Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Алімпіяда 80: прыбіральні, футбол і «Харошкі»

XXII Летнія Алімпійскія гульні пачаліся ў Маскве 19 ліпеня 1980 года. Ведаеце, як Мінск рыхтаваўся да Алімпіяды, і колькі гэта каштавала БССР? А пра тое, напрыклад, што з 42 сталічных прыбіральняў, у якіх амаль заўсёды не хапала паперы і мыла, на 1 красавіка 1980 года адрамантаваны былі толькі пяць?

Права на правядзенне Алімпіяды-80 СССР атрымаў у 1976 годзе. Мінск разам з Кіевам і Ленінградам стаў свайго роду алімпійскім спадарожнікам: у ім 20–27 ліпеня 1980 года павінны былі адбыцца адборачныя матчы алімпійскага футбольнага турніру з удзелам каманд Алжыра, Ірака, Іспаніі, Коста-Рыкі, Сірыі, Фінляндыі і Югаславіі.

Падняць непад’ёмнае

10 сакавіка 1976 года ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР зацвердзілі сумесную пастанову №86. Гэты прававы акт з грыфам «не для печати», завізаваны Пятром Машэравым і Ціханам Кісялёвым, гучаў давалі экзатычна, улічваючы ранг падпісантаў: «О мерах по подготовке к проведению в г. Минске предварительных матчей олимпийского футбольного турнира и обеспечению ввода в действие объектов, необходимых для подготовки советских спортсменов к Олимпийским играм 1980 г.». Пастанова складалася ажно з 19 пунктаў.

Згодна ёй, ствараўся рэспубліканскі арганізацыйны камітэт «Алімпіяда–80» на чале з першым намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР Уладзімірам Міцкевічам. У яго склад увайшлі міністры, іх намеснікі, старшыня Мінгарвыканкама. Перад аргкамітэтам паўставала амбіцыйная задача «проведения игр на высоком политическом, организационном и техническом уровне».

Абранне Кіева, Ленінграда і Мінска ў якасці месцаў правядзення адборачных матчаў мела, безумоўна, палітычную падаплёку: Беларусь, Расія і Украіна былі заснавальнікамі СССР. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

У складзе аргкамітэта ў 1976–1980 гадах былі створаны прэзідыум, аператыўны штаб кіравання гульнямі, гарадскі аператыўны штаб і аператыўныя цэнтры: стадыён «Дынама» (з уласным прэс-цэнтрам), алімпійскі спартыўны комплекс «Стайкі», аэрапорт, чыгуначны вакзал, гатэлі «Мінск» і «Беларусь» (маецца на ўвазе будучая «Свіслач»). Дзейнічалі разнастайныя камісіі: па будаўніцтве спартыўных збудаванняў і добраўпарадкаванні, планава-фінансавая і іншыя.

1 студзеня 1979 года пры аргкамітэце з’явіўся дадатковы рабочы орган — Дырэкцыя. У спецыяльным палажэнні вызначаліся яе задачы: кантроль над падрыхтоўкай і арганізацыяй прыёму, размяшчэння і абслугоўвання асобаў, якія прыбудуць на футбольны турнір; кантроль над якасцю і тэрмінамі падрыхтоўкі аб’ектаў, неабходных для правядзення адборачных матчаў; падрыхтоўка да правядзення пасяджэнняў рэспубліканскага аргкамітэта. Дырэкцыю ўзначаліў намеснік старшыні Савета Міністраў Анатоль Бабкоў.

Сапраўдны аўрал пачаўся пасля сумеснай пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў ад 25 мая 1979 года «О дополнительных мерах по подготовке к Олимпийским играм 1980 г. и проведению Олимпийского футбольного турнира в Минске» за подпісамі Пятра Машэрава і новага кіраўніка ўрада Аляксандра Аксёнава.

І хаця пастанова канстатавала, што да падрыхтоўкі футбольных гульняў зроблена шмат, крытычнага ў ёй было больш: негатыўная адзнака была дадзена амаль усім міністэрствам і ведамствам. Пастанова з 43 пунктаў, якая нагадвала сабой сапраўдны вайсковы план, у катэгарычна-ўльтыматыўнай форме патрабавала ўвесці «без излишнего украшательства» ў эксплуатацыю ў чацвёртым квартале 1979 года стадыён «Дынама», гасцініцу «Планета», а ў другім квартале 1980 года — кантрольна-прапускны пункт у вёсцы Казловічы Брэсцкага раёна.

