Беларус непадробнай шчырасці

25 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша — беларускага доктара, бібліяфіла, мужа Ларысы Геніюш.



25 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Янкі Геніюша — беларускага доктара, бібліяфіла, мужа Ларысы Геніюш.

Васіль Быкаў у сваёй кнізе «Доўгая дарога дадому» пра Янку Геніюша сказаў, што «ўвогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасцю». А калі Янка Геніюш заязджаў да Васіля Быкава ў Гародню, то яны вялі доўгія гутаркі пра ўсё на свеце, але найперш пра Беларусь і лёс беларусаў. З іх вялікі пісьменнік «пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцця на акупацыйнай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, не надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды…» Так згадваў Васіль Быкаў Янку Геніюша.

Па характару Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён ён быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Дый іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя растані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім абодвум стаіць помнік на Зэльвенскіх гарадскіх могілках), былі выбіты такія радкі:


Па сонца асветы ўзлятаў,
нібы птах,
З палоскі сялянскае, вузкае.
Адзін толькі ведаў у жыцці
сваім шлях
Пачэсны, цяжкі, беларускі.



А калі да Ларысы Геніюш прыязджалі сябры, і яны прыходзілі на зэльвенскія могілкі да магілы Янкі Геніюша, Ларыса Антонаўна казала: «Вось тут спіць мой Янка, на мяккай пярынцы. Каторы гадочак спіць Яначка, адбегаў сваё, адгараваў...»

Янка Геніюш нарадзіўся 24 лютага 1902 года ў Крынках на Беласточчыне. Дарэчы, у Крынках пачынаецца і ўвесь род Ларысы Геніюш, якая аб гэтым успамінае ў артыкуле «Крынкі» («Маладосць», 1997, №1): «Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках». І калі Ларыса Антонаўна Міклашэвіч выйшла замуж за Янку Геніюша, то запыталася жартам у яго: «А дзе ж ты нарадзіўся?» — «Гдзе? У Крынках!» — адказаў Янка. І сапраўды, дзе ж яшчэ можна нарадзіцца на Беласточчыне, як не ў славутых Крынках...

З Крынак шлях ляжаў у Прагу, куды Янка Геніюш прыехаў вучыцца. Ён паступіў у Карлаўскі ўніверсітэт, а пасля яго заканчэння атрымаў медыцынскую адукацыю, стаў урачом-венеролагам. У тым жа 1935 годзе ў сям’і Геніюшаў нарадзіўся сын Юрка. Пабыўшы два гады дома, Ларыса з сынам пераязджаюць у Прагу да Янкі.

Жыццё ў Празе было вельмі цікавым і разнастайным. Тут жылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускія спевакі, кампазітары, мастакі, пісьменнікі. З імі ўсімі быў знаёмы Янка Геніюш, з многімі шчыра сябраваў. А яшчэ ён быў актыўным сябрам пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы.

Падчас акупацыі Прагі нямецкімі войскамі кіраўнік Беларускай народнай самапомачы (БНС) Іван Ермачэнка адправіў Янку Геніюша ў Беларусь, у прыватнасці, у Слонім на лекарскую працу. Пры жыцці доктар філалагічных навук прафесар Алег Лойка расказаў мне адзін цікавы эпізод з жыцця Янкі Геніюша ў акупаваным немцамі Слоніме: «Падчас акупацыі ў 1943–1944 гадах мой бацька быў намеснікам слонімскага гебітартца (слонімскага райздраву), а гебіткамісаратрцам быў не хто іншы, як дзядзька Янка, спадар Іван Пятровіч Геніюш. Толькі па рэцэптах за подпісам майго бацькі выдаваліся ў слонімскай аптэцы лякарствы. Тыя лекі ішлі да партызанаў, і спадар Геніюш не мог таго не ведаць.

Янка Геніюш, сын Юрка, Ларыса Геніюш


А яшчэ Іван Пятровіч стаў героем у вачах майго бацькі, калі ён не ўскінуў руку дзеля прывітання слонімскага гебіткамісара Эрэна, п’ючы піва пры рэстараннай стойцы, калі ў рэстаран зайшоў Эрэн. Эрэн зрабіў на тое заўвагу, на якую дзядзька Янка зрэагаваў імгненна: «А хто тут гаспадар, мы ці вы?!» Праз некалькі дзён слонімскі арцтгэбіт узначальваў ужо не Геніюш: Эрэн прагнаў яго ў Баранавічы. Іншай меры пакарання Эрэн не дабіўся, бо за Геніюшам стаяла слава тых, хто падпісаў з Прагі ліст самому Гітлеру». Што датычыць ліста Гітлеру, дык пра гэта добра расказала Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі» і пра ўсе тыя махінацыі, якія вытвараў у акупацыйнай Празе Іван Ермачэнка.

Сказанае Алегам Лойкам пра рэпліку Янкі Геніюша ў адрас гебіткамісара Эрэна, аспрэчыў Барыс Данілюк (1923–2011), які падчас акупацыі жыў у Слоніме. У адным з пісем пры жыцці да аўтара гэтых радкоў спадар Барыс пісаў: «У Слоніме пры немцах не было ніякага рэстарану, апрача харчоўні самапомачы. У ёй піва не прадавалі, ды і ў такую харчоўню гэбіткамісар ніколі не пайшоў бы. Піва, магчыма, было ў «Soldatenheim», але туды для «Einhemishe», у тым ліку і для доктара Геніюша, не было доступу». Хто з іх меў рацыю — цяжка сказаць, але ж ад смелага і рызыкоўнага Янкі Геніюша, які моцна любіў Беларусь, можна было чакаць і такой рэплікі ў адрас чужынцаў.

Доктар Геніюш вядзе прыём хворых у Зэльве



Пасля вайны, у 1948 годзе, Янку і Ларысу Геніюшаў незаконна пазбавілі чэшскага грамадзянства, і з Прагі іх вывезлі ў Беларусь. А праз год яны былі асуджаныя Вярхоўным судом Беларусі на 25 гадоў няволі.

У 1956 годзе Геніюшы былі датэрмінова вызвалены і вярнуліся ў Зэльву, дзе пасяліліся ў хаце бацькоў Янкі па вуліцы Савецкай, 7а. Сам Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць доктарам у мясцовай зэльвенскай бальніцы. Пісьменнік Уладзімір Арлоў прыгадвае: «Янка Геніюш быў добрым лекарам, што маглі б засведчыць і ягоныя чэшскія пацыенты, і хворыя Зэльвенскай раённай бальніцы, начальства якой прыніжала былога гулагаўскага вязня, не прызнаючы замежны Янкаў дыплом».

Янка Геніюш вельмі любіў беларускія кнігі. Ён іх купляў у крамах, прасіў сяброў, каб высылалі яму новыя беларускія выданні з Мінска, з абласных гарадоў. Некалі ён першы даў сваёй нарачонай Ларысе пачытаць вершы Янкі Купалы, расказваў ёй пра гісторыю Беларусі, пра вялікіх людзей Бацькаўшчыны. Ці не Іван Пятровіч адкрыў жонцы — будучай паэтцы Ларысе Геніюш — свет на беларускасць, натхніў на паэзію?! Бо ведаў ён шмат. Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік нядаўна прыгадаў, як ён быў яшчэ школьнікам, а Іван Пятровіч натхніў яго падпісацца на Беларускую савецкую энцыклапедыю. «Іван Пятровіч фанатычна любіў беларускія кнігі: купляў усе, якія выдаваліся, нават па некалькі паасобнікаў, купляў тыя, якія трэба было купляць, і тыя, якія яму былі нават не патрэбныя», — успамінае Уладзімір Ягоўдзік.

Калі не стала Янкі і Ларысы Геніюшаў, я пабываў у іх доме з настаўнікам з Дзярэчына Пятром Марціноўскім. Тады якраз з Беластока Валянціна Геніюш — нявестка Геніюшаў — прыехала, каб вырашыць пытаннем з домам Геніюшаў у Зэльве. «Усю бібліятэку Янкі і Ларысы Геніюшаў абяцала купіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але ў апошні момант адміністрацыя бібліятэкі адказалася ад кніг, — уздыхнула Валянціна. — Бярэце, хлопчыкі, што-небудзь сабе з гэтых выданняў…»

Кніг у хаце Геніюшаў сапраўды было шмат: у адным пакойчыку яны стаялі на паліцах ад падлогі да столі. Вялікая гара выданняў па медыцыне ляжала проста на падлозе. Мы ад убачанага проста разгубіліся. У гэтым доме можна было зрабіць музей Геніюшаў, куды прыязджалі б штогод тысячы турыстаў, бо Зэльву сёння ведаюць толькі таму, што там жылі і пахаваны Янка і Ларыса Геніюшы. Але, на вялі жаль, ніякага музея там няма, нават на 100-годдзе паэткі не дазволілі мясцовыя ўлады ўстанавіць на доме мемарыяльную шыльду.

Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе «Імёны свабоды» згадвае: «Калі Іван Пятровіч цяжка захварэў, «дабрадзеі» пусцілі чутку, нібыта ён ужо сканаў, і ў дом Геніюшаў пачалі прыходзіць людзі з жалобнымі вянкамі. Ён памёр на жончыных руках. Ларыса Антонаўна сама яго мыла і апранала. «Пахавалі са слязьмі, ціха, без палкіх прамоў. Не ўсё было добра, аднак нельга аб гэтым...»

Пры жыцці ў іх хаце часта гасцілі беларускія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, палітыкі. Па-рознаму яны ставіліся найперш да Івана Пятровіча, які пасля сталінскіх лагераў страшна ненавідзеў камуністаў і савецкую ўладу, а яшчэ мацней любіў Беларусь і ўсё жыццё марыў аб яе незалежнасці ад Расіі. Пакуль мара Янкі Геніюша не споўнілася…

Каментаваць