Справа «Белага Легіёна» — гэта справа патрыётаў: перадгісторыя, падрабязнасці,палітычны матыў

«Справа патрыётаў» — крымінальная справа супраць былых чальцоў арганізацыі «Белы легіён», актыўных удзельнікаў спартова-патрыятычнага клубу «Патрыёт», грамадскіх актывістаў. Па стане на 29 чэрвеня 2017 па «справе патрыётаў» праходзіць 33 чалавекі, з іх 2 знаходзіцца пад вартай у Следчым ізалятары КДБ Беларусі і Следчым ізалятары №1 г. Мінска. 31 затрыманы выпушчаны з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні.

У сувязі з новым вітком палітычных рэпрэсій у Беларусі, якія да таго ж распальваюць міжнацыянальную варажнечу, па даручэнні і ад імя сваякоў звяртаюся да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці з просьбай:

  • звярнуць пільную ўвагу да дадзенай крымінальнай справы, улічыўшы відавочны палітычны матыў затрымання і адпачатку парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, і запатрабаваць ад афіцыйных уладаў Беларусі няўхільнага забеспячэння ўсіх працэсуальных і іншых прававых гарантый затрыманых, уключна з правам на абарону, свабоду ад катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання;
  • патрабаваць ад уладаў вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў справы;
  • падчас камунікацыі з прадстаўнікамі дзяржаўных інстытуцый любых узроўняў адзначаць, што з’яўленне вялікай колькасці палітзняволеных у краіне з’яўляецца непрымальным фактарам, які можа ускладніць правядзенне далейшага дыялогу паміж ЕС, ЗША і Рэспублікай Беларусь;
  • у выпадку прызнання асобаў па «справе патрыётаў» палітычнымі вязнямі, прыняць адпаведныя рашэнні ў дачыненні да далейшага дыялогу.

Звяртаюся да праваабаронцаў Беларусі з настойлівай просьбай:

  • прызнаць асобаў па «справе патрыётаў» палітычнымі зняволенымі зараз, беручы пад увагу дастатковую колькасць фактаў парушэння прэзуміцыі невінаватасці і палітычнай матываванасці затрымання і ўзбуджэння крымінальных справаў менавіта да былых чальцоў «Белага Легіёну», а таксама іншых людзей, якія заўмаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пры сённяшняй сістэме дзяржаўнага кіравання немагчыма спадзявацца, што судовае разбіральніцтва будзе справядлівым і аб’ектыўным, факты не будуць сфальсіфікаваныя.

Звяртаюся да беларускага грамадства, да арганізацый беларускай дыяспары, усіх думаючы і неабыякавых з просьбай:

  • даслаць звароты ў міжнародныя структуры, міністэрствы замежных справаў вашых краін пражывання, МЗС Беларусі, на імя Генеральнага пракурора Беларусі, сённяшняга кіраўніка нашай дзяржавы аб недапушчэнні новых палітычных зняволеных, спыненні дадзенай справы, неадкладным вызваленні арыштаваных;
  • працягваць аказанне дапамогі сем’ям затрыманых (як маральнай, так і матэрыяльнай);
  • аказваць маральную падтрымку арыштаваным, дасылаючы ім лісты, паштоўкі, у тым ліку да дзён народзінаў.

Ніна Шыдлоўская,
грамадская прадстаўніца сем’яў затрыманых

Падрабязней пра справу:

Афіцыйная інфармацыя пра ход следства практычна адсутнічае. На дадзены момант вядома толькі, што  21-му фігуранту справы выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК РБ аб масавых беспарадках. Ім інкрымінуецца «навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці». Паводле Крымінальнага кодэксу, за гэта могуць пакараць «арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў». 16-ці з іх таксама выстаўлена абвінавачванне па беспрэцэдэнтнаму дасюль арт. 287 КК РБ, паводле якога стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання, кіраўніцтва альбо ўдзел у ім караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Матэрыялы дзяржаўнай прапаганды, у тым ліку ананімны артыкул «Імя ім лёгіён», апублікаваны 10.04.2017 у газеце «СБ-Беларусь сегодня», афіцыйным друкаваным органе Адміністрацыі прэзідэнта РБ, падаюць інфармацыю пра 35 фігурантаў «справы патрыётаў». Там жа ўпершыню былі агучаныя звесткі, што 20 затрыманым інкрымінуецца арт. 287 КК РБ аб «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання і ўдзелу ў ім». Гэты артыкул дае магчымасць больш жорсткага пакарання: паводле артыкулу 287 пакараць можна абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Інфармацыя пра змену артыкула на дадзены момант не пацвярджаецца сілавікамі. Камітэт Дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, які праводзіць расследаванне па справе, не прадстаўляе якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі аб ходзе раследвання і працэсуальным статусе асобаў, што ўтрымліваюцца пад вартай.

