Аршанская бітва ў малюнках дзяцей (фота)

Вечарам 12 верасня ў Мінску, у сядзібе Партыі БНФ адкрылася дзіцяча-юнацкая мастацкая выстава «Слава Воршы!», прысвечаная 500-годдзю вялікай перамогі ў Аршанскай бітве.



У экспазіцыі — малюнкі і жывасіныя працы юных мастакоў з горада Барань (Аршанскі раён, што на Віцебшчыне), гарадскога пасёлка Бягомль (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці), Мінска і Оршы. Прычым, самыя юныя ўдзельнікі выставы — шасцігадовыя мінчукі Яраслава Аляксандрава і Антось Харлап.
 
 
Удельнікаў выставы і іх бацькоў віталі вядомы беларускі мастак і грамадскі дзяяч, куратар выставы Мікола Купава, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, паэт Генадзь Тумаш, а таксама музыкі.
 
 
Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што, нягледзячы на пазіцыю ўладаў, якія замоўчваюць слаўную перамогу пад Воршай, памяць пра гэтую вялікую падзею жыве ў беларускім грамадстве, працягвае натхняць яго і надаваць беларусам мужнасці, бо тыя выклікі, што перажыла Бацькаўшчына 500 гадоў таму, застаюцца актуальнымі і сёння.
 
 
Мікола Купава паведаміў, што 23 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва адкрыецца выстава сябраў Беларускага саюзу мастакоў і адбудзецца канцэрт майстроў мастацтва, прысвечаныя юбілею Аршанскай бітвы.
 
 
Генадзь Тумаш прачытаў свой верш «Пагонічы», а вакальнае трыё — салістка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава, яе сын Адась (гітара) і Тамаш Сідаровіч (скрыпка) выканалі творы ў гонар Аршанскай бітвы. Затым Таццяна Матафонава праспявала «Пагоню» на словы Максіма Багдановіча, «Вільню» на словы Сяржука Сокалава-Воюша, «Авэ Марыю» на словы Зянона Пазьняка. Свой выступ вядомая спявачка завяршыла знакамітым паланезам Міхала Клеофаса Агінскага «Развітанне з Радзімай» на словы Сяржука Сокала-Воюша.

Каментаваць