Беларусы, якія змагаліся з фашызмам у брытанскім войску

Ігар Мельнікаў прапануе нам успомніць пра не менш за 259 беларускіх жаўнераў, якія, як і савецкія, вызвалялі Еўропу ад нацызму, толькі ў складзе брытанскага войска. 
Жаўнеры Арміі Андэрса ў Монтэ-Касіна

Жаўнеры Арміі Андэрса ў Монтэ-Касіна



Пастаўце сабе ў план вандровак па Італіі наведванне мемарыяла ў Монтэ-Касіна.


Я шмат пра што мару. Напрыклад, я хацеў бы наведаць вайсковыя могілкі ля манастыра Монтэ-Касіна ў мундзіры жаўнера 5-й крэсовай дывізіі Арміі Андэрса і ўскласці кветкі на магілы тых, хто мужна змагаўся з нацызмам і пра каго доўгі час не жадалі ўзгадваць у Беларусі. Беларускія жаўнеры Арміі Андэрса, героі вызвалення Італіі, знайшлі свой апошні прыстанак за тысячы кіламетраў ад Радзімы. Іх подзвіг шануюць у шматлікіх еўрапейскіх краінах, а мемарыял, дзе пахаваны жаўнеры 2-га польскага корпусу, стаў сімвалам жаўнерскай мужнасці. Аднак у Беларусі пра гэтыя могілкі ўзгадваюць рэдка. Ручаюся, што сярэднестатыстычны жыхар нашай краіны ўвогуле не ведае пра Монтэ-Касіна, а калі нешта і чуў пра гэта, то наўрад ці супаставіць гэтую старонку Другой сусветнай вайны з Беларуссю.

Жаўнеры верасня 1939-га


Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ў шыхтах Войска Польскага знаходзілася каля 70 тысяч беларусаў. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года гэтыя людзі гераічна змагаліся з гітлераўцамі. 17 верасня 1939 года пачаўся «вызвольны паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь», у выніку чаго значная колькасць польскіх вайскоўцаў апынулася ў савецкім палоне. Сярод гэтых людзей было нямала ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Акрамя гэтага, у перыяд з канца 1939-га да лета 1941-га года, у выніку арыштаў і дэпартацый з заходніх абласцей БССР у савецкіх лагерах і турмах апынулася шмат грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусаў.

Пасля нападу Германіі на СССР быў заключаны савецка-польскі дагавор, у адпаведнасці з якім польскія грамадзяне, якія знаходзіліся ў савецкіх лагерах і турмах, атрымалі свабоду. Акрамя гэтага ў Савецкім Саюзе пачалося фарміраванне польскай арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. У пастанове Дзяржаўнага камітэта абароны гаварылася: «У сувязі з павелічэннем колькасці польскай арміі да 96 000 чалавек дазволіць прызыў грамадзян польскай нацыянальнасці, якія да 1939 года жылі на тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Сюды ўваходзілі як вайсковапалонныя, так і спецпасяленцы, якіх дэпартавалі ўглыб СССР у 1940–1941 гадах.

 
Генерал Уладзіслаў Андэрс

Генерал Уладзіслаў Андэрс



У ліпені 1942 года было прынята рашэнне перадыслакаваць польскія войскі ў Іран. Эвакуацыя праходзіла ў два этапы: першы — з 24 сакавіка па 4 красавіка 1942 г., другі — з 5 па 25 жніўня 1942 году. Усяго з тэрыторыі Савецкага Саюза было выведзена 75 488 салдат і 37 765 грамадзянскіх, сярод іх каля 6-8 тысяч беларусаў, якія трапілі ў польскую армію альбо як грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай, альбо запісаўшыся палякамі. «Польская нацыянальнасць» тады ўратавала жыццё шматлікім беларусам, бо давала магчымасць вызваліцца з абдымкаў людаедскай бальшавіцкай сістэмы. 2-гі польскі корпус, у які былі зведзены ўсе часткі, якія эвакуіраваліся з СССР, быў падпарадкаваны англійскаму камандаванню. З Ірана жаўнераў Войска Польскага перакінулі ў Ірак, а затым у Паўночную Афрыку, дзе яны ваявалі супраць італа-германскіх войскаў, якімі камандаваў генерал Э. Ромель.


