55 гадоў без Фары Вітаўта

У Гародні 55 гадоў таму камуністамі быў зруйнаваны адзін з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў нашага краю  — Фара Вітаўта. Шасцісотгадовая гісторыя касцёла непарушна звязана з гісторыяй горада, а яго лёс адлюстроўвае лёс многіх католікаў гэтага краю. 


Святыня, якая перажыла пажары, варожыя навалы і ваяўнічы атэізм, стала ахвярай гарадзенскіх уладаў. У ноч на 29 лістапада 1961 года ленінградскія піратэхнікі выканалі рашэнне № 883 выканкама гарадскога савета «О мероприятиях по обрушению здания бывшего военного костёла на Советской площади».

Старэйшая каталіцкая парафія Гародні з парафіяльным касцёлам  — Фарай Вітаўта  — цягам шасці стагоддзяў у розных сваіх архітэктурных іпастасях несла на сабе імя свайго заснавальніка, князя гарадзенскага, а затым Вялікага Князя Літоўскага Вітаўта. Дакладная дата фундацыі касцёла невядомая, але ён згадваецца ў княжацкім прывілеі гарадзенскім габрэям ад 1389 года.


Гэта быў першы каталіцкі храм у горадзе. Спачатку касцёл быў збудаваны з дрэва і быў асвечаны ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, паўсюдна называны Касцёлам Маці Божай. Некалькі разоў гарэў і перажываў наезды. Быў улюбёным касцёлам каралевіча Казіміра.

«Вядома, што касцёл быў адноўлены ў 1494 годзе каралём Аляксандрам Ягелончыкам. У 1551 каралева Бона Сфорца загадвае рамантаваць касцёл. Паводле гравюры Мацея Цюнта 1568 года, на якой касцёл названы «Польскім храмам у горадзе», уяўляе сабой аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з двухсхільным дахам і прылеглай вежай званіцы.

Пабудову мураванага касцёла звязваюць з дзейнасцю караля Стэфана Баторыя, які зрабіў Гародню сваёй сталіцай. У перапісцы з рэгіянальным кіраўніком ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай Янам Паўлам Кампана ён адзначыў, што гарадзенская Фара «..самая вялікая і самая цудоўная ў Вялікім Княстве Літоўскім, але драўляная». Баторый хацеў запрасіць у Гародню езуітаў для развіцця адукацыі, пабудовы школ, калегіума і мураванага касцёла, у якім жадаў быць пахаваны.

Польскі даследчык ксёндз-езуіт з Кракава Ежы Пашэнда на падставе матэрыялаў ордэну з архіва Ватыкана яшчэ больш дакладна акрэсліў дату ўзвядзення мураванага касцёла  — 1584–1587 гады. Найбольш верагодна, што аўтарам праекта мураванага касцёла быў Санкцы Гучы  — архітэктар караля, а майстрам, пад пільным вокам якога паўсталі муры  — Антоні дэ Грэта.



Знешнія працы па будаўніцтве касцёла былі скончаны ў 1586 годзе. У гэтым жа годзе ў Гарадзенскім замку памірае вялікі кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, труна якога перад тым, як трапіць у Кракаў на Вавельскі замак, паўгода знаходзіўся ў Гарадзенскай Фары.

У лютым 1587 года езуіт Марцін Латэрна пра закончаны будынак касцёла сказаў: «Ён цудоўны». Выява касцёла зафіксавана на гравюры Тамаша Макоўскага 1600 года. Гэта быў готыка-маньерыстычны храм, які меў даўжыню 58,6 метраў, а шырыню  — 23 метры. Мастацкі эфект узмацняўся кантрастамі чырвонага колеру цэглы сцен і белай тынкоўкай вежы.

У сярэдзіне XVII стагоддзя для касцёла, зрэшты, як і ўсяго горада, пачаліся цяжкія часы. Упершыню храм быў моцна пашкоджаны падчас акупацыі горада расейскімі войскамі ў 1655–1661 гг. У яго візітацыі 1662 года паведамляецца: «Гарадзенскі касцёл ад Масквы выпалены. Скляпенні вельмі небяспечныя, у некаторых месцах зваліліся». Перад 1674 годам, дзякуючы намаганням гарадзенскага біскупа Аляксандра Хадкевіча, Фара Вітаўта была адрамантавана.

