Беларускі горад Казімір

З выдатным беларускім археолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Сяргеем Рассадзіным шчаслівы лёс звёў мяне сёлета, калі ён з групай студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі вёў археалагічныя даследаванні на тэрыторыі старажытнага Лаўрышаўскага манастыра. Нядаўна Сяргей Рассадзін запрасіў мяне на раскопкі старажытнага беларускага горада Казіміра, які існаваў больш за 350 гадоў таму на тэрыторыі сённяшняга Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

(На выяве: Герб г. Казіміра)



З выдатным беларускім археолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Сяргеем Рассадзіным шчаслівы лёс звёў мяне сёлета, калі ён з групай студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі вёў археалагічныя даследаванні на тэрыторыі старажытнага Лаўрышаўскага манастыра. Нядаўна Сяргей Рассадзін запрасіў мяне на раскопкі старажытнага беларускага горада Казіміра, які існаваў больш за 350 гадоў таму на тэрыторыі сённяшняга Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

(На выяве: Герб г. Казіміра)


Зараз на гэтым месцы размяшчаецца вёска Каралеўская Слабада. Цёплай вераснёўскай раніцай мы ў камфартабельным аўтобусе прыбылі на месца археалагічных раскопак. Навучэнцы Светлагорскага індустрыяльнага каледжа пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, вялікага аматара археалогіі Генадзя Рызнавокага пачалі раскопкі на месцы верагоднага гандлёвага пляца старажытнага горада. А мы тым часам прайшліся па мясцінах, дзе існаваў горад.

Сяргей распавёў мне шмат цікавага аб трагічнай гісторыі горада, аб выніках археалагічных даследаванняў, якія ён тут праводзіць ужо больш за 5 гадоў. Прыярытэт у адкрыцці месцазнаходжання горада Казіміра належыць менавіта Сяргею Рассадзіну, хаця і да яго “тэарэтычна гісторыкам было вядома, што існаваў старажытны горад, але ў дакументах ён быў абазначаны недзе паміж гарадамі Бабруйск і Рагачоў.

А гісторыя адкрыцця Рассадзіным горада пачалася з 2001 года, калі ён быў запрошаны ў Варшаву для выступу з дакладам. У свой вольны час вучоны наведаў Галоўны архіў старажытных актаў, дзе зберагаліся дакументы аб тэрыторыі сучаснай Беларусі. У Нясвіжскім архіве Радзівілаў Сяргей Рассадзін натрапіў на цікавы дакумент — грамату, напісаную ў 1643 годзе ад імя каралевы Рэчы Паспалітай Цэцыліі Рэнаты. У ёй гаварылася аб “прывілеі гораду Казіміру ў старостве Бабруйскім. Сяргей Рассадзін гаворыць, што ніхто з гісторыкаў не ведаў да таго часу ніякага горада Казіміра на рацэ Бярэзіне ў старостве Бабруйскім. Пачаліся навуковыя пошукі. І выявілася наступнае.

У 1637 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV Ваза ўзяў шлюб з дачкой аўстрыйскага імператара Фердынанда II Цэцыліяй Рэнатай Габсбург. І ўжо праз два гады існаваўшае тады Бабруйскае староства перайшло ва ўладанне польскай каралевы і вялікай княгіні ВКЛ. Цэцылія Рэната вырашыла стварыць тут тэрыторыю, спрыяльную для развіцця гандлю і рамёстваў, гаворачы сучаснай мовай — свабодную эканамічную зону.

У XVII стагоддзі месца такой тэрыторыі называлі слабадой, а паколькі Цэцылія Рэната была каралевай, дык і паселішча на беразе ракі Бярэзіны назвала Каралеўскай Слабадой. Гэта быў папярэднік горада Казіміра. Каралева марыла стварыць на гэтым месцы квітнеючы горад, сталіцу староства. А паколькі Каралеўская Слабада развівалася паспяхова, дык у хуткім часе атрымала гарадскія правы.

