Беларуска ў Сальвадоры

Маргарыта пазнаёмілася з Хаймэ Вільякорта з Сальвадора ў 1980 годзе. Яны вучыліся разам у Мінску. Ажаніліся, у іх нарадзілася дачушка Ліхія Марыя. У той час у Сальвадоры ішла грамадзянская вайна. У 1987 годзе маладая сям’я з’ехала спачатку ў Нікарагуа, і толькі праз колькі год у Сальвадор.

 



Краявіды Сальвадора


Цяпер сям’я жыве ў Сальвадоры. Абодва — універсітэцкія выкладчыкі. Яны перадаюць свае шчырыя прывітанні сябрам і знаёмым з Беларусі.

Студэнцкае шчасце

Зямляцтва сальвадорцаў у Мінску на той час было нешматлікім, усяго 10 чалавек. Яны былі студэнтамі БДУ, БПІ, Інстытута народнай гаспадаркі і іншых. Трое з іх вучыліся на журфаку БДУ.

Аднойчы вясёлая дзяўчына з чарнявымі кудрамі сустрэла такога ж вясёлага і чарнявага хлопца. І не бяда, што хлопец быў з Сальвадора — краіны, дзе ішла грамадзянская вайна. Яны закахаліся і хутка ажаніліся.

Марго і Хаймэ жылі ў маленькім пакойчыку студэнцкага інтэрнату архітэктурнага факультэта БПІ. Маргарыта вучылася на архітэктара, Хаймэ Вільякорта — на журналіста. Іх маленькая дачушка Ліхія Марыя хадзіла ў звычайны садок у мікрараёне «Усход», а калі хварэла, да яе прыходзіла тая самая старэнькая доктарка Бурава, што даглядала ўсіх дзетак на шматнаселеным участку.

Рабэрта Гарсія, Маргарыта і Хаймэ Вільякорта — студэнты БДУ, 1984

Сальвадорцы, як і іншыя лацінаамерыканцы, ладзілі вечарыны, адзначалі нацыянальныя святы, праводзілі фестывалі з канцэртамі і гатаваннем традыцыйных страў. Танчылі румбу і сальсу. На вечарынах беларускія хлопцы і дзяўчаты даведваліся пра жыццё ў краінах Лацінскай Амерыкі.

Калі вучоба скончылася, прыйшоў час нешта вырашаць. Для Маргарыты не стаяла пытанне, ці ехаць з мужам. Яна ад самага пачатку ведала, што ніколі з ім не разлучыцца. Але адразу ў Сальвадор сям’я ехаць не магла. У 1987 годзе яны паехалі спачатку ў Нікарагуа. І толькі праз 5 гадоў — у Сальвадор.

Ліст з Цэнтральнай Амерыкі

— Hola, amigos! — напісала Маргарыта Вільякорта ў лісце з Сальвадора да сваіх беларускіх сяброў. — Мы рады зноў скантактавацца з вамі пасля дваццаці пяці гадоў перапынку, і мы памятаем пра вас. Аднойчы мы хацелі б вярнуцца турыстамі ў Беларусь — у краіну, дзе прайшлі 7 гадоў нашай маладосці.

Не ведаю, ці памятаеце вы мяне і ці будзе цікавы вам мой расповед.

Мы жывем цяпер дома, у сваёй краіне. Урад у нас зараз левы, але на працягу года адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і зноў вызначыцца, хто зможа перамагчы.

Фронт нацыянальнага вызвалення Фарабунда Марці (ФНВФМ) быў ваеннай арганізацыяй, якая вяла партызанскую вайну ў васьмідзесятых гадах. Цяпер гэта партыя, якая набыла вялікую папулярнасць. У 2009 годзе яна перамагла на выбарах са сваім кандыдатам Маўрысіа Фунэсам. Ён наш прэзідэнт сёння. Па адукацыі — журналіст, вельмі прафесійны, але ўмераны ў сваіх палітычных і ідэалагічных падыходах.

Фронт нацыянальнага вызвалення мае 35 месцаў у парламенце. Правая партыя ARENA — 32 месцы. Таксама дзейнічаюць Партыя нацыянальнага прымірэння (PCN), Хрысціянска-дэмакратычная партыя (PDC) і Партыя дэмакратычных пераменаў.

