100 гадоў БНР: Дакументы сведчаць. Незалежнасць — адзіны шлях

Амаль адзіным саюзнікам БНР у гэты час стала Украіна, якая ў студзені 1918 года абвясціла сваю незалежнасць. Захаваўся дакумент — «Наказ дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі, пасылаемой у Кіеў да Украінскай Цэнтральнай Рады», выдадзены 22 сакавіка 1918 года, — які сведчыць пра гэта.


Другая Устаўная грамата БНР, прынятая 9 сакавіка 1918 года, дастаткова зразумела акрэсліла асноўныя прынцыпы пабудовы дзяржаўнага ладу на тэрыторыі Беларусі. Гэта была дэмакратычная рэспубліка.

Было вызначана і тое, чым ёсць Беларусь — тэрыторыя, дзе пераважная большасць (больш за 50 працэнтаў) насельніцтва размаўляе па-беларуску, то бок, з’яўляецца беларускім народам. Але тэрыторыі, дзе жылі беларусы, напачатку 1918 года знаходзіліся пад рознымі кіраваннямі. Некаторыя з іх былі на акупаванай Германіяй тэрыторыі і поўнасцю залежалі ад яе. Праблема тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі стала найгалоўнейшай. І як яе вырашыць, Другая Устаноўчая грамата не казала.


Ірвалі на шматкі

Яшчэ да пачатку Першага Усебеларускага з’езда, 2 снежня 1917 года, па ініцыятыве новай расійскай улады — савецкай — было заключанае перамір’е Расіі з Германіяй і распачатыя сепаратныя перамовы пра заключэнне міру. Гэтыя перамовы праводзіліся ў Брэсце па галоўнай формуле: мір без анексій і кантрыбуцый. На гэтым настойваў савецкі ўрад, з гэтым пагадзілася і Германія. Але зрабіла агаворку: гэтая формула магчымая толькі тады, калі ўсе краіны, якія ўдзельнічаюць у вайне, будуць яе прытрымлівацца. Гэтая акалічнасць давала магчымасць весці перамовы бясконца.

У той жа час на тэрыторыях былой Расійскай імперыі, якія былі занятыя германскімі войскамі, пры падтрымцы ўрада Германіі, пачалося ўтварэнне нацыянальных дзяржаў, так ці інакш звязаных з Германіяй. Германскі ўрад планаваў, што гэта будуць маленькія манархічныя дзяржавы, дзе манархамі стануць родзічы германскага імператара, ці дзяржавы, звязаныя з Германіяй саюзнымі дамовамі. Найперш гэта тычылася Польшчы, Фінляндыі (Курляндыі), Латвіі (Латгаліі), Эстоніі (Эстляндыі), Літвы і Украіны. Акрамя Фінляндыі і Эстоніі, новыя краіны мелі намер уключыць у свой склад тэрыторыі, дзе пераважна жылі беларусы.

Да пачатку 1918 года сярод беларускіх палітычных дзеячаў найбольш папулярнай для самавызначэння беларускага народа з’яўлялася ідэя нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў складзе дэмакратычнай Расійскай Рэспублікі. Лічылася, што расійскія войскі змогуць абараніць Беларусь ад іншаземных захопнікаў, а савецкі ўрад захавае цэласнасць беларускага народа, складзе спрыяльныя магчымасці для яго развіцця. Аднак рознагалоссі ў савецкім урадзе паміж Леніным і Троцкім адносна ўмоў заключэння міру з Германіяй, фактычная здача немцам Мінска пасля пачатку ваенных дзеянняў у сярэдзіне лютага 1918 года (савецкае кіраўніцтва Беларусі спешна з’ехала ў Смаленск), колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі значна паменшылі.

Гэтаму памяншэнню спрыяла таксама пазіцыя новых памежных з Беларуссю дзяржаў, асабліва Польшчы і Літвы.