Значныя пашкоджанні закранулі касцёл у XVIII стагоддзі  — ён згарэў у час Паўночнай вайны. Жахлівы стан касцёла канстатуюць пастановы гарадзенскіх павятовых соймаў. Храм узгадваецца ў інструкцыі паслоў, якія выпраўляліся на Варшаўскі Сойм 1712 г. Гарадзенская павятовая шляхта прапаноўвае паслам настойліва патрабаваць, каб штогадовая грашовая плата Фарнаму касцёлу выплачвалася з гарадзенскай каралеўскай эканоміі.


Новыя пажары 1753 года зноў пашкодзілі Гарадзенскую Фару. Касцёл наноў быў адбудаваны і асвечаны 18 красавіка 1758 года. Высілкамі гарадзенскага пробашча Юзэфа Храптовіча аднаўляў касцёл вядомы тагачасны архітэктар Ёган Мезер. Генеральная візітацыя ад 1762 года апісвае яго стан наступным чынам: «Касцёл сам увесь мураваны, які мае восем калон мураваных, з новым дахам, крытым дахоўкай і вежай высокай, цудоўнай, з купалам высокім».

8 мая 1782 года Гародня зноў гарэла. Пажар ахапіў таксама і Фару. Ліст, аўтарам якога мог быць пробашч Фарнага касцёла Юзаф Мучыньскі, напісаны ў 1783 годзе, сведчыць пра дрэнны стане будынку касцёла: «Тым часам агонь мінулагодні давёў старажытны касцёл да канчатковай разваліны... Руіны скляпення пагражаюць завалам тым, хто моліцца ў касцёле». Кароль Станіслаў Панятоўскі загадвае свайму архітэктару Джузэпэ Сака заняцца рамонтам, але той толькі распрацаваў праект перабудовы, а непасрэдным рамонтам да самой смерці ў 1793 годзе займаўся пробашч Юзаф Мучыньскі.

Дзякуючы ягоным намаганням быў адрамантаваны касцельны дах і будынак плябаніі. Аднак грунтоўнага рамонту касцёл так і не дачакаўся. У інвентар Фары 1793 года заўважана: «Касцёл знаходзіцца ў вялікім разбурэнні». Тагачасны малюнак мастачкі Ганны Тышкевіч з роду Патоцкіх дае менавіта такое адэкватнае ўяўленне знішчанага і занядбанага касцёла.

Духоўныя паслугі былі перанесены ў размешчаны на супрацьлеглым рынкавым баку пасляезуіцкі касцёл Францішка Ксаверыя. Гэта было зроблена надзвычай хутка, нягледзячы на тое, што афіцыйны перанос парафіі адбыўся ў 1798 годзе.

Тут, каля касцёла, з гадоў яго заснавання, пачынаюць існаваць і першыя каталіцкія могілкі ў Гародні. Яны згадваюцца яшчэ ў прывілеі Аляксандра Ягелончыка для Фары з 1494 года.



Захаваліся дакуманты Гарадзенскага магістрату з XVII–XVIII стагоддзя, якія сведчаць пра тое, што падлога Гарадзенскага Фарнага касцёла была максімальна выкладзена надмагільнымі плітамі. Пад імі знаходзіліся скляпы, у якіх хавалі прадстаўнікоў духавенства, заможнага мяшчанства і шляхты. Таксама варта нагадаць, што ў Фары існавалі звычайныя сямейныя, цэхавыя і брацкія склепы. Могілкі існавалі праўдападобна да 1804 года.

Трагічныя падзеі канца XVIII стагоддзя для Рэчы Паспалітай вызначылі амаль што на два стагоддзі гістарычныя лёсы люду нашага краю. Пасля ганебных падзелаў Рэчы Паспалітай Гародня апынулася пад расейскай акупацыяй. Менавіта гэта вызначыла далейшы лёс Фары.

У 1804 годзе каталіцкую святыню акупанты аддаюць праваслаўным, а яшчэ праз шэсць гадоў касцёл траціць апошнюю сувязь з каталікамі, бо будзе асвечаны як Сабор Святой Сафіі.

Пад канец XIX стагоддзя апалагетам русіфікацыі акадэмікам Чарнышовым храм перабудоўваецца ў псеўдарускім стылі.


У XX стагоддзі адраджаецца Польская дзяржава. У 1919 годзе Фара вяртаецца да праўных нашчадкаў. Чатыры гады пазней, пасля рамонту, перадаецца католікам і асвячаецца як Гарнізонны касцёл.

У 1935 годзе па праекце архітэктара Сасноўскага храм перабудоўваецца ў гатычным стылі. На жаль, мірнае стваральнае жыццё заканчваецца вельмі хутка і край робіцца закладнікам найвялікшых злачынцаў сусветнай гісторыі  — Гітлера і Сталіна. Як маўклівы сведка, касцёл перажывае страшную вайну, як быццам бы прыпамінаючы людзям аб запаведзі Пана Бога «Не забівай».

