Штоcьці не так са «справай патрыётаў»

Фігуранты «справы патрыётаў» пакрысе выходзяць на волю. Супраць некаторых спыняюць пераслед. Што б гэта значыла? Чым і калі можа скончыцца справа?

Як вядома, нядаўна супраць Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага спынены крымінальныя справы, а кіраўніка бабруйскага клуба «Патрыёт» Мікалая Міхалькова і яго сына Яна выпусцілі з пад варты і знялі абвінавачванні. Міхалькоў вярнуўся на працу ў клуб «Спадарожнік», часткай якога ёсць вайскова-спартовы клуб «Патрыёт», — то бок зноў працуе з дзецьмі. Неяк дзіўна, з улікам абвінавачанняў, якія прад’яўляліся Міхалькову.

Больш за тое, працягне сваю дзейнасць лясны намётавы лагер «Брыганціна», дзе праходзілі летнікі «Патрыёта», — па меркаванні экспертаў, менавіта яго меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў пра «лагер баевікоў у лясах пад Асіповічамі». Цяпер супрацоўнікі лагера занятыя папаўненнем тэхнічнай базы.

Звязана гэта з арыштам Міхалькова альбо не, але раней у лагер прыязджалі па 20 падлеткаў, сёлета чакаецца 35.

Выпушчаны на волю пад падпіску аб нявыездзе «кіроўца Статкевіча» Сяргей Кунцэвіч, у машыне якога, нібыта, знайшлі скрыні з «кактэйлямі Молатава». Ён заявіў пра катаванні электрашокерам падчас затрымання. Такім чынам спецслужбоўцы спрабавалі высветліць, дзе напярэдадні 25 сакавіка хаваецца Мікалай Статкевіч. Але зноў жа заўважым: мэта катаванняў была, як бы цынічна гэта ні гучала, «утылітарная» і са «справай патрыётаў» нічога агульнага не мае.

Таксама пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ вызвалены мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі. Ён, наадварот, кажа, што да яго следчыя ставіліся «як да астатніх вязняў, і нават з павагай», а пасля вызвалення дапамаглі дабрацца дадому.

Аднак разам з тым, на допыт была выкліканая жонка затрыманага па «справе патрыётаў» Андрэя Дундукова Ганна, якая адмовілася ад дачы паказанняў. Па словах жанчыны, «усё прайшло добра, хутка, ставіліся вельмі прыязна».

Таксама вядома, што на допыт выклікаюць і іншых родных затрыманых, але шмат хто не хоча гэта паведамляць у СМІ, каб, маўляў, не нашкодзіць.

На думку прадстаўніцы сем’яў фігурантаў «справы патрыётаў» Ніны Шыдлоўскай, выклік для дачы паказанняў родзічаў абвінавачаных сведчыць пра тое, што доказная база па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзелу затрыманых у нейкіх незаконных узброеных фармаваннях не сабраная. Таму следчыя спрабуюць хоць нешта атрымаць з паказанняў родных.

Але спыніць гэтую машыну аднамомантна немагчыма. Таму некаторым фігурантам гэтай справы тэрміны ўтрымання пад вартай працягнутыя — каму на два, каму на чатыры месяцы.

Па стане на 5 чэрвеня за кратамі застаюцца 14 фігурантаў «справы патрыётаў». З СІЗА па той жа справе выйшлі 18 чалавек.

У сувязі з гэтым узнікаюць законныя пытанні: якія ёсць перспектывы ў гэтай справы? Ці дойдзе яна да суда ўвогуле?

Вядомы ў Беларусі юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла настроены аптымістычна. Канешне, ён заўважае, што з юрыдычнага пункту гледжання ацаніць «справу патрыётаў» няма магчымасці. «Для юрыдычнай ацэнкі мы ведаем занадта мала. Мы не ведаем, якія падзеі і факты леглі ў аснову прад'яўленых абвінавачванняў, якія падлягалі ацэнцы з пункту гледжання Крымінальнага кодэкса, наколькі яна была абгрунтавана і законна ўзбуджана», — адзначыў Паганяйла.

Што тычыцца перспектыў справы, то, паводле меркавання юрыста, сённяшнія дзеянні ўладаў пацвярджаюць яе палітызаванасць. «Зараз дзеянні ўладаў паказваюць, што тады трэба было напалохаць, паралізаваць патрыятычную дзейнасць так званых «экстрэмістаў», хаця ніякага экстрэмізму ў патрыятычных дзеяннях не было і няма. Таму пакрысе справа спускаецца на тармазах. Людзей, вызваляюць, камусьці справу скасоўваюць, кагосьці выпускаюць пад падпіску. Я мяркую, што яна плаўна з'едзе на той жа нуль, з якога яна пачыналася», — лічыць Гары Паганяйла.

У прынцыпе, зразумела, што «справа патрыётаў» — не проста палітызаваная, а палітычная цалкам. Дастаткова ўзгадаць, што затрыманні яе фігурантаў пачаліся толькі пасля таго, як Лукашэнка абвясціў пра «выкрытую арганізацыю баевікоў». То бок, спецслужбы стварылі гэтую справу «пад заказ» кіраўніка дзяржавы. А вялікая ўвага да яе з боку дзяржаўнай прапаганды расцэньвалася як спроба збіць пратэстны настрой «недармаедаў», які ўскалыхнуў беларускае грамадства. Зараз пратэсты скончыліся, і фігуранты справы за кратамі — без патрэбы.

Але тое, што патрыётаў працягваюць трымаць за кратамі, а некаторым з іх тэрмін утрымання працягнуты аж да верасня, засмучае. Відавочна, што ўвосень, калі грамадства выйдзе з адпачынкаў і садова-дачнага сезону, пратэстныя настроі ўзмоцняцца. І паказальны працэс над нібыта «экстрэмістамі» можа быць яшчэ адной спробай збіцця гэтых настрояў. Прынамсі, з суда беларуская прапаганда зноў можа рабіць «карцінку» пра тых, хто разгойдвае лодку стабільнасці сінявокай Беларусі.

Прапагандысцкі фільм БТ «Белы Легіён чорных душаў» атрымае працяг?



Каментаваць