Бесарабія. Гісторыя адной анексіі

Пасля эйфарыі ад лёгкага і хуткага далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а таксама краін Балтыі, Сталін скіраваў погляд на Поўдзень, дзе знаходзілася багатае на нафту Румынскае каралеўства.

Мітынг у падтрымку далучэння Бесарабіі да СССР

Мітынг у падтрымку далучэння Бесарабіі да СССР




Спрэчная тэрыторыя


Да Першай сусветнай вайны тэрыторыя Бесарабіі ўваходзіла ў склад імперыі Раманавых. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут была абвешчана Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка, якую ў студзені 1918 года акупавалі румынскія войскі. Урад Румыніі падпісаў з малдаўскім кіраўніцтвам дамову аб уваходжанні Бесарабіі ў склад каралеўства. Аднак бальшавікі не жадалі з гэтым мірыцца.

У кастрычніку 1920 года Румынія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія і Японія падпісалі ў Парыжы так званы «Бесарабскі пратакол», які прызнаваў за Бухарэстам права на тыя тэрыторыі. Саветы дакумент не прызналі. У наступныя гады адбыўся шэраг палітычных сустрэч і канферэнцый, на якіх абмяркоўваўся статус Бесарабскага краю, якія, аднак, нічым не скончыліся. У 1924 годзе па прапанове Георгія Катоўскага Крэмль стварыў Малдаўскую аўтаномную рэспубліку, якая, па меркаванні Масквы, павінна была стаць «цэнтрам аб’яднання малдаўскага народа» (пасля распаду СССР гэтая аўтаномія ператворыцца ў непрызнаную Прыднястроўскую Малдаўскую рэспубліку. — І.М.).

У 1932 годзе адбыліся савецка-румынскія перамовы ў Рызе, якія зноў не прывялі да ўзгаднення пазіцый краін адносна статуса Бесарабіі.



Мапа Бесарабіі з савецкагага атласа 1939 года


Паміж саветамі і нацыстамі


Цяжкую сітуацыю, у якой у канцы 1930-х гадоў аказалася Румынія, выдатна адчуў карэспандэнт амерыканскага часопіса «Life», які пісаў: «Яна здабывае нафты і прыроднага газу больш, чым усе еўрапейскія дзяржавы. [...] Румынія адчувае небяспеку з боку кожнага са сваіх суседзяў. Аднак Германія — найбольш небяспечны з іх. З моманту, калі Гітлер аб’явіў Дунай «германскай ракой», кароль Караль павінен гарантаваць забеспячэнне Германіі пшаніцай для харчавання грамадзян Рэйху, і нафтай для таго, каб нямецкія машыны рухаліся».


Нафтавыя палі ў Румыніі, 1939 год

Нафтавыя палі ў Румыніі, 1939 год




23 сакавіка 1939 года Румынія падпісала з Трэцім Рэйхам «Дамову аб развіцці эканамічных адносін», якая, па сутнасці, азначала, што здабыча і перапрацоўка нафты, а таксама румынскія прамысловыя прадпрыемствы пераходзяць пад кантроль Гітлера. У размове з германскім паслом Фабрыцыусам румынскі міністр замежных спраў Грыгор Гафэнку адзначыў, што ў выпадку вылучэння савецкім бокам тэрытарыяльных прэтэнзій Бухарэст звернецца па дапамогу да Берліна. Калі Германія не падтрымае Румынію, то непазбежна будзе румына-савецкая вайна і Рэйх не будзе атрымліваць нафту і збожжа.

Аднак немцы на гэтае папярэджанне не адрэагавалі. У заключаным у Маскве 23 жніўня 1939 года пакце Молатава-Рыбентропа адзначалася, што «датычна паўднёвага ўсходу Еўропы з савецкага боку падкрэсліваецца інтарэс СССР да Бесарабіі. З германскага боку заяўляецца пра яе поўную палітычную незацікаўленасць у гэтых абласцях». У верасні 1939 года пачаліся Другая сусветная вайна і перадзел сфер уплыву ў Еўропе.


