Беларуская кампанія велькапольскай дывізіі

Мала хто ведае, што 95 гадоў таму добра падрыхтаваныя польскія вайсковыя часткі з Познані прарвалі бальшавіцкі фронт і захапілі шэраг ключавых гарадоў Беларусі. 



Жаўнеры з досведам

24 ліпеня 1919 года галоўнае камандаванне Войска Польскага звярнулася да камандуючага Велькапольскага войска генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага з просьбай перакінуць частку падначаленых яму сіл з галіцка-валынскага фронту і Заходняй Польшчы на тэрыторыю Беларусі. Варшаўскія генералы небеспадстаўна баяліся, што бальшавікі хутка разгорнуць наступленне і авалодаюць Вілейкай і Маладзечнам. З ліку велькапольскіх войскаў планавалася вылучыць пяхотную брыгаду і кавалерыйскі полк і хутка накіраваць іх на Усход. Камандзірам гэтай зводнай вайсковай групы быў прызначаны выдатны стратэг генерал Даніэль Канажэўскі.   

У Беларусь накіроўваліся 3-ці стралковы полк (камандуючы — падпалкоўнік Арнольд Шылінг), 4-ты стралковы полк (маёр Оскар Брэзаны), 3-ці полк лёгкай артылерыі (падпалкоўнік Люцыян Кедзерскі), 2-я батарэя цяжкай артылерыі, 1-ы полк велькапольскіх улан (падпалкоўнік Уладзіслаў Андэрс), рота 2-га сапёрнага батальёну, 2-я авіяцыйная эскадрылля, а таксама сувязісты, палявая жандармерыя, санітарная рота і палявы шпіталь. Гэтыя вайсковыя часткі польскае камандаванне планавала выкарыстаць як мабільны, ударны кулак падчас контрнаступлення.

Жаўнеры з велькапольскай дывізіі разам з экіпажамі французскіх танкаў Рэно, Бабруйск, лета 1919 г.

Кірунак — Мінск

28 ліпеня 1919 года першыя вайсковыя падраздзяленні «велькапалян» накіраваліся ў Беларусь. Усяго для перакідвання частак было выкарыстана 33 чыгуначныя транспарты. Першапачаткова велькапольская дывізія павінна была сканцэнтравацца ў раёне Радашковічы — Краснае. Авіяцыя часова знаходзіліся на аэрадроме пад Маладзечна.

Камандуючы літоўска-беларускім фронтам генерал Станіслаў Шэпціцкі планаваў выкарыстаць войскі з Познані для наступлення на Мінск. Для гэтага была створана Аператыўная група, касцяк якой склала менавіта камбінаваная дывізія «велькапалян», якія павінны былі наступаць у трох накірунках: на Заслаўе — Дзічкі — Захарычы — Сухарава; на Сёмкаў Гарадок і на чыгуначную станцыю ў Смалявічах. 

Палкоўнік Ян Скарына, начальнік інжынерных войскаў вельскапольскай арміі

8 жніўня 1919 года пачалося наступленне. «Велькапалянам» удалося захапіць Заслаўе і ўзяць у палон некалькі соцень чырвонаармейцаў. Аднак былі страты і ў палякаў. Пад Захарычамі быў смяротна паранены камандзір артылерыстаў, падпалкоўнік Люцыян Кензерскі. Жорсткія баі былі пад Кіршамі, Шубнікамі, Дзічкамі і Варашыламі. Таксама 8 жніўня жаўнеры з Познані былі ў Сухарава. У гэты ж дзень іншыя падраздзяленні з Познані захапілі Зацань, фарсіравалі Свіслач і ўвайшлі ў Мінск з Захаду. 2-я дывізія легіёнаў, якая дзейнічала разам з «велькапалянамі», увайшлі ў Мінск з Поўначы. Сталіца БССР была ўзятая. Уланы пад камандаваннем Уладзіслава Андэрса адрэзалі стратэгічны шлях Мінск — Барысаў, у выніку значная колькасць чырвонаармейцаў трапіла ў палон. Бальшавікі спрабавалі дэблакаваць Мінск, але ім гэта зрабіць не ўдалося. Хутка абарона праходзіла па лініі Смалявічы — Дукора — Рудзенск.

Узяць крэпасць на Бярэзіне

Наступным стратэгічным пунктам быў Бабруйск. Стратэгічны чыгуначны вузел быў патрэбны дзеля далейшага наступлення. Да таго ж тут знаходзіліся буйныя вайсковыя склады, і галоўнае — у фартах цытадэлі на Бярэзіне можна было эфектыўна абараняцца. Падчас новага наступлення жорсткія баі адбыліся ля Ігумена (зараз Чэрвень), дзе чырвонаармейцы спрабавалі контратакаваць палякаў з дапамогай бронеаўтамабіляў, і ля Рудзенска, дзе абарону бальшавікоў падтрымліваў бронецягнік. Тут 1-ы батальён польскага 3-га стралковага палка панёс значныя страты, аднак дзякуючы артылерыйскай падтрымцы палякі адбілі атакі Чырвонай Арміі і працягвалі наступаць. Хутка былі занятыя Смалявічы, Блонь і Пухавічы, а штаб велькапольскай дывізіі пераехаў у Смілавічы.

Адзін з будынкаў Бабруйскай крэпасці, 1919 г.

16 жніўня 1919 года генерал Даніэль Канажэўскі выдаў загад працягваць наступленне і пераследаваць часткі 68-га пскоўскага і «варшаўскага» палкоў Чырвонай Арміі. Праз два дні ўзмоцненая артылерыяй група пад камандаваннем падпалкоўніка Арнольда Шылінга пачала наступленне на Бабруйск. Другая частка велькапольскіх войскаў пад камандаваннем маёра Оскара Брэзаны наступала на Асіповічы. Тут абараняўся бальшавіцкі бронецягнік, які быў адступіць у Бабруйск. 21 жніўня палякі занялі Ясень. Праз тыдзень дывізія «велькапалян» была ўзмоцнена ротай танкаў (20 машын, камандзір — капітан Жан Дзюфур) «Рэно ФТ 17» са складу блакітнай арміі Юзафа Халера.

Бабруйск абаранялі 67-ы і 68-ы стралковыя палкі Чырвонай Арміі, два батальёны маракоў, тры бронецягнікі. У абаронцаў было толькі 4 гарматы і 27 кулямётаў. Усяго бабруйскі гарнізон налічваў каля 2500 чалавек. 28 жніўня 1919 года пачаўся штурм. Адна з груп велькапольскіх войскаў наступала на раён вёскі Панюшкавічы. Іншая сканцэнтравалася ў фальварку Дурынічы, які належаў графу Шымону Забелу. Тут жа знаходзілася артылерыя. Лабавой атакай «велькапаляне» выбілі чырвонаармейцаў з добра ўмацаваных, прыгатаваных яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны палявых умацаванняў у прадмесці Бабруйска.

У раёне вёскі Бібкаўшчына байцы Чырвонай Арміі разгарнулі контрнаступленне і першапачаткова адкінулі палякаў, аднак тыя здолелі перагрупавацца і працягнулі наступленне. Ля ракі Ваўчанкі наступалі французскія танкі, якія падтрымлівалі велькапольскую пяхоту. Стальныя машыны знішчалі палявыя ўмацаванні чырвоных і далі магчымасць палякам знішчыць добра ўмацаваную лінію абароны бальшавікоў. Хутка быў заняты чыгуначны вакзал і крэпасць. Палякі спрабавалі працягваць наступленне, аднак бальшавіцкі бронецягнік, якія адыходзіў з горада, узарваў мост праз раку.

Палонныя чырвонаармейцы ў Бабруйску, 1920 год

Трафеямі дывізіі сталі 11 гармат, 52 кулямёты, 1574 вінтоўкі, 15 палявых кухняў, 258 каней, 2 паравозы, 100 вагонаў. У палон жаўнераў з Познані трапіла, па розных падліках, каля 2300 чырвонаармейцаў.

Усходні фарпост

У Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы, а таксама Музеі Войска Польскага захавалася шмат здымкаў, на якіх мы можам убачыць велькапольскае войска на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Цікава, што ў жніўні 1919 года «велькапалян» з радасцю віталі мясцовыя жыхары, а таксама праваслаўнае духавенства, якое, відавочна, пацярпела ад бальшавіцкай улады.

З архіўных дакументаў можна зрабіць выснову, што польскія вайсковыя ўлады разглядалі Бабруйск як важны стратэгічны вайсковы цэнтр. Падчас знаходжання велькапольскіх вайсковых адзінак у цытадэлі на Бярэзіне ў 1919–1920 гадах жаўнеры з Познані спрабавалі праводзіць фартыфікацыйныя работы, усталявалі вайсковы шпіталь, ажыццяўлялі культурныя і рэлігійныя мерапрыемствы. У адной з казарм Бабруйскай крэпасці камандаванне велькапольскай дывізіі распарадзілася стварыць каталіцкую капліцу, над алтаром якой вісеў польскі «Белы арол» і беларуская «Пагоня». Цікавым было і тое, што палякі падтрымлівалі праваслаўныя цэрквы ў Бабруйску.

Падчас імшы ў крэпасці, бачна "Пагоня", 1919 год

У кастрычніку 1919 года, а таксама студзені 1920 года, польскія войскі спрабавалі пераправіцца праз Беразіну і ажыццявіць наступленне на Усход. Гэтыя аперацыі суправаджаліся значнымі стратамі. У цэнтры бабруйскай цытадэлі вясной 1918 года быў пабудаваны мемарыяльны курган І-га Польскага корпуса. Менавіта ля яго хавалі і жаўнераў-велькапалян, якія загінулі ў баях з бальшавікамі. Па розных падліках, там магло быць пахавана некалькі соцень польскіх жаўнераў.

Пахаванне жаўнераў-велькапалян ля кургана доўбурчыкаў у Бабруйскай крэпасці, кастрычнік 1919 г.

У сакавіку «велькапаляне» спрабавалі захапіць Жлобін. Аднак летам 1920 года Чырвоная Армія пачала наступленне, якое пагражала акружэнню польскай 4-й арміі, у склад якой уваходзілі і «велькапаляне». 8 ліпеня 1920 года войскі з Познані канчаткова пакінулі крэпасць на Бярэзