Анёлы гаротнай Дражны

Прайшло 70 гадоў з трагічных падзей у вёсцы Дражна на Міншчыне. Партызаны спалілі хаты і вынішчылі дзясяткі мірных жыхароў — старых, жанчын, дзяцей. Ці былі вінаватыя людзі ў тым, што менавіта ў іх вёсцы знаходзіўся нямецкі паліцэйскі гарнізон?



Ева Сірата і Ніна Краснашчокая


На мясцовых могілках — цішыня, шмат узгорачкаў пазарастала пустазеллем, але нават крыжы з шыльдамі, як і помнікі, датуюцца 1943 годам. Пра забітых тут 14 красавіка 1943 года не ўзгадвае дзяржава, але памятаюць людзі.

Запалоханыя

Пра сведку той трагедыі Еву Сірату шмат ужо напісана, але мы таксама з ёй сустрэліся. У красавіку 1943-га ёй быў 21 год. Яна сустракае нас на лаўцы каля ўласнай хаты разам з маладзейшымі сяброўкамі. КДБ добра папрацавала з жыхарамі вёскі, таму бабуля Ева, якая раней падрабязна распавядала пра тыя падзеі, зараз казаць адмаўляецца. У дадатак, аднекуль збоку пад’язджае на ровары мясцовая жанчына і нахабна перашкаджае размове, спрытна адказваючы за бабульку, што «ніхто нічога не ведае».

— Чатыры гады вайна была, як запомніць усё? Чорт яе бяры, тую вайну! — толькі і кажа старая.

— Нейкі флаг у вас інцярэсны, у палоску, — кажа раварыстка, якая, верагодна, напярэдадні бачыла ўскладанне мінчукамі кветак на могілках пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

— Дык гэтаму сцягу Лукашэнка прысягаў, — адказвае ўдзельнік акцыі ўшанавання памяці забітых.

— Красны з зялёным наш флаг, а не ў палоску, — працягвае раварыстка.

Пасля выхаду ў свет кнігі журналіста Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна», «Камсамольская праўда» прысвяціла дражнінскай трагедыі вялікі артыкул, актывісты Руху салідарнасці «Разам» прывезлі і распаўсюдзілі па хатах 500 экземпляраў газеты. Але старшыня сельсавета сабраў усе да адзінай газеты і аднёс іх у аддзел КДБ Старых Дарог. Пасля гэтага хаты наведвалі мужчыны ў цывільным і вялі допыты.

Пазнейшая спроба мінчукоў усталяваць каля месца трагедыі крыж з шыльдай з пералікам імёнаў забітых таксама не ўдалася: яго праз некалькі дзён мясцовыя ўлады адвезлі ў царкву суседняй вёскі Залужжа.

Бліскучы рапарт у Маскву

Непасрэднае дачыненне да ўсталявання таго крыжа меў намеснік старшыні Руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў.

Ушанаванне памяці забітых. Справа — Алесь Макаеў

«Пяць гадоў таму, 19 красавіка 2007 года, сябры Руху салідарнасці «Разам» у памяць пра трагедыю ўсталявалі каля могілак і асвяцілі крыж святой Ефрасінні Полацкай, — распавядае Алесь Макаеў . — Але крыж не прастаяў і некалькі дзён: яго зрылі, на маю думку, па загаду з Мінску, і звезлі ў хлеў царквы суседняй вёскі Залужжа, дзе ён месціцца і зараз. Той крыж мы ўсталёўвалі ў памяць пра пакутнікаў абодвух таталітарных рэжымаў — як гітлераўскага, так і сталінскага. Дражна — таму сведчанне. Партызаны, якія шлі з боку Асіповічаў, не здолелі захапіць паліцэйскі гарнізон, які месціўся ў будынку школы, таму спусцілі злосць на мірных жыхарах вёскі. Частка паліцэйскіх кватаравала па хатах жыхароў, некаторыя паліцаі былі мясцовыя, некаторыя — з суседняга Залужжа».