Па мерках тых часоў, гэта быў буйны горад: уздоўж крутога берага Бярэзіны ён прасціраўся амаль на паўтара кіламетра, а ўглыб — на кіламетр. У каралевы ў 1640 годзе нарадзіўся сын Жыгімонт Казімір, і Цэцылія Рэната вырашыла назваць горад яго імем — Казімір. Новаму гораду ў 1643 годзе было нададзена Магдэбургскае права. На гербе горада была выява залатога льва з мячом у лапе пад зоркай. Каля льва стаяў човен. Дагэтуль гербы з ільвамі на ўсёй Беларусі былі толькі ў Лідзе, Слоніме і Гарадку. А на Гомельшчыне наогул вядомы толькі чатыры гістарычныя гербы: Мазыра, Гомеля, Рэчыцы і Рагачова.

Навучэнцы каледжа на раскопках


У Казіміры існавалі ратуша з гадзіннікам, прыстань, праводзіліся чатыры кірмашы на год. Квітнелі і шматлікія рамёствы: выплаўлялася шкло, выраблялася кафля, кваліфікаваныя майстры займаліся апрацоўкай металу. І сёння на гэтым месцы, магчыма, існаваў бы вялікі сучасны горад, калі б не вялікая бяда, якая абрынулася тады на ўсю Беларусь. Сын каралевы, Казімір, пражыў усяго 16 гадоў, а цудоўны горад паўтарыў яго лёс.

Казімір не паспеў замацавацца на мапах Еўропы. У 1654 годзе пачалася кровапралітная вайна на тэрыторыі Беларусі паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, якая цягнулася доўгіх 14 гадоў. Расійскім царом Аляксеем было загадана свайму войску знішчыць насельніцтва нашага краю. “Касцёлам не быць, уніятам не быць, жыдам не быць, — такая была ўстанова цара. Вынікі вайны для ВКЛ былі трагічныя: насельніцтва нашай Радзімы скарацілася з амаль трох мільёнаў да 1,4 мільёна чалавек, былі разбураны і спалены амаль усе захопленыя гарады і вёскі.

Ля стэнда з экспанатамі загадчыца Светлагорскага музея Людміла Грабко
 

Недзе напачатку 1655 года расійскімі войскамі пад кіраўніцтвам гетмана Івана Залатарэнкі быў знішчаны разам з жыхарамі і горад Казімір. Паважаны прафесар Сяргей Рассадзін выводзіць мяне на высокую пляцоўку, адкуль адкрываецца цудоўны далягляд на раку Бярэзіну і яе зарэчныя далі. Тут стаяла праваслаўная царква. У час раскопак пад месцам яе тагачаснага знаходжання было знойдзена шмат абгарэлых чалавечых костак, якія сведчылі, што жыхары горада былі загнаныя ў праваслаўны храм і спаленыя там разам з будынкам царквы.

У некаторых публікацыях горад Казімір называюць Беларускай Атлантыдай. Але легендарная Атлантыда знікла ў выніку прыродных катаклізмаў, а Казімір — у выніку разбуральнай вайны і чалавечай жорсткасці. Хатынь сярэднявечча — гэтая назва больш адпавядае рэчаіснасці. Магчыма, знойдуцца тыя, хто абвінаваціць аўтара гэтага артыкула ў распальванні варожасці паміж рускім і беларускім народамі. Але гэта ўсяго толькі канстатацыя гістарычных фактаў: дастаткова азнаёміцца з “Энцыклапедыяй гісторыі Беларусі і іншымі гістарычнымі крыніцамі, а таксама з вынікамі археалагічных даследаванняў прафесара Сяргея Рассадзіна.