У перыяд падрыхтоўкі да адборачных матчаў такіх тэлеграм было безліч. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Аўрал будаўніцтва

Галаўным болем для аргкамітэта, канешне, сталі алімпійскія будоўлі, рэканструкцыі і рамонты. Гэта патрабавала вялізных выдаткаў і часу. Напрыклад, на пасяджэнні Аргкамітэта 23 верасня 1977 года абмяркоўвалася пытанне аб нездавальняючай працы па рэканструкцыі стадыёна «Трактар». Канстатавалася, што «на объекте остро ощущается недостаток рабочей силы, механизмов».

Сумнае першынства належала стадыёну «Дынама», знешні выгляд якога пасля рэканструкцыі павінен быў палепшыцца кардынальна. Напрыклад, цалкам планавалася замяніць крэслы. Для гэта з Белавежскай пушчы трэба было нарэзаць 500 куб.м. дрэва, якое пасля спецыяльнай апрацоўкі «может простоять в деле 20–25 лет». Усе бегавыя дарожкі планавалася забяспечыць сінтэтычным пакрыццём тыпу «тартан» швейцарскай вытворчасці. Новым тварам стадыёна павінна было стаць «универсальное буквенно-цифровое табло, управляемое с помощью двух дисплеев».

Афармленне і газіфікацыя (345 метраў) галоўнага элемента стадыёна — алімпійскай чашы — каштавала прыкладна 4,5 тысячы савецкіх рублёў.

Усяго рэканструкцыя абышлася БССР у 8 мільёнаў 156 тысяч рублёў. Пра гэта сведчыць ліст Уладзіміра Міцкевіча ў Маскву, датаваны 3 ліпеня 1980 года. З іх на «Дынама» было затрачана 5 мільёнаў 842 тысячы рублёў, на «Трактар» — 498 тысяч рублёў, на «Стайкі» — 922 тысячы рублёў, на «Раўбічы» — 894 тысячы рублёў. Немалыя грошы былі ўкладзеныя ў знакамітую «алімпійскую шашу» Брэст–Масква, беларускі ўчастак якой складаў 603,4 км.

7 ліпеня 1980 года спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам намесніка міністра будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог БССР прыйшла да высновы, што ўчастак гатовы да прыняцця замежных турыстаў і гасцей турніру. Было рэканструявана 161 км. дарогі, капітальна адрамантавана 312 км., паверхнева апрацавана 433 км. Усталяваныя 25 км. бар’ерных агароджаў, пабудаваны 50 аўтапавільёнаў, 13 алімпійскіх пано, 15 інфармацыйных і сервісных дарожных знакаў.

Рэканструкцыю прайшоў КПП «Варшаўскі мост» (543 тысячы рублёў замест запланаваных 415 тысяч) і пабудаваны КПП «Казловічы» (714 тысяч рублёў пры плане ў 515 тысяч).

Недахоп грошай суправаджаў падрыхтоўку да матчаў ад пачатку і да канца. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Каб было прыгожа

Сапраўднай праблемай было добраўпарадкаванне Мінска. На 1 красавіка 1980 года ў горадзе на гэтыя мэты было выдаткавана 1,143 мільёна рублёў пры плане 1,031 мільёна. Быў адрамантаваны 31 км. кабеляў, 295,8 тыс. км. кв. праезнай часткі (замест запланаваных 200 тыс. км. кв.). Замененыя 326 транспартных і 66 пешаходных светлафораў, ўсталяваны 131 дарожны знак.

Фактычна былі скончаны будаўніцтва праспекта Дзяржынскага і рэканструкцыя Чыгуначнай вуліцы. У справаздачах таго часу сустракаюцца сотні і тысячы тон цэменту, сталёвых труб, арматуры і іншага.

