Анатоль Кунцэвіч сумаваў па Бацькаўшчыне

У кнізе «З беластоцкай зямлі» (Беласток, 2008) адзін невялікі раздзел я прысвяціў Анатолю Сумнаму. Пры падрыхтоўцы матэрыялу да кнігі мне нават не ўдалося разгадаць, хто хаваўся пад псеўданімам Сумны.



Анатоль Кунцэвіч, 1948 г.


Ведаў я толькі тое, што ён нарадзіўся на Беласточчыне, быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады, падрыхтаваў альманах «Ускалось», які загінуў падчас бамбардзіроўкі ў Германіі, пісаў вершы. Адзін верш «Маліцьба» ўдалося адшукаць у часопісе «Баявая Ускалось» (1970, №10). Але гэта кволы літаратурны твор-настальгія, твор-просьба, твор-самота па Радзіме. Больш-менш удалай атрымалася першая страфа:

Маці святая, заступніца шчырая,
Я Табе душу сваю адчыняю.
Граець у сэрцы цудоўная ліра,
З ёй гэту песню я сёння складаю...


Пасля Другой сусветнай вайны сляды Анатоля Сумнага згубіліся дзесьці ў Аўстраліі.

Вось і ўсё, што было мне вядома пра чалавека з псеўданімам Сумны. Тым не менш, я пакінуў і гэтыя невялікія звесткі пра яго. Калі даследчык беларускіх псеўданімаў Янка Саламевіч прачытаў мае кнігі, дык адразу сказаў, што пад псеўданімам Анатоль Сумны хаваецца праваслаўны святар Анатоль Кунцэвіч.

Пачаліся новыя пошукі. І за гэты час ужо сёе-тое ўдалося знайсці пра Кунцэвіча-Сумнага. Сабранае па крупінцы дае ўяўленне пра лёс гэтага незвычайнага чалавека і шчырага беларуса. Тым больш, што сёлета споўнілася 100 гадоў з яго дня нараджэння.

Анатоль Кунцэвіч нарадзіўся 14 красавіка 1912 года на Беласточчыне, магчыма, у вёсцы Ялоўка. Па іншых звестках, ён нарадзіўся 14 чэрвеня ў Пінску. Але гэта малаверагодна, бо ў паваенных дакументах ён сам указваў, што нарадзіўся на Беласточчыне. Бацька яго ў Ялоўцы быў святаром. Там, у Ялоўцы, Анатоль у 1924 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. А пасля семінарыі скончыў яшчэ факультэт праваслаўнага багаслоўя Варшаўскага ўніверсітэта. Як бачыце, Анатоль Кунцэвіч у маладосці атрымаў вельмі добрую адукацыю.

У 1926 годзе юнака забралі на вайсковую службу. Служыў ён у 81-м палку пяхоты ў Брэсце. А пасля службы вярнуўся дамоў і прыняў духоўны стан. Пасвяціў яго ў духоўны сан пазнейшы мітрапаліт Аляксандр Іназемцаў у Пінску.

Сыны Анатоля Кунцэвіча — Коля і Юрык



У 1942 годзе Анатоль Кунцэвіч выехаў у Германію. Разам з ім выехалі жонка і двое іх сыноў — Мікола і Юрык, яго брат Мікалай з жонкай, а таксама маці з бацькам. Спадар Анатоль працаваў настаяцелем праваслаўнай царквы ў Нортгайме. Адтуль ён звярнуўся з прашэннем да епіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) Сяргея Ахатэнкі, каб той прыняў яго пад ягоную юрысдыкцыю і прызначыў настаяцелем праваслаўнай парафіі пры лагеры ў Гановеры. Хутка яго просьбу задаволілі. І Кунцэвіч быў прызначаны настаяцелем праваслаўнага прыходу БАПЦ у лагеры ДП у Гановеры.

Святарскія абавязкі Анатоль Кунцэвіч выконваў шчыра і аддана. Па хадайніцтву епархіяльнага эканома і сакратара Міколы Дзямідава, пастановай кіраўніцтва БАПЦ ад 2 студзеня 1949 года за вельмі карысную і паспяховую дзейнасць і за арганізацыю царкоўна-прыхадскога жыцця сярод праваслаўных беларусаў, протаіерэю Анатолю Кунцэвічу была выказана падзяка і просьба да Уладыкі Сяргея Ахатэнкі ўзнагародзіць яго чарговай протаіерэйскай узнагародай. А таксама прызначыць Анатоля Кунцэвіча благачынным прыходаў БАПЦ на англійскую зону і даручыць яму далейшую арганізацыю новых прыходаў і часовае адміністрацыйнае кіраўніцтва імі ў англійскай зоне да прызначэння адпаведных настаяцеляў. Гэта была для Кунцэвіча прыемная навіна. І ён з новай сілай узяўся за працу.