«Ключ» да Рыму


У канцы 1943 года армія генерала Андэрса была перадыслакавана на Апенінскі паўвостраў. Адной з галоўных перашкод на шляху англа-амерыканскіх войскаў на Рым была гара Монтэ-Касіна (вышыня — 516 метраў). На яе вяршыні знаходзілася абацтва бенедыктынаў. У падножжа, у даліне ракі Ліры, праходзіла стратэгічна важная шаша № 6 Неапаль-Рым. У нямецкім плане абароны скалісты комплекс вышынь Монтэ-Касіна выконваў ролю ключавога ўчастка. Гара знаходзілася ў цэнтры нямецкіх умацаванняў: «лініі Густава» і тылавой «лініі Гітлера». Па разліках англа-брытанскага камандавання, баі ў гэтым раёне павінны былі адцягнуць на сябе рэзервы немцаў і забяспечыць поспех у Анцыа, дзе вызначалася высадка саюзнікаў.

Пра баявыя дзеянні ў італьянскіх гарах брытанскі прэм'ер-міністр Уінстан Чэрчыль пісаў: «Манастыр панаваў над усім полем бітвы. Таму 15 лютага пасля таго, як манахаў папярэдзілі, на манастыр было скінута больш за 450 тон бомбаў, і ён моцна пацярпеў, хоць трывалыя вонкавыя сцены і вароты ацалелі. Бамбаванне не дало жаданых вынікаў. Немцы атрымалі магчымасць выкарыстоўваць для абароны разваліны».


 
Руіны манастыру ў Монтэ-Касіна

Руіны манастыру ў Монтэ-Касіна



Манастыр у Монтэ-Касіна сёння

Манастыр у Монтэ-Касіна сёння



Найважную ролю ў вырашальным штурме Монтэ-Касіна павінны былі адыграць войскі 2-га польскага корпуса, узмоцненыя англійскімі часткамі. Камандаванне брытанскай 15-й групы армій паставіла корпусу задачу: атакаваць шашу і даліну з Поўдня, адрэзаць вышыню з поўначы і паўночнага-захаду і прарваць асноўную нямецкую лінію абароны. Пасля гэтага жаўнеры Андэрса павінны былі атакаваць і заняць манастыр на вяршыні гары і захапіць населены пункт П'едзімонтэ.

Уначы з 16 на 17 траўня 1944 г. 16-ты батальён львоўскай брыгады КДП атакаваў вышыню «Прывід» (601) і заняў яе. На працягу двух дзён салдаты брыгады вялі бесперапынны бой з нямецкімі парашутыстамі за сугор'е Сан Анджэла. У атаках удзельнічалі ўсе жаўнеры ўсіх падраздзяленняў, уключаючы гаспадарчы узвод, механікаў і сувязістаў. Нарэшце, 18 траўня ўвечары былі ўзятыя нямецкія пазіцыі ля Сан Анджэла, а на світанні 19 траўня вышыня 575. На ўчастку 3-й ДКС ўвечары 17 траўня была занята вышыня 593, а на наступны дзень і стратэгічна важны ўмацаваны пункт — ферма Маса Альбанэта. 18 траўня 12-ты полк падольскіх уланаў канчаткова заняў разваліны манастыра і ў 09:50 вывесіў там польскі сцяг. У 16:00 была ўсталявана сувязь з англійскімі войскамі. Нямецкія часткі, якія выжылі ў той «мясасечцы», вымушаны былі адысці. У ходзе баявых дзеянняў ля Монтэ-Касіна страты польскіх падраздзяленняў склалі 924 забітых, сярод якіх была значная колькасць ураджэнцаў Заходняй Беларусі. Страты немцаў — 1100 забітых і параненых.


