ЗША: Заклікаем урад Беларусі да правядзення сур'ёзных рэформаў выбарчага заканадаўства

З нагоды выбараў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Джон Кірбі агучыў 12 верасня адмысловую заяву.


"Злучаныя Штаты вітаюць мірны характар парламенцкіх выбараў, што адбыліся ў Беларусі 11 верасня. — гаворыцца ў заяве. — Мы адзначаем некаторыя паляпшэнні выбарчага працэсу і той факт, што альтэрнатыўныя меркаванні будуць прадстаўлены ў парламенце ўпершыню за дванаццаць год. Тым не менш, выбары не адпавядалі міжнародным абавязацельствам Беларусі па правядзенні свабодных і справядлівых выбараў, што і было адзначана ў сумеснай заяве назіральных місій ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Савета Еўропы.

 

У заяве адзначаецца гатоўнасць уладаў да рэгістрацыі большай колькасці апазіцыйных кандыдатаў, чым на ранейшых выбарах. Аднак у ёй гаворыцца таксама і аб сур'ёзных праблемах, што захоўваюцца, такіх як непразрысты падлік галасоў, фарміраванне выбарчых камісій на безальтэрнатыўнай аснове, інфармацыйнае асяроддзе, якое перашкаджае выбаршчыкам зрабіць асэнсаваны выбар, адсутнасць рэформаў выбарчага заканадаўства Беларусі, якое носіць абмежавальны характар. Мы ізноў заклікаем урад Беларусі да правядзення сур'ёзных рэформаў выбарчага заканадаўства і працэдур у адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы.

 

"Пашырэнне дэмакратыі ў Беларусі яшчэ больш умацуе яе суверэнітэт і незалежнасць, у падтрымку якіх паслядоўна і цвёрда выступаюць Злучаныя Штаты, і дазволіць палепшыць двухбаковыя стасункі", — падкрэсліваецца ў заяве.

Паводле прэс-рэліза

  

Каментаваць