Анёлы і дэманы Другой сусветнай у Беларусі

Нягледзячы на час, які прайшоў ад канца Другой сусветнай вайны, памяць пра тыя падзеі дагэтуль дзеліць беларусаў на «паліцаеў» ды «партызанаў». Як разабрацца ў тых падзеях ды аддзяліць факты ад прапаганды?

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА падчас урачыстага маршу. Чэрвень 1944 г.


Сваімі меркаваннямі дзеліцца Аляксандр Гелагаеў, ваенны аглядальнік ды гісторык, які спецыялізуецца на вывучэнні супрацьстаяння ў Беларусі ў 1941–1944 гадах.

Кожны, хто прыходзіў пасля 25 сакавіка 1918-га, — “акупант”

Наколькі справядлівыя самі тэрміны “калабарацыя” ды “калабаранты”?

— Ад тэрміна “беларуская калабарацыя” варта наогул адмовіцца, бо насамрэч мы маем справу з наступнай з’явай: беларускі нацыянальны рух падчас Другой сусветнай вайны. Улічваючы, што на той час Беларусь не мела сваёй дзяржаўнасці, мы альбо ўсіх, хто супрацоўнічаў з чужынцамі — з палякамі, з саветамі, з немцамі — называем калабарантамі, альбо — нікога.

У першым выпадку сам тэрмін губляе сэнс, бо ў той ці іншай меры супрацоўнічалі ўсе беларускія дзеячы. Гэта ж будзе несправядліва ў тым ліку да беларусаў, якія ваявалі ў Чырвонай арміі ды лічылі, што ваююць за сваю зямлю. Гэтаксама маглі лічыць беларусы ў складзе Арміі Краёвай альбо Украінскай Паўстанчай Арміі.

— То бок падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі варта было б разглядаць як грамадзянскую вайну?

— Таксама не, бо гэта не была вайна, скажам, паміж двума беларускімі партыямі. Размова хутчэй пра ўзброены канфлікт на нашай тэрыторыі, які меў рысы грамадзянскай вайны, бо насельніцтва сапраўды было моцна падзелена: і сацыяльна, і нацыянальна, і рэлігійна…

— Тады і тэрмін “акупацыя” не зусім правамерны, паколькі незалежнай беларускай дзяржавы не было? Альбо ўжо казаць адначасна пра польскую ды савецкую акупацыю.

Аляксандр Гелагаеў


— У прынцыпе, так. Тэрмін “акупацыя” адносна польскага панавання ў міжваеннай Заходняй Беларусі сапраўды быў у карыстанні сярод беларускіх дзеячоў. Была нават брашура тагачасная: “Беларусь пад польскай акупацыяй”. Наогул жа, калі мы адлічваем сваю дзяржаўнасць ад 25 сакавіка 1918 году, то хто б пасля ні прыходзіў і ні дзяліў наш край, ажно да 1991 году, заўжды з’яўляўся акупантам.

Фактычна ўсе беларускія нацыяналісты легалізаваліся пры немцах

— Наколькі масава дзеячы беларускага нацыянальнага руху падтрымлівалі немцаў падчас вайны?

— Фактычна ўсе беларускія нацыяналісты, якія на той час займалі актыўную пазіцыю ды засталіся на занятай немцамі тэрыторыі, легалізаваліся і пачалі працаваць пры новай уладзе. Зрэшты, тое ж самае адбылося і ў БССР у 1920-я гады. Тады акурат вялікая колькасць дзеячоў БНР пераехала ў Саюз, бо лічыла, што тут ёсць магчымасць працаваць на беларускую ідэю. Яны плённа працавалі, толькі праз кароткі час іх усіх перастралялі.

Гэта была такая ж самая супраца з небеларускай палітычнай сілай, якая захапіла ўсходнюю частку нашай краіны, замацавалася, а пасля пайшла на пэўныя саступкі для беларускіх патрыётаў.

— Беларусізацыя пад нямецкім панаваннем — гэта міф ці рэальнасць?

— Вельмі часта ўсё залежала ад таго, наколькі мясцовыя беларусы праяўлялі сваю актыўнасць. Як вядома, не ўся Беларусь у сучасных межах трапіла ў “Генеральную акругу Беларусь”, паводле нямецкага тэрытарыяльнага дзялення. Таму тэрыторыі, якія туды не трапілі — Горадня, Берасце, Віцебск, Магілёў, Гомель — пачуваліся вельмі па-рознаму.

