Фігурант «справы патрыётаў» пераведзены з турмы КДБ пад хатні арышт

Яўген Палтаржыцкі, якога затрымалі 21 сакавіка і трымалі ў СІЗА КДБ у справе «Белага легіёну», пераведзены на хатні арышт.

Яўген Палтаржыцкі, архіўнае фота

У спісе затрыманых у «справе патрыётаў» за кратамі застаецца 16 чалавек.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», меру стрымання для Яўгена Палтаржыцкага змянілі 19 мая.

Спачатку Яўген абвінавачваўся ва ўдзеле ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, пазней да гэтага дадалося стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.

Яўген Палтаржыцкі — гісторык паводле адукацыі. У канцы сакавіка па Беларускім тэлебачанні былі паказаныя кадры аператыўнай здымкі, на якіх ён даваў каментары пра схованку арматуры, нібыта знойдзенай у лесе следчымі ў справе «Белага легіёну». Між тым, былая жонка аднаго з лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская паведаміла СМІ, што Яўген Палтаржыцкі ніколі не браў актыўнага ўдзелу ў дзейнасці «Белага легіёну».

У спісе затрыманых у «справе патрыётаў», паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», за кратамі застаецца 16 чалавек. Іншыя 16 чалавек, якіх раней затрымлівалі за ўдзел у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і арганізацыю незаконнага вайсковага фармавання, вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе ці без абмежаванняў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць