Айцец Андрэй Крот: “Каліноўскі бараніў свой народ”

На “Тваім Стылі” нядаўна з’яўляліся выказванні настаяцеля Свята-Уладзімірскай царквы, пратаіерэя Аляксандра Велісейчыка на тэму паўстання 1863 года. Гэтым разам мы звярнуліся да ўніяцкага святара, настаяцеля парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэя Крата.

 



Айцец Андрэй, адны лічаць Каліноўскага пакутнікам, іншыя забойцам. Каліноўскі праліваў і сваю, і чужую кроў, дык ці можа ён быць пакутнікам з пункту гледжання Царквы?

— Каліноўскі быў палітычным дзеячам, ягоныя мэты і метады дзейнасці таксама былі палітычныя. Няма падстаў лічыць яго хрысціянскім пакутнікам, але ягоная справа была накіраваная супраць гвалту і прымусу свайго народу. Каліноўскі бараніў свой народ, і гэта, на маю думку, відавочна.

Ці можна было пачакаць з паўстаннем, лепш падрыхтавацца, каб пазбегнуць лішняй крыві, альбо паехаць на захад і друкаваць там газету як Герцэн ці Бялінскі? Не ведаю, хай аб гэтым спрачаюцца гісторыкі.

Але Каліноўскі выбраў свой шлях. Як кожны чалавек, ён быў грэшным, але я не скажу, што самым кепскім і грэшным сярод нашых палітычных дзеячоў. Нашая Царква моліцца за супакой і самога Каліноўскага, і яго паплечнікаў.

Ушанаванне памяці паўстанцаў у Свіслачы, 28.10.2012

— Адзін праваслаўны беларускамоўны манах нядаўна заявіў у інтэрв’ю: “…Бунт яго (Каліноўскага — рэд.) быў скіраваны супраць дзяржавы, заканадаўства якой грунтавалася на запаведзях Божых і канонах Царквы”.

— Я не згодны з такой фармулёўкай у прынцыпе. Заканадаўства Расійскай імперыі ніколі не грунтавалася на запаведзях Божых ды канонах Царквы. Гэта была манархічная дзяржава, якая ў дачыненні да нас, беларусаў, выступала як акупант, якая выкарыстоўвала розныя метады гвалту у тым ліку рэлігійны прымус, таму справядлівасці там не было. Аб гэтым сведчыць процьма гістарычных фактаў.

І што значыць “на канонах Царквы”? Якой Царквы? Праваслаўнай? Але Праваслаўная Царква таксама была пад прыгнётам: яшчэ за Пятром І была скасаваная патрыярхія, замест якой быў уведзены сінод пад кіраўніцтвам обер-пракурора — свецкага чыноўніка. То бок Царква фактычна нівелявалася да дзяржведамства. Шмат праблем, якія мае РПЦ зараз, цягнуцца яшчэ з той пары, з так званага Сінадальнага перыяду.

Ушанаванне памяці паўстанцаў у Свіслачы, 28.10.2012

— У тым жа інтэрв’ю знаходзім наступную цытату: “(Мураўёў) выконваў загад цэсара, выконваў свой вайсковы абавязак…”

— Сам факт выканання абавязку з пункту гледжання Каталіцкай Царквы не з’яўляецца апраўданнем, бо ніхто не абавязаны выконваць загад, які супярэчыць Божым Прыказанням.

Абавязак ён калі і выконваў, то не перад беларускім народам, а перад дзяржавай-акупантам, таму для нас ён ніколі не будзе станоўчым героем. Чым Мураўёў адрозніваецца ад Вільгельма Кубэ ці Лаўрэнція Цанавы, якія таксама давалі прысягу сваім урадам?

Да таго ж, Мураўёў выконваў свой вайсковы абавязак вельмі “творча”. Вядома шмат фактаў. З апошняга, што я прачытаў, і што, дарэчы, тычыцца Гарадзеншчыны — успаміны Соф’і Плюта, бацька і брат якой удзельнічалі ў паўстанні. Дык Мураўёў прапаноўваў ёй ложак на ўмовах выратавання яе родных.

Часам гучыць думка, што для Каліноўскага, як для прыхільніка Уніі, гісторыя Беларусі пачынаецца з 1596 года (як для бальшавікоў з 1917-га), то бок “за бортам” застаецца больш даўняя гісторыя з Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім і г.д.

— У шостым нумары “Мужыцкай Праўды” Каліноўскі піша пра адраджэнне ўніяцкай царквы, якое для яго было адным з пунктаў адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Я думаю, што для яго, як і для сучасных уніятаў, Берасцейская ўнія 1596 года была лагічным працягам развіцця праваслаўнай царквы на гэтых землях.

А вось расійскае праваслаўе, якое тут з’явілася ў канцы XVIII стагоддзя перамалола як спадчыну праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага, так і Унію з яе традыцыямі. За 10 год перад скасаваннем Уніі, намаганнямі яе ліквідатара біскупа Іосіфа Сямашкі і царскіх уладаў, змяніўся знешні і ўнутраны выгляд цэркваў, ход набажэнства, мелодыі спеваў, мова справаводства і часткова набажэнства, знешні выгляд духавенства, прынамсі вышэйшага. Ды нават імёны некаторыя змянялі! Прычым змены адбываліся не згодна старажытным праваслаўным канонам, але на маскоўскі капыл.

“За нашу і вашу вольнасць”, мастак Станіслаў Кічко. На карціне — пакараны смерцю ў Лідзе ў 1863 годзе ксёндз Адам Фалькоўскі

Папулярным закідам як да Каліноўскага, так і да ўніяцкай царквы з’яўляецца абвінавачванне ў накідванні беларусам “пальшчызны”. Як прыклад часам прыводзіцца Сапоцкіншчына, якая найдаўжэй заставалася ўніяцкай, бо ўваходзіла ў Сувалкаўскую губерню, дзе Унію не скасавалі, але ў выніку апынулася цалкам польскім рэгіёнам…

— Я лічу, што пагроза “акаталічвання і апалячвання” — гэта міф, які мае мала супольнага з сапраўднай гісторыяй Беларусі. Каго мы наогул лічым заснавальнікамі сучаснай беларускай нацыі? Каліноўскі, Багушэвіч, Дунін-Марцынкевіч, Купала, Цётка, Ластоўскі — усё гэта выхадцы з каталіцкіх сем’яў. Не кажучы ўжо пра пазнейшы перыяд, пра каталіцкіх святароў Станкевіча, Гадлеўскага, Германовіча і шмат іншых.

Па логіцы тых, хто лічыць Унію ды Касцёл сродкамі для “апалячвання” беларусаў, усе вышэйпералічаныя асобы меліся быць свядомымі палякамі, але акурат яны сталі ля асноваў нашай нацыі.

Што датычыць уніятаў, ці, як мы кажам сёння, грэка-каталікоў, то тут маем прыклад Украіны, дзе Унія захавалася, дзякуючы палітыцы Аўстра-Вугоршчыны: у выніку, грэка-каталіцкая царква там стала кропкай апоры для нацыянальнага руху і застаецца такой да сёння. Таму казаць, што Унія ў Беларусі служыла б сродкам “апалячвання” — сумніўна.

Сапоцкіншчына — гэта вельмі цікавы рэгіён. Польскасць ягоных жыхароў — гэта вынік супраціву прымусоваму далучэнню да праваслаўя і прымусовай русіфікацыі, а не дзейнасці уніяцкай царквы: калі Унію ліквідавалі, то ў мясцовым давялося выбіраць паміж Касцёлам і праваслаўнай царквой… Таму лагічней сказаць, што праваслаўная царква спрычынілася да паланізацыі жыхароў Сапоцкіншчыны.

“Чаканне”, Ігар Кебец

— Ці вашы продкі прымалі ўдзел у паўстанні?

— Я гэтага дакладна не ведаю. Затое з дзяцінства памятаю, што каля маіх родных Івацэвічаў была Шыбельная гара, дзе, як распавядала мама, на старых соснах яшчэ да 1960–1970-х гадоў. можна было ўбачыць урослыя ў ствалы іконкі — гэта было месца, дзе вешалі паўстанцаў.

Адно з маіх юнацкіх перажыванняў — паездкі ў Косава да касцёла і паўстанцкіх магіл. Туды мы ганялі на роварах разам з маім сябрам, зараз а. Сяргеем Стасевічам, які служыць у Лондане. Таму для мяне ўсё гэта роднае.

Вас не бянтэжыць той факт, што Унія ўжо хутка 200 год як знаходзіцца ў Беларусі фактычна ў стане “катакомбнай царквы”?

— Нашу царкву яшчэ ў XVII–XVIII стагоддзях называлі “хлопскай”, то бок народнай. Такімі мы і застаемся. Што з нашым народам, тое і з царквой адбываецца: калі народ прачынаецца, прачынаецца і царква, калі адпаведна народ засынае — тое ж і з царквой. Барометр своеасаблівы.

Народ сябе пакуль не асэнсаваў як беларусаў. А нават калі асэнсоўвае, то заўжды разрываецца паміж праваслаўем “з братняй Руссю” ці каталіцтвам “з Крэсаў”. Тое ж адбывалася і раней, калі вяскоўцы хацелі ісці ў “панскую веру” — каталіцкую ці праваслаўную, згодна часу. Таму менавіта багата людзей з уніяцкімі каранямі напаўняе зараз “больш зразумелыя” цэрквы ды касцёлы.

Алесь Кіркевіч, t-styl.info

Здымкі Яна Лялевіча з архіву “Твайго стылю” і kryga.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць