75 гадоў дамове дыктараў

28 верасня 1939 года, яшчэ калі злучэнні Самастойнай аператыўнай группы польскай арміі “Палессе” змагаліся з агрэсарамі, у Маскве пасля трохдзённых кансультацыі Германія і СССР  падпісалі дамову аб сяброўстве і мяжы.



На сустрэчы наркамаў замежных спраў СССР Вячаслава Молатава і міністра замежных спраў Трэцяга Рэйху Іяхіма фон Рыбентропа планавалася абмеркаваць далейшы лёс акупаванай Польшчы. Аднак фактычна ў Крамлі два дыктатары праз савіх падначаленных працягвалі абмяркоўваць падзел сфер улываў ва Усходняй Еўропе. У гэтым кантэксце Масква дамагалася ад Берліна адмовы ад правоў на Літву. У адказ савецкі бок прапанаваў аддаць нацыстам частку Варшаўскага і Люблінскага ваяводстваў, на тэрыторыі якіх ужо знаходзіліся падраздзяленні РСЧА. 

Пры гэтым варта разумець, што фактычна Сталін патрабаваў ад Гітлера права на ўсю Прыбалтыку. Паралельна з перамовамі з германскім міністрам Крэмль працягваў ціснуць на пастаўленных у безвыходны стан прыбалтаў. У выніку у дзень падпісання савецка-германскай дамовы Эстонія пагадзілася на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі савецкіх вайсковых баз.

У дамове аб сяброўстве і мяжы былі адзін даверны і два сакрэтных пратаколаў.

У даверным пратаколе германскі бок абяцаў, што не будзе замінаць руху “асоб ўкраінскага або беларускага паходжання” са сферы сваіх інтарэсаў у сферу інтарэсаў Савецкага Саюзу. У сваю чаргу, СССР абяцаў не перашкаджаць перасяленню “асоб германскага паходжання” у Рэйх або ў сферу яго інтарэсаў. Пры гэтым дамовай была абумоўлена і новая савецка-германская мяжа.

У першым сакрэтным пратаколе прапісвалася забарона ўсялякай агітацыі на падкантрольных СССР і Германіі тэрыторыях Польшчы, калі тая была накіравана супраць бакоў-падпісантаў.

Другі сакрэтны пратакол тлумачыў справу “падзелу сфер уплыву”. У дакуменце ў прыватнасці пазначалася: “Як толькі ўрад СССР распачне на літоўскай тэрыторыі асаблівыя меры для аховы сваіх інтарэсаў, то з мэтай простага і натуральнага правядзення мяжы новая германа-літоўская мяжа выпраўляецца так, што літоўская тэрыторыя, якая ляжыць на паўднёвы-захад ад лініі, паказанай на карце, адыходзіць да Германіі”.

Варта таксама ўзгадаць, што амаль два гады пасля “вызваленчага паходу РСЧА у Заходнюю Беларусь” захоўвалася старая “рыжская мяжа” паміж БССР і Заходняй Беларуссю. Праз гэтую “зону загароды” людзі маглі праязджаць толькі па спецпропусках, якія мелі далёка не ўсе. “Мядовы месяц” у адносінах паміж гітлераўскай Германіяй і сталінскім СССР скончыўся ў чэрвені 1941 года, калі былыя хаўруснікі сышліся ў смяротнай бойцы.

Каментаваць