Мемарыял у гарах



 
Першапачатковыя пахаванні жаўнераў у Монтэ-Касіна

Першапачатковыя пахаванні жаўнераў у Монтэ-Касіна


Ужо 18 траўня 1944 года генерал Уладзіслаў Андэрс выдаў загад аб стварэнні вайсковых могілак на месцы кровапралітнай, але пераможнай бітвы. Хутка галоўны капелан 2-га польскага корпуса, ксёндз Уладзімеж Цэнскі і некалькі штабных афіцэраў накіраваліся на поле бою, каб акрэсліць месца для стварэння некропаля. За аснову быў прыняты праект інжынера Вацлава Грыневіча. Зямля (каля 5 гектараў), на якой было вырашана зрабіць могілкі, была ва ўласнасці манастыру і некалькіх прыватных уласнікаў. Апошнім польскія ўлады заплацілі «адчэпныя», а вось улады Абацтва аддалі зямлю дарам. Дарэчы акт перадачы зямлі падпісваў сам генерал Уладзіслаў Андэрс.

Будаўніцтва мемарыялу працягвалася некалькі гадоў, з кастрычніка 1944 года да восені 1946 года. Кіраўніком будаўнічых прац быў інжынер Тадэвуш Мушынскі. У працах былі задзейнічаны 39 жаўнераў Войска Польскага і каля 700 італьянскіх працоўных.

Варта разумець, што працаваць будаўнічым прыйшлося на месцы, дзе яшчэ нядаўна ішлі кровапралітныя баі. Амаль уся тэрыторыя кішэла мінамі і бомбамі.
 

11 італьянскіх працоўных падарваліся на нямецкіх фугасах. Камень для мемарыялу бралі з бліжэйшых каменяломняў, а травертын для выканання надмагілляў ахвяраваў італьянскі ўрад. Урэшце, на могілках пахавалі парэшткі жаўнераў, эксгумаваныя з часовых пахаванняў, якія знаходзіліся побач, а таксама тых, хто памёр ад раненняў у больш позні час (напрыклад, у 1949 годзе ад атрыманых падчас бітвы пад Монтэ-Касіна раненняў памёр беларус Мікалай Мароз. Яго цела было пахавана на мемарыяльных могілках побач з іншымі андэрсаўцамі). 1 верасня 1945 года мемарыял быў асвечаны палявым біскупам Войска Польскага Юзафам Гаўлінай.

Беларускія магілы на Монтэ-Касіна


Як вядома, сярод палеглых у той бітве польскіх жаўнераў былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Таму арганізатары мемарыялу пахавалі асобнымі групамі праваслаўныўных, іудзеяў, а таксама безыменных жаўнераў. Ёсць там магіла і татарскага жаўнера Войска Польскага. Як адзначае гісторык Юры Грыбоўскі, першая спроба падлічыць колькасць жаўнераў Арміі Андэрса з Беларусі, якія пахаваны на могілках у Монтэ-Касіна, была зроблена ў 1951 годзе, калі ў эмігранцкай газеце «За Волю», якая выходзіла ў Францыі, быў апублікаваны спіс 259 беларусаў, пахаваных там. Пазней, аднак, гэтая лічба неаднаразова карэктавалася. Справа ў тым, што, безумоўна, не ўсе, хто нарадзіўся ў Беларусі і загінуў у 1944 годзе ў Італіі, былі беларусамі па нацыянальнасці. Разам з тым, лёс гэтых людзей звязаны з нашай краінай і яны — частка нацыянальнай беларускай гісторыі ў незалежнасці ад веравызнання і паходжання.

