Беларусы ў Войску Польскім

Пік напружанасці ў польска-нямецкіх адносінах прыйшоўся на 1939 год. Ніхто ў Польшчы ўжо не сумняваўся, што вайны не пазбегнуць. У сакавіку ў краіне пачаліся скрытыя мабілізацыйныя мерапрыемствы, у выніку якіх у польскую армію была прызвана значная колькасць заходніх беларусаў.



На здымку: Капітан Войска Польскага з Заходняй Беларусі. Невядомы герой вераснёўскай кампаніі 1939 г.


Пасля ўсеагульнай мабілізацыі, якая была праведзена ў канцы жніўня 1939 года, у шэрагі Войска Польскага былі прызваны каля 70 тысяч салдат беларускай нацыянальнасці. Мабілізацыйныя цэнтры на тэрыторыі Заходняй Беларусі знаходзіліся ў Гродна (штаб карпусной акругі DOK III) і Брэсце над Бугам (штаб акругі DOK IX).

Рэзервісты з тэрыторыі Гродзеншчыны і Віленшчыны папоўнілі шэрагі 1-й, 19-й, 22-й пяхотных дывізій. У 20-ю пяхотную дывізію патрапілі жыхары Баранавіцкага, Слонімскага, Пружанскага, Стаўбцоўскага і іншых паветаў. У 30-ю пяхотную дывізію набіралі «рэкрутаў» з Піншчыны, Кобрыншчыны, Брэстчыны, Лунінеччыны, Століншчыны. У Навагрудскую кавалерыйскую брыгаду патрапілі жыхары Ваўкавыскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Нясвіжскага паветаў.

Значная колькасць беларусаў апынулася ў 79-м пяхотным палку імя Льва Сапегі, 80-м палку наваградскіх стралкоў (абодва да вайны былі раскватараваны ў Слоніме) і 78-м пяхотным палку з Баранавіч. Усе гэтыя палкі ўваходзілі ў склад 20-й дывізіі пяхоты Войска Польскага. Гэтую вайсковую адзінку неафіцыйна называлі «беларускай».

Нягледзячы на актыўную дзейнасць у перадваенныя гады камуністычных агітатараў, большасць жыхароў Заходняй Беларусі не спрабавалі пазбегнуць мабілізацыі, а самі запісваліся ў шэрагі польскай арміі. Вось што адзначалася ў справаздачы аб мабілізацыі ў 9-й корпуснай акрузе: «Мясцовае насельніцтва — «палешукі» — пазітыўна ўспрымала распараджэнне ўладаў. Пасля атрымання мабілізацыйных карт рэзервісты з пачуццем годнасці накіроўваліся на месца дыслакацыі сваіх вайсковых падраздзяленняў».

Прывядзем гісторыі некаторых заходніх беларусаў, якія сустрэлі Другую сусветную вайну ў шэрагах Войска Польскага. Адным з тых, хто ў тыя дні атрымаў павестку, быў падпаручнік рэзерву беларус Віктар Амельянюк. У 1922 годзе кабрынчаніна прызываюць у Войска Польскае і залічаюць у 78-м пяхотны полк у Баранавічах. Добра адукаваны, валодаючы некалькімі еўрапейскімі мовамі (у тым ліку польскай, нямецкай і французскай), Амельянюк з поспехам заканчвае школу падхарунжых. Яму прысвойваюць званне капрала. Пасля праходжання ваеннай службы і залічэння ў запас ён працаваў у пажарнай ахове, а потым уладкаваўся памочнікам ваяводскага інспектара таварыства ўзаемнага страхавання ў Брэсце.

Віктар Амельянюк з жонкай

Павестка ў войска В. Амельянюка  1939 г.



У «Штодзённіку афіцэрскага рэзерву Войска Польскага» за 1934 год пазначаецца, што 1 сту­дзеня 1930 года Віктару Амельянюку было прысвоена афіцэрскае званне падпаручніка рэзерву. У яго асабістай справе запісана, што Амельянюк з’яўляўся ўзорным афіцэрам, выдатна валодаў тактыкай вядзення бою, быў ініцыятыўным і энергічным. Праўда, штабны служачы, які пісаў атэстацыю, зрабіў невялікую паметку: цяжка прадбачыць пазіцыю Амельянюка ў выпадку вайны з СССР. У войску міжваеннай Польшчы насцярожана ставіліся да выхадцаў з «усходніх крэсаў», тым больш у афіцэрскім складзе. Віктар Амельянюк быў праваслаўным беларусам, і гэта акалічнасць накладвала адбітак на яго вайсковую службу.

У сакавіку 1939 года Віктара Аляксандравіча накіравалі на службу ў 82-й Сібірскі пяхотны полк Войска Польскага імя Касцюшкі, які размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасці. Амельянюк прыняў актыўны ўдзел у абароне крэпасці ў верасні 1939-га. Нагадаю, германскі 19-ы матарызаваны корпус пад камандаваннем Хайнца Гудэрыяна на працягу некалькіх дзён беспаспяхова спрабаваў штурмам авалодаць цытадэллю на Бугу. Паводле дадзеных гісторыкаў, гарнізон крэпасці амаль на палову складаўся з выхадцаў з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Блізкасць родных хат і жаданне абараніць іх ад ворага прымушала людзей ахвяраваць самым дарагім — сваім жыццём.

