Абвесціць 2014 год у Беларусі годам бітвы пад Воршай

Прапанаваў Нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя славутай перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над маскоўскімі захопнікамі пад Воршай.



Як адзначаецца ў звароце аргкамітэту да беларускай грамадскасці, 8 верасня 2014 года спаўняецца 500 гадоў ад часу выбітнай перамогі пад Воршай войскаў нашай дзяржавы над арміяй Вялікага Княства Маскоўскага. 
 
 
Супраць 80-тысячнага войска захопнікаў, якое шляхам подкупу абаронцаў авалодала Смаленскам, урад ВКЛ здолеў выставіць усяго 30 тысяч вояў. Асноўную ролю ў арганізацыі і правядзенні таленавітай і паспяховай вайсковай аперацыі пад Воршай адыграў найвышэйшы гетман ВКЛ Канстанцін Іванавіч Астрожскі. У выніку перамогі нашых войскаў быў спынены далейшы захоп акупантамі беларускіх земляў і разбураны таемны саюз між Масквой і Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі, скіраваны супраць ВКЛ-Беларусі ды Польшчы. Поўны захоп ВКЛ не адбыўся, нашая краіна паказала ўсёй Еўропе прыклад мужнасці і вайсковага ўмельства.
 
 
У перад’юбілейны год патрыятычная грамадзкасць Беларусі згуртавалася ў Нацыянальным аргкамітэце дзеля супольнага святкавання ў 2014 годзе 500-годдзя гэтай слаўнай падзеі нашай гісторыі, і прапануе абвесціць 2014 год у Беларусі годам бітвы пад Воршай.
 
 
У план святкавання ўваходзіць правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі, юбілейнага фэсту на месцы бітвы і адмысловай выставы, конкурсаў, спаборніцтваў, вандровак і экскурсій, а таксама прэзентацыя выданняў, прысвечаных вялікай перамозе пад Воршай.
 
 
Аргкамітэт запрашае грамадзтва да шырокага ўдзелу ў святкаванні юбілею Аршанскай бітвы. 
 
 
Нагадаем, Нацыяльны аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя бітвы пад Воршай быў створаны на прыканцы 2013 года ў Мінску. У склад аргкамітэту ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускай культуры.
 
 
Старшынёю аргкамітэту абраны доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, ягонымі намеснікамі –  мастак і грамадзкі дзеяч Мікола Купава, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч, палітолаг Алесь Жучкоў, бард
і краязнаўца, адзін з заснавальнікаў бардаўскага фэсту “Бітва пад Воршай” Андрэй Мельнікаў.

Каментаваць