Адна з памежных чыгуначных станцый у Бесарабіі, 1939 год

Адна з памежных чыгуначных станцый у Бесарабіі, 1939 год



Ужо 17 верасня 1939 года, у першы дзень «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну», румынскія войскі на мяжы з СССР былі прыведзены ў баявую гатоўнасць. «У 19.00 супраць стыку Рыбніцкага і Ціраспальскага памежных атрадаў на румынскім баку, на востраве, размясціўся атрад са станковым кулямётам. У вёску Аксенція, насупраць 2-га памежнага атрада, прыбыла 300 румынскіх жаўнераў. У раёне мястэчка Рэзіна Оргіеўскага павету, які знаходзіцца насупраць Рыбніцкага памежнага атрада, румыны завяршаюць будаўніцтва абарончых збудаванняў», — адзначалася ў данясенні Галоўнага ўпраўлення памежных войскаў НКУС СССР.

Напружанасць на дэмаркацыйнай лініі паміж СССР і Румынскім каралеўствам адзначалася да лета 1940 года. У дакументах савецкіх памежнікаў падкрэслівалася, што румыны ўзмацняюць абарону суседніх з СССР тэрыторый. 6 студзеня 1940 года ў Кішынёве румынскі манарх Караль ІІ заявіў: «Мы будзем бараніць Бесарабію да апошняга».


Кароль Румыніі, Караль ІІ

Кароль Румыніі, Караль ІІ



А сітуацыя на румына-савецкай мяжы ўсё больш нагадвала баявую. У сакавіку 1940 года намеснік наркама ўнутраных спраў Савецкага Саюза, камкор Іван Масленікаў інфармаваў кіраўніцтва, што «румынскія жаўнеры замінавалі чыгуначны мост на рацэ Днестр на чыгуначнай дарозе Ціраспаль — Бендэры». «Пратэсты нашых камандзіраў па ўсіх выпадках ці застаюцца без адказу, ці адхіляюцца. [...] Асабліва вызываючую пазіцыю займае камандзір румынскага сектара аховы №4 маёр Іянэску, на ўчастку якога колькасць абстрэлаў з’яўляецца найбольш вялікай. Неаднаразовыя спробы начальніка Малдаўскага памежнага атрада пачаць працу па разборы і ўрэгуляванні інцыдэнтаў натыкаюцца на ўпартае супраціўленне маёра Іянэску. Так, напрыклад, ён упарта спрабуе навязаць нашаму прадстаўніку заведама непрымальную фармулёўку наймення лініі ракі Днестр як дзяржаўнай мяжы. [...] На ўчастку Малдаўскага памежнага атрада маецца 25 інцыдэнтаў», — пісаў у адной са справаздач намеснік наркама.

29 сакавіка 1940 года наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў паінфармаваў румынскі бок, што «адсутнасць пакта аб ненападзе паміж дзяржавамі звязана з бесарабскім пытаннем». 19 красавіка 1940 года Каронная рада (вышэйшы орган улады Румыніі) адмовілася добраахвотна перадаваць Бесарабію і вобласць Герца (тэрыторыя ля аднайменнага горада ля Чарнаўцоў. — І.М.) Савецкаму Саюзу і выказалася за ўзброены супраціў у выпадку вайсковай агрэсіі. Прыхільнікаў гэтай ідэі было шмат і сярод афіцэрскага складу румынскага войска.

Лейтэнант Пятрэску з жонкай 

Лейтэнант Пятрэску з жонкай 



Лейтэнант Карнэліу Пятрэску праходзіў службу ў адной з пяхотных частак, размешчаных у Бесарабіі. У сваіх лістах дадому ён адзначаў, што калі Чырвоная Армія нападзе на Румынію, то каралеўскае войска будзе змагацца з ворагам да апошняга. Тым больш, што пасля паразы Польшчы ў вайне супраць Германіі ў распараджэнні румын аказалася значная частка тэхнікі Войска Польскага. Некаторыя танкі і самалёты (як, напрыклад, 34 новыя танкі Renault R-35. — І.М.) трапілі да іх пасля эвакуацыі палякаў на тэрыторыю каралеўства. Іншая тэхніка была атрымана ад новага саюзніка — Трэцяга Рэйха.