Уручэнне знамені 84 палесскаму пяхотнаму палку ў Слоніме. На сцягу відаць выяву Пагоні, 1936 г.

Уручэнне знамені 84 палесскаму пяхотнаму палку ў Слоніме.

У ноч з 16 на 17 верасня 1939 года камандаванне гарнізонам Брэсцкай крэпасці прымае рашэнне прарывацца з акружанай цытадэлі. Сярод тых, хто пакінуў крэпасць, быў і падпаручнік Віктар Амельянюк. З прарваўшыхся польскіх частак была сфарміравана вайсковая групоўка «Брэст», якая праславілася ў баях з вермахтам на Любліншчыне. Асабліва моцныя баі былі за горад Янаў Любельскі, які знаходзіўся ў руках немцаў. У 20-х днях верасня 1939 года падраздзяленне з Брэста ажыццявіла паспяховы наступ у напрамку гэтага невялікага гарадка. Польскія ўланы і пяхота імклівым ударам выбілі захопнікаў з Янава. У адным з гэтых баёў Віктар Амельянюк быў забіты. Магіла беларускага афіцэра Войска Польскага захавалася да нашых дзён. Кожны год там з’яўляюцца свежыя кветкі.

Помнік у Брэсцкай крэпасці



У 1938 годзе ў польскую армію быў прызваны беларус Васіль Жалткевіч. Перад самай вайной яго 30-ы полк лёгкай артылерыі быў перакінуты з Брэсцкай крэпасці ў заходнюю Польшчу. Васіль Ануфрыевіч удзельнічаў у абароне крэпасці Модлін, а пасля яе капітуляцыі апынуўся ў нямецкім палоне і быў вызвалены амерыканцамі ў 1945 годзе. Другі наш суайчыннік Леанід Коласаў з Лунінца ўдзельнічаў у абароне Львова. У выніку «вызваленчага» паходу Чырвонай Арміі разам з іншымі абаронцамі заходнеўкраінскага горада Коласаў апынуўся ў савецкім палоне і пасля быў вызвалены.

Леанід Коласаў

Васіль Жалткевіч (у цэнтры), радавы 30-га палка лёгкай артылерыі, што абараняла Брэсцкую крэпасць у верасні 1939 г.



Беларусам давялося паўдзельнічаць у розных бітвах вераснёўскай кампаніі 1939 года. Акрамя ўзгаданай абароны Брэсцкай крэпасці, іншай, не менш знакамітай бітвай была абарона Млаўскага ўмацаванага раёну войскамі 20-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. Вось як тыя баі апісваў адзін з удзельнікаў, капітан Станіслаў Трушкоўскі: «Перад шашой, да якой падыходзіла рота, было сапраўднае месіва, бязлітасны бой. Скрыгаталі штыкі. Чуліся глухія выбухі гранат, якія кідаліся ў людскія натоўпы, удары прыкладаў аб каскі, крыкі: «Братцы, біце гэтых сукіных сыноў». Гэта беларусы ўступалі ў бой. Немцы пачалі ўцякаць, некаторыя падымалі рукі ўгару». Пад Млавай нашы суайчыннікі коштам уласнага жыцця не далі немцам сходу прарвацца да Варшавы.

Гераічна змагаліся байцы 84-га палескага пяхотнага палка ў бітве пад Мокрай. У складзе 2-га Гдынскага батальёна марской пяхоты беларусы ўдзельнічалі ў абароне паўвострава Хель. Многія ўраджэнцы Заходняй Беларусі змагаліся ў акружанай нацыстамі Варшаве. Да кастрычніка 1939 года супраціў вермахту, а пазней і Чырвонай Арміі аказвала спецыяльная аператыўная група «Палессе» — зводнае вайсковае фарміраванне пад камандаваннем генерала Францішка Клееберга, у складзе якога ваявала шмат праваслаўных «палешукоў».

Пасля пачатку «вызваленчага» паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года супраціў польскай арміі стаў бессэнсоўным. Неўзабаве быў аддадзены загад аб эвакуацыі ў Румынію. Падчас вераснёўскай кампаніі многія беларускія вайскоўцы польскай арміі апынуліся ў нямецкім палоне. Нямала нашых суайчыннікаў трапіла і ў савецкі палон. Радавых, часцей за ўсё, адпускалі. А вось афіцэраў адпраўлялі ў спецыяльныя лагеры. Вялікая колькасць ураджэнцаў Заходняй Беларусі, якія апранулі ў 1939 годзе польскія афіцэрскія мундзіры, будуць расстраляны НКУС.

Гісторыя нашых суайчыннікаў, якія ваявалі ў верасні 1939-га ў складзе польскага войска супраць гітлераўцаў, заслугоўвае больш паважлівых адносін. Тады, 1 верасня 1939 года, беларусы разам з палякамі першымі ў Еўропе сказалі «не» Гітлеру. Менавіта яны ў 1939 годзе зрабілі першы крок да перамогі над нацысцкай Германіяй.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук
 

Каментаваць