На штурм вёскі ішла Другая мінская партызанская брыгада, прыкладна 300 партызанаў. Калі пачалася страляніна, паліцаі збегліся ў некалькі дзотаў, адкуль партызаны не змаглі іх выбіць, і са злосці пазабівалі шмат вяскоўцаў і спалілі ўсю вуліцу Засценак. Мужчын сярод партызанскіх ахвяраў амаль не было, у асноўным старыя, жанчыны і малыя. Дзетак калолі штыкамі, мясцовую камсамолку, піянерважатую Пятроўскую — таксама, нягледзячы на яе лямант пра камсамольскі білет і бацьку-камуніста на фронце. Брат дзяўчыны, падлетак Мікалай, уратаваўся тым, што схаваўся ад партызанаў пад падлогай. Пасля расправы над жыхарамі забойцы выносілі з хат каштоўныя рэчы і палілі будынкі.

Дарэчы, нельга не прывесці жудасныя ўспаміны Мікалая Пятроўскага, якія ўключаны ў кнігу Хурсіка: «Калолі маці штыкамі, страшна было глядзець. Я крычу: «Каця, паглянь, маму забілі!» Яна паднялася. І тут я заўважыў, што за плотам стаіць высокага росту чалавек у скуранцы. І раптам ён прыцэліўся ў Кацю і стрэліў! І патрапіў проста ў сэрца. Яна ўпала, а што я, я падняць яе не магу. «Што з табою, Каця?» Бачу — кроў пацякла з грудзей. А поруч з нашым домам дом суседзяў гарэў. Прозвішча іх было Субцэльныя. Мнагадзетная сям’я была. Дом гарыць, і я бачу, як гаспадыню сям’і з немаўлём на руках у агонь кідаюць».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, падчас аперацыі знішчана звыш 270 паліцэйскіх і «рознай свалаты»… Партызаны адрапартавалі ў Маскву, што нібыта фашысцкі гарнізон разгромлены, знішчана аж 200 гітлераўцаў. Між тым, паліцэйскі гарнізон складаўся з 80 чалавек, і нікога з іх насамрэч не забілі.

Пасля вызвалення Беларусі, у 1944 годзе, двухпавярховы каменны будынак школы знішчылі, каб гэта супадала са справаздачамі, што будынак быў разбураны падчас партызанскага штурму. Вяскоўцы пакутавалі потым без школы, бо Дражна была вялікая, патрабавалася дзеткам адукацыя, але дрэнна абутым малым даводзілася хадзіць пешшу ў суседнюю вёску. Цікава, што сённяшні амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын родам адсюль. Такіх вёсак, знішчаных партызанамі, па Беларусі шмат. Напрыклад, цалкам спаленыя партызанамі Вялікая Губа, дзе мы таксама ўсталявана крыж, — вёсачка ля Хатыні.

Трэба дадаць, што ніхто са злачынцаў так і не быў пакараны, а камбрыг Іваноў застрэліўся ў 1975 годзе.

Пра актывіста, настаўніцу і камсамолку

Яшчэ адна сведка расстрэлу партызанамі вяскоўцаў — Ніна Краснашчокая. На той момант ёй было яшчэ чатыры гады, але яна запэўнівае, што добра ўсё ведае ад сваіх бацькоў і вяскоўцаў. Партызанаў яна кляне і дагэтуль.

— Я малая была, у вакно глядзела на тое, як высокі такі чалавек бабку ў перапаясаным кажушку цягнуў на кані, а потым таптаў нагамі, — кажа Ніна Кірэеўна.

— Ой, што вы там помніць можаце?! — перабівае яе раварыстка.

