Дваццаць гадоў таму адбыўся апошні эфір «Радыё 101.2 FM» (аудыё)

1 верасня 1996 году тысячы аматараў першай недзяржаўнай беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё 101,2 FM» а 7-й раніцы не пачулі ў эфіры пазыўных і галасоў вядучых. За два дні да гэтага стала вядома, што ўлады зачыняюць гэтае радыё. І нічога з гэтым зрабіць ужо было немагчыма.

Ніколі не забуду здзіўленне на тварах калегаў (аўтар гэтых радкоў таксама быў супрацоўнікам «Радыё 101,2»), калі пасля абеду ў нашым офісе вылез факс за подпісам кіраўніка дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі БелГІЭ А. Ніканава, дзе ўтрымлівалася распараджэнне  «спыніць экплуатацыю перадатчыка на частаце 101,2 МГц з 1 верасня 1996 году «ў мэтах пазбягання перашкодаў у прыёмных каналах ЦС РТС «Алтай». Гэта, калі хто не ведае, нешта кшталту частаты для ўрадавай сувязі.

Зараз тое спраўдзіць цяжка, ды і ў той час было практычна немагчыма. Тым не менш, праз колькі часу на гэтай частаце пачало вяшчанне іншае камерцыйнае радыё, якое зараз цяжка адрозніць ад іншых шматлікіх радыёстанцый. А ТОЕ Радыё 101,2 было не параўнаць ні з чым.

Крыху пра гісторыю Радыё 101,2. Яго асноваю сталі журналісты і гукарэжысёры, што ў 1994 годзе не па сваёй волі пакінулі радыёстанцыю «Беларуская маладзёжная» Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Пракамуністычная кебічаўская ўлада зліквідавала БМ напярэдадні першых у нашай краіне прэзідэнцкіх выбараў.

Само ўзнікненне Радыё 101,2 было нечым неверагодным для ўсіх нас, ды й для слухачоў таксама. Малады калектыў, сярэдні ўзрост журналістаў — 24 гады, але большасць ужо мела досвед працы на прафесійным радыё, менавіта ў «Маладзёжцы». Без адзінай капейчыны дзяржаўных грошай на стварэнне ўзнікла наша новая радыёстанцыя. Камерцыйнае радыё, але пры гэтым — чыста беларускае.
Ніякай расійскай папсы, свабодны доступ да эфіру слынных беларускіх музыкаў, якім на дзяржаўным радыё часцяком паказвалі «ад варот паварот». Нонканфармізм у вяшчанні, у выпусках навінаў, у «падводках» да музычных кампазіцыяў. І мудрая камерцыйная палітыка мэнаджараў, што дазволілі Радыё 101,2 стаць самадастатковай арганізацыяй, якая сама сябе забяспечвала. А рэкламадаўцы валам павалілі на гэтае радыё ўжо праз некалькі месяцаў вяшчання.

Якія імёны выходзілі ў эфір на гэтай хвалі, былі вядоўцамі праграм! Ірына Курапаткіна і Вольга Бабак, Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, Вольга Гардзейчык і Севярын Квяткоўскі, Юрась Бушлякоў і Вольга Караткевіч, Зміцер Лукашук і Алесь Хмяльніцкі, Сяргей Ахрамовіч і Марына Свістуновіч ды некаторыя іншыя людзі, шмат хто з якіх стаў вянком айчыннай журналістыкі.

А якія там былі гукарэжысёры! Уладзімір Сакульскі і Зміцер Новікаў, Зміцер Васількоў і Алесь Ляшкевіч, Алеся Верас і Алег Пятровіч, Сяргей Ламбандзіеўскі (Шлёма).

Было весела, працавалася цудоўна, атмасфера ў калектыве была — лепш не прыдумаеш.

Потым былі страшэнныя для нас апошнія жнівеньскія дні 1996 года. Да ганебнага «плебісцыту» 24 лістапада 1996 года заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Але дзеючая ўлада вырашыла не рызыкаваць і пазбавіцца практычна ўсіх носьбітаў незалежнай інфармацыі, каб забяспечыць правадыру яшчэ большае пашырэнне магчымасцяў.

30 жніўня 1996 года вылез памянёны кляты факс. Жарт лёсу быў у тым, што ў дзень, калі выпаўз гэты ліст, у заснавальніцы Радыё 101,2  і экс-галоўнага рэдактара «Беларускай маладзёжнай» Жанны Літвіной быў Дзень нараджэння. Як і ў яе поўнага антыпода — Аляксандра Лукашэнкі. Яны нарадзіліся ў адзін дзень, адзін месяц і адзін год. Чорны гумар жыцця.  

31 жніўня, у апошні дзень працы, мы паспелі паведаміць слухачам пра тое, што адбылося — калектыўны зварот у той дзень гучаў на пачатку кожнай гадзіны эфіру, яго сваім унікальным голасам зачытваў Юрась Бушлякоў. У апошнія хвіліны вяшчання клаксоны тысяч аўтамабіляў па нашай просьбе засведчылі павагу да нашага радыё.
Вуліца Няміга літаральна гула шмат хвілінаў, а даішнікі не ведалі, што гэта робіцца. Не ведалі, што такім чынам нашы адданыя слухачы развітваюцца са сваім любімым радыё, якое праіснавала крыху больш за год, але ўлюбіла ў сябе дзясяткі тысяч людзей.  
Прайшло 20 год з таго трагічнага для супрацоўнікаў Радыё 101,2 дня. На вялікі жаль, сёння мы ўжо падлічваем і чалавечыя страты — за апошнія некалькі год заўчасна пайшлі з жыцця нашы журналісты Вольга Караткевіч і Юрась Бушлякоў, гукарэжысёр Уладзімір Сакульскі, рэкламны мэнэджар Ганна Вольская.

Але памяць пра іх, які і пра Радыё 101,2 жыве ў многіх сэрцах. І адным з лепшых помнікаў гэтаму радыё з’яўляецца супольны музычны праект «Народны альбом», якому налета споўніцца 20 год і якія пачаў стварацца на нашай студыі ў 1996 годзе. У Беластоку 4 верасня адбудзецца вялікае прадстаўленне «Народнага альбому», і гэта перакрывае той негатыў, звязаны з памяццю пра падзеі канца таго «чорнага» жніўня дваццацігадовай даўніны.  


Гісторыя захавала апошнія хвіліны эфіру "Радыё 101.2". Фрагмент запісаны на побытавы прымальнік невядомай асобай. У фрагменце гучыць песня гурта “Крама” “Будзь разам з намі” і апошнія словы развітання вядоўцаў эфіру — Вольгi Бабак і Ірыны Курапаткінай.



Дзякуем Вользе Бабак за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула. Аудыё з сайта baavi.net



Каментаваць