Былыя польскія танкі Рэно r-35, у складзе румынскага войска

Былыя польскія танкі Рэно r-35, у складзе румынскага войска



Масква вырашае дзейнічаць


У маі 1940 года Крэмль пачаў рыхтавацца да баявых дзеянняў супраць Румыніі. Чаму менавіта ў гэты час? З самага пачатку Другой сусветнай вайны Сталін уважліва назіраў за геапалітычнымі гульнямі ў Еўропе. Ён чакаў, чыя возьме — Рэйх ці саюзнікі? Напад Германіі на Францыю прымусіў «бацьку народаў» актывізаваць дзеянні на паўднёвым кірунку. На базе Кіеўскай асаблівай вайсковай акругі быў створаны Паўднёвы фронт у складзе 5, 9, 12 армій (32 стралковыя, 2 мотастралковыя, 6 кавалерыйскіх дывізій, 11 танкавых і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, 14 карпусных артылерыйскіх палкоў. Усяго каля 460000 жаўнераў, 12000 гармат і мінамётаў, каля 3000 танкаў і 2160 самалётаў — І.М.). Камандаваў фронтам генерал арміі Георгій Жукаў.


Генерал Г.Жукаў у Бесарабіі, лета 1940 года

Генерал Г.Жукаў у Бесарабіі, лета 1940 года



Супрацоўнікі савецкіх штабоў рыхтавалі тапаграфічныя мапы будучага тэатра ваенных дзеянняў. Выведнікі вывучалі памежныя румынскія ўмацаванні і лінію абароны. Для дзеянняў на рэках стваралася Дунайская флатылія ВМФ РСЧА. 11 чэрвеня 1940 года савецкія войскі высунулася ў бок дэмаркацыйнай лініі з Румыніяй.

Паводле плану, часткі Чырвонай Арміі павінны былі нанесці па румынскіх войсках два ўдары: у кірунку Кішынёва і Чарнаўцоў і, такім чынам, узяць праціўніка «у кацёл». Пры гэтым савецкі бок планаваў актыўна выкарыстаць авіяцыю і дэсант. Савецкія караблі Чарнаморскага флоту павінны былі блакіраваць румынскае ўзбярэжжа. 19 чэрвеня 1940 года ў Праскураве камандаванне РСЧА правяло аператыўны занятак з удзелам камандавання вайсковых злучэнняў, якія планавалася выкарыстаць у гэтай аперацыі.

23 чэрвеня 1940 года Вячаслаў Молатаў сустрэўся з германскім паслом Шуленбургам і паінфармаваў таго, што савецкі бок цікавіць не толькі Бесарабія, але і Паўночная Букавіна. Пазіцыю Крамля чыноўнік абгрунтаваў проста: «Там жывуць украінцы!» Берлін вырашыў не перашкаджаць бальшавікам. Ёахім Рыбентроп праз Шуленбурга толькі выказаў «пажаданне», каб румынская тэрыторыя не стала арэнай вайсковых дзеянняў, бо Рэйх зацікаўлены ў хлебе і нафце.

Мапа Румыніі

Мапа Румыніі



26 чэрвеня 1940 года Молатаў перадаў румынскаму паслу ў Маскве Георге Давідэску заяву з патрабаваннем «вярнуць» СССР спрэчныя тэрыторыі. Румынскі дыпламат адмовіўся прыняць мапу, на якой адзначалася прапанаваная бальшавікамі новая мяжа, што вельмі ўскладніла сітуацыю.

Румынскі кулямётчык на мяжы з СССР

Румынскі кулямётчык на мяжы з СССР


Румынія капітулюе


Бухарэст спрабаваў знайсці дапамогу ў Берліне, Рыме, Бялградзе і Афінах, аднак урады краін-суседак параілі румынам саступіць. Толькі Турцыя выказалася ў падтрымку Румыніі. У выніку цяжкіх дыскусій, якія адбываліся на пасяджэннях Каралеўскай рады, было прынята рашэнне прыняць савецкі ўльтыматум. Паўплывала на гэта і капітуляцыя Францыі ў вайне з Германіяй.

Румынскія артылерысты ў Бесарабіі, лета 1940 года

Румынскія артылерысты ў Бесарабіі, лета 1940 года



У дакуменце, які румыны накіравалі ў Маскву, адзначалася: «Каб пазбегнуць кровапраліцця, румынскі ўрад прымае ўмовы эвакуацыі, азначаныя ў савецкай прапанове». У 7.00 28 чэрвеня 1940 года камандаванне румынскай армейскай групоўкі на Усходзе атрымала загад № 6006, які прадпісваў пачаць хуткую эвакуацыю Чарнаўцоў, Кішынёва і іншых гарадоў. Пры гэтым галоўнае камандаванне загадвала рабіць усё, каб пазбегнуць сутыкненняў з Чырвонай Арміяй. Румынскім афіцэрам прадпісвалася адвесці свае падраздзяленні за раку Прут і наладзіць кантакт з прадстаўнікамі савецкіх уладаў і Чырвонай Арміі.

