1863 год — рэвалюцыя ці паўстанне?

Гэта праблема абмяркоўвалася 21 снежня ў Мінску на навукова-практычнай канферэнцыі «Паўстанне 1863 году. Вынікі юбілею», арганізаванай грамадскім аб’яднаннем «Інстытут беларускай гісторыі і культуры» (ІБГіК, Рыга, Латвія). 



Графіці ў гонар Паўстання 1863 года ў Мінску


Сама пастаноўка праблемы сведчыць пра цікавасць грамадскасці да падзеяў 150-гадовай даўніны. Штуршком да дыскусіі стала тэза кандыдата гістарычных навук Андрэя Кіштымава пра тое, што задума і хада падзей 1863 году даюць поўнае права назваць іх нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыяй.
 
 
У  доказаў спадар Андрэй прывёў шэраг аргументаў: класічнае пытанне кожнай рэвалюцыі аб змене ўлады было не толькі ўзнятае, але і рэалізаванае; быў створаны падпольны ўрад, які меў свае правінцыйныя камітэты; збіраліся падаткі, дзейнічалі ўласныя ўзброеныя сілы, працавалі свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы за межамі краю. 
 
 
Зыходзячы з такой ацэнкі, навукоўца перагледзеў характар усіх выступаў супраць расейскага самаўладдзя на землях Беларусі: 1794 год – нацыянальна-вызвольная вайна (не ішла гаворка пра змену ўлады, намінальна дзяржава працягвала існаваць, проста апошні аскепак Рэчы Паспалітай вёў барацьбу з замежнымі інтэрвентамі за сваё выратаванне і вяртанне забраных зямель); 1830-1831 гады – паўстанне (барацьба за ўзнаўленне згубленага – аўтаноміі Каралеўства Польскага і Канстытуцыі 1815 году), хаця ў польскай літаратуры гэтыя падзеі называюцца і як польска-расейская вайна 1831 году; 1863 год – першая рэвалюцыя, радыкальны паварот да поўнай нацыянальнай незалежнасці; барацьба за БНР – другая беларуская рэвалюцыя, а абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь -- трэцяя.
 
 
Гісторык назваў дыскусійным пытанне пра тое, ці праявіў сябе беларускі нацыяналізм у рэвалюцыі 1863 году. Аднак лічыць бясспрэчным – пасля 1863 году пра беларускі нацыянальны рух можна гаварыць як пра з’яву (часопіс «Гоман», нараджэнне класічнай беларускай літаратуры, «Нашай Нівы» і першых беларускіх палітычных арганізацый). Разам з тым,  наўпроставай сувязі паміж падзеямі 1863 году і беларускім нацыяналізмам даследчык не праглядае (супадаюць толькі ідэя барацьбы з царызмам і пачуццё адказнасці за лёс народу і Бацькаўшчыны; узнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году не магло стаць канструктыўнай ідэяй для беларускіх нацыяналістаў, тым больш, што ў 1863 годзе не шукалі адказу на пытанне пра дзяржаўны лад новай Рэчы Паспалітай).    
 
 
Паэт і даследчык беларускай гісторыі Яўген Гучок ускосна падтрымаў тэзу Андрэя  Кіштымава пра рэвалюцыйны характар падзей 1863 году, у якіх быў прадстаўленны ўвесь сацыяльны склад тамтэйшага грамадства: разам змагаліся графы, абшарнікі, дробная шляхта, чыноўнікі, святары (пераважна каталіцкія), сяляне, адстаўныя вайскоўцы, нават падпалкоўнікі царскай арміі, салдацкія дзеці, гімназісты і студэнты.        
 
 
Паводле слоў гісторыка Васіля Герасімчыка, калі для расейцаў падзеі 1863 году застаюцца польскім мяцяжом, дык для беларусаў – нацыянальна-вызвольным паўстаннем. На ягоную думку, гэтаму паўстанню для рэвалюцыі не хапіла тых пасіянарных людзей, якія б сваім радыкалізмам і націскам змаглі перахапіць кіраўніцтва і дзейнічаць у адным накірунку. Даследчык звярнуў увагу на шырокі ўдзел у паўстанні сялянства, якое складала не менш  траціны ўсіх інсургентаў.  
 
 
Навуковы сакратар ІБГіК, прафесар Анатоль Тарас назваў падзеі 1863 году нацыянальна-вызвольным паўстаннем з элементамі шляхецкай рэвалюцыі, паколькі бяднейшая шляхта была яе рухавіком. Навукоўца звярнуў увагу на тое, што хаця Кастусь Каліноўскі не арганізаваў сваёй партыі і не распрацаваў праграму рэвалюцыйнага руху, яго барацьба не была марнай: пасля стварэння Беларускай рэвалюцыйнай грамады аб ім сталі гаварыць і пісаць браты Антон і Іван Луцкевічы, Аляксандр Цвікевіч і Вацлаў Ластоўкі, якія менавіта ў Каліноўскім бачылі свайго папярэдніка. На думку спадара Анатоля, для такога меркавання былі ўсе падставы: з Каліноўскага у рэчышчы польскага вызваленчага руху пачалося афармленне  уласна беларускіх («ліцьвінскіх») нацыянальных патрабаванняў (перш за ўсе ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Польшчы); Каліноўскі першым звярнуў увагу на сялянства як галоўную дзеяздольную сілу беларускага народу; менавіта ён запачаткаваў злучэнне сацыяльна-эканамічных (аграрных), палітычных (аўтаномія роднага краю) і рэлігійных (духоўнае адзінства народа на каштоўнасцях уніяцтва) праблем нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларусаў.  

«Каліноўскі адыграў важную ролю ў працэсе параўтварэння рэвалюцыйнага руху “тутэйшай” шляхты, якая ставіла сваёй мэтай аднаўленне ўнітарнай Рэчы Паспалітай, у рух беларускага адраджэння, што злучыў задачы нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Прычым акцэнт на праблемах сацыяльнай няроўнасці стаў вызначальным для ўсёй культурна-асветніцкай і палітычнай дзейнасці беларусаў-адраджэнцаў. Ва ўспрыманні патрыятычнай часткі сучаснай беларускай моладзі Каліноўскі застаецца нацыянальным героем, рамантычным маладым шляхцічам, які першым і адзіным у свой час здолеў сказаць пра “мужыцкі народ”, але яшчэ не беларусаў, як пра людзей са сваімі гонарам, правам, вераю і гісторыяй», -- адзначыў Анатоль Тарас.     

Нагадаем, што гэтая канферэнцыя – другая ў бягучым годзе па названай тэме. Па  выніках першай, што адбылася ў сталіцы 23 сакавіка, выйшаў зборнік «Паўстанне 1863 году на Беларусі і Кастусь Каліноўскі». Па гэтай тэматыцы запланавана выдаць другі зборнік раней не друкаваных прац. 

Каментаваць