Былому фігуранту «справы патрыётаў» адмоўлена ў праве на кампенсацыю шкоды

Следчы камітэт адмяніў уласную пастанову аб прызнанні за актывістам Змітром Крамянецкім права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. 
Зміцер Крамянецкі. Фота Антона Матолькі

Зміцер Крамянецкі. Фота Антона Матолькі

Новая пастанова была вынесена 12 ліпеня, піша spring96.org.

Пасля таго, як следчымі КДБ была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, Зміцер Крамянецкі звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю ўрону. Актывіст перакананы, што ўтрыманне яго пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Змітра вадзілі з надзетым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабіліся ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала яго чалавечую годнасць. Памер маральнай шкоды актывіст ацаніў у дзесяць тысяч рублёў.

Аднак, як вынікае з адказу начальніка ўпраўлення СК Рэспублікі Беларусь В. Грыца, які Крамянецкі атрымаў некалькі дзён таму, следчыя прыйшлі да высновы, што ў пытанні прызнання права на кампенсацыю яны паспяшылі:

«Вынесеная пастанова аб прызнанні за Змітром Крамянецкім права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, з'яўляецца неабгрунтаванай, паколькі затрыманне, заключэнне пад варту, а таксама рашэнне аб спыненні ў дачыненні да Крамянецкага крымінальнага пераследу рабілася Камітэтам дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь».

Маўляў, мы тут ні пры чым і з гэтым пытаннем лепш звяртацца непасрэдна ў КДБ, супрацоўнікі якога затрымлівалі актывіста і ўтрымлівалі ў камеры больш за два месяцы. Аднак пасля перадачы КДБ вытворчасці па справе ў Следчы камітэт, менавіта апошні з'яўляецца органам крымінальнага пераследу ў гэты час.

«Тут важна адзначыць, — каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Што і сама працэдура атрымання кампенсацыі шкоды, якая была нанесеная грамадзяніну органаўм следства, замацавана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, выглядае вельмі дзіўна: для атрымання такога права грамадзянін перш за ўсё ў дасудовым парадку павінен звяртацца ў следчы орган, які непасрэдна і ажыццяўляў яго пераслед, каб апошні прызнаў такое права за грамадзянінам. Без пастановы следчага органа аб прызнанні такога права грамадзянін не можа звяртацца з пазовам у суд. Трэба адзначыць, што па iншых абставiнах прычынення маральнага і матэрыяльнага ўрону прадугледжаны прамы судовы парадак разгляду пазову».

Зміцер Крамянецкі разам з некаторымі іншымі «маладафронтаўцамі» быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года па падазрэнні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым следчым па асабліва важных справах 1 аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В. Грыбам вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.


Каментаваць