Журналісты ўсё яшчэ гінуць

Якая сітуацыя са свабодай слова ва Украіне? Як працуецца там сродкам масавай інфармацыі і журналістам? НЧ размаўляе пра гэта з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання «Інстытут масавай інфармацыі».



На пытанні НЧ адказваюць выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання «Інстытут масавай інфармацыі» Аксана Раманюк, рэдактар сайта Кацярына Дзячук і журналіст-эксперт Раман Кабачый.

НЧ: Якія парушэнні свабоды СМІ характэрныя для сучаснай Украіны?

Аксана Раманюк: Асноўнае парушэнне ў сферы свабоды слова — фізічная агрэсія супраць журналістаў. Вертыкальнай агрэсіі зараз няма. Людзі, якія яе арганізоўвалі, з’ехалі ў Расію. Парушэнні сустракаюцца ва ўсіх рэгіёнах, але найбольш значны ўсплёск гвалту супраць журналістаў зафіксаваны сёлета на Усходзе Украіны і ў Крыме.

Аксана Раманюк

НЧ: З якога боку зараз сыходзіць пагроза журналістам, СМІ наогул?

Кацярына Дзячук: Зараз гэта ў першую чаргу прыватныя асобы, потым — мясцовыя ўлады. У Луганскай і Данецкай абласцях былі зафіксаваныя шматлікія напады на офісы СМІ з боку сепаратыстаў.

Летась галоўнай праблема была цэнзура. Цэлыя калектывы звальняліся на знак пратэсту, калі алігарх Курчанка скупляў медыя-холдынгі. Потым пачаўся Майдан. На ім асноўнай крыніцай агрэсіі быў «Беркут», міліцыя. Пасля пачалася вайна і звязаныя з ёй выклікі.

Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя, але можна канстатаваць, што з боку ўладаў дасюль няма эфектыўнай рэакцыі на парушэнні правоў журналістаў. Няма пакарання вінаватых. Суды праходзяць у закрытым рэжыме. Напрыклад, такім быў суд над «цітушкамі», якія забілі журналіста Вячаслава Верэмія ў лютым на Майдане. Аднаго з саўдзельнікаў адпусцілі пад залог.

НЧ: Якія выпадкі гвалту ў дачыненні да журналістаў вы фіксуеце?

Аксана Раманюк: У 2014 годзе сем журналістаў былі забітыя пры выкананні службовых абавязкаў. У лютым на Майдане «цітушкі» забілі ўкраінскага журналіста Вячаслава Верэмія. Акрамя яго сёлета загінулі італьянскі журналіст Андрэа Рыкелі і яго перакладчык Андрэй Міронаў, расійскія журналісты Антон Валошын, Ігар Карнялюк, Андрэй Стэнін, Анатоль Клян. Расійскія журналісты загінулі пры абстрэле на тэрыторыях, падкантрольных баевікам. Вялікае пытанне да рэдакцый, якія іх адпраўлялі. Для іх што — журналісты расходны матэрыял? Нашы спецслужбы (СБУ) адзначылі, што, на жаль, расійскія журналісты пранікалі на тэрыторыю Украіны незаконна разам з расійскімі войскамі…

Многія ўкраінскія журналісты былі параненыя. Не так даўно, дарэчы, быў паранены ў грудзі ўкраінскі журналіст канала НІС-ТБ (Мікалаеў), але цудам выжыў.

Каля 80 журналістаў сёлета было захоплена ў палон. Усё пачалося з Крыма. Пасля яго анексіі пачалі знікаць журналісты. З красавіка практыка захопу журналістаў распаўсюдзілася на Данбас і Луганск. 270 журналістаў ад пачатку года зазналі напад і збіццё.

Зараз сітуацыя трохі нармалізавалася. У верасні мы зафіксавалі зніжэнне нападаў на журналістаў.

НЧ: Што вы чакаеце ад уладаў?

Аксана Раманюк: Мы, як эксперты, пасля перамогі Майдану чакалі, што сітуацыя са свабодай СМІ істотна палепшыцца, улады будуць значна больш увагі надаваць абароне правоў журналістаў. Пакуль нашы чаканні не спраўдзіліся ў поўнай меры. Узровень беспакаранасці застаецца на вельмі высокім узроўні. І тыя напады, што працягваюцца, з’яўляюцца наступствам гэтай беспакаранасці.

Мы хочам, каб улады кожныя такія выпадкі эфектыўна расследавалі, каб суды праходзілі ў адкрытым рэжыме, каб вінаватыя былі знойдзеныя і пакараныя. Калі, да прыкладу, разгледзець справу аб забойстве Вячаслава Верэмія, самога забойцу, які страляў, пакуль не знайшлі, чалавека, які яго збіваў дручком, спачатку змясцілі пад хатні арышт, а потым вызвалілі пад залог, ён зараз свабодна гуляе па Кіеву.