Яшчэ ў жніўні 1916 года Германія і Аўстра-Венгрыя ўтварылі на тэрыторыі былога Царства Польскага (адміністрацыйнай адзінкі Расійскай імперыі) самастойную, але не незалежную дзяржаву — Каралеўства Польскае. У сакавіку 1917 года расійскі Часовы Урад прызнаў права Польшчы на незалежнасць пры ўмове саюзу з Расіяй. Далейшую адбудову незалежнай польскай дзяржавы пачаў весці Польскі Нацыянальны Камітэт. Напачатку 1918 года Польшча знаходзілася ў шчыльным саюзе з Германіяй і спадзявалася з яе падтрымкай далучыць заходнія беларускія губерні былой Расійскай імперыі да Каралеўства Польскага.

На тэрыторыі Літвы яшчэ ў верасні 1917 года быў створаны кіруючы орган — Літоўская Тарыба (савет). 16 лютага 1918 года ён абвясціў незалежнасць Літоўскай дзяржавы ў саюзе з Германіяй. З пачаткам нямецкага наступу 18 лютага 1918 года беларускія арганізацыі, якія знаходзіліся ў Вільні і ўваходзілі ў Віленскую Беларускую Раду, каб прадухіліць далучэнне Віленшчыны да польскай дзяржавы, звярнуліся «да ўсіх гасударстваў, прызнаючых прынцып самавызначэння нацыянальнасьцяў, а ў першы чарод да Нямеччыны, каторая мае найболяй супольных з Беларуска-Літоўскім краем эканамічных інтарэсаў, с прызывам оказаць помач у справя адбудовы дзяржаўнай незалежнасці колішняго Літоўска-Беларускаго гасударства (Вялікаго княжства Літоўскаго) — няўзіраючыся на цяперашні раздзел яго мяжою хронту» (тут і надалей у цытаваных дакументах захоўваецца арфаграфія арыгіналаў. — аўт.).

Занепакоенасць беларусаў Віленшчыны магчымым далучэннем да Польшчы беларускіх тэрыторый не была беспадстаўнай. Згодна з Брэсцкай мірнай дамовай, якая была падпісана 3 сакавіка 1918 года, Расія пагаджалася перадаць беларускія губерні Германіі, Палессе — Украіне. На справе гэта азначала, што Беларусь будзе падзеленая паміж тымі новаўтворанымі дзяржавамі, якія мелі саюзныя дамовы з Германіяй.


У пошуках саюзнікаў

Трэба зазначыць, што амаль адзіным саюзнікам БНР у гэты час стала Украіна, якая ў студзені 1918 года абвясціла сваю незалежнасць. Захаваўся дакумент — «Наказ дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі, пасылаемой у Кіеў да Украінскай Цэнтральнай Рады», выдадзены 22 сакавіка 1918 года, — які сведчыць пра гэта.

«1. Делегация официально извещает Украинскую Народную Республику об объявлении Беларуси Народной Республикой.

2. Делегация уславливается об обмене представительствами между Беларусскай и Украинскай Народными республиками.

3. Делегация принимает меры о предоставлении в ея распоряжение Украинского радио-телеграфа для извещения всех народов о провозглашении Беларускай Нар. Республики.

4. Делегация участвует в переговорах между представителями Украины и Великороссии о мире: а) делегация добивается установления границ Беларуско-Великорусской и Беларуско-Украинскай строго по этнографическому принципу; б) делегация возбуждает вопрос о возможности содействия Украинской Народной Республики по исправлению западной и северной границ Беларуси по этнографическому принципу.

5. Подписание договоров между Беларускай и Украинскай Народными Республиками может последовать лишь по утверждении его Радой Беларускай Народнай Республики.

6. Делегация выясняет вопрос о возможности заключения займа на Украйне для Беларускай Народной Республики.

7. Делегация выясняет вопрос о возобновлении товарного обмена памиж Беларусией и Украинай.

