Журналіста зблыталі з рускім тэрарыстам

Наш карэспандэнт, Зміцер Галко быў затрыманы ў Данецку супрацоўнікамі СБУ па падазрэнні ў тэрарыстычнай дзейнасці. Як высветлілася пазней, яму вельмі не пашанцавала з суседам па пакоі.



Сусед Зміцера Галко па пакою. Фота зроблена ўпотай на тэлефон


Сёння Зміцер распавёў нам па тэлефоне абставіны малапрыемнага інцыдэнту.
 

— Зміцер, раскажы, калі ласка, што здарылася.



— 9 і 10 сакавіка я знаходзіўся ў Данецку. У ноч на 11 сакавіка я збіраўся ехаць далей па сваім маршруце, але за некалькі гадзін да цягніка нечакана быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ (Служба бяспекі Украіны).

Я прыйшоў у пакой адпачынку пры чыгуначным вакзале, дзе здымаў ложак у двухмесным нумары, каб забраць свае рэчы. Яшчэ на ўваходзе мяне заблакавала група людзей у цывільным, якія прымусілі ісці за імі.
 

— Яны мэтанакіравана цябе затрымлівалі?
 

— Так, гэта была адмысловая засада для майго затрымання.
 

— Ці адразу ты зразумеў, што адбываецца?
 

— Было некалькі хвілінаў, мабыць, адных з самых страшных у маім жыцці, калі я быў упэўнены, што мяне прыйшлі забіваць бандыты. Нібы адказваючы на мае думкі, мяне запэўнілі: «Тут няма бандытаў, усе афіцыйныя асобы». І патлумачылі прычыну майго затрымання.
 

— І што гэта была за прычына?
 

— У маім пакоі была знойдзена выбухоўка. Адпаведна, мяне падазравалі ў тэрарыстычнай дзейнасці.
 

— Ты сказаў, што пакой быў двухмесны.
 

— Так, крыху раней за мяне туды засяліўся чалавек. Я так разумею, цяпер ён застаецца адзіным падазраваным.
 

— Што гэта быў за чалавек, ці знаёміўся ты з ім?
 

— Ён не называў сябе, і ўвогуле вельмі неахвотна адказваў на пытанні. Хіба што пацвердзіў маю здагадку, што ён з Расіі. Ну, гэта было цалкам відавочна. Як ні кпілі з азначэння «выразны рускі акцэнт», вельмі частага ў навінах перыяду супрацьстаяння на Майдане, гэты акцэнт вылічваецца на раз-два. Магчыма, дзе-небудзь у асяродку рускамоўнай інтэлігенцыі ў Кіеве змаглі выціснуць з сябе па кроплі ўкраінскую артыкуляцыю і фанэтыку, а ў Данецку, напрыклад, мяне самога кожны суразмоўца беспамылкова ідэнтыфікаваў як чужога. На жаль, першай думкай заўсёды было, што я прыехаў з Расіі.
 

— Што-небудзь яшчэ выдавала ў ім расіяніна, апроч акцэнту?
 

— Безапеляцыйнасць. Ён заўсёды ведае лепей за цябе, яму тваё меркаванне нецікавае. Калі ён нібыта запытаўся ў мяне — «Ну што, адмарозіўся ваш бацька?», маючы на ўвазе адсутнасць падтрымкі дзеянняў Расіі з боку афіцыйнага Мінску, ён не чакаў ад мяне ніякага каментара на гэты конт, яму ўсё было ясна. Таксама ён усё ведаў лепей за ўкраінцаў. Дарэчы, ён называў «ідыётамі» не толькі актывістаў Майдану, але і ўдзельнікаў прарасійскага мітынгу ў Данецку, і саміх расіянаў.
 

— Нават расіянаў?
 

— Так, ён казаў, што «99 адсоткам насельніцтва насамрэч усё пофігу, а з тых, хто робіць выгляд, што ім не пофігу, ніхто не гатовы сам ісці ваяваць». Мелася на ўвазе — ісці ваяваць за Крым ці ўсю Украіну.
 

— Засталіся толькі ён і Пуцін?
 

— Напэўна, толькі ён адзін. Бо, па яго словах, «расіянскае (зняважлівае азначэнне сучаснай Расіі, якое выкарыстоўваюць рускія нацыяналісты — НЧ) кіраўніцтва самаўхілілася ад вырашэння праблемы». Мне падалося, ён лічыў Пуціна слабаком. Пры гэтым ён пераглядаў запіс ягонай прэс-канферэнцыі па ўкраінскаму пытанню, але пахваліў Пуціна толькі аднойчы — за нейкае асабліва жорсткае выказванне.
 

— А чым ён яшчэ займаўся, апроч прагляду прэс-канферэнцыі Пуціна?
 

— Ну, я сам заставаўся ў нумары вельмі нядоўга, у мяне было шмат справаў. Пры мне ён глядзеў яшчэ нейкі антызаходні фільм пра Карыбскі крызіс і выступ Міхаіла Хазіна па праблеме Крыму. Гэта прапагандыст савецкага тыпу эканомікі, ізаляцыянізму, крамлёўскі трубадур. Які расказваў, што ад анэксіі Крыму Расія атрымае адныя толькі плюсы, пабудуе там рай зямны, потым праглыне ўсю Украіну, і хутка Рускі Дух ізноў запануе ў свеце. Вось яго мой сусед слухаў з яўным задавальненнем.
 

