Старшыня КДБ: фігуранты справы «Белага легіёну» падазраюцца ў экстрэмізьме

Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Валеры Вакульчык пасьля выступу ў Палаце прадстаўнікоў, дзе ён прадстаўляў законапраект аб дзяржаўных сакрэтах, адказаў на пытаньні журналістаў пра справу «Белага легіёну».


«Мы зараз вывучаем гэтую справу, — адзначыў кіраўнік КДБ. — І я вас папрашу не называць яе „справай „Белага легіёну“. Белы ці ня белы — сьледзтва якраз вызначае. Магу толькі сказаць, што ёсьць дзьве рэчы: арганізаванасьць і ўзброенасьць групы. Удзельнікі праходзяць падазраванымі паводле артыкулу 287 Крымінальнага кодэксу. Гэта не „палітычны“ артыкул, гэта экстрэмізм. У нашых сьледчых такая ўстаноўка — вельмі ўважліва ва ўсім разабрацца».

Сілавік ня стаў утойваць, што ведае пра справу значна больш, чым пра яе напісана ў друку, але сказаў, што ня хоча нікога абвінавачваць і тым больш «ставіць кляймо». Ён дадаў, што нават калі ў сьледчых ёсьць унутранае перакананьне ў чымсьці, але няма дастаткова доказаў, эмоцыі ня ўлічваюцца. «Мы хочам спакойна глядзець у вочы грамадзтву», — заявіў ён.

«Сытуацыя з экстрэмізмам у Беларусі складаная. Прывяду некалькі лічбаў: ужо сёлета затрымана 8 чалавек, якія падазраюцца ў датычнасьці да экстрэмізму. Летась іх было 17, пазалетась — 21. Напрыклад, мы арыштавалі чалавека, які быў у Сырыі, прыехаў у Беларусь зь Нямеччыны і зьбіраўся рыхтаваць тэракт у адной з краінаў Заходняй Эўропы. Зноў жа, вяртаючыся да нашай справы, хачу запэўніць: усё вырашыць сьледзтва, а асноўнае слова будзе за судом».

На пытаньне журналістаў, ці зьяўляецца Міраслаў Лазоўскі галоўным падазраваным у справе «Белага легіёну», Валеры Вакульчык адказаў, што так гаварыць нельга:

«Мы цяпер вывучаем, хто там быў лідэрам, хто быў выканаўцам. Не хацелася б да заканчэньня сьледзтва ставіць на кімсьці кляймо. Неўзабаве сьледзтва закончыцца, і тады мы вам шмат чаго раскажам. Справа працягнутая да паўгода, і ў межах гэтага тэрміну сьледзтва будзе завершанае».

Валеры Вакульчык таксама абверг абінавачаньні, што супраць фігурантаў справы нібыта ўжываліся псыхатропныя сродкі і фізычныя катаваньні. Ён заявіў, што гэта няпраўда, і спаслаўся на інтэрвію вызваленых — маўляў, яны самі казалі пра тое, што ў дачыненьні іх не было ніякіх мераў узьдзеяньня.

www.svaboda.org





Каментаваць