Арыштам і крымінальнай справе папярэднічалі сацыяльныя пратэсты па ўсёй Беларусі ў лютым-сакавіку 2017 года , галоўнай нагодай для якіх стала выкарыстанне ўладамі Дэкрэта №3, які прадугледжвае падатак на дармаедства (фактычна, падатак на беспрацоўных). У гэты час на мітынгах і акцыях па ўсёй краіне былі затрыманыя, збітыя, звінавачаныя па адміністратыўных артыкулах каля тысячы сотні грамадзянаў Беларусі, у тым ліку лідары палітычнай апазіцыі.

Апафеозам пратэстаў стаў мітынг 25 сакавіка ў Мінску (традыцыйная акцыя апазіцыі), які сёлета набыў выразны сацыяльны акцэнт. Пэўныя колы апазіцыі звязвалі з гэтым днём «кардынальныя перамены» у краіне, таму і людзі, і ўлада паставіліся да падрыхтоўкі да акцыі надзвычай сур’ёзна. З боку ўлады мелі месца не толькі прэвентыўныя адміністратыўныя арышты апазіцыянераў ды актывістаў па ўсёй краіне, але і сцягванне небывалай колькасці сілавікоў у Мінск для разгону дэманстрацыі.

Каб апраўдаць прымяненне гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і запалохаць будучых удзельнікаў дэманстрацый, уладам было патрэбна стварыць вобраз «ворага», для нейтралізацыі якога падыдуць любыя метады.  На ролю такога ворага былі абраныя былыя актывісты арганізацыі «Белы Легіён» (не існуе з 2005 года), сябры спартова- патрыятычнага клубу «Патрыёт», знаёмыя з імі грамадскія актывісты.

18 сакавіка ў сацыяльных сетках пачынае распаўсюджвацца фэйкавая ўлётка нібыта ад імя «Белага Легіёну» з заклікам да гвалтоўнай змены дзяржаўнага ладу. Таксама ў сацсетках ствараецца фэйкавы акаўнт ад імя Міраслава Лазоўскага, былога ўдзельніка «Белага Легіёну», адкуль улётка трапляе ў чаты ды групы з вялікай колькасцю грамадскіх актывістаў. Сам Лазоўскі на наступны дзень абвяргае сваю датычнасць да ўлёткі, называючы гэта правакацыяй.

Раніцай 21 сакавіка падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць А. Лукашэнка заяўляе пра затрыманне некалькіх дзясяткаў «баевікоў са зброяй», якія нібыта праходзілі трэніроўкі як у Беларусі, так і ва Украіне, Польшчы, Літве. Фінансавала іх нібыта Польшча і Літва.

Увечары 21 сакавіка пачынаюцца масавыя затрыманні былых чальцоў «Белага Легіёну» ды спартовага клубу «Патрыёт» (18 чалавек), у іх кватэрах праходзяць вобшукі, некаторых затрыманых дастаўляюць на месца вобшукаў моцна збітымі.  Затрыманні па «справе патрыётаў» праводзяцца гвалтоўна і нагадваюць выкраданні людзей на вуліцы групамі невядомых асобаў у цывільным. Сваякі і адвакаты некалькі сутак не маюць інфармацыі пра месцазнаходжанне зняволеных, іх стан здароўя і прычыны арышту. Праз суткі затрымліваюць таксама і чальцоў «Маладога Фронту», якія неаднаразова падпадалі пад рэпрэсіі па палітычных матывах.

Затрыманні будуць праходзіць амаль штодня аж да 3 сакавіка. Адзначым, што ўсе фігуранты «справы патрыётаў» былі затрыманыя прэвентыўна і не мелі ніякага дачынення да арганізацыі і правядзення ні папярэдніх акцый пратэсту, ні святкавання Дня Волі, што ладзілася 25 сакавіка.

