Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Беларускі «LIFE» — папулярны глянец міжваеннай БССР

«Па той бок дзяржаўнай мяжы, сяляне аднаконнымі плугамі аруць вузкія свае палоскі зямлі. Чуюць гул трактароў на шырокіх калгасных палях ды бадзёрую рэвалюцыйную песню калгаснікаў і прагнымі вачыма глядзяць на Савецкую Беларусь»...

Вокладка "Чырвонай Беларусі"

Часопіс «Чырвоная Беларусь» выходзіў у 1930–1933 гадах. Выданне было заснавана Саюзам пісьменнікаў Беларусі, а яго рэдактарамі былі спачатку Міхась Чачот, а пазней Мікола Хведаровіч (Чарнушэвіч).

Пра слупы і памежнікаў

Паводле структуры часопіс нагадваў амерыканскага сабрата «LIFE». У «Чырвонай Беларусі» друкаваліся артыкулы і нарысы, прысвечаныя розным аспектам сацыяльнага, культурнага і палітычнага жыцця міжваеннай БССР. У якасці ілюстрацый выкарыстоўваліся не толькі фотаздымкі, але і малюнкі. Адной з найбольш папулярных тэмаў часопісу на працягу ўсяго яго існавання была савецка-польская мяжа, якая праходзіла побач з Мінскам.


Вокладка "Чырвонай Беларусі"


«Павярніцеся налева. Адзін супраць другога стаяць два слупы. Вялікія. Моцныя. Дубовыя. Адзін чырвона-зялёны. Другі бела-малінавы (насамрэч, бела-чырвоны. — І.М.). Падыміцеся на пагорак. Гляньце. Вунь яшчэ такая ж пара далей… яшчэ… яшчэ… Жывое цела зямлі разрэзана, раздвоена гэтай доўгай, доўгай рыскай слупоў. [...] Адзін супраць другога стаяць слупы. На чырвона-зялёным на чыгуннай дошцы адліты серп і молат і толькі чатыры літары «БССР». [...] На бела-малінавым таксама чыгунная дошка, а на ёй біблейская белая птушка раскінула ў бакі драпежныя лапы з выпушчанымі кіпцюрамі. Надпіс «Rzeczpospolita Polska».

Слупы стаяць адзін супраць другога і паміж імі ўсяго тры метры. Мяжа. Дзе ж сцяна, што перашкаджае, не спяшаючыся, спакойна, або рыўком пераскочыць гэтыя тры метры паміж слупамі? Што стаіць на шляху паслугачоў Пуанкарэ і Пілсудскага? Людзі. Такія ж, як вы і я, як мільёны нас; людзі, пасланыя намі і апранутыя ў шэрыя шынялі і зялёныя шапкі. Людзі, якія і ўдзень і ўначы, зімой і летам, у мароз і завіруху, у дождж і спякоту, не спяць, уважліва прыслухоўваюцца да кожнага шолаху, углядваюцца ў кожны куст. Людзі, якіх мы, іх паслаўшыя, успамінаем вельмі рэдка і аб жыцці якіх ведаем вельмі мала», — адзначалася ў артыкуле «Ля чырвона-зялёных слупоў», надрукаваным у часопісе ў 1930 годзе.


Памежныя слупы на савецка-польскай мяжы пад Мінскам


Аўтары выдання вельмі часта выязджалі на мяжу з «буржуазнай» Другой Рэччу Паспалітай і апісвалі жыццё памежнікаў, савецкіх калгаснікаў, якім давялося жыць «на мяжы цывілізацыі». У адным з артыкулаў нейкі Я. Шкадарэвіч апісваў, як жыхары вёскі Слабада ля Дрысы назіралі за трактарамі, якія працавалі ў памежным савецкім калгасе «Пралетарый».

1 мая 1931 года ў Мінску


У той час у Заходняй Беларусі механізацыя сельскай гаспадаркі была на вельмі нізкім узроўні. На гэтых супярэчнасцях спрабавалі гуляць бальшавікі. Маўляў, глядзіце браты з-за кардону, як жыве савецкая Беларусь. Дарэчы, паводле ўспамінаў шматлікіх жыхароў заходнебеларускіх вёсак, савецкія ўлады часта ладзілі прапагандысцкія акцыі на «рыжскім кардоне». То мітынг зладзяць, то ансамбль пад самыя слупы паставяць, і той спявае «Інтэрнацыянал», ды так, каб у Брэсце-на-Бугу было чуць.

«Там, па той бок дзяржаўнай мяжы, сяляне аднаконнымі плугамі аруць вузкія свае палоскі зямлі. Чуюць гул трактароў на шырокіх калгасных палях ды бадзёрую рэвалюцыйную песню калгаснікаў, часта прыпыняюць сваіх коней і прагнымі вачыма глядзяць на Савецкую Беларусь», — пісаў таварыш Шкадарэвіч у артыкуле, надрукаваным у «Чырвонай Беларусі».

1 мая 1931 года ў Мінску


Зразумела, што гэты пафасны тон быў далёкі ад рэчаіснасці. З аднаго боку, частка жыхароў усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай, наслухаўшыся прапагандыстаў КПЗБ, сапраўды бегла ў БССР. Аднак большасць з тых, хто жыў на мяжы з Савецкім Саюзам, праз перабежчыкаў з савецкай Беларусі ведалі пра жудасную калектывізацыю, голад пачатку 1930-х гадоў, рэпрэсіі НКУС, таму на гэтых людзей расповеды агітатараў з Усходу не дзейнічалі.

