодых толковых людей. Я говорю, ребята, просчитайте, это же несложно. Я могу сам это сделать, но это много времени займет, ну вы просчитайте, что будет, если мы девальвируем национальную валюту на пять, на десять, на пятнадцать процентов сразу. Они мне в один голос заявили, что пользы никакой не будет. Государство в итоге, народ и предприятия сядут в яму. Это подтвердило мои мысли».

 

Імператар Павел I і каліф Гарун аль Рашыд адпачываюць. Кіраўнік сучаснай еўрапейскай дзяржавы для прыняцця, мабыць, аднаго з найважнейшых макраэканамічных рашэнняў вымушаны кансультавацца з так званымі «незалежнымі», маладымі разумнымі людзьмі. А чаму не са спецыялістамі Міністэрства эканомікі? Між іншым, пры міністэрстве існуе Навукова-даследчы эканамічны інстытут (НДЭІ). Інтэрнэт падказвае, што гэта далёка не адзіная ў Беларусі навуковая структура эканамічнага профілю.

 

 Нам пашанцавала. У АП — дзве вышэйшыя адукацыі, адна з якіх — эканамічная. Калі б «так называемые» адмовілі, дык ён і сам здолеў бы зрабіць неабходныя разлікі. Зласліўцы могуць не чакаць чарговай дэвальвацыі. Але што рабіць з тарыфамі на вываз смецця?

 

Неаднаразовыя спробы АП атрымаць ад урада рэальныя выдаткі на яго вываз так ні да чаго і не прывялі. Пра прычыны гэтага я распавёў вышэй, таму абмяжуюся кароткай цытатай: «Дайте мне это. Ну да, представят назавтра. Кто представит? Министерство жилищно-коммунального хозяйства. А какую оно информацию представит? Оно само в этом сидит, руководит этой отраслью».

 

Ну як гэтаму супрацьстаяць? Асабіста ў мяне ёсць дзве прапановы. Па-першае, на дзвярах Палаца Незалежнасці варта павесіць жоўтую скрыню. Па-другое, можна скарыстацца напрацоўкамі каліфа Гаруна аль Рашыда. Балазе, начных забаўляльных установаў у Мінску адкрыта мноства.

 

 

Крыху статыстыкі

 

Дзяржавы як абстрактныя арганізацыі, якія валодаюць уласнай юрыдычнай асобай, адрознай ад асобы кіраўніка, пачалі актыўна фармавацца ў Еўропе пасля падпісання Вестфальскага міру (1648 г.). Для сярэднявечнага інтэлектуала гісторыя любых супольнасцяў успрымалася як жыццяпіс асобаў, якія імі кіравалі. Разважаць у катэгорыях інстытутаў і безасабовых сіл ён быў не здольны.

 

Пры такім поглядзе на свет не існавала паняцця «ўрад». Былі толькі людзі, якія служылі каралю ў той ці іншай якасці. Не існавала таксама грамадзянскай супольнасці, а былі выключна падданыя, важныя персоны і маленькія людзі, з якімі неабходна было абыходзіцца ў адпаведнасці з іх статусам.

 

Не існавала і замежных дзяржаваў, а толькі кіраўнікі, якія належалі да іншых дынастый.

 

Тут варта прыгадаць Макіявелі, не здольнага правесці рысу паміж прыватным жыццём кіраўніка і яго палітычнай роляй. Адсюль паўстала яго ўпэўненасць, што для поспеху ў палітыцы неабходныя ў першую чаргу сіла і хітрасць. Аўтару «Гаспадара» было недаступнае разуменне паняцця «res publica» як супольнасці людзей, якія кіруюцца законам.

 

У Беларусі, нягледзячы на наяўнасць поўнага камплекту нібы сучасных інстытутаў, асоба кіраўніка так і не адмежаваная ад дзяржавы. Таму пераход на міжнародныя стандарты статыстыкі ў нас ажыццяўляецца па рашэнні АП. За ім застаецца і апошняе слова і пры зацвярджэнні тарыфаў на вываз смецця.

 

Уменне АП выбіраць і аналізаваць кроплі інфармацыі з’яўляецца галоўным фактарам эфектыўнасці беларускай эканомікі. За прыкладам далёка хадзіць не трэба: «Весь мир модернизируется, а меня критикуют за то, что не вовремя поставил задачу модернизации. Как же не вовремя? Мы давно этим занимаемся. Мы в сельское хозяйство вгрохали около 50 млрд. долларов на модернизацию».

 

Крыху статыстыкі. За студзень-лістапад 2013 года чысты прыбытак арганізацый сельскай гаспадаркі скараціўся на 37,7%. За гэты ж перыяд удзельная вага стратных арганізацый (без дзяржпадтрымкі) сярод агульнай колькасці арганізацый павялічылася ў 1,8 разу (з 30,4% да 54,1%).

 

Такі вынік «вгрохивания» бюджэтных мільярдаў у мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі. Але сельская гаспадарка — далёка не адзіная галіна, адказнасць за мадэрнізацыю якой узяла на сябе беларуская дзяржава. 

Каментаваць