Калі збіралася крытычная маса беларусаў і ўтварала ўмоўны Беларускі Нацыянальны Камітэт, тады яны мелі нейкі голас, з якім ішлі да нямецкага начальства і патрабавалі не польскую ці расейскую школу, а беларускую. Напрыклад, у Магілёве такіх людзей наогул не знайшлося: яны ўсе былі фізічна вынішчаныя ў 1930-х гадах альбо эмігравалі.

З дапамогай немцаў трэба было даць беларусам зброю

— Вельмі часта кажуць пра “паліцыю”, якая падчас нямецкага панавання рабіла ў Беларусі “чорныя справы”. Ці была нейкая адзіная паліцыя альбо гэта сетка цалкам розных структураў?

— Беларускі нацыянальны рух быў тады не такім моцным і развітым, каб стварыць свае паліцэйскія сілы па ўсёй тэрыторыі. Таму немцы перакідвалі сюды латышскія, літоўскія, эстонскія, украінскія ды іншыя батальёны паліцыі. Тут жа дзейнічалі “уласаўцы” ды іншыя расейскія альбо шматнацыянальныя фармаванні.


Беларускіх дзеячоў такая сітуацыя не задавальняла, бо для замежнай паліцыі ці войск аховы тыла было важна альбо “адсядзецца” і не змагацца з партызанамі, альбо — вынішчаць мясцовае насельніцтва, не разбіраючыся, хто правы, хто вінаваты. Бо прасцей для іх было “супакойваць” раён менавіта такім чынам. Таму, беларусы былі зацікаўленыя ў стварэнні сваіх паліцэйскіх частак, якія б стрымлівалі савецкіх і польскіх партызанаў ды адначасна маглі паразумецца з мясцовымі ды ва ўсім разабрацца, без выпадковых ахвяраў сярод насельніцтва.

Адначасна, як я разумею, беларуская паліцыя мелася быць і зачаткам беларускага войска?

— Так, важным фактарам было таксама з дапамогай немцаў даць як мага большай колькасці беларусаў у рукі зброю. Бо ідэяй беларускіх дзеячоў падчас Другой сусветнай вайны было паўтарэнне сітуацыі канца Першай сусветнай. Тады ў беларусаў з’явілася магчымасць абвесціць сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 году, але ў адрозненні ад Літвы і Польшчы не знайшлося дастатковай колькасці ўзброеных байцоў, каб яе абараніць. Прыбалты, палякі ды іншыя больш актыўна супрацоўнічалі з Нямеччынай альбо Аўстра-Венгрыяй. Таму падчас развалу Расіі ды краху Нямеччыны яны мелі больш магчымасцяў, каб адстаяць сваю незалежнасць.

Таксама разважалі і беларусы: новая вайна паміж імперыямі — гэта новы шанец. Была верагоднасць, што і Саюз разваліцца, і Райх — надарвецца. І гэтым трэба было карыстацца. Але на “момант Х” ужо мусіў быць касцяк падрыхтаваных узброеных людзей. Пра такую ідэю сярод беларускіх нацыяналістаў кажуць нават дакументы НКУС 1941 году, нават да пачатку вайны.

Тут не важна нават, што гэтая надзея на незалежнасць не спраўдзілася. Гэта быў адзіны варыянт, пры якім штосьці ўвогуле можна было зрабіць. Калі ў цябе ёсць верагоднасць выжыць хаця б 20%, ты ж не будзеш сядзець і чакаць, але паспрабуеш нават гэты шанец выкарыстаць.

Палякі і французы — прыклад “прагматычнага супраціву”

— Некаторыя “эксперты” зараз кажуць, што беларусы мелі ваяваць і супраць немцаў, і супраць саветаў на два фронты…

— Нідзе такі варыянт не прывёў да пазітыўных наступстваў. У Прыбалтыцы людзей выжыла значна болей, чым у Беларусі. Там не было буйнога антынямецкага партызанскага руху, затое была мясцовая адміністрацыя ды паліцыя, якая аператыўна знішчала савецкіх дыверсантаў.

УПА спрабавала ваяваць на два фронты, але ніякага пазітыўнага выніку, акрамя таго, што пасля вайны можна было казаць, маўляў, мы таксама ваявалі супраць немцаў, не было.

— А як жа польская Армія Краёва?