Продкі сучасных расіян таксама шмат пацярпелі ад мангола-татарскіх заваёўнікаў, ад крыжакоў і ад іншай навалачы. А з гісторыі вядома таксама, з якой азіяцкай жорсткасцю распраўляліся ўладары Маскоўскай дзяржавы са сваімі людзьмі, западозранымі ў нязначным непадпарадкаванні. Нам няма чаго дзяліць. Жорсткія былі часы сярэднявечча, калі і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Маскоўскай дзяржаве нават браты ішлі вайной адзін на аднаго. А зараз надышоў час збіраць камяні і распавесці людзям праўду аб мінулых часах.

Непадалёку ад царквы стаяла гарадская ратуша. Сяргей Рассадзін гаворыць, што на гэтым месцы, у культурным слоі, быў знойдзены валун з выявай крыжа на ім, які быў, верагодна, у падмурку ратушы. Тут жа, на невялікай глыбіні, былі знойдзены чалавечыя шкілеты з рубленымі пашкоджаннямі. Дзеці, якія дапамагалі весці раскопкі, былі ў жаху. Нездарма перад пачаткам раскопак тут святарамі быў адслужаны малебен.

Вялікі, у тры чалавечых абхваты, вяз, які сустрэўся на нашым шляху, быў сведкам тых гістарычных падзей: яго ўзрост налічвае каля 400 гадоў. За час правядзення раскопак было знойдзена шмат цікавых прадметаў, якія маюць адносіны да ХVII стагоддзя і пацвярджаюць знаходжанне ў гэтым месцы горада Казіміра. Гэта і фрагменты керамічнай кафлі, і кавалкі шкляных і фаянсавых вырабаў, і наканечнікі стрэл і арбалетаў. На наяўнасць горада ўказваюць і знойдзеныя манеты: у той час у сельскай мясцовасці грашыма не карысталіся, бо ў вёсках меў месца натуральны абмен. Вялікай нечаканасцю з’явілася знаходка бранзалеткі і прасніцы з шырокай адтулінай, рэчаў, характэрных для сярэдзіны I тысячагоддзя нашай эры. А знойдзеная крэмніевая ножападобная пласціна наогул адносіцца да бронзавага веку.

Вяз — сведка даўніх падзей



Шмат аб якіх каштоўных знаходках Сяргей Рассадзін умоўчвае, каб не навесці на след “чорных капальнікаў з металашукальнікамі. А іх тут нямала аб’явілася. Многа цікавых рэчаў знаходзяць на сваіх агародах і мясцовыя жыхары. За час майго знаходжання навучэнцамі Светлагорскага каледжа быў зроблены раскоп плошчай 16 квадратных метраў. У культурным слоі магутнасцю 30–40 сантыметраў былі знойдзены каваныя цвікі, кавалкі керамікі, глінянага посуду, кавалкі кафлі, роўна абчасаныя з двух бакоў камяні і іншае.

Сяргею Рассадзіну пашанцавала на аднадумцаў. У сваіх археалагічных даследаваннях ён атрымлівае моцную падтрымку ад старшыні Светлагорскага райвыканкама Сяргея Максіменкі і яго намесніка Сяргея Мяркулава. Яны дапамагаюць як з тэхнікай, так і з забеспячэннем людзьмі. У раскопках прымалі ўдзел і мясцовыя вучні, і студэнты Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта, і навучэнцы Светлагорскага каледжа. Напрыканцы нашай сустрэчы Сяргей прапанаваў мне наведаць Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе выстаўлены для агляду наведвальнікаў больш за тысячу прадметаў, знойдзеных у час раскопак. Загадчыца музея Людміла Грабко з задавальненнем азнаёміла мяне з гэтымі экспанатамі.

Археалагічныя даследаванні будуць працягнутыя і ў далейшым і, безумоўна, прынясуць шмат новых знаходак і адкрыццяў. Добрую справу робіць выдатны вучоны і грамадзянін сваёй Радзімы Сяргей Рассадзін — даследчык гістарычнага мінулага шматпакутнай Беларусі.

Каментаваць