Прыйшло так званае «вызваленне» для многіх, толькі не для касцёла. Саветы зачыняюць храм і ў 1949 годзе па рашэнні мясцовых улад перадаюць яго пад склад «Загот-зерно». Пазней тут знаходзіліся склады тонкасуконнага камбіната і ДОСААФ.


Над храмам навісла пагроза, з якой яшчэ ў сваёй шматпакутнай гісторыі ён не сутыкаўся. Ваяўнічы камуністычны атэізм нёс у сабе мэту стварыць савецкага чалавека бяз веры і памяці. Бальшавікі не маглі па сваёй ідэалогіі дазволіць, каб у цэнтры горада дамінавалі хрысціянскія храмы, таму што ім былі непатрэбныя людзі, у сэрцах якіх жыве хрысціянская вера і гонар за сваю Айчыну. Грамадствам, у якім людзі забыліся родную мову і гісторыю, значна прасцей кіраваць і навязваць рознага кшталту ідэалагічныя эксперыменты. Агонія храму працягвалася да пачатку шасцідзесятых гадоў XX стагоддзя.

 8 сакавіка 1961 года па прапанове дырэктара краязнаўчага музея і «дырэктыўных органаў» выканкам прыняў рашэнне №213 «О сносе аварийного здания бывшего военного костёла на Советской площади»:

Присутствовали члены исполкома; Воронов Н.Н., Туповский В.И., Чернышёв Е.И., Романов В.П., Сахарова, Солодилов Л.Ф. Рассмотрев предложение по сносу аварийного здания бывшего военного костёла на Советской площади и, признав целесообразность сноса указанного здания по генеральной застройке города, исполком Гродненского городского совета депутатов трудящихся решает: 1. Снести аварийное здание бывшего военного костёла на Советской площади и просить исполком Гродненского областного совета депутатов трудящихся утвердить настоящее решение. 2. Согласиться с предложением по методу сноса, путём применения взрывчатых веществ. 3. Для рассмотрения и утверждения в рабочем порядке технических вопросов проведения взрывных работ, проведения обследования подвальных помещений, скрытых казематов с целью выявления документов периода времени гитлеровской оккупации, могущие представлять государственные ценности, образовать государственную комиссию в составе:

 — зам. председателя горисполкома т. Туповского В.И.  — председатель комиссии,  — нач. Горотдела милиции т. Назаркина П.П.  — член,  — зав. промтранспортным отделом горкома КПБ т. Пясецкого В.И.  — член,  — зав. по делам строительства и архитектуры т. Макарова М.Ф.  — член,  — нач. Отдела капитального строительства горисполкома т. Ледуховского  — член,  — директора областного музея Т. Соболь  — член

Работы по организации проекта сноса работ аварийного здания поручено т. Малиновскому М.Н.

Гэты дакумент падпісалі старшыня выканкама Воранаў і сакратар выканкама Чарнышова.



Ганебны акт быў здзейснены спецыяльным піратэхнічным прадпрыемствам з Ленінграда а другой гадзіне ночы 29 лістапада 1961 года. У савецкі час там размяшчалася дошка гонару пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва і кусты, у якіх савецкія людзі час ад часу выпівалі і разам з блуднымі сабакамі спраўлялі свае патрэбы.

Сёння на месцы Фарнага касцёла  — скрыжаваныя ходнікі. Не так даўно быў усталяваны памятны знак, які нагадвае пра існаванне касцёла і праваслаўнай царквы.

Сённяшняя гарадзенская ўлада лічыць, што справа Фары Вітаўта закрыта і няма чаго да яе вяртацца. Пад пільным вокам міліцыянтаў і абласной вертыкалі гэтае месца выкарыстоўваецца для арганізацыі «массовых гуляний гродненцев и проведения фейерверков».


Але памяць пра найвялікшы і найпрыгажэйшы касцёл жыве сярод гарадзенцаў. На гэтым святым месцы неаднаразова ўсталёўваліся крыжы і праводзіліся малебны. Дзякуючы гарадзенскім краязнаўцам і гісторыкам  — рупліўцам гарадзенскай старасветчыны, людзі ведаюць гісторыю святыні і маюць надзею, што крыжы касцёла Найсвяцейшай Марыі Панны, званага ў народзе Фара Вітаўта, узнясуцца над горадам і будуць трымаць яго ў сваёй апецы.


Гарадзенская Вясна

 

Каментаваць