Анатоль Міхнаец: Кожны беларус можа ўшанаваць памяць слуцкіх змагароў

Беларуская Нацыянальная Памяць звяртаецца да ўсіх беларусаў ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў, якія змагаліся за Беларусь. Старшыня таварыства Анатоль Міхнавец прапануе нават тым, хто не зможа прысутнічаць на месцы падзей, зрабіць гэта ў сваім доме.



Анатоль Міхнавец:

- 92 гады таму беларусы ўзняліся на абарону свайго роднага краю. Яны хацелі быць гаспадарамі на сваёй зямлі і за гэта змагаліся. І за гэта загінулі. Гэта геройскі чын і мы пра гэта памятаем. Як вядома, сёння беларусы адзначаюць гэтую падзею на Случчыне. І 27-га паедуць, каб узгадаць слуцкіх герояў. Але не ўсе маюць такую магчымасць, таму мы заклікаем усіх слухачоў Радыё Рацыя, усіх беларусаў запаліць вечарам 27-га лістапада свечку ці знік у сябе дома. Каб нашыя продкі, змагары за незалежную Беларусь бачылі, што мы памятаем, ганарымся імі і працягваем іх справу.

Дзевяноста два гады таму, 27 лістапада 1920 года, распачаўся Слуцкі Збройны Чын. Нашы продкі пачалі са зброяй у руках змаганне за сваю дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. У бой рушылі Слуцкі і Грозаўскі палкі Першай Слуцкай Брыгады Стралкоў БНР. Да іх далучыліся беларускія часткі арміі Генерала Станіслава Булак-Балаховіча, якія раней біліся пад Мазыром - Беластоцкі батальён і Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады «Зялёнага Дуба».

Некалькі тысяч паўстанцаў на працягу месяца давалі адпор бальшавіцкай навале. Апошнія атрады сышлі з поля бітвы толькі ў студзені 1921 года. Партызанскія атрады прадаўжалі змаганне яшчэ некалькі гадоў. 27 лістапада – іх дзень - Дзень Герояў, - піша ў сваім звароце Беларуская Нацыянальнай Памяць. Пад якім падпісаліся між іншых Алесь Краўцэвіч з Беларускага Гістарычнага Таварыства і Алег Латышонак з Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Польшчы.
 

Каментаваць