Аповяд лагерных малюнкаў рэпрэсаванага архітэктара

Мікалая Максімца забралі ў 1937-м па даносу сакурсніка. Наступныя 10 гадоў ён правёў на поўначы Расіі. Да сваёй поўнай рэабілітацыі ён не дажыў усяго тры месяцы. Захавалася цэлая калекцыя яго лагерных малюнкаў.

Лагерны малюнак Мікалая Максімца

Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся ў 1905 годзе ў Беластоку, які тады належаў да Гродзенскай губерніі, у сям’і чыгуначніка. Падчас Першай сусветнай сям’я была эвакуяваная ўглыб Расіі, адкуль вярнулася ў родныя мясціны ўжо пасля Грамадзянскай вайны. Сам жа Мікалай падаўся ў Ленінград, дзе ў 1936-м скончыў Інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва па спецыяльнасці "архітэктар".

Мікалай Максімец у 1927 годзе


Яго апошняе месца працы перад арыштам — архітэктар-праектыроўшчык у горадзе Калінін. Як распавядала пазней яго жонка, падставай для арышту стаў данос сакурсніка. Фармулёўка: “польскі шпіён”… Нагодай магло быць паходжанне ды кантакты са сваякамі ў Заходняй Беларусі, якія Мікалай нават у сталінскае ліхалецце не хацеў абрываць.

23 лістапада 1937 года Асобнай нарадай НКУС СССР Мікалай Максімец быў пакараны на 10 год лагероў, частку з якіх яму давялося адбываць на поўначы — у Архангельскай вобласці. Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Яўстоліяй Папоўскай, якая перажыла найстрашнейшую зіму 1941–1942 гадоў у блакадным Ленінградзе.

Разам з сям'ёй. 1950-я гады


Пасля зняцця блакады жанчыну эвакуявалі ў тыл, дзе прызначылі на гаспадарчыя працы ды ў хуткім часе за няўважлівасць далі тэрмін з фармулёўкай “сабатаж”.

Мікалай Аляксандравіч не адрозніваўся вайсковай загартоўкай ды добрым здароўем, таму ад смерці яго ўраваталі… здольнасці ды адукацыя. У пэўны момант яго ўзялі ў лагерную кантору чарцёжнікам, што аўтаматычна вызваляла ад рабскай працы ў нялюдскіх умовах.




Мастацтва ды навыкі ў маляванні ратавалі Максімца не толькі фізічна, але, відаць, і духоўна. У сям’і захавалася цэлая калекцыя лагерных малюнкаў архітэктара: у асноўным партрэты іншых зняволеных ды суворыя паўночныя пейзажы. Нажаль, толькі на адным партрэце ёсць подпіс: “Папоў П.Т.”, іншыя змяшчаюць толькі дату.


Праект школы-інтэрнату ў Гродна,1954 г.


У траўні 1947-га пасля вызвалення Максімец разам з жонкай адправіліся ў Гродна, дзе жылі яго састарэлы бацька, брат ды сястра. Як былому вязню, прапіскі ў абласным цэнтры яму не далі — зарэгістравацца атрымалася адно ў Лідзе.


Праект паркавага будынку


Затое спецыяльнасць архітэктара аказалася запатрабаванай у разбураным вайной горадзе. Ленінградскі дыплом дапамог трапіць нават у Саюз архітэктараў БССР, а па праектах Максімца былі збудаваныя ды адноўленыя дзясяткі будынкаў у Гродне ды вобласці.


Гродна. 1950-я гады


Лагерныя гады, аднак, не прайшлі дарэмна. Здароўе Мікалая Аляксандравіча было падарванае, таму пасля працяглай хваробы архітэктар і мастак памёр 15 красавіка 1956 года. Да сваёй поўнай рэабілітацыі, пастанова аб якой датуецца 9 жніўня 1956-га, ён не дажыў усяго тры месяцы. Фармулёўка цалкам звычайная для таго часу: “…за адсутнасцю складу злачынства”.



Трагічны лёс напаткаў усю сям’ю. У 1970-я гады ў зусім маладым узросце ад раку крыві памерла дачка Мікалая Аляксандравіча. У 1990-я перад смерцю Яўстолія Рыгораўна паспела перадаць малюнкі, фотаздымкі і дакументы свайго мужа блізкай сям’і, якая яе даглядала: раднейшых людзей ужо не было. Там архіў захоўваецца і па сённяшні дзень, як рэліквія ды сумны напамін пра зламаны лёс яшчэ аднаго таленавітага ды энэргічнага сына сваёй зямлі.


Каментаваць