Бабруйская цытадэль стала вайсковымі могілкамі

Бабруйская крэпасць — гэта велізарная братэрская магіла армій розных краін. Тут спачываюць беларусы, рускія, палякі, чэхі, славакі, украінцы, габрэі. Большасць магіл нават не пазначана.



Адзін помнік паставілі, іншы знеслі

Летам гэтага года ў цэнтры цытадэлі на Бярэзіне быў узведзены мемарыяльны комплекс «Ахвярам фашызму» ў памяць ахвяр канцэнтрацыйнага лагера, створанага тут нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Адным з аўтараў помніка з’яўляецца вядомы беларускі архітэктар Леанід Левін. Па прызнанні дачкі архітэктара Галіны, яе бацька імкнуўся сумленна раскрыць гісторыю трагедыі, якая адбылася ў Бабруйску ў 1941 годзе.

Помнік ахвярам фашызму (Левін)

Нагадаю, пасля акупацыі горада на яго тэрыторыі немцы стварылі некалькі канцлагераў, адзін з якіх знаходзіўся на тэрыторыі крэпасці. У ім утрымліваліся, па розных звестках, каля 40 тысяч ваеннапалонных. З набліжэннем халадоў сітуацыя тут абвастрылася. Людзі паміралі ад хвароб, голаду, пачасціліся выпадкі людаедства.

Лагер у бабруйскай крэпасці, кастрычнік 1941 года

Усяго за тры месяцы акупацыі праз гэты лагер смерці прайшлі больш за 150 тысяч ваеннапалонных. Неўзабаве нацысты прынялі рашэнне знішчыць вязняў. 7 лістапада 1941 года яны падпалілі казармы з чырвонаармейцамі, а па перыметры ўсталявалі кулямёты. Тады ў адну ноч загінулі 1700 чалавек. Многія памерлі ад холаду падчас транспарціроўкі на адкрытых чыгуначных платформах.

Так выглядаў помнік 1974 года, які знеслі ў 2014 годзе (здымак 2013 года)

Менавіта гэтую сцэну і паспрабавалі адлюстраваць у новым помніку яго стваральнікі. У цэнтр кампазіцыі з белага бетону як быццам уразаецца чыгуначная платформа, на якой стаіць фігура ваеннапалоннага. Таксама па баках помніку праглядаюцца постаці чырвонаармейцаў і грамадзянскіх асоб, якія знаходзяцца за калючым дротам.

Такі манумент быў патрэбны крэпасці, нягледзячы на тое, што помнік у памяць аб загінуўшых вязняў канцлагера ў Бабруйскай цытадэлі існаваў і да гэтага. Чырвоную зорку і штык усталявалі яшчэ ў 1974 годзе на месцы пахавання ахвяр фашысцкага канцлагера. У канцы 2013 года на гэтым месцы былі перапахаваныя парэшткі вязняў, выяўленыя ў выніку работ на тэрыторыі крэпасці. Тады нават удалося вызначыць прозвішчы часткі ахвяр.

Пасля перапахавання парэшткаў вязняў, кастрычнік 2013 года

Наколькі ж вялікім было маё здзіўленне, калі падчас чарговага візіту ў цытадэль я не ўбачыў гэтага манумента. Відавочна, чыноўнікі палічылі залішнім наяўнасць двух помнікаў і знеслі стары манумент. Хаця абодва помнікі, як бы дапаўнялі адзін аднаго. Першы нагадваў аб жахлівым спаленні ваеннапалонных у ноч на 7 лістапада 1941 года, другі — увасабляе жах нацысцкіх канцлагераў.

 

Помнік, які знеслі
 

Сёння на месцы пахавання парэшткаў чырвонаармейцаў, якія памерлі ў палоне ў Бабруйскай крэпасці, няма нават маленькай таблічкі, якая б нагадвала пра тую трагедыю.

Вось так выглядае месца, дзе калісці быў помнік

Месца, дзе быў польскі курган

Зрэшты, на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці былі пахаваныя не толькі савецкія палонныя. Ёсць тут магілы польскіх і чэхаславацкай жаўнераў. Гаворка ідзе аб вайскоўцах Першага польскага корпуса і байцах Войска Польскага, якія загінулі на бабруйскай зямлі ў 1918–1920 гадах, а таксама радавых чэхаславацкага легіёну Рускай імператарскай арміі, якія памерлі на тэрыторыі крэпасці ў 1917 годзе.

Велькапольскія войскі ля кургану ў Бабруйску, 1919 год

Нагадаю, у студзені 1917 года камандаванне царскай арміі дазволіла разгарнуць сфармаваную за два гады да таго польскую стралковую брыгаду ў дывізію. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў рускай арміі ствараліся саюзы польскіх вайскоўцаў, а неўзабаве Галоўны польскі ваенны камітэт прыняў рашэнне аб арганізацыі польскай арміі на тэрыторыі Расіі. У яе склад павінны былі ўваходзіць тры корпусы. 6 жніўня 1917 года камандуючым Першым польскім корпусам быў прызначаны генерал-паручнік Юзаф Рамуальдавіч Доўбар-Мусніцкі. У ноч з 2 на 3 лютага 1918 года польскія часткі авалодалі Бабруйскам і крэпасцю, дзе знаходзіліся  запасы ўзбраення і харчу. Гэты  манеўр адзначыў пачатак адкрытых баявых дзеянняў паміж Чырвонай гвардыяй і легіянерамі. Асабліва кровапралітнымі былі баі пад Рагачовам і Жлобінам. Акрамя гэтага, на салдат корпуса нападалі бальшавіцкія партызаны.