Пасля заканчэння вайны ў 1992 годзе грамадзяне змаглі вярнуцца з палітычнай эміграцыі, і для нас адкрылася прастора для дзейнасці. На жаль, некаторыя сябры не вярнуліся, яны засталіся жыць у Еўропе, Мексіцы і іншых краінах. Калі мы жылі ў Нікарагуа, Хаймэ працаваў там на радыё.

У Сальвадоры сітуацыя была цяжкой, але мы справіліся з ёй і прысвяцілі сябе выкладанню ва ўніверсітэтах. Сёння мы — універсітэцкія прафесары. Хаймэ Вільякорта выкладае ў прыватным універсітэце горада Сан-Тэкла, а я — у дзяржаўным. Наша старэйшая дачка Ліхія Марыя — акуліст, малодшая Ларыса вывучае антрапалогію ва ўніверсітэце.

                             Маргарыта Вільякорта і яе дочкі, 2012

Эканоміка ў краіне яшчэ слабая, і медыцына таксама, але мы як працаўнікі маем права на сацыяльнае забеспячэнне і жывем з нашых заробкаў адносна стабільна і камфортна.

У краіне засталося шмат праблем, якія мы атрымалі ў спадчыну ад вайны, але важна, што Сальвадор быў рэканструяваны пасля дванаццаці гадоў грамадзянскай вайны.

Нягледзячы на цяжкасці, у Сан-Сальвадоры заўсёды можна ўбачыць што-небудзь цікавае, тут адбываецца мноства культурных падзей: фестываляў, канцэртаў, парадаў, карнавалаў, гісторыя апошніх сыходзіць каранямі ў іспанскія каталіцкія традыцыі.

Адно з самых яркіх свят у насычаным падзеямі сальвадорскім календары — Эль-Сальвадор-дэль-Мунда — прысвечана заступніку краіны, Збаўцу Свету, Ісусу Хрысту. Афіцыйныя святочныя шэсці праводзяцца 5–6 жніўня, гэтыя дні афіцыйна абвяшчаюцца выходнымі. Нават Вялікдзень у Сальвадоры набывае адмысловы вобраз. У перыяд Сэмана-Санта (Перадвелікоднага тыдня) на вуліцы горада выходзяць маляўнічыя карнавальныя працэсіі, палюбавацца на якія кожны год прыязджаюць тысячы людзей з суседніх краін.

У сальвадорскай правінцыі ўплыў іспанскіх традыцый яшчэ мацнейшы: там адзначаюць такое асабліва іспанскае свята, як Дзень маўраў і хрысціян (прысвечаны перамозе іспанцаў у вайне з маўрамі). Але і Дзень індзейцаў таксама святкуюць.

Цяпер у нас ёсць дэмакратыя, палітычны пераслед скончыўся, але эканамічны крызіс з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Галеча, несправядлівая сістэма размеркавання выгод, дзейнічаюць банды. Але мы дома, і нам добра. Мы марым калі-небудзь як турысты зноў прыехаць на Беларусь, дзе людзі былі добразычлівымі да нас.

Сальвадо — гэта…

                            Герб Сальвадора

Рэспубліка Эль-Сальвадор — самая шчыльна населеная дзяржава ў Цэнтральнай Амерыцы. Яна мяжуе з Гандурасам на ўсходзе і поўначы, і Гватэмалай на захадзе, на поўдні абмываецца Ціхім акіянам. Плошча — 21 тысяча квадратных кіламетраў, насельніцтва — каля 6 мільёнаў чалавек.

Сальвадор называюць краінай азёраў і вулканаў. Самы вялікі з іх — Ісалька — з ХVІІІ стагоддзя перыядычна дзейнічае. Яго зарава ўспыхвае, нібы маяк на ўзбярэжжы.

Там растуць каштоўныя пароды дрэваў — бальзамавае і жоўтае, гішпанскі кедр, какосавыя пальмы, мангавыя дрэвы і інжыр.