У той жа дзень часткі Чырвонай Арміі перайшлі дэмаркацыйную лінію з Румыніяй.



Савецкі танк Т-26 у Бесарабіі

Савецкі танк Т-26 у Бесарабіі



Без баёў не абышлося


Не ўсе румынскія памежнікі атрымалі загад аб эвакуацыі. Вось вытрымка з адной з тэлефанаграм, якую накіраваў камандаванню афіцэр савецкага Ізмаілскага памежнага атрада: «Прашу перадаць генерал-маёру, што часткі Чырвонай Арміі фарсіравалі Днестр толькі на ўчастку Ямпаль. Перапраў тут няма. Румынскія пікеты (памежныя пасты) у большасці застаюцца на месцы. Ці можна паклікаць румын на сустрэчу і прапанаваць ачысціць правы бераг. Інакш заняцце пікетаў непазбежна выкліча сутыкненні. Ліквідаваць іх сілай мы маем магчымасць».


Палонныя румынскія памежнікі, чэрвень 1940 года, Бесарабія

Палонныя румынскія памежнікі, чэрвень 1940 года, Бесарабія



 Масква «забараняла» чырвонаармейцам прымяняць сілу ў заняцці румынскіх памежных застаў, аднак там, дзе каралеўскія памежнікі працягвалі несці службу, іх сілай прымушалі скласці зброю і бралі ў палон.

Афіцэр РСЧА абшуквае палонных румынскіх памежнікаў


Падчас «Бесарабскага паходу» савецкі бок актыўна выкарыстоўваў авіяцыю. Так, 29 чэрвеня 1940 года ля мястэчка Болград адбылася высадка савецкага дэсанту са складу 204-й паветрана-дэсантнай брыгады (1372 жаўнеры). У гэтай аперацыі было выкарыстана 99 самалётаў ТБ-3. У гэты ж дзень падраздзяленнямі 201 паветрана-дэсантнай брыгады быў узяты горад Ізмаіл. Захоп абодвух населеных пунктаў суправаджаўся сутыкненнямі з румынскімі войскамі, а ў мястэчку Рэні савецкія дэсантнікі абяззброілі 28-мы і 32-гі пяхотныя батальёны румынскай 142-й дывізіі.

Значная частка афіцэраў каралеўскага войска выступала супраць капітуляцыі. «Мы здаём свае пазіцыі без бою, хоць маглі б даць годны адказ бальшавікам», — пісаў у лісце дахаты лейтэнант Карнэліу Пятрэску. Некаторыя румынскія камандзіры не вытрымлівалі ганьбы і страляліся. «На тэрыторыі Бесарабіі адбываецца багата інцыдэнтаў, у выніку якіх паранена шмат нашых вайскоўцаў. Саветы часта спрабуюць абяззброіць нашых і арыштаваць», — адзначаў у сваім дзённіку адзін з супрацоўнікаў румынскага МЗС.


Савецкі афіцэр абшуквае палонных румынскіх памежнікаў

Савецкі афіцэр абшуквае палонных румынскіх памежнікаў



«Бесарабскі паход» аказаўся цяжкім выпрабаваннем для Чырвонай Арміі. Праблемы ў тэхнічнай падрыхтоўцы і тылавым забеспячэнні войска праявіліся яшчэ падчас «вызвалення» Заходняй Беларусі і Украіны, калі вялікія матарызаваныя злучэнні спынялі рух не з-за супраціву Войска Польскага, а з-за банальных паломак ці недахопу паліва. Тое ж самае было і ў Бесарабіі. «Кінуўшы працу, я пабегла дадому. Па дарозе праз вёску Цапілава праходзілі брудныя, ахоўнага колеру бронемашыны. Шмат тэхнікі стаяла на абочыне дарогі. Чорныя лужыны змазачнага масла былі бачныя на дарозе, а брудныя байцы нешта чынілі. Адна машына выйшла са строю на перакрыжаванні непадалёк ад нашага дома. З яе цякло нешта чорнае, і вясковыя хлапчукі хіхікалі: «Як авечка — дзе стаў, там і лужына». За сарокскім мостам ляжала перакуленая машына. Побач труп жаўнера, укрыты плашч-палаткай. На абочыне сядзеў жаўнер з вінтоўкай. «Як гэта здарылася?» — запыталася я. «Горы-та якія. Тармазы не вытрымалі», — адказаў ён. Я здзівілася: якія горы? Маленькі ўхіл», — узгадвала жыхарка Бесарабіі Ефрасіння Керсноўская.