8. Делегации предоставляется право привлечь к своей работе специалистов экспертов с правом совещательного голоса.

9. Делегация совместно с Украинским Правительством добивается установления прямого провода между Киевом и Минском.

10. Делегация имеет свою печать, утвержденную Радой Беларускай Народной Республики с надписью кругом “Народны Сэкрэтаріат Беларускай Народнай Рэспублікі”, а внутри “Дэлегацыя ў справах перагавораў”».

Пытанне пазыкі грошай ва Украіне было вельмі важнае для ажыццяўлення дзейнасці БНР. У «радаўцаў» (так зваліся сябры Рады БНР) грошай не было нават для беларускіх вайсковых частак — пасля прыходу ў Мінск нямецкія ўлады канфіскавалі ўсе наяўныя грошы БНР і маёмасць Сакратарыяту. Гэта былі грошы Бежанскага Камітэта, Казначэйства, тыя, што захоўваліся ў паштовых аддзяленнях, — усяго 341 тысяча 441 рубель. Немцы забралі нават 10 друкарак, якія знаходзіліся ў памяшканні Сакратарыяту.

«Радаўцы» спрабавалі вярнуць незаконна канфіскаваныя грошы, нават была створаная сумесная германска-беларуская камісія па гэтым пытанні. Але грошы не вярнулі. З дазволу акупацыйнага камандавання «радаўцы» маглі весці толькі школьна-асветніцкую, выдавецкую, мясцова-адміністрацыйную дзейнасць на Міншчыне. Але разам з тым, Рада БНР з’яўлялася легальным органам — немцы пагадзіліся лічыць яе прадстаўніком насельніцтва Беларусі.

Захоп немцамі значнай тэрыторыі Беларусі паспрыяў аб’яднанню Віленскай Беларускай Рады і Рады БНР — іх аб’яднанне адбылося 18 сакавіка.

Незалежнасць — адзіны шлях

Германія адмовілася афіцыйна прызнаваць БНР і яе ўрад — паколькі гэтага не зрабіла Расія. Згодна з міжнароднымі дамовамі, частка краіны не магла праводзіць самастойную палітыку і выконваць агульнадзяржаўныя дамовы. Беларусь, хай сабе і ў выглядзе БНР, з пункту погляду міжнароднага права лічылася часткай Расіі. Тэрыторыя Беларусі была, як казалі «радаўцы», разменнай манетай для выхаду Расіі з вайны.

Каб пазбегнуць падзелу Беларусі паміж іншымі краінамі, што непазбежна прывяло б да знікнення беларусаў як этнасу, 25 сакавіка Рада БНР прыняла гістарычнае і вызначальнае для беларускага народа рашэнне — абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай. Зроблена гэта было ў Трэцяй Устаўнай грамаце:

«Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо Расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, ні пытаючыся народу, ен укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вескі беларускія.

Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржайнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і нізалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Нізалежнаю і Вольнаю Дзяржавай. Самі народы Беларусі у асобі свайго Устаноўчаго Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу усе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасць чужому ураду падпісваць за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі.

На моцы гэтага урад БНР мае увайсці ў адносіны з зацікаўленнымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часціну Берасцейскага Трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую дамову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежнай часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка падцьверджывае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9-га сакавіка 1918 году.

Абвяшчаючы аб нізалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, усе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу у поўнай меры здзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы».

Лёс абвешчанай сто гадоў таму беларускай незалежнасці аказаўся складаным. Але сёння беларускі народ жыве ў сваёй незалежнай краіне і дзякуе тым сваім продкам за тое, што ў складаных гістарычных умовах яны выбралі адзіна слушны шлях — незалежнасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Vasya
  • 2018-03-25 15:34:41
А вось меркаванне анархістаў з нагоды святкавання (дакладней, несвяткавання) угодкаў БНР. Лічу, гэта варта ўвагі. https://goo.gl/FVHM49

Каментаваць