— Яны таксама нічога не дасягнулі. Калі звяртацца да дакумантаў, то ў Беларусі АК практычна не ваявала супраць немцаў. Усе вялікія нямецкія антыпартызанскія аперацыі былі скіраваныя супраць савецкіх партызанаў. Палякі не маглі легальна ствараць свае ўзброеныя фармаванні пры немцах, бо Польшча афіцыйна ваявала з Нямеччынай у 1939-м. Таму яны наўпрост назапашвалі людзей ды зброю і рыхтаваліся да зручнай сітуацыі, каб выступіць.

Нямецкі афіцэр узнагароджвае маёра Буглая


Да таго ж вядомыя факты супрацоўніцтва АК з нямецкімі структурамі з мэтай змагання супраць савецкіх партызан на Лідчыне і Наваградчыне. Усё гэта аказалася даволі прагматычна. Бо тыя раёны, дзе дзейнічала АК і не было савецкіх партызанаў, пацярпелі значна меней, чым Усходняя Беларусь, дзе шчыравалі савецкія партызаны, якімі кіравала Масква. А Маскву не цікавіла, колькі выжыве беларусаў, цікава было адно падарваць нямецкую лагістыку і жыццядзейнасць у тыле войскаў.

Возьмем славуты французскі Рух супраціву. Да апошніх месяцаў нямецкай акупацыі яны не рабілі стаўкі на масавы партызанскі рух. Гэта былі збольшага агенты, якія паведамлялі інфармацыю ў Лондан ды зрэдку арганізоўвалі забойствы нейкіх ключавых фігураў — і ўсё!

І французы, і палякі паставілі не на “выпаленую зямлю”, спаліўшы фактычна і ўласны дом, абы немцам было горш, а Маскве — лепш. Яны паставілі на падрыхтоўку да магчымага паўстання, калі пачнецца вызваленне. На тое ж паставілі і беларускія нацыяналісты, з той розніцай, што яны мелі магчымасць пры немцах дзейнічаць легальна, а французы ды палякі — не маглі.

Карныя аперацыі як узаемная вендэта…

— Як бы ты мог акрэсліць мяжу паміж беларускай паліцыяй і “карнікамі”, якія палілі вёскі ды вынішчалі людзей? Бо ў грамадскай свядомасці звычайна ўсё змяшана ў адну кучу…

— У кожным выпадку трэба разбірацца асобна, улічваючы фактар квазі-грамадзянскай вайны. Калі ў пэўным раёне вастрыня канфлікту дасягала такога градусу, што людзі ўжо не ваявалі з немцамі альбо з камуністамі, а пачыналі банальна помсціць за забітых сваякоў, то даходзіла да карных аперацыяў і з боку мясцовай паліцыі. Вядомыя выпадкі, калі паліцыянты, у якіх былі забітыя партызанамі сем’і, наўпрост хадзілі па хатах і стралялі партызанскія сем’і. Гэта — помста, узаемная вендэта.

Ёсць факты, што цэлыя вёскі, дзе жылі сем’і байцоў паліцыі спальваліся савецкімі партызанамі. Ёсць кніга “Германскія ды калабарансцкія страты ў Беларусі ў гады ВАВ”, аўтар К.Казак, дзе ўсё гэта згадваецца. Цытата: “…звяртаюць на сябе ўвагу нямецкія данясенні аб тым, што падчас нападаў на гарнізоны большую частку забітых складаюць цывільныя асобы”.

Так, да прыкладу, партызанамі камандзіра Фураева ў 1942 годзе спаленая вёска Гулібава. Згодна рашэнню камандавання ОСПО (Особое соединение партизанских отрядов Минской и Барановичской областей) у 1942 былі расстраляныя жыхары вёскі і хутароў Даўнары. Як контррэвалюцыйнае атрадам НКГБ “Баявы” было знішчанае сяло Мацейкава, Полацкага раёну. У снежні 1942 году разам з паліцэйскімі сем’ямі спаленая вёска Дакудава. І г.д.

Найбольш вядомая партызанская “карная” аперацыя была праведзеная, здаецца, у Налібоках…

Беларускі паліцыянт, сучасная рэканструкцыя


— Слушна, у Нацыянальным Архіве ў мяне атрымалася знайсці паведамленне пачатку 1943 году, яшчэ напярэдадні нападу на Налібокі. Гэта данясенне чалавека, які збег ад партызанаў і прыйшоў у паліцыю: “Штаб бандытаў дасылае ў Самаахову паведамленне, каб не змагаліся супраць іх. У адваротным выпадку пагражаюць спаліць вёску і забіць усіх людзей.” Гэта перадгісторыя падзеяў у Налібоках… Такіх гісторыяў, калі гэтым займацца сістэматычна, можна знайсці вельмі шмат.