У адным з нумароў часопісу друкавалася інфармацыя пра адкрыццё новай аглядальнай залі мытні на станцыі Негарэлае. У 1930-я гады гэты памежны пункт быў адным з найбольш важных на заходняй мяжы СССР. Мытная зала была аздоблена пано мастака Валянціна Волкава, на якім былі выявы «калгаснага будаўніцтва» і Днепрабуду. Акрамя гэтага, тут была вялікая мапа, на якой адзначаліся паказальнікі выканання ў СССР пяцігадовага плану. Улады СССР хацелі, каб госці з замежжа ўбачылі тэмпы развіцця эканомікі савецкай краіны. Пра тое, якім коштам гэта адбываецца, ніхто, безумоўна, не казаў.


Савецкі памежнік 1930 г.ода


Абарона і праца



Улічваючы памежны статус БССР, амаль у кожным нумары «Чырвонай Беларусі» былі справаздачы аб функцыянаванні гарнізонаў Чырвонай Арміі, размешчаных у Беларусі, а таксама інфармацыя пра манеўры, на якіх чырвонаармейцы рыхтаваліся да абароны рэспублікі. Вялікая ўвага ў выданні надавалася крытыцы буржуазных суседзяў СССР. Аўтары шкадавалі працоўных і сялян на тэрыторыі Польшчы, Францыі, Германіі і іншых краін.


11 гадоў БССР


«Галоўныя ўдары белага тэрору накіраваны супраць авангарду рэвалюцыйнага руху — кампартыі. Разумеючы, што змаганне працоўных мас пад кіраўніцтвам кампартыі давядзе да перамогі гэтых мас, да пагібелі капіталістычнага ладу, фашызм прымае ўсе меры, каб фізічна знішчыць камуністаў, робіць гэта з мэтай, каб вырваць з карэннем кампартыю з працоўных гушч, пазбавіць іх рэвалюцыйнага кіраўніцтва, запрэгчы іх у калясніцу сваёй палітыкі эксплуатацыі, вайны, голаду, беспрацоўя», — адзначалася ў артыкуле «У краіне белага тэрору», які быў прысвечаны сітуацыі ў Другой Рэчы Паспалітай.


Вокладка часопісу пра Першую ўсебеларускую сельскагаспадарчую і прамысловую выставу ў Мінску


У жніўні 1930-га амаль увесь нумар «Чырвонай Беларусі» быў прысвечаны адной з галоўных падзей у жыцці міжваеннай БССР, а менавіта адкрыццю Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы ў Мінску. На вокладцы выдання быў вялікі здымак галоўнага корпусу беларускай ВДНГ. «Пад выставу адведзена плошча ў 75 га. [...] Наша задача — упэўніць селяніна, што выхад з жабрацкага становішча, у якім ён яшчэ знаходзіцца, толькі ў пераходзе ад карлікавай гаспадаркі да буйнога земляробства», — падкрэслівалася ў выданні.


Вокладка "Чырвонай Беларусі"


Архітэктура і быт



Асобная група матэрыялаў была прысвечана архітэктурнаму будаўніцтву ў БССР. Амаль у кожным нумары былі здымкі новых будынкаў, якія ўзводзіліся ў розных гарадах савецкай Беларусі. Аднак найбольшая ўвага надавалася сталіцы.


Архітэктура новага Мінску. Фабрыка-кухня


«Стары Мінск хутка зменіць свой знешні выгляд. Паміж старажытным, заняпалым, дробна-шляхецкім «губернскім горадам Мінскам» і нашым цяперашнім пралетарскім Мінскам — сталіцай савецкай Беларусі — велізарная бездань. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае новы змест і афармленне будынкаў. Прыватнаўласніцкія палацы, якія будаваліся раней як і «прыбытковыя дамы», разам з прылізанымі казённымі афіцыйнымі будынкамі губернскіх устаноў замяняюць будынкі новых тыпаў: працоўныя клубы, новыя навукова-даследчыя ўстановы, дамы для рабочых, завадскія карпусы. [...] Пройдзе яшчэ крыху часу, яшчэ шырэй разгорнецца будаўніцтва — і канчаткова знікнуць сляды старога Мінска. На іх месцы паўстане цалкам новы пралетарскі горад, цытадэль на мяжы капіталістычнага Захаду і першай у свеце краіне Саветаў», — адзначалася ў артыкуле прафесара М. Шчакаціхіна «Новы Мінск», апублікаваным у адным з нумароў «Чырвонай Беларусі».

Мінск. Вуліцы Ленінская і Савецкая


За гады існавання выданне ператварылася ў сапраўдны летапіс БССР. І сёння часопіс «Чырвоная Беларусь» з’яўляецца крыніцай па гісторыі савецкай Беларусі пачатку 1930-х гадоў.






Абмеркаванне:

  • Dziad Maciej
  • 2016-12-07 12:57:16
Cikawaja krynica! Dziakuj za publikacyju

Каментаваць