Але хутка Уладыка Сяргей пакінуў Германію і выехаў у Аўстралію, у Сідней. За ім выехаў і Анатоль Кунцэвіч. У 1952 годзе ў Сіднеі ўжо дзейнічала парафія БАПЦ, у якой набажэнствы праводзіў святар Зялінскі, да якога далучыўся і протаіерэй Анатоль Кунцэвіч. Там наш зямляк таксама прымаў удзел у працы Беларускага Аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, дапамагаў беларусам набажэнствамі. Але, як і большасць святароў БАПЦ, Анатоль Кунцэвіч мусіў працаваць і яшчэ ў іншым месцы, відаць, займаўся фізічнай працай. А калі ў 1957 годзе Уладыка Сяргей пераехаў у Пэрт, то Кунцэвіч адышоў ад грамадскай беларускай справы і ад царкоўнай.

Браты Мікалай і Анатоль Кунцэвічы (злева направа) са сваімі жонкамі, іх маці з унукамі
— сынамі Анатоля, 1947 г.

 



У пошуках звестак пра Анатоля Кунцэвіча я звярнуўся да свайго земляка спадара Барыса Данілюка з пытаннем, што ён ведае пра святара. Спадар Данілюк, калі яшчэ жыў, сказаў, што чуў пра святара Анатоля, але як склаўся ягоны лёс, не ведаў. І параіў звярнуцца да яшчэ аднаго земляка-слонімца Анатоля Хрэноўскага, які жыве ў Канадзе. Што я хутка і зрабіў. На пытанне, ці ведаў той Анатоля Кунцэвіча, спадар Хрэноўскі адказаў:

— Я вельмі ўзрадаваўся, што ёсць яшчэ людзі на зямлі, якія цікавяцца лёсам нашых патрыётаў. Айцец Анатоль Кунцэвіч быў прарокам-прапаведнікам. Гэтага вялікага, мудрага і шчырага чалавека я буду памятаць да самай смерці.

— І якім ён вам запомніўся?

— Успамінаецца нямецкі горад Нортгайм, англійская зона. Я, мае бацька і маці жылі ва ўкраінскім лагеры. Жылі мы там доўгі час. Аднойчы нам паведамілі, што ўкраінцы павінны пакінуць гэты лагер, бо сюды прыязджаюць вайскоўцы-палякі з арміі Андэрса. Але мы засталіся, бо бацька наш быў брыгадзірам у брыгадзе, якая пілавала лес амерыканцам. Яму сказалі заставацца і паабяцалі, што нас ніхто тут чапаць не будзе. Бацька пагадзіўся, і мы засталіся. Праз пэўны час, сапраўды, прыехалі палякі, а з імі прыехаў і айцец Анатоль Кунцэвіч з жонкай і са сваімі сыночкамі. Мы пазнаёміліся. Аказалася, што спадар Анатоль быў святаром у арміі Андэрса. З ім разам прыехала і шмат беларусаў. Тут мой бацька, айцец Анатоль і іншыя беларусы адкрылі царкоўны прыход БАПЦ. Разам мы святкавалі ўсе царкоўныя праваслаўныя і беларускія нацыянальныя святы. Жылі дружна і весела, спадзяваліся, што хутка вернемся на Бацькаўшчыну.

Сам Анатоль Кунцэвіч быў сапраўдным беларускім праваслаўным хрысціянінам. Трэба было бачыць і чуць, як ён выдатна праводзіў набажэнствы. А калі казаў пропаведзі — мурашкі бегалі па целе. Гэта было незвычайна. Можа, з-за таго, што ён служыў святаром у войску. Крыж ён трымаў высока і моцна прапаведаваў. Бацька яго быў старастам і спяваў у хоры, маці таксама спявала ў хоры. Сам Анатоль ведаў шмат беларускіх песень, умеў добра танчыць, разбіраўся ў танцах, складаў вершы, добра маляваў, пісаў іконы алейнай фарбай. Ён быў вельмі таленавітым чалавекам. Я яму падчас службаў падаваў кадзіла. Ён мяне навучыў з воску рабіць свечкі. Я ўсё ж за яго быў маладзейшы на 22 гады і шмат чаму добраму ў яго вучыўся.

— Але ж па волі лёсу на Бацькаўшчыну вярнуцца ніхто тады не змог. Вы паехалі з сям’ёй у Канаду, а Анатоль Кунцэвіч застаўся...

— У 1949 годзе мы выехалі ў Канаду. Праз некалькі гадоў я даведаўся, што Анатоль Кунцэвіч жыве ў Аўстраліі. У Аўстраліі жыў і Аляксей Васіленя са Слоніма, з якім я перапісваўся. Неяк я ў Васілені спытаўся, што ён ведае пра Кунцэвіча. Спадар Васіленя адказаў, што Кунцэвіч пачаў моцна піць. Я планаваў забраць яго з сям’ёй у Канаду, але ўжо было позна, яго не стала. Мне вельмі шкада Анатоля, ён быў душой нашага народа...

Да ўсяго сказанага вышэй хочацца дадаць, што Анатоль Кунцэвіч вельмі сумаваў па Радзіме, па роднай Беларусі. У лістах да сваіх сяброў заўсёды пісаў, што сумуе па Бацькаўшчыне, нават псеўданім сабе ўзяў — Анатоль Сумны. Гэтая настальгія, незваротны жыццёвы адчай дачасна загналі яго магілу дзесьці ў 1960-х гадах. Пра лёс ягоных жонкі і сыноў звестак знайсці пакуль не ўдалося.

Каментаваць