Аналізуючы гэта ўсё, мы разумеем, што карныя аперацыі партызанаў супраць нелаяльных ім вёсак, гэта такая ж будзёная практыка, як і аперацыі нямецкіх карнікаў супраць “партызанскіх вёсак”.

Супраць беларускіх дзеячоў ёсць абвінавачанні, фактаў — няма

— Хто ўсё ж такі збольшага паліў вёскі і забіваў з нямецкага боку: немцы, беларусы ці нейкі інтэрнацыянал?..

— Усе вядомыя карныя аперацыі ў Беларусі былі здзейсненыя альбо немцамі, альбо прыбалтамі, расецамі ды ўкраінцамі. Зноў жа, “расейскія” ды “ўкраінскія” батальёны — гэта вельмі ўмоўнае абазначэнне, там мог быць, хто заўгодна. Калі згадаць той жа “ўкраінскі” батальён, які ўдзельнічаў у знішчэнні Хатыні, то збольшага ён сфармаваны з савецкіх вайсковапалонных, сярод якіх этнічных украінцаў было ад сілы 50%. То бок гэта людзі, якія пайшлі на супрацу, каб выратавацца з лагеру для палонных, дзе ўмовы зімой 1941-1942 былі вельмі цяжкія.

Карныя аперацыі, то бок знішчэнне мірнага насельніцтва, якія былі б зробленыя беларускімі паліцэйскімі батальёнамі альбо атрадамі Самааховы ці Беларускай Краёвай Абароны — невядомыя. Калі нехта пра такія факты ведае — хай агучыць.

— Калі казаць пра персаналіі — Міхала Вітушку, Змітра Касмовіча, Барыса Рагулю — ці заплямілі яны свае біяграфіі як-небудзь праз вынішчэнне мірнага насельніцтва?

— Вядома, што Зміцеру Касмовічу, які працаваў у паліцыі на Смаленшчыне, закідаюць факт удзелу ў знішчэнні вёскі Каспля. У Нацыянальным Архіве ёсць фонд Касплянскай партызанскай брыгады. Нічога пра ўдзел Касмовіча асабіста я там не знайшоў. А сам факт усплыў толькі ў 1980-я гады ў публіцыстычным выданні. Мне здаецца, што гэта можа быць наўпрост часткай кампаніі, скіраванай супраць беларускай эміграцыі, бо Касмовіч быў вядомым яе дзеячом. Такім чынам, ёсць абвінавачванні, а доказаў — зноў няма. Пра ўдзел Вітушкі, Кушаля, Рагулі і іншых у злачынствах я наогул нічога не чуў.

Адзіны шлях да паразумення — казаць праўду

— Наколькі моцнымі і эфектыўнымі былі беларускія фармаванні, створаныя пры немцах, з вайсковага пункту гледжання?

— Немцы ўзнагароджвалі байцоў гэтых фармаванняў — яны ж не самі на сябе медалі вешалі. Наконт баяздольнасці структураў мы маем не так шмат інфармацыі, але нешта ведаем. Дзейнічаў, напрыклад, такі “Батальён Буглая” ва Ўсходняй Беларусі, хоць сам маёр Буглай быў з-пад Нясвіжа. Яго атрад пачынаўся з некалькіх дзесяткаў чалавек і вырас за тры гады да некалькіх сотняў. Прычым рост забяспечвала акурат мясцовае насельніцтва.

Важны паказчык, які адрознівае карнікаў ад баявых антыпартызанскіх фармаванняў, гэта данясенні пра забітых ворагаў ды вынятай у іх зброі. Нават Вільгельм Кубэ дакараў нямецкай паліцыі, маўляў, вы кажыце, што забітых 14 000 партызанаў, але трафейных вінтовак — 2 000… У Буглая лічбы заўжды былі адэкватнымі: колькі забіта, столькі і зброі знойдзена.

— Ці можа быць нейкі шлях да нацыянальнага паразумення ў пытанні беларусаў, якія падчас ІІ Сусветнай ваявалі па розныя бакі барыкадаў?

— Адзіны шлях да паразумення — гэта казаць праўду пра тое, што тад адбылося. То бок, адмовіцца ад прынцыпу калектыўнай адказнасці, разумець матывацыю з аднаго, і іншага боку. Мне, напрыклад, не падабаецца, калі ўсіх партызанаў кляймяць “бальшавіцкімі прыхвастнямі”, гэта абсалютна няслушна. Трэба разумець, што ўсе гэтыя людзі былі сынамі беларускай зямлі. І на той ці іншы бок яны часта сталі выпадкова. Яны змагаліся супраць таго зла, якое лічылі найбольшым.