Аднак з запланаваных для рамонту 130 будынкаў адрамантавалі толькі 68. Сярод прычын былі названы традыцыйны дэфіцыт (напрыклад, патрабавалася 80 тон рознакаляровай фарбы) і ўмовы надвор’я. Улады вымушаны былі падоўжыць тэрміны працаў да 1 чэрвеня 1980 года. У асноўным рамантаваліся будынкі, якія знаходзіліся па маршруце Алімпійскага агню: чыгуначны вакзал — вул. Кірава — вул. Свярдлова — Ленінскі праспект — пл. Перамогі — Цэнтральны дзіцячы парк ім М. Горкага — вул. К. Маркса — вул. Энгельса — Цэнтральная плошча.

Ажыццяўлялася мастацкае аздабленне галоўных магістраляў і вуліц сталіцы: усталяванне кветачніц, упрыгожванне прыпынкаў. Сталічным гонарам на той час сталі газасветлавыя лозунгі: «Народы СССР едины!» (вул. Чкалава), «Марксизм-ленинизм — знамя нашей эпохи!» (вул. Талстога).

Ва ўпрыгожванні сваю ролю павінна была адыграць рэклама, аднак камбінат «Белбытрэклама» на 10 сакавіка 1980 года аформіў толькі 15 аб’ектаў з запланаваных 54.

Абяцалі, што капітальна будуць адрамантаваныя прыбіральні ў парку 50-годдзя Кастрычніка (у якім, дарэчы, канстатавалася 90% «износа асфальтного покрытия») і ў Цэнтральным скверы. Астатнія нібыта патрабавалі толькі «освежающего ремонта».

Побыт і пражыванне

Галоўнай задачай для ўладаў, безумоўна, было размяшчэнне ўдзельнікаў гульняў, афіцыйных асобаў, журналістаў, а таксама замежных і савецкіх турыстаў. Ужо 23 жніўня 1976 года Галоўнае ўпраўленне па замежным турызме пры Саўміне СССР у лісце да ўрада БССР рэкамендавала правесці «комплексное обследование шоссейного перехода через Государственную границу СССР и до конца этого года разработать мероприятия по увеличиению пропускной способности автомобильного КПП в условиях значительного роста международных автомобильных перевозок в период проведения Олимпиады–80».

Замежныя турысты, якія ехалі на мінскі футбольны турнір на асабістым аўто, павінны былі аплаціць кампаніі «Саўтрансаўта» дарожны збор у памеры 10 рублёў (акрамя таго, 5 рублёў — за прычэп). Калі групы ехалі на аўтобусах, то дарожны збор складаў 40 рублёў з аўтобуса да 40 месцаў (пры большай колькасці месцаў збор павялічваўся да 50 рублёў).

У канцы снежня 1978 года Масква вызначыла квоту, паводле якой Мінск павінен быў прыняць замежных турыстаў — 6000, савецкіх — 4800, 140 чалавек ад нацыянальных спартыўных дэлегацый і 180 афіцыйных асобаў, гасцей аргкамітэта і журналістаў. Для гэтага былі падрыхтаваны 340 аўтобусаў, 24 легкавых і 420 грузавых аўтамабіляў. Абслугоўваць пасажыраў таксама былі павінны 5 пар спецыяльных цягнікоў «Брэст–Масква» і 2 пары цягнікоў «Мінск–Масква».

Былі выдзелены 7 самалётаў ТУ-134А. Для экіпажаў планаваліся лекцыі па тэмах: «Методы идеологической борьбы и повышение политической бдительности», «Характерные вопросы, задаваемые иностранными туристами и ответы на них». Хуткімі тэмпамі ішла рэканструкцыя аэравакзала на суму 675 тысяч рублёў.

Для размяшчэння савецкіх і замежных турыстаў было падрыхтавана 11018 жылых месцаў. Замежныя турысты павінны былі жыць у гасцініцах «Мінск» (713 турыстаў і 50 афіцыйных асобаў), «Беларусь» (180 журналістаў), «Спадарожнік», «Юбілейная», «Турыст», «Юнацтва», у матэлі (600 чалавек) і ў кемпінгу «Мінскі» (300 чалавек). У кемпінгу планавалася пабудаваць дадаткова 50 драўляных домікаў. Замежныя турысты маглі жыць у сваёй палатцы ці ў караванінгу. У такім разе кошт месца каштаваў 4 рублі на суткі.Гасцініца «Планета», урачыстае адкрыццё якой адбылося 16 красавіка 1980 года, павінна была прыняць 600 чалавек.

Замежнікаў быў гатовы прыняць інтэрнат №4 Беларускага тэхналагічнага інстытута (960 чалавек). Савецкія грамадзяне маглі размясціцца ў інтэрнаце БДУ №6. Быў створаны і рэзерв на 2060 месцаў (адна гасцініца і два інтэрнаты).

Падрыхтоўка ў Беларусі да футбольных адборачных матчаў ажыццяўлялася пад пільным кантролем Масквы. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Гандаль і харчаванне

Карміць заўзятараў Алімпіяды павінна было 51 прадпрыемства на 11,2 тысячы месцаў, у тым ліку 20 рэстаранаў, 9 кавярняў, 22 сталовыя. Пры гэтым меню (у замежнікаў яно было багацейшае) абавязкова павінна было ўключаць «блюда белорусской кухни». З беларускага значыліся: боршч беларускі, амлет беларускі, філе па-мінску, «котлета “Беловежская” со сложным гарниром». У меню замежнікаў уваходзіла піва «Жигулёвское» і «Белорусское». Было распрацавана і меню сухіх пайкоў, якія звычайна складаліся з вэнджанай кілбасы, яек, сыру, фасаваных кавы і цукру, 1 бутэлькі піва.

Гандаль нехарчовай прадукцыяй забяспечваўся 184 аб’ектамі, з іх 14 — прамтаварнымі, 11 — кніжнымі, 3 — ювелірнымі (у тым ліку легендарнай «Бярозкай», у якой дазвалялася абслугоўваць за валюту). Непасрэдна на стадыёне «Дынама» планавалася арганізаваць 160 пунктаў дробнарознічнага гандлю (квас, вада, напоі). Для гэтага былі закуплены 3 мільёны аднаразовых кубкаў.

І зноў не абышлося без праблем. На 10 сакавіка 1980 года 36 крамаў знаходзіліся ў рамонце, які зацягваўся хранічным дэфіцытам будматэрыялаў. Для абслугоўвання кліентаў аб’ектам грамадскага харчавання былі патрэбны 4627 чалавекі, а на 1 красавіка 1980 года іх было толькі 3799. Нястачу меркавалася пакрыць з навучэнцаў Мінскага прафесійнага кулінарнага вучылішча.

Медыцынскае амбулаторнае абслугоўванне замежных турыстаў ускладалася на 19-ю гарадскую паліклініку, а стацыянарнае — на гарадскую бальніцу хуткай дапамогі і гарадскую інфекцыйную клінічную бальніцу. Лекавае забеспячэнне замежных турыстаў ажыццяўлялася сталічнымі аптэкамі №№13,17 і 26. Што да грамадзянаў СССР, то яны павінны былі абслугоўвацца… «по месту их проживания»!

Міністэрства аховы здароўя БССР хадайнічала аб спецыяльнай форме для 420 чалавек, якія будуць задзейнічаны падчас адборачных матчаў. Для гэтага было патрэбна 25000 метраў матэрыялу тыпу «лён-лаўсан». Кошт аднаго касцюма прыблізна складаў 45–55 руб.

Культура

Галоўная мэта культурнай праграмы палягала ў тым, каб прадэманстраваць удзельнікам, гасцям, журналістам, турыстам «достижения советской социалистической культуры, преимущества советского образа жизни».

Планавалася выступленне музычна-танцавальных і народных самадзейных калектываў: «Лявоніха» і «Брэстаўчанка», фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», вакальна-інструментальных ансамбляў «Песняры» і «Верасы», Мінскага камернага аркестра, спевака Віктара Вуячыча і эстраднага ансамбля «Тоніка» і гэтак далей. Госці сталіцы маглі паглядзець 33 спектаклі, наведаць экскурсіі «Мінск — спартыўны» і «Мінск — сталіца БССР», а таксама Хатынь і Курган Славы.

Экскурсіі для замежнікаў былі платныя. Напрыклад, трохгадзінная экскурсія «Мінск — спартыўны» з наведваннем Алімпійскага спартыўнага комплексу па біятлоне і музея Беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах каштавала ажно 34 рублі, калі замежны турыст быў на ўласным аўтамабілі і 3 рублі — на грамадскім транспарце.

Падрыхтоўка да футбольных матчаў адначасова засведчыла жудасны стан культурных аб’ектаў. Так, намеснік дырэктара Беларускай дзяржаўнай філармоніі Барыс Гершовіч у адпаведным лісце (красавік 1980 года) жорстка крытыкаваў арганізацыі Мінска за іх фактычнае нежаданне рамантаваць будынак філармоніі.

Бяспека

Захады бяспекі і аховы парадку падчас адборачных матчаў былі на той час беспрэцэдэнтнымі. На пасяджэнні камісіі аргкамітэта па бяспецы і ахове грамадскага парадку 16 лістапада 1979 года пад ціскам МУС было прынята рашэнне аб усталяванні ў кожным праёме аркады стадыёна «Дынама» дэкаратыўных кратаў «в целях предупреждения самоубийств и выбрасывания зрителями посторонних предметов».

26 сакавіка 1980 года была зацверджана інструкцыя аб сістэме і парадку суправаджэння транспарту з удзельнікамі і гасцямі адборачных футбольных матчаў. Патрульныя аўтамабілі ў абавязковым парадку суправаджалі кіраўнікоў і чальцоў Міжнароднага алімпійскага камітэта, ФІФА, каманды ўдзельнікаў матчаў, ганаровых гасцей, а таксама замежных турыстаў у складзе калонаў з 5 і больш аўтобусаў. Былі зацверджаныя пропускі для ўвахода на «Дынама». Іх было аж дзевяць відаў — у залежнасці ад пазначэння літары і каляровай гамы. Напрыклад, пропуск серыі «ОК» з надпісам «Игры XXII Олимпиады. Минск–1980» выдаваўся чальцам Аргкамітэта, а серыі «СПБ» — супрацоўнікам КДБ і МУС.

Серыя «ОП» з выявай стадыёна належала абслугоўваючаму персаналу. Звяртае ўвагу высокая ступень рэгламентацыі. Напрыклад, калі над выявай стадыёна значылася літара «Т», то супрацоўнік з абслугі меў права знаходзіцца і працаваць толькі на трыбунах, калі пад выявай — толькі пад трыбунамі. Для атрымання пропуску трэба было запоўніць анкету, у якой восьмы пункт тычыўся паездак за мяжу.

26 чэрвеня 1980 года на адкрытым партыйным сходзе партарганізацыі МУС ішла гаворка пра тое, што на ўчастку трасы Брэст–Мінск падчас футбольнага турніру будуць задзейнічаны 275 інспектараў ДПС, 34 патрульныя машыны, 25 матацыклаў.

«Дынама» сустракае гасцей падчас аднаго з матчаў. На апошнім плане відаць Алімпійскі агонь. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі


Кадры вырашаюць усё

Вялікая ўвага надавалася кадрам. 15 лютага 1979 года Савет Міністраў БССР выдаў пастанову, паводле якой шэраг міністэрстваў і ведамстваў павінны былі ў трохтыднёвы тэрмін распрацавать планы па падборы неабходнай колькасці супрацоўнікаў для абслугоўвання адборачных матчаў, а таксама «организовать подготовку рабочих массовых профессий, не требующих длительного срока обучения». Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінна было набраць на навучанне 1745 студэнтаў.

Для абслугоўвання футбольнага турніру ў Мінску планавалася прыцягнуць: у гасцініцах — 470 чалавек, кіроўцаў аўтатранспарту — 900, працаўнікоў сувязі — 1319, персаналу аўтазаправачных станцый — 430, працаўнікоў бытавога абслугоўвання — 2040, у абменных пунктах — 255, на стадыёне «Дынама» — 362 (з іх 100–120 чалавек — для забеспячэння кантрольна-прапускной службы). Пазней гэтыя лічбы неаднаразова карэктаваліся.