Наступны акт — падключэнне ўладамі інфармацыйнага фронту. 22 сакавіка выходзяць сюжэты па дзяржаўным тэлебачанні, прысвечаныя затрыманню «баевікоў», выманню ў іх «зброі», знойдзеным «тайнікам з арматурай». 10 красавіка ў газеце «СБ-Беларусь сегодня» з’яўляецца артыкул «Імя ім — легіён» з падтасоўкай фактаў, датычных легіянераў. 12 красавіка на дзяржаўным канале «БТ-1» быў паказаны ананімны (без цітраў і імёнаў стваральнікаў) дакументальны фільм «Белы легіён чорных душаў». Фільм з’яўляецца яскравым прыкладам інфармацыйнай прапаганды з выкарыстаннем прыёмаў мантажу, адпрацаваных расійскімі СМІ падчас вайны на Данбасе (абвінавачанні затрыманых у нацызме, сувязях з міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі і г.д.). Сваякі затрыманага, чые паказанні дэманструюцца ў фільме, адзначаюць ненатуральнасць ягонай мовы, мімікі і стылю, кепскі псіхалагічны стан, што ўказвае на дачу паказанняў пад прэсінгам.

Важна адзначыць, што пры затрыманнях не было знойдзена нічога, што магло б паслужыць доказам па арт. 287 або арт. 293, ч. 3.  Зброя, якая фігуравала ў сюжэтах, з’яўляецца вучэбнай або страйкбольнай. На ўсе канфіскаваныя адзінкі баявой гладкаствольнай зброі ўладальнікі мелі ліцэнзіі, то бок яны з’яўляюцца абсалютна легальнымі. Усе прылады, якія могуць быць інтэрпрэтаваныя як незарэгістраваная баявая зброя, з’яўляліся падчас паўторных вобшукаў, то бок былі падкінутыя.

Нічога з канфіскаванай літаратуры, улётак, сімволікі не мае экстрэмісцкага зместу: гэта альбо падручнікі з агульна-даступнымі ведамі па спартовай і дапрызыўнай падрыхтоўцы, або вайскова-гістарычная літаратура. «Белы Легіён», які афіцыйна спыніў сваю дзейнасць у 2005 годзе, ніколі не быў прызнаны ў адпаведнасці з заканадаўствам экстрэмісцкай арганізацыяй, таму захоўванне і выкарыстанне яго сімволікі не з’яўляецца злачынствам.

Абсалютная большасць затрыманых маюць цалкам станоўчыя прафесійныя ды асабістыя характарыстыкі. Гэта людзі, якія неслі вайсковую службу (за якую маюць падзякі ды ўзнагароды), займаліся дапрызыўнай і спартова-патрыятычнай працай з моладдзю, прапагандавалі беларускую культуру праз беларускія кнігі, нацыянальную вопратку, удзел у археалагічных раскопках і інш.

«Белы Легіён» — беларуская моладзевая ваенна-спартовая арганізацыя (кіраўнік — Сяргей Чыслаў (Бульба)). Створаная ў 1996 годзе на базе дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі Беларускага згуртавання вайскоўцаў (не палітычная грамадская арганізацыя нацыянальна арыентаваных вайскоўцаў і адстаўнікоў, згуртаваных на аснове дэмакратычных каштоўнасцей, 1991-2000). «Белы Легіён» ствараецца на хвалі наймаштабнейшых у найноўшай гісторыі Беларусі дэманстрацый 1996 года супраць роспуску парламенту і зменаў у Канстытуцыю, якія надалі прэзідэнту права кіраваць заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінамі ўлады, супраць заснавання Саюза Беларусі і Расіі і паглыблення інтэграцыі з усходам. Чальцы арганізацыі (да 200 чалавек) праходзяць спартовую падрыхтоўку, падобную да спецназаўскай, і актыўна ўдзельнічаюць у ахове мітынгаў, нацыянальна-культурніцкіх акцый 1996-1999 гадоў. У пачатку 2000-х, пасля адмовы ў афіцыйнай рэгістрацыі, абвясціла аб спыненні сваёй дзейнасці. Апошні раз згадкі пра «Белы Легіён» з'явіліся ў 2008 годзе, калі былых кіраўнікоў арганізацыі Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяргея Чыслава на ўсякі выпадак затрымалі па справе аб выбуху 3-га ліпеня 2008 года, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.

