Ажыўшая гісторыя. Хто яны — рэканструктары?

Любы савецкі хлопчык марыў калі-небудзь прымерыць на сябе ваенную форму часоў Вялікай Айчыннай. І не толькі савецкую. Шмат каму, нягледзячы на прапаганду і ідэалогію, падабаліся нямецкія мундзіры.



Ігар Мельнікаў — афіцэр НКУС у Заходняй Беларусі


Мары ўвасабляюцца ў рэчаіснасць

Асобнай тэмай была зброя. Некаторым шанцавала, і ў іх былі дакладныя копіі ППШ або «шмайсера», выразаныя дасведчаным цесляром, ды яшчэ і ў дадатак франтавіком. Іншыя карысталіся пластмасавымі «люгерамі» ды алавянымі «наганамі», набытымі ў краме цацак.

Польскія рэканструктары

Час ішоў, дзеці сталелі. Затым загадала доўга жыць і савецкая імперыя. Але захапленне ваеннай гісторыяй у цяпер ужо дарослых ўсё роўна захавалася. Паступова яно перарасло ў прафесійнае, цікавае і дарагое хобі. На постсавецкай прасторы гістарычная рэканструкцыя з’явілася ў пачатку 1990-х гадоў. Захопленым людзям было цікава ўзнавіць уніформу, рыштунак і зброю салдат і афіцэраў розных эпох і войнаў. Усе гэтыя элементы павінны былі быць пацверджаны навуковымі крыніцамі.

Дарэчы, тых, хто абыякава ставіцца да захавання гістарычнай аўтэнтычнасці ў форме і ваенным рыштунку, рэканструктары называюць «пакемонамі», мабыць за падобны на герояў японскага мультфільма недарэчны выгляд.

Адзін у полі не воін

«Ажыўшая гісторыя» («living history» — так на англійскай мове называецца рэканструкцыя гістарычных падзей і антуражу эпохі) — справа калектыўная, і ў большасці выпадкаў, рэканструктары аб’ядноўваюцца ў клубы ці групы гістарычнай рэканструкцыі. У Беларусі таксама ёсць шэраг падобных арганізацый.

Дарэчы, не варта думаць, што захапленне рэканструкцыяй — гэта ноў-хаў жыхароў постсавецкай прасторы. Гэтае хобі папулярна ва ўсім свеце. Напрыклад, у Японіі ёсць людзі, якія займаюцца рэканструкцыяй РСЧА часоў Другой сусветнай вайны. Свае «чырвонаармейцы» ёсць і ў ЗША. А ў Іспаніі, напрыклад, ёсць група, якая займаецца рэканструкцыяй Войска Польскага.

Рэканструктар з Японіі, які  займаецца гісторыяй РСЧА (на Лініі Сталіна)

Важнай складовай «рыэнэктмэнта» (ад ангельскага Historical reenactment — аднаўленне матэрыяльнай і духоўнай культуры той ці іншай гістарычнай эпохі і рэгіёну з выкарыстаннем археалагічных, выяўленчых і пісьмовых крыніц) з’яўляюцца глыбокія тэарэтычныя веды, якія тычацца палітычнай сітуацыі ў эпоху, якая рэканструюецца, веданне традыцый і культурных асаблівасцяў народа і краіны, якую ты прадстаўляеш падчас ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Асаблівае месца займае аналіз мемуараў знакамітых ваенначальнікаў, гістарычных і палітычных асоб, архіўных дакументаў і перыядычнага друку дадзенай эпохі. Многія рэканструктары адначасова з’яўляюцца і нядрэннымі гісторыкамі, і, дарэчы, часта выступаюць ў якасці кансультантаў на здымках ваенных фільмаў.