З ліку сталічных студэнтаў былі абраныя 698 гідаў-перакладчыкаў, якім належала надбаўка да стыпендыі ў 10 рублёў. З іх 450 — большасць — была з Мінскага інстытута замежных моваў (220 — англійская, 110 — французская, 50 — нямецкая, 50 — іспанская, 10 — партугальская, 10 — італьянская). Са справаздачы Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 18 снежня 1978 года вынікае, што «для обучения отобраны наиболеее дисциалинированные, хорошо владеющие марксистско-ленинской теорией, активно участвующие в общественной жизни студенты».

І, канешне ж, квіткі

Галоўная інтрыга — продаж квіткоў на адборачныя матчы. Пры аргкамітэце 25 кастрычніка 1979 года была створана спецыяльная камісія па размеркаванні квіткоў. Камісія падзяліла іх на чатыры катэгорыі. Квіткі першай катэгорыі каштавалі для айчынных грамадзянаў 2 руб. 10 кап., для замежнікаў — 7 руб. Білеты другой, трэцяй і чацвёртай катэгорыі каштавалі 1 руб. 80 кап. і 6 руб., 1 руб. 50 кап. і 5 руб.; 90 кап. і 5 руб. адпаведна.

На кожны матч была ўсталявана квота — 49023 квіткі (пасля рэканструкцыі стадыён «Дынама» ўмяшчаў 50067 чалавек). На адным з пасяджэнняў камісіі канстатавалася, што «продажа билетов в кассах будет очень ограничена». Між іншым, камісія вызначыла дакладную лічбу квіткоў на ўсе дні матчаў для замежных турыстаў — 52500. То бок, амаль усе іншаземцы мелі магчымасць наведаць кожны адборачны матч.

Напэўна, дзейнічалі і «шэрыя схемы»: па знаёмству, для «сваіх». Напрыклад, у чэрвені 1980 года да аргкамітэта звярнуўся Савет Міністраў Літвы, які прасіў 20 квіткоў на 27 ліпеня. У гэты дзень павінен быў адбыцца чвэрцьфінальны матч Алжыр — Югаславія.

Для абласцей рэспублікі планавалася выдзеліць усяго ад 500 да 700 квіткоў на кожны матч.

Твар савецкай XXII Алімпіяды — Мішка «загаварыў» па-беларуску. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Што ва ўзнагароду?

Падрыхтоўка да футбольных матчаў пэўным чынам прадэманстравала сапраўдныя адносіны саюзнага цэнтра да Беларусі. 26 мая 1980 года з Масквы прыйшла разнарадка, паводле якой за арганізацыю футбольных спаборніцтваў рэспубліка атрымлівала 3 ганаровыя граматы, 1 памятны вымпел і 5 лістоў з падзякай. Праўда, у чэрвені пазіцыя Масквы трохі «змякчылася»: колькасць лістоў з падзякай узрасла да 10, ганаровых грамат — да 5, а памятных вымпелаў — да 3. Акрамя таго, БССР павінна была быць узнагароджана трыма ганаровымі знакамі.

Уладзімір Міцкевіч накіраваў запыт аб дадатковым выдзяленні 30 знакаў, 30 грамат, 50 вымпелаў і 60 лістоў. Масква задаволіла просьбу аб вымпелах і лістах, але дала згоду толькі на 23 знакі і 10 грамат.

Такім чынам, у Беларускай ССР у 1976–1980 гадах была здзейснена каласальная праца па падрыхтоўцы сталіцы для правядзення адборачных футбольных матчаў у межах XXII Алімпіяды. Мінск істотна палепшыў сваё сацыяльна-эканамічнае становішча, вырашыўшы за кароткі час пытанні, якія «віселі» дзесяцігоддзямі, і дасягну па многіх параметрах еўрапейскага, а па некаторых — і сусветнага ўзроўню.

Аднак у гэтай падрыхтоўцы, як у крывым люстэрку, паказалася ўся заганнасць эканамічнай мадэлі адміністратыўна-каманднага тыпу, ігнараванне патрэбаў уласных грамадзян у параўнанні з іншаземцамі, аўральшчына і штурмаўшчына, замешаныя на хранічным дэфіцыце, няздольнасць кіруючых гаспадарчых колаў эфектыўна ўкладаць і размяркоўваць сродкі і дасягаць найлепшага выніку з найменшымі цяжкасцямі.



Каментаваць