Беларусам арміі генерала Андэрса прысвячаецца

Вечарам 1 верасня ў Мінску, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава «Беларусы ў II Польскім корпусе. Невядомыя старонкі Другой сусветнай вайны».


Кас’ян Мацкевіч (другі злева) атрымлівае ўзнагароду пасля бітвы пад Монтэ-Касіна

Кас’ян Мацкевіч (другі злева) атрымлівае ўзнагароду пасля бітвы пад Монтэ-Касіна



У экспазіцыі прадстаўлены гісторыі нашых землякоў — ураджэнцаў Заходняй Беларусі, якія 77 гадоў таму — 1 верасня 1939 года сустрэлі Другую сусветную вайну ў Войску Польскім, затым апынуліся спачатку ў савецкім палоне, потым у ГУЛАГУ і, урэшце, у II Польскім корпусе генерал-лейтэнанта Уладзіслава Андэрса.

Дачка Уладзіслава Андэрса, сенатарка, упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы Ганна Марыя Андэрс

Дачка Уладзіслава Андэрса, сенатарка, упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы Ганна Марыя Андэрс



Як адзначыла на адкрыцці выставы дачка камандзіра корпуса, сенатарка, упаўнаважаная ў пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы Ганна Марыя Андэрс, менавіта армія Андэрса стала месцам паратунку, новым домам і новай сям’ёй для палонных жаўнераў і афіцэраў Войска Польскага, закратаваных у савецкім ГУЛАГу.



Створаны ў другой палове 1941 года на Урале II Польскі корпус праз Іран, Ірак і Палесціну быў перакінуты ў Паўночную Афрыку, дзе ўвайшоў у склад брытанскіх войскаў і вызваляў Італію ў складзе 8 брытанскай арміі. У жорсткай бітве пад кляштарам Монтэ-Касіна загінулі 4 199 жаўнераў і афіцэраў корпусу, у тым ліку 177 ураджэнцаў Беларусі. Сотні нашых землякоў адзначаны польскімі і брытанскім баявымі ўзнагародамі, прычым прозвішчы амаль 125 з іх вядомыя.  А ўраджэнец Гродна, падпаручнік 4 танкавага палку “Скарпіёны” Лявон Федарук за гераізм у баях на ўзбярэжжы Адрыятыкі ўшанаваны вышэйшым польскім вайсковым ордэнам “Віртуці Мілітары”.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік



У адкрыцці выставы ўдзельнічалі амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, дыпламаты, прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў і культуры Беларусі, сваякі беларусаў з II Польскага корпусу.

У інтэрв’ю НЧ вядомы беларускі грамадскі дзеяч Уладзімер Мацкевіч распавёў пра лёсы двух сваіх дзядоў, якія змагаліся супраць нацызму ў арміі Андэрса:

Уладзімер Мацкевіч на выставе

Уладзімер Мацкевіч на выставе



Мой дзед па бацьку Кас’ян Мацкевіч, сын Тодара, нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Машталеры пад Скідалем у сям’і земляробаў. Дарэчы, у 1992 годзе бацька атрымаў ад уладаў незалежнай Рэспублікі Беларусь пасведчанне, што некалі дзед быў гаспадаром досыць вялікага пляцу зямлі. Тэрміновую вайсковую службу Карп Мацкевіч праходзіў у 1921–1922 гадах у палку стральцоў пад Гродна.

Другі мой дзед — па маці Карп Лазовік, 1909 года нараджэння сваю тэрміновую вайсковую службу праходзіў ва ўланскім палку ў Сувалках, дзе калісьці служыў бацька вядомага польскага кінарэжысёра Анджэя Вайды. Менавіта гэты полк праславіўся тым, што ў верасні 1939-га з шаблямі нагала атакаваў нямецкія танкі.

Абодва дзяды на пачатку Другой сусветнай вайны трапілі ў савецкі палон пад Роўна на Украіне, а адтуль — у лагер ГУЛАГу ў Комі АССР. Прычым, Карп у Запарожжы збег з плену з намерам вярнуцца на Бацькаўшчыну, але яго хутка злавілі і закратавалі. Пакуль дзеда шукалі, арыштавалі і выслалі ў Казахстан усю ягоную сям’ю — жонку, дачку — маю маці, якой тады было толькі сем гадоў, і двух яе малодшых братоў — пяці і трох гадоў.  

Кас’ян Мацкевіч (сядзіць у цэнтры) падчас службы ў Войску Польскім (1921 г.)

 
                   

Выратаваў дзядоў з ГУЛАГу запіс у армію Андэрса, з якой яны прайшлі ўвесь баявы шлях, вызвалялі Еўропу ад нацызму, за што мелі баявыя ўзнагароды. І хоць пасля вайны дзяды жылі ў вольным свеце, іх цягнула на Радзіму, да сваякоў. Напрыканцы 1940-х гадоў з Заходняй Еўропы яны вярнуліся ў савецкую Беларусь, адкуль у 1951-м зноў патрапілі ў ГУЛАГ. Падчас хрушчоўскай адлігі дзядоў з лагеру выслалі ў шахцёрскі горад Чарамхова ва Іркуцкай вобласці Расіі, дзе ў 1956 годзе я і нарадзіўся. А пасля таго, як у 1958-м дзядам вярнулі грамадзянскія правы, яны вырашылі застацца ў Сібіры. Паколькі Кас’ян і Карп вызнавалі сябе беларусамі, яны адмовіліся пераязджаць у Польшчу, хоць мелі на гэта права як вайскоўцы арміі Андэрса.

Дзяды мяне і выхоўвалі. Менавіта іх аповеды пра цудоўную Бацькаўшчыну і вандроўка ў Беларусь прывялі да таго, што ўжо я стаў падбухторваць Кас’яна і Карпа вярнуцца на Радзіму, што і адбылося ў 1966 годзе. Менавіта дзякуючы дзядам я з дзяцінства стаў антысаветчыкам, бо ведаў найноўшую гісторыю не толькі па савецкіх школьных падручніках і аповедах настаўнікаў. Спачатку я вагаўся, каму больш давяраць: дзядам ці школе, але ўрэшце Кас’ян і Карп перамаглі, бо яны, у адрозненне ад настаўнікаў і падручнікаў, мне ніколі не манілі”.

Дарэчы, на выставе экспануюцца здымкі з сямейнага архіву Уладзімера Мацкевіча.

Ініцыявалі выставу амбасада Польшчы ў Беларусі і вядомы беларускі даследчык мінулага Заходняй Беларусі, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.

Ігар Мельнікаў праводзіць экскурсію

Ігар Мельнікаў праводзіць экскурсію



У інтэрв’ю НЧ ён адзначыў, што аснову экспазіцыі склала выстава, падрыхтаваная Радай па ахове памяці змагання і пакутніцтва Польшчы для расійскага гледача і прэзентаваная ў Пецярбурзе ў 2011 годзе. Паколькі экспазіцыя не ўтрымлівала беларускага кантэксту, амбасада Польшчы ў Беларусі вырашыла пашырыць выставу за кошт прыватных збораў беларускага гісторыка.



Ігар Мельнікаў дапоўніў экспазіцыю трыма ўніформамі (капітана 83-га пяхотнага палка з Кобрына, жаўнера Войска Польскага верасня 1939 года і капітана 3 дывізіі Карпацкіх стральцоў), шматлікімі прадметамі рыштунку, узнагародамі, здымкамі і дакументамі. Прычым некаторыя з іх даследчык атрымаў ад сваякоў вайскоўцаў з II Польскага корпусу.

Не застаўся ў баку і музей, які прадставіў шэраг выяўленчых, пісьмовых і рэчавых рэліквій.

Калі мой дзед, палкоўнік Савецкай Арміі Юры Бабкоў, які падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы, даведаўся пра трагічны лёс і гераічны чын ураджэнцаў Беларусі — жаўнераў і афіцэраў арміі генерала Андэрса, ён прасіў мяне зрабіць усё мажлівае, каб ушанаваць памяць нашых мужных землякоў, вярнуць іхныя імёны і подзвігі ў найноўшую гісторыю Беларусі. І я, па-мажлівасці, выконваю наказ свайго дзеда”, — сказаў гісторык.



Выстава з’яўляецца чарговым крокам у падрыхтоўцы доктарскай дысертацыі, над якой працуе Ігар Мельнікаў. У верасні адбудзецца прэзентацыя новай кніжкі даследчыка “Заходнебеларуская Атлантыда паміж Варшавай і Масквой”, гісторык плануе выдаць фотаальбом пра беларусаў арміі Андэрса і дзве выставы пра паўсядзённае жыццё беларусаў у міжваеннай Заходняй Беларусі.    



Экспазіцыя адчыненая да 2 кастрычніка.


Здымкі Паўла Аксіновіча


Каментаваць