Савецкая вайсковая тэхніка на мяжы з Бесарабіяй, лета 1940


Эвакуацыя не ўдалася


Камандаванне 4-й румынскай арміі яшчэ 12 чэрвеня 1940 года прапанавала адвесці ў тыл склады і абслуговы персанал. Тады ж румынскія генералы адзначалі неабходнасць эвакуацыі з Бесарабіі на Захад культурных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў. Аднак нічога гэтага зроблена не было. Распрацаваныя румынамі ў даваенны час планы эвакуацыі аказаліся далёкімі ад рэчаіснасці. Цяжкай была сітуацыя з эвакуацыяй насельніцтва. У першую чаргу Бухарэст імкнуўся вывезці на сваю тэрыторыю маладое мужчынскае насельніцтва — патэнцыйных рэзервістаў. Менш увагі надавалі прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў.

З румынскага боку ў камісію па эвакуацыі ўваходзілі генерал Аўрэл Алдэа і палкоўнік Хаджы Стоіца. Па іроніі лёсу, апошні яшчэ за паўгода да гэтага адказваў за арганізацыю прыёму бежанцаў з акупаванай нацыстамі Польшчы. Румынскія вайскоўцы пратэставалі супраць хуткага прасоўвання савецкіх войскаў на тэрыторыі Бесарабіі, аднак бальшавікі на гэта не рэагавалі. 3 ліпеня 1940 года ў 14.00 савецкія памежнікі закрылі памежныя пераходы на новай савецка-румынскай мяжы. Румынія патрабавала ад Крамля дазволіць выезд з Бесарабіі і Паўночнай Букавіны 15 тысяч румынскіх грамадзян і эвакуацыю вайсковай маёмасці, але рашэнне аб агульным пропуску гэтых людзей так і не было прынята. Да жніўня 1940 года вярнуцца ў Румынію змаглі толькі 3 тысячы чалавек.

Румынскае насельніцтва эвакуюецца з Бесарабіі, чэрвень 1940 года

Румынскае насельніцтва эвакуюецца з Бесарабіі, чэрвень 1940 года



Савецкая Малдавія


У Бесарабіі назіраліся працэсы, падобныя на тыя, што пасля 17 верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі. Частка мясцовага насельніцтва нападала на паліцыю, дзяржаўныя ўстановы, знішчала дзяржаўныя сімвалы каралеўства, спрабавала абяззброіць невялікія атрады румынскага войска. Большасць такіх выпадкаў здаралася ў гарадах, дзе было шмат яўрэйскага насельніцтва. Румынскія ўлады гэтага чакалі. Яшчэ 26 чэрвеня 1940 года міністр унутраных спраў Румыніі Міхаіл Гельменэску прасіў галоўнага равіна Аляксандра Шафрана папярэдзіць бесарабскіх яўрэяў аб недапушчальнасці арганізацыі правакацый супраць румынскага войска і мясцовых органаў улады.

Але значная частка багатых гандляроў, фабрыкантаў і землеўласнікаў яўрэйскага паходжання спрабавалі эвакуявацца ў Румынію. Яны ведалі пра дэпартацыі і саветызацыю Заходняй Украіны, і нічога добрага ад новай улады не чакалі.

З кветкамі жаўнераў Чырвонай Арміі сустракалі мясцовыя ўкраінцы. Здараліся і выпадкі, калі прадстаўнікі былой румынскай улады ладзілі святочныя мерапрыемствы ў гонар «савецкіх вызваліцеляў». Так, у мястэчку Сарокі мэр Георгі Лупашка, прэфект Пэтрэ Сфэкла і прадстаўнікі Партыі нацыянальнага адраджэння сустракалі чырвонаармейцаў хлебам-соллю. Румынская прэса ў тыя дні актыўна выкрывала здраднікаў, якія «прадаліся бальшавікам». Пры гэтым СССР румынскія газетчыкі імкнуліся «не чапаць». Відавочна, тут не абышлося без указання зверху. Летам 1940 года Румынскае каралеўства страціла 17% сваёй тэрыторыі і 18,9% насельніцтва.

2 жніўня 1940 года VII сесія Вярхоўнага савета прыняла рашэнне аб утварэнні Саюзнай Малдаўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У сакавіку 1941 года на гэтых тэрыторыях пачалі выдаваць пашпарты «з сярпом і молатам». Саветызацыя суправаджалася рэпрэсіямі і дэпартацыямі: у ноч з 12 на 13 чэрвеня 1941 года з Малдаўскай ССР былі вывезены члены сямей румынскіх ваеннапалонных і супрацоўнікаў былой каралеўскай дзяржадміністрацыі. Гэтыя людзі былі накіраваныя ў Казахскую СССР, Комі АССР, Краснаярскі край, Омскую і Новасібірскую вобласці. Усяго з Бесарабіі было дэпартавана 25 711 чалавек у 29 чыгуначных эшалонах.

Савецкая прапагандысцкая кніга пра Румынію

Савецкая прапагандысцкая кніга пра Румынію



Хаўруснік Трэцяга Рэйху


Анексія Бесарабіі, Паўночнай Букавіны і вобласці падштурхнула румынскае кіраўніцтва на яшчэ большае збліжэнне з Германіяй. Берлін жа быў устрывожаны «цікавасцю» Масквы да нафтаносных абласцей Румыніі. І менш чым праз год, 22 чэрвеня 1941 года, румынскія часткі разам з вермахтам атакавалі Чырвоную Армію на рацэ Прут. У адным з такіх падраздзяленняў, якое першым ішло ў бой, служыў і лейтэнант Карнэліу Пятрэску.

Для каралеўскіх жаўнераў напад Гітлера на СССР стаў помстай за ганьбу, якую яны перанеслі год таму ў Бесарабіі. Адным з чырвонаармейцаў, які сустрэў ворага на памежнай рэчцы Прут, быў мой дзед, беларус, кулямётчык Харытон Мельнікаў. Па яго ўспамінах, першыя дні баёў у Бесарабіі былі вельмі жорсткімі і кровапралітнымі, аднак ворагу (а гэта былі дзве румынскія і адна нямецкая арміі) не ўдавалася істотна пацясніць савецкую абарону. Магчыма, у тых баях сышліся мой дзед і румынскі афіцэр Пятрэску. Абодва пазней удзельнічалі ў бітве за Адэсу: адзін абараняў горад, другі імкнуўся яго захапіць.

Харытон Мельнікаў на савецка-румынскай мяжы быў цяжка паранены, пазней вярнуўся ў дзеючую армію і ў складзе 269-й стралковай Рагачоўскай чырвоназнамёнай дывізіі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі і баях у Усходняй Прусіі. А Карнэліу Пятрэску даслужыўся да капітана, удзельнічаў у баях на Каўказе, вярнуўся ў Румынію, каб у 1944 годзе ваяваць на баку караля Міхая І ужо супраць нацысцкай Германіі. У 1947 годзе ён эміграваў у ЗША, і ягоны далейшы лёс невядомы.


Вайсковы білет чырвонаармейца Харытона Мельнікава, удзельніка абароны савецка-румынскай мяжы ў чэрвені 1941 года

Вайсковы білет чырвонаармейца Харытона Мельнікава, удзельніка абароны савецка-румынскай мяжы ў чэрвені 1941 года




З лета 1941-га па 1944 год Бесарабія і Паўночная Букавіна ўваходзілі ў склад Румынскага каралеўства. У сакавіку-жніўні 1944 года, у выніку Уманска-Баташанскай і Яска-Кішынёўскай аперацый войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў выбілі нямецкія і румынскія войскі са спрэчнага рэгіёну. Падчас Парыжскай мірнай канферэнцыі 1947 года СССР і Румынія падпісалі пагадненне аб прызнанні мяжы, устаноўленай у чэрвені 1940 года. Пасля распаду СССР Бесарабія, Паўночная Букавіна і раён Герца засталіся ў складзе незалежных Малдовы і Украіны. Сёння румынскія ўлады выдаюць грамадзянства сваёй краіны жыхарам гэтых краін, якія ў стане даказаць сваяцтва з людзьмі, што да вайны былі падданымі румынскага караля.





Каментаваць