«Справа патрыётаў» успрымаецца грамадствам як сфабрыкаваная ад пачатку і да канца, як спроба сілавікоў запалохаць і суцішыць сацыяльныя пратэсты. Прыёмы дзяржпрапаганды, у прыватнасці парушэнне прэзумпцыі невінаватасці і відэамантаж кадраў акцый пратэсту з мітынгамі нацыстаў выкарыстоўваліся афіцыйнымі СМІ дзясяткі разоў — у тым ліку ў час пратэстаў 1990-х, падчас Плошчы 2006 і 2010 гадоў.  Адрозненне ад мінулых кейсаў палягае ў тым, што сілавікі ўпершыню збіраюцца сфабрыкаваць палітычную справу не на сацыяльнай ці эканамічнай, а на ваеннай аснове. Артыкул аб узброеных вайсковых фарміраваннях, а ён ужо інкрымінаваны 16-ці асобам, упершыню прыменіцца ў судовай практыцы Беларусі. І гэта можа стаць паказальным працэсам для застрашвання не толькі грамадства, але і сілавых структураў.

З гэтай юрыдычнай навізны палягае і навізна для правабарончай супольнасці Беларусі. Дадатковай складанасцю з’яўляецца і поўная закрытасць інфармацыі пра ход следства, бо нават адвакаты затрыманых даюць падпіску аб поўным неразгалошванні матэрыялаў следства. Так, праваабарончы цэнтр «Вясна» абвясціў, што «Справа патрыётаў» з’яўляецца для яго прыярытэтнай, але наданне статусу палітвязняў для ўсіх затрыманых адкладаецца да пачатку судовага працэсу. У той жа час «Вясна» пацвярджае парушэнне прэзумпцыі невінаватасці і асабліва адзначае перашкоды, якія чыняцца адвакатам: нядопуск да падследных, абмежаваны час гутарак, падпіска аб неразгалошванні.

24 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі з некаторымі роднымі затрыманых, якая адбывалася ў офісе ПЦ «Вясна» правабаронцамі была распаўсюджаная сумесная заява, падпісаная сямі асноўнымі праваабарончымі арганізацыямі краіны ў якой быў адзначаны палітычнаматываваны характар пераследу фігурантаў справы. У сваіх далейшых каментарах праваабаронцы неаднаразова адзначалі парушэнне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да абвінавачаных, што парушае прынцыпы справядлівага судовага разбіральніцтва, замацаваныя ў палажэннях Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі адназначна ўспрымаюць «Справу патрыётаў» як палітычную. Пасля пачатку арыштаў некалькі арганізацый, у тым ліку Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменнікаў прынялі зварот з патрабаваннем вызваліць арыштаваных па «Справе патрыётаў», адзначыўшы «новую хвалю палітычнага пераследу ў Беларусі». Міжнародны ПЭН-клуб і Беларускі ПЭН-Цэнтр прынялі зварот да беларускіх уладаў аб вызваленні кнігараспаўсюднікаў Міраслава Лазоўскага і Алеся Яўдахі. Еўрапейскі парламент на сесіі ў Страсбургу 6 красавіка прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой асудзіў разгон мірных дэманстрантаў і рэпрэсіі напярэдадні акцыі 25 сакавіка, заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць затрыманых, у тым ліку арыштаваных па «Справе патрыётаў». Беларускія палітычныя партыі вынеслі «Справу патрыётаў» як галоўнае пытанне ў абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі падчас сустрэчы ў польскім парламенце ў Варшаве. 18 мая кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у кулуарах экспертных кансультацый паміж МЗС і праваабаронцамі сказала, што ў ЕС будуць уважліва сачыць за «некаторымі расследаваннямі», уключаючы справу «Белага Легіёну».

На дадзены момант па-ранейшаму закрытай застаецца інфармацыя пра ход следства, кантакты адвакатаў з падследнымі вельмі кароткія і непрацяглыя, з цяжкасцю можна зразумець, у якім псіхалагічным і фізічным стане знаходзяцца многія з абвінавачаных, як адбываюцца з імі допыты.