І калі мы не будзем адной фарбай мазаць той ці іншы бок, а спрабуем чытаць дакуманты, ацэньваць факты, улічваць кантэкст падзеяў, тады толькі ўбачым, што гэта была велізарная трагедыя для нашага народу. Але ў ёй не было, за пэўным выключэннем, дэманаў і анёлаў, а былі людзі, якія рабілі выбар у цяжкой сітуацыі і рызыкавалі сваім жыццём на любым баку.

Беларускія нацыяналісты, якіх зараз называюць “калабарантамі”, тады зрабілі свой выбар, пайшоўшы на небяспечныя пасады, прымаючы неадназначныя рашэнні, але з адной мэтай — каб зрабіць нешта для сваёй краіны.



Архіўныя сведчанні:

"Литовцы хотели забрать под свое владение город Поставы, но белорусская полиция литовцам запретила. Когда литовцы приехали забирать Поставы, завязался бой между полицией (и) литовцами. Литовцы остались выбиты из города"

(Лістапад 1942. Інфаомацыя сувязнога Мяфодзія Лысенкі, рукапіс. Вілейскі абкам КП(б)Б)

***

"По сообщению разведки бригады т.Тябут от 11.8.43 в апреле с.г. в Плисском районе Западной Белоруссии проводилась мобилизация в "добровольческую" армию. Большая часть мобилизованных была сконцентрирована в местечке Лужки... В связи с этим произошло вооруженное столкновение между "добровольческой" частью "РОА" и полицейскими... Насильно мобилизованные, воспользовавшись раздором между частью "РОА" и полицейскими, частью разбежались, а оставшихся немцы вынуждены были распустить"/

Савекая разведзводка

***

"Сутулов Илья, уроженец д.Способы, 19.4.1914 г.р., женат, крестьянин на своей земле:

“...Когда я 7.5.1943 в 12 часов хотел достать свои вещи, закопанные в лесу, чтобы спасти их от бандитов, я был задержан около деревни 7 вооруженными бандитами и приведен в (д.) Мешки (Сенненский р-н Витебской области). Там я был заперт в баню... Т.к. бандиты узнали, что я вместе с женой хотел бежать с деревни, чтобы уйти от бандитов, они хотели меня расстрелять.

10.5.1943 г. около 10 часов меня забрали 2 вооруженных бандита, чтобы отнести, якобы, мясо. После 2 км. марша бандиты приказали мне раздеться. Я неожиданно начал бежать, и бандиты стали позади стрелять, пистолетная пуля ранила меня в шею. Я пробивался через леса и болота, пока не подошел на 100 метров от железной дороги. Я с поднятыми руками подошел к немецкому опорному пункту..."

"406 грэнадзёрскі полк, зондэрфюрэр Якубоўскі, допыт “бандыта-перабежчыка ад 26.4.43"/

***

Воротинский Антон, 1921 г.р. Полоцкий район. Учитель, 2 детей, освобожден по болезни от службы в РККА.

Прямая речь: "Бандиты, узнав, что большинство моих родственников работали в ОД(полиции порядка) в Полоте, напали на мою жену и мать в Старостенье и убили обеих. Я был арестован, в течение 3х дней тяжело допрошен и должен был быть расстрелян. Путем одоления охраняющего меня мне удалось бежать...

В Старостенье помощником бандитов является Жераков. Он обеспечивал бандитов сведениями о членах семей полицейских, выдавал укрытия беженцев из банд... Личный состав (партизан) одет в собственную одежду. Командование зачастую в награбленном. Обеспечение продовольствием тяжелое, так как вся окрестность уже ограблена...

Я бы хотел вступить в полицию, чтобы рассчитаться с бандитами с убийцами моей жены и матери. Бандиты приводят наш край в несчастье, они принесли населению только нужду, печаль и смерть".

Усе сведчанні — Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ)



Абмеркаванне:

  • Eugen
  • 2017-01-12 14:18:58
Думаю, "гэтыму аглядальнiку" , черная форма была б к лицу
  • Уладзімір
  • 2017-01-14 20:00:47
Колькі яшчэ будзеце весці нацысцкую прапаганду?

І адкуль выкапаўся гэты "эксперт"?

Каментаваць