Праз некалькі месяцаў камандаванню Першага польскага корпуса давялося пайсці на падпісанне дамовы аб капітуляцыі з кайзераўскімі войскамі, якія занялі значную тэрыторыю Беларусі, у тым ліку і Мінск. 27 мая 1918 года пачалася дэмабілізацыя частак корпуса. 7 ліпеня крэпасць на Бярэзіне пакінуў апошні легіянер. Перад эвакуацыяй, па рашэнні камандавання Першага корпуса ў Бабруйскай крэпасці, на месцы могілак польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях з бальшавікамі, быў насыпаны курган. На думку даследчыкаў польскага Інстытута нацыянальнай памяці, у гэтай брацкай магіле магло быць пахавана каля 2 тысяч вайскоўцаў. Хутчэй за ўсё, гэтая лічба завышаная, і гаворка ідзе пра некалькі сотняў пахаваных. Зрэшты, не варта забываць, што акрамя салдат Першага корпуса, каля кургана былі пахаваныя і байцы Войска Польскага, якія загінулі ў баях за Бабруйск у 1919–1920 гадах.

Польскі курган у Бабруйску, 1918 год

Доўгі час не ўдавалася вызначыць месца, дзе ў 1918 годзе быў усталяваны гэты мемарыяльны знак. У Бабруйску не захавалася ўспамінаў і якіх-небудзь матэрыялаў, якія сведчылі б пра месца знаходжання кургана. У мясцовым краязнаўчым музеі наогул няма згадкі аб Першым польскім корпусе. Многія крапасныя збудаванні былі знесеныя, ландшафт змяніўся. Аднак нарэшце з дапамогай архіўных фотаздымкаў 1919–1920 гадоў удалося высветліць — польскі курган быў насыпаны каля слуцкай брамы Бабруйскай крэпасці. Цяпер на гэтым месцы — парослая быльнягом пустка.

Чэхаславацкія салдаты рускай арміі

Зрэшты, мяркуючы па архіўных здымках, у пачатку ХХ стагоддзя гэтая частка крэпасці была досыць бойкім месцам. Так, у 1917 годзе тут праходзіла незвычайная пахавальная працэсія. У Бабруйску тады хавалі салдат 1-га чэхаславацкага запаснога палка Рускай імператарскай арміі. Непрацяглы час салдаты размяшчаліся і ў цытадэлі на Бярэзіне.

Жаўнеры чэха-славацкага легіёну ў Бабруйску

У час Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Расійскай імперыі быў сфармаваны чэхаславацкі легіён. Яго ядром стала Чэхаславацкая добраахвотніцкая дружына. Паступова ў яе склад уліваліся ваеннапалонныя аўстра-венгерскай арміі, а таксама перабежчыкі. Гэта падраздзяленне рускае камандаванне часта выкарыстоўвала для правядзення выведкі ў тылах непрыяцельскіх войскаў. У 1916 годзе быў створаны чэхаславацкі стралковы полк, які неўзабаве разгарнулі ў два палкі (імя «Святога Вацлава» і «Кірыла і Мяфодзія»), утварыўшы брыгаду. У канцы 1916 года агульная колькасць чэшскіх добраахвотнікаў складала 20 тысяч. У сакавіку 1917 года быў сфармаваны Трэці чэхаславацкі полк. У траўні-ліпені падраздзяленні Першага Чэхаславацкага запаснога палка знаходзіліся на вучэбных зборах у Бабруйскай крэпасці.

Томаш Масарык сярод чэха-славацкіх легіянераў у Бабруйску

Па дадзеных Міністэрства абароны Чэшскай рэспублікі, за час знаходжання ў цытадэлі на Бярэзіне памерлі 12 чэхаславацкіх легіянераў. Некалькі чэшскіх стралкоў патанулі ў Бярэзіне, двое памерлі ад тыфу, адзін — ад раку. Яшчэ некалькі чалавек памерлі ад ран у шпіталі. Усе гэтыя людзі былі пахаваныя на крапасных вайсковых могілках, якія знаходзіцца на вуліцы Ванцэці ў Бабруйску. Зараз там у асноўным захаваліся пахаванні савецкага часу.

Чэхаславацкія легіянеры ў Бабруйску

Паводле інфармацыі чэшскага боку, магілы іх легіянераў знаходзіліся на тым месцы, дзе цяпер размешчаны будынак дзіцячага садку. Што тычыцца чэхаславацкіх частак, то ў ліпені 1917 года яны былі адпраўленыя на Паўднёва-Заходні фронт і прынялі ўдзел у баях пад Збаровам.

Адна з казармаў Бабруйскай крэпасці

Сёння казематы, казармы, рэдуты цытадэлі на Бярэзіне ў сваёй большасці знаходзяцца ў жаласным стане. Але ўсё роўна там шмат турыстаў, людзей, не абыякавых да беларускай гісторыі. Айчынныя кіношнікі аблюбавалі гэтае месца і ператварылі ў сапраўдную здымачную пляцоўку. Думаю, што калі б на месцы пахавання польскіх і чэхаславацкіх салдат былі ўсталяваныя памятныя знакі, гэта стала б дадатковым стымулам для захавання і развіцця крэпасці на Бярэзіне. У Бабруйск паехалі б не толькі айчынныя турысты, але і нашы суседзі з Польшчы, Чэхіі і Славакіі. Ды і проста па-чалавечы трэба ўшанаваць памяць салдат, для якіх наша зямля стала апошнім прытулкам.

Бабруйская крэпасць хавае шмат таямніц

Бабруйская крэпасць 

Каментаваць