— Ці падобны ён быў да тэрарыста?
 

— Спачатку я меркаваў, што гэта які-небудзь звычайны пыхлівы масквіч. Мне даводзілася сустракаць нямала такіх, у тым ліку ў віленскіх кавярнях ці на пароме Стакгольм-Талін. Аднак тое-сёе ў маім суседзе насцярожвала, пачынаючы ад нежадання прадстаўляцца да празмернай нават для масквіча імперскай гарачнасці. Зрэшты, я не ішоў у сваіх думках далей за тое, што ён можа быць сябрам якой-небудзь ультранацыяналістычнай групоўкі, які прыехаў «падтрымаць» украінцаў.
 

— Хіба на Данбасе не чакаюць з нецярпеннем такога кшталту падтрымкі?
 

— Абсалютна не. Мне хапіла двух дзён, каб, паварыўшыся ў гэтым горадзе, зразумець, што ён міфалагізаваны не меней за Львоў. Калі апошні паўжартам называюць Бандэрштадтам, дык міфалагему Данецку можна абазваць Цітушкаградам. Як і ўсялякая міфалагема, гэтая таксама даволі далёкая ад рэальнасці. Хочаце верце, хочаце не, але я з'яджаў адсюль з самымі прыемнымі ўражаннямі. І ўнутрана спакойны за тое, што другога Крыму тут не будзе.
 

— З самымі прыемнымі ўражаннямі? Гэта пасля затрымання супрацоўнікамі СБУ?!
 

— Як незалежны беларускі журналіст, я звык да раптоўнага затрымання людзьмі ў цывільным, якія потым аказваюцца «афіцыйнымі асобамі». Але я не звык, што пры затрыманні цябе не абражаюць, не б'юць, не адгукаюцца здзекліва пра твае палітычныя погляды, не дураць галавы рознай лухтой, якая не мае ніякага дачынення да справы. Пагатоў я не звык да таго, што перада мной некалькі разоў шчыра выбачаюцца, калі аказваецца, што затрыманне было памылковым, ціснуць руку на развітанне і запрашаюць прыязджаць яшчэ. Вось дзе быў сапраўдны культурны шок! Але ж яшчэ зусім нядаўна СБУ пачынала набываць такое самае злавеснае адценне, якое ёсць у КДБ і ФСБ. Калі гэта не выпадковасць, а заваяванне Майдану, ён ужо быў недарэмным. Яшчэ раз: мяне затрымлівалі як падазраванага ў тэрарыстычнай дзейнасці, я ўжо паспеў прымерыць на сябе лёс Канавалава і Кавалёва, але ўрэшце гэта было значна менш страшна, чым затрыманне за «нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы»! Я б хацеў жыць у краіне, дзе спецслужбы паводзяцца менавіта так. Прафесійна і строга ў рамках закону.
 

— Было шмат размоваў пра тое, што ўкраінскія спецслужбы за Януковічам былі фактычна падпарадкаваныя расійскім інтарэсам.
 

— Яны не казалі нічога лішняга, але па ўскосных прыкметах мне падалося, што яны настроеныя вельмі патрыятычна, дакладна анты пуцінскі.
 

— Пакуль мы з табой гутарылі, з'явілася навіна, што ў Данецку ўчора быў затрыманы супрацоўнік ГРУ. Аб гэтым на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў міністр унутраных справаў Арсэн Авакаў. Ён дадае, што гэты супрацоўнік быў затрыманы «пры пэўных абставінах, якія кампраметуюць гэтую спецслужбу». Ці можа гэта быць твой сусед па пакоі?
 

— Ну, нішто сабе!.. Але, як я заўважаў раней, мой сусед яўна не вельмі высока ставіў Пуціна, лічачы яго недастаткова рашучым. І ён мала быў падобны да халоднага профі, які знаходзіцца на заданні. Занадта блізка да сэрца прымаў тое, што адбываецца. Хаця вайсковая выпраўка ў ім была заўважная. Давайце не будзем спяшацца з высновамі, пачакаем далейшай інфармацыі.


 

Абмеркаванне:

  • Бамбр
  • 2014-03-11 16:19:22
Авакаў чамусці пабойваецца, што гэтага грушніка могуць адпусціць. І што будзе, калі ён зараз на волі акажацца?
  • Сонца нам дапаможа
  • 2014-03-11 17:33:16
Дзмітрый, нішто сабе ў вас паездка працоўная атрымалася!

Беражыце сябе!
  • Тарэсса
  • 2014-03-11 17:41:21
Трымайся, Зміцер! З намі Бог!
  • tt
  • 2014-03-11 21:17:02
Канавалава. Выпраўце.
  • Уладзімер Русаковіч
  • 2014-03-12 02:11:28
Застаецца толькі здагадвацца колькі такіх засланых падрыўнікоў з Масквы атабарылася ў Беларусі ва ўмовах адчыненай мяжы з Расеяй.

Каментаваць