 
Магілы жаўнераў 2-га корпуса пад Монтэ-Касіна

Магілы жаўнераў 2-га корпуса пад Монтэ-Касіна


На надмагільных плітах пахаванняў, у якіх спачываюць жаўнеры-андэрсаўцы, прадстаўлена амаль уся заходняя частка нашай Беларусі: Маладзечна, Валожын, Ліда, Пінск, Горадня, Пружаны, Браслаў, Стоўбцы, Столін, Ашмяны, Ваўкавыск і шмат іншых гарадоў, вёсак, мястэчак. Большасць сярод пахаваных на Монтэ-Касіна польскіх жаўнераў з Беларусі былі радавымі. Тут варта ўзгадаць ураджэнца Навагрудчыны Канстанціна Астрэйку. Да нападу Германіі на СССР ён служыў у Чырвонай Арміі, а пазней перавёўся ў Армію Андэрса і ў складзе брытанскага войска мужна змагаўся з нацыстамі. У сваю чаргу, з ГУЛАГу ў шыхты Войска Польскага ў СССР трапілі Аркадзь Барысевіч і Антон Хвайніцкі. Палешук Юрась Ясінскі нарадзіўся ў сям'і лясніка. Хлопцу было ўсяго 17 гадоў, калі ён быў смяротна паранены падчас баёў ля Монтэ-Касіна.

 


Сярод пахаваных на могілках у Монтэ-Касіна ёсць і афіцэры Войска Польскага, беларусы па паходжанні. Падпаручнік Эдвард Лазічонак з вёскі Мосань, Пастаўскага павету, падчас баявых дзеянняў у Італіі камандаваў адным з падраздзяленняў 13-га стралковага батальёна. У першы дзень штурму добра ўмацаваных пазіцый нацыстаў 12 траўня 1944 года ён падняў сваіх жаўнераў у атаку. У той дзень шмат ураджэнцаў Заходняй Беларусі назаўсёды засталіся ля падножжа Монтэ-Касіна. Сярод іх быў і падпаручнік з Віленскага ваяводства. За гэты подзвіг беларус быў узнагароджаны вышэйшай польскай узнагародай — Крыжом Віртуці Мілітары V ступені. Тады ж загінуў і іншы беларускі афіцэр Арміі Андэрса, ураджэнец вёскі Апечкі, што на Стаўбцоўшчыне, падпаручнік Міхаіл Высоцкі. Да моманту гібелі ён служыў ў 5-м палку супрацьпаветранай артылерыі, які ўваходзіў у склад 5-й КДП.

Мала хто ведае, што педантычныя брытанцы захавалі рэчы ўсіх загінулых пад Монтэ-Касіна жаўнераў Войска Польскага. Да 2005 года яны знаходзіліся ў Вялікабрытаніі, а пазней брытанскія ўлады перадалі артэфакты ў распараджэнне Цэнтральнага вайсковага архіва Польшчы. Зараз там знаходзяцца рэчы і ўзнагароды 1630 «андэрсаўцаў», у тым ліку беларускага паходжання.

На сённяшні дзень за рэчамі сваякоў звярнулася толькі 53 асобы. Іншыя, відавочна, проста не ведаюць пра такую магчымасць.

 


І гэта не дзіўна, бо гісторыя беларускіх жаўнераў Арміі Андэрса на іх Радзіме доўгі час была табуявана. Іх не заўважалі ўлады, пра іх не ведала грамадства і нават блізкія не здагадваліся, што іх дзед таксама, як і савецкія жаўнеры, вызваляў Еўропу ад нацызму, толькі ў складзе брытанскага войска. На жаль і сёння гэтая тэма ў Беларусі застаецца ў цені. Дзяржава яе не заўважае, а грамадства, акрамя сваякоў ветэранаў-андэрсаўцаў, амаль нічога пра гэта не ведае. Таму варта вяртаць гістарычную праўду пра гэтых жаўнераў свабоды, якія ўнеслі свой уклад у перамогу над нацызмам.


kyky.org

Сучасныя фота: Уладзімір Колат, архіўныя: з калекцыі аўтара




Каментаваць