НЧ: На чым вы акцэнтавалі сваю дзейнасць падчас выбараў у Вярхоўную Раду?

Раман Кабачый: На выбарах мы арганізоўвалі «гарачую лінію» для журналістаў. Ажыццяўлялі маніторынг украінскіх СМІ, у тым ліку інтэрнэт-СМІ на прадмет наяўнасці замоўных матэрыялаў, якія мы называем «джынсай». Колькасць яе не зменшылася на парламенцкіх выбарах, але ёсць пазітыўная тэндэнцыя — эфектыўнасць яе ўздзеяння на людзей істотна ўпала. Так, лідар па колькасці «джынсы» Сяргей Цігіпка наогул не праходзіць у Раду. Людзі пачынаюць крытычна ацэньваць інфармацыю і разбірацца ў яе якасці.

Раман Кабачый

НЧ: Ці зазналі журналісты ціск альбо абмежаванні сваіх прафесійных правоў падчас выбараў у Вярхоўную Раду?

Раман Кабачый: Падчас выбараў былі выпадкі нядопуску на ўчасткі. У некаторых месцах забаранялі здымаць. Але нейкага сістэмнага ціску зараз няма. Гэта кропкавыя выпадкі. Дзесьці не дапускаў кандыдат і яго каманда (напрыклад, дзеючы дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Юры Адарчанка з Херсону, у якога не зусім законным чынам вырваў перамогу прадстаўнік Блоку Парашэнкі). Дзесьці камісія была не вельмі абазнаная ў юрыдычных пытаннях.

НЧ: Чаму, на вашу думку, створаны з аскепкаў Партыі рэгіёнаў прарасійскі «Апазіцыйны блок» набраў даволі вялікую колькасць галасоў?

Раман Кабачый: Народ расчараваны, па-першае, адсутнасцю хуткіх зменаў, па-другое, шмат дзе неставала поўнай інфармацыі для выбаршчыка. Ёсць частка людзей, якая не змяніла свайго меркавання пасля Майдану і драматычных падзей на Усходзе. Вось яны думаюць, што ў складзе Расіі будзе добра, і ўсё тут. Прычым такога меркавання часам трымаюцца нават, здавалася б, адукаваныя людзі. Журналістка са Старабешава, якую вясной сустрэў на семінары, гаварыла абсалютна «ватныя» рэчы: «Няма Януковіча, таму няма за каго галасаваць. Нас крыўдзілі і раз’ядноўвалі». Тое, што раз’ядноўвалі мясцовыя князькі, яна не разумее.

Кацярына Дзячук: Апазіцыйны блок будаваў сваю кампанію на тым, што ён — голас Данбаса, што ён абараняе індустрыяльныя рэгіёны. Праводзіў вельмі папулісцкую кампанію пад лозунгам: «Уздымем пенсіі, заробкі».

Кацярына Дзячук

Раман Кабачый: Некаторыя рэгіяналы нават у Кіеве па мажарытарнай сістэме трапілі ў Раду за кошт подкупу выбарцаў і рассейвання электарату, калі на акрузе было некалькі прадстаўнікоў праўкраінскіх сілаў. Люстрацыя не закранула былых дэпутатаў (толькі чыноўнікаў, якія былі прызначаны), таму яны спакойна праводзяць кампанію, каб зноў трапіць у Раду.

Той жа рэгіянал Ківалаў, які прайшоў у Раду ў Адэсе. Журналісты нам сігналізавалі, што іх не пусцілі на спецучасткі ў шпіталях. Нібыта патрэбна дадатковая акрэдытацыя ў Мінабароны. Але з’явілася інсайдэрская інфармацыя пра тое, што туды пачалі завозіць лішнія бюлетэні. Мэр Адэсы Труханаў, таксама рэгіянал, усё гэта пакрываў.

НЧ: Ці супрацоўнічаеце вы з беларускімі журналістамі?

Аксана Раманюк: Так. Мы вельмі ўдзячныя беларускім калегам за неабыякавасць да нашай краіны. У Чаркаскай вобласці двое вашых калегаў з «Белсату» асвятлялі мясцовы Майдан. Іх на вечар затрымалі міліцыянты, абсталяванне адабралі. Дагэтуль расследаванне працягваецца, дзе абсталяванне — невядома дасюль. Мы працягваем сачыць за гэтай гісторыяй. Нядаўна заязджалі беларускія журналісты з сайту «Ежедневнік», ехалі на Усход. Мы іх экіпіравалі, выдалі бронекамізэлькі.

Каментаваць