Археолагі датуюць перыяд засялення Сальвадора I–VII стагоддзямі. Першымі тут з’явіліся майя. Затым наўа, перасяленцы з зямель тальтэкаў. Гэтыя два этнасы, аб’яднаўшыся, сталі называць сябе піпілямі і стварылі на мяжы IX–X стагоддзя на тэрыторыі паміж рэкамі Рыа-дэль-пасам і Лемпай дзяржаву, названую імі Кускатлан, што перакладаюць як «Дарагая мая зямля», ці «Зямля каштоўнасцяў».

У 1524 годзе паплечнік заваёўніка Мексікі Эрнанда Картэса, Пэдра дэ Альварада, уварваўся на тэрыторыю індзейскай дзяржавы Кускатлан. У 1525 годзе ён заснаваў горад Сан-Сальвадор.

З 1560 па 1821 год тэрыторыя ўваходзіла ў склад генерал-капітанства Гватэмала.

Асновай эканомікі Сальвадора ў каланіяльную эпоху было земляробства. Пазней была створана федэратыўная дзяржава Злучаныя Правінцыі Цэнтральнай Амерыкі, у якую ўвайшлі сучасныя Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа і Коста-Рыка. Гэтая федэратыўная рэспубліка праіснавала нядоўга — унутраная барацьба і ваенныя канфлікты прывялі да яе распаду.

У 1839 годзе Сальвадор стаў самастойнай рэспублікай. Гісторыя краіны ў ХІХ стагоддзі насычана шматлікімі дзяржаўнымі пераваротамі, звязанымі з бесперапыннай барацьбой паміж кансерватарамі і лібераламі, а таксама са спробамі аднавіць федэрацыю рэспублік Цэнтральнай Амерыкі, што прыводзіла да пастаянных войнаў паміж рэспублікамі.

З другой паловы ХІХ стагоддзя асновай эканомікі Сальвадора зрабілася вытворчасць і экспарт кавы. Для развіцця гэтай галіны пабудавалі чыгунку, якая звязала раёны кававых плантацый з марскімі партамі. Другой галоўнай сельскагаспадарчай культурай стала кукуруза, вырошчвалі рыс, бабовыя, бавоўнік.

Першыя парасткі дэмакратыі ў Сальвадоры з’явіліся ў 1927 годзе, пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Піа Рамэра Боске. Ён ажыццявіў рэформы, у выніку якіх паўстала плюралістычная палітычная сістэма.

Наступны прэзідэнт, Артура Араўха, у 1931 годзе быў абраны сальвадорцамі з шасці кандыдатаў. Араўха ініцыяваў расследаванне фінансавых махінацый у арміі Сальвадора, што прывяло да вайсковага перавароту ў снежні 1931 года. Аб планах змоўшчыкаў ведаў віцэ-прэзідэнт краіны Максіміліяна Эрнандэс Марцінэс, ён і стаў кіраўніком дзяржавы. Такім чынам, кароткі перыяд дэмакратыі скончыўся ўсталяваннем ваеннай дыктатуры Эрнандэса Марцінэса.

У 1944 годзе ў выніку выступаў арміі, студэнцтва і шэрагу палітычных груповак, Эрнандэс сышоў у адстаўку. Пасля ва ўладзе чаргаваліся вайскоўцы і фармальна грамадзянскія, пад кантролем вайскоўцаў, урады.

                     Краявіды Сальвадора

У канцы 1970-х гадоў камбінацыя эканамічных і палітычных фактараў — падаўленне іншадумства сілавымі метадамі, грубыя падтасоўкі на выбарах, прыгнёт апазіцыйнай прэсы, змена рэгіянальнай сітуацыі ў сувязі з сандзінісцкай рэвалюцыяй у Нікарагуа — у краіне пачалася грамадзянская вайна паміж ваенным рэжымам і левымі палітычнымі групамі, арганізаванымі ў Фронт нацыянальнага вызвалення імя Фарабунда Марці.

Грамадзянская вайна працягвалася з 1979 да 1992 года і завяршылася заключэннем мірнага пагаднення, роспускам узброеных фарміраванняў апазіцыі і легалізацыяй ФНВФМ, скарачэннем арміі, перафармаваннем паліцыі, спыненнем ваеннага кіравання. Гэта стварыла перадумовы для ўсталявання дэмакратыі ў краіне ў 1994 годзе.

Каментаваць