Справа зусім не танная

Безумоўна, удзел у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі патрабуе значных матэрыяльных выдаткаў. Напрыклад, кошт аднаго камплекта уніформы, у залежнасці ад арміі і роду войскаў, можа дасягаць тысячы долараў. Пры гэтым гаворка ідзе аб прадметах, пашытых або зробленых сёння ў адпаведнасці з рэальнымі ўзорамі. Аўтэнтычныя рэчы, безумоўна, таксама сустракаюцца, але на рэканструкцыю іх бяруць або апранаюць рэдка. Усе ж такі рарытэт. Дый каштуюць яны ў разы больш, чым сучасныя прадметы. Дарэчы, некаторым аматарам «жывой гісторыі» ўдаецца сабраць вялікія калекцыі зброі, амуніцыі і формы, якім могуць пазайздросціць нават музеі. Акрамя гэтага, не варта забываць, што ваенны антыкварыят — гэта жывыя грошы.

З цягам часу ў рэканструктараў з’явілася значная колькасць сваіх друкаваных і інтэрнэт-выданняў. Ёсць і буйныя, агульнапрызнаныя часопісы, як, напрыклад, брытанскі «The Skirmish magazine». Там публікуюцца гістарычныя артыкулы і рэпартажы з мерапрыемстваў. Вялікую ролю гуляюць і тэматычныя форумы, на якіх рэканструктары абменьваюцца думкамі і дзеляцца інфармацыяй.

Немцы

Не маюць рацыю тыя, хто лічыць, што, маўляў, рэканструктары падзяляюць ідэі таталітарных ідэалогій. Людзі ў форме НКУС з’яўляюцца сталіністамі, у польскіх мундзірах — «пілсудчыкамі», а тыя, хто надзеў сталёвыя нямецкія каскі, адпетымі нацыстамі. Не варта вінаваціць у прапагандзе нацызму чалавека, які вывучае гісторыю нямецкай арміі часоў Другой сусветнай вайны і займаецца рэканструкцыяй яе формы. Ён, пазнаючы ўсё новыя і новыя факты, пачынае разумець, з якім моцным ворагам прыйшлося змагацца яго продкам у далёкіх саракавых.

Савецкія памежнікі

Галоўнае — гісторыя, а не ідэалогія

Здавалася б, што ў рэканструкцыі такога выбітнага? Ну, апранаюцца мужыкі ў гістарычныя касцюмы, ну, бегаюць па лясах ды па палях. Нехта скажа — пястота. Але не ўсё так прымітыўна. Рэканструктары з’яўляюцца, па сутнасці, захавальнікамі гістарычнай памяці. У гэтым сэнсе важна дзейнасць Групы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім».

Рэканструктар з Беларусі Павел Марэцкі ў Польшчы

На жаль, вельмі доўга ў беларускім грамадстве была закрытай тэма ўдзелу заходніх беларусаў у вераснёвай кампаніі 1939 года. Між тым, падчас нападу нацысцкай Германіі на Польшчу ў шэрагах польскага войска знаходзілася 70 тысяч нашых суайчыннікаў, якія праявілі гераізм і мужнасць у барацьбе з ворагам. Варта адзначыць, што сябры гэтай групы прынялі ўдзел у некалькіх буйных рэканструкцыях Другой сусветнай вайны, якія праходзілі ў Польшчы, а таксама арганізавалі некалькі палявых выхадаў у Беларусі.

***

Цяжка перадаць словамі адчуванне, калі чалавек апранае гістарычную ваенную форму і ўдзельнічае ў мерапрыемстве. Па сутнасці, ён здзяйсняе падарожжа ў мінулае. На маю думку, ваенна-гістарычная рэканструкцыя — гэта лепшы ўрок ваеннай гісторыі. Патрыятызм выхоўваецца на гістарычнай памяці. І гэтую памяць трэба захаваць. Для будучых пакаленняў.

Абмеркаванне:

  • из Томска
  • 2013-01-08 18:34:41
Классно! Давно искал статью о реконструкции, чтобы все было разложено по полочкам.
  • Алег Акіменка
  • 2013-01-09 06:37:25
Таксама цікаўлюся рэканструкцыяй. Хобі не таннае - але цікавае. Згодны з аўтарам у тым, што калі мундзір апранаеш, дык быццам у тую эпоху падарожжа робіш. Дзякуй за добрыя здымкі
  • Калабарант Васiлька
  • 2013-01-10 20:33:53
А як называюць тых, хто пераапранаюцца у строi герояу зорных воiн? Пакемонамi неяк язык не паварочваецца :)

Каментаваць