Стрыбульскі: «Нехта хоча, каб я ператварыўся ў ваўкалака»

Фігурант «Справы патрыётаў» даслаў з-за кратаў ліст сябру, дзе распавядае пра сваё жыццё і клопаты ў СІЗА-1 («Валадарка»).


Сяргей Стрыбульскі паведамляе, што нядаўна хварэў, але ўжо “адпусціла” — дапамог часнык. Агулам трымаецца добра, па-магчымасці займаецца фізічнай культурай ды чытае беларуску прозу з бібліятэкі. Іншыя кніжкі, апроч рэлігійнай і юрыдычнай літаратуры перадаваць забаронена — нават падручнік ангельскай мовы, які спрабавалі перадаць сябры, не прапусцілі.

Сяргей зараз сядзіць у камеры ўдвох з хлопцам, арыштаваным па “непалітычным” артыкуле. “Стаўленне адміністрацыі тут да мяне (спадзяюся, як і да іншых) нармальнае”, — піша Стрыбульскі.

У “Амерыканцы” можна, на “Валадарцы” — не

Лішні клопат, праўда, дадае забарона для перадачы элементарных рэчаў штодзённага ўжытку, такіх як пластыкавы кубак або “бяспечныя” нажніцы з тупымі канцамі. Папярэднія нажніцы, якія бесперашкодна былі перададзеныя ў СІЗА КДБ, падчас пераводу Сяргея былі канфіскаваныя і адпраўленыя на склад.

Такім чынам, вязень не можа нават элементарна пастрыгчы пазногцяў. “Мажліва, нехта хоча, каб я ператварыўся тут ў ваўкалака?..” — іранічна задае пытанне Сяргей у лісце. Логіка адміністрацыі яму незразумелая.

Ці можна павесіцца на ружанцы?..

У папярэднім лісце Сяргей прасіў пра каталіцкі драўляны крыжык. Паплечнікі вырашылі перадаць маленькі драўляны ружанец з крыжыкам, ведаючы, што на шыі вязень насіць усё адно нічога не зможа, паводле правілаў СІЗА: любая вяроўка, маўляў, гэта “патэнцыйная ўдаўка”.

Ружанчык, аднак, усё адно не ўзялі, бо ў ім ёсць …вяроўка — няхай і пару сантыметраў даўжынёй! Цікава, што нават у пакеціках для гарбаты вяровачкі даўжэйшыя, але падобныя нестыкоўкі, мабыць, нікога ў адміністрацыі турмы не турбуюць.

“Не чакаў такой увагі да сваёй асобы”

Сяргей таксама паведамляе, што яму піша багата людзей. Кожнаму стараецца адказаць, але з-за абмежаванай колькасці канвертаў прыярытэт застаецца за сям'ёй і блізкімі сябрамі.


“Піша шмат людзей, незнаёмых таксама. І гэта вельмі прыемна. Не чакаў такой увагі да сваёй асобы. Учора, напрыклад, дайшлі лісты ад такіх вядомых людзей як Ніна Шыдлоўская і Ігар Бабкоў”, — дзеліцца ўражаннямі вязень.

Нагадаем, што 40-гадовы Сяргей Стрыбульскі быў затрыманы 21 сакавіка паводле арт. 293-1 (“падрыхтоўка масавых беспарадкаў”), пасля чаго яму быў дададзены артыкул 287 (“незаконнае ўзброенае фармаванне”). Сяргей займаўся будаўнічымі працамі, быў сябрам Руху “За Свабоду” і партыі БНФ. На волі ў яго застаўся сляпы 81-гадовы бацька з жонкай ды былы настаўнік музыкі.

Напісаць вязню можна па адрасе: Стрыбульскаму Сяргею Сергеевічу, вул.Валадарскага 2, СІЗА-1, 220030 г.Мінск


Абмеркаванне:

  • Иван
  • 2017-05-07 11:07:14
Гестапо !

Каментаваць