— Усё памятаю! — нечакана люта рэагуе сведка на спробу закрыць ёй рот. — Пагналі тую бабку да школы, дзе быў штаб, гарнізон паліцэйскі, да Засценку, а там расстралялі! Праз нейкі час прыехаў яе сын, падпалкоўнік, адкапаў тую бабку, на якой яшчэ кажушок быў, паклаў у труну і пахаваў. Бабка тая — з Залужжа была, што ў чатырох кіламетрах ад Дражні.

Актывіст той забіваў і расстрэльваў, я бачыла яго, памятаю, як сёння. Як навядзе партызанаў — гоп і гоп, гоп і гоп!.. Сам ужо падох. Яго зямля прымаць не хацела, Божачка не забіраў, дык столь разбурылі ля коміна, каб падох.

Пасля таго, як раварыстка з’ехала, да размовы падключылася бабуля Ева і распавяла пра падвойнае забойства партызанамі сям’і Шамко — настаўніцы і яе маці:

— Броняй звалі настаўніцу, муж яе на фронце ваяваў тады, — кажа Ева Мяфодзьеўна. — Хлопчык малы застаўся зусім адзін, сынок Броні, гадок яму дзесьці быў.

А Ніна Краснашчокая ўзгадвае, што хлопчыка звалі Валерыкам, потым яго забраў да сябе сваяк сям’і Шамко. Зараз Валер жыве ў Салігорску.

На пытанне, колькі жыхароў Дражны было забіта ў той чорны дзень, бабуля Ева адказвае:

— А хто іх лічыў?.. Кацю Пятроўскую, камсамолку і піянерважатую забілі наўпрост на гародзе, і маці яе забілі, — уздыхае яна. — Гарнізон паліцэйскі партызаны так і не захапілі. Не хочацца казаць пра гэта, бо не магу… Партызанаў потым адагналі, дапамога прыехала да немцаў.

Жыхаркі Дражна

«Дык аднімуць пенсіі ці не?»

Напрыканцы размовы я запытваюся ў перажыўшых вайну жанчын пра памер пенсій, і на што хапае гэтых грошай.

— Пенсіі добрыя, але грошы не цэнныя, — адказвае бабуля Ева. — Усё дарагое.

— Панясеш кучу грошай, а прынясеш з крамы — у рыдзікюльчыку, — зазначае бабуля Ніна.

На пытанне, ці падабаецца ім Аляксандр Лукашэнка і ці за яго яны галасавалі, адказваюць адначасова:

— Да! Маладзец!

— Каб ён быў пажыццёва з намі! — дадае Ніна.

— Усім бабам нашым падабаецца, усе за яго, — кажа Ева.

— Сем рук буду падымаць за тое, каб быў Лукашэнка! — амаль крычыць суседка Ніна. — Гавораць, што калі сыдзе Лукашэнка, пенсіі нашы аднімуць. Дык не аднімуць? — ужо значна цішэй, пытаецца нам наўздагон.

Мы з’язджаем. Па дарозе насустрач нам, у бок Евінай хаты, ужо ляціць машына з міліцыянтамі — шукаць гасцей. Ці то раварыстка іх выклікала, ці то падобны да старшыні сельсавета мужчына, які назіраў за людзьмі пад разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі каля могілак, яшчэ напярэдадні сустрэчы са сведкамі?

Пахавальныя лампадкі на магілы забітых дражнінцаў запалены, кветкі ўскладзены.

На Дражна апускаецца цемра, у якой адчыняецца вялізнае жоўтае вока поўні. Перад тым, як класціся ў ложкі, бабулі Ева і Ніна, як і ўсе старыя гэтай гаротнай вёскі, будуць хрысціцца скручанымі ад працы пальцамі і чытаць аднолькавую малітву: «Я спаць лажуся, Богу малюся: Гасподзь Бог — у галавах, прачыста Матачка — у нагах, і ангелы — па баках. Ангелкі мае, сцеражыце мяне давідна, Гасподзь Бог — да канца!».

І ніякае ліха больш не кране гэтых шматпакутных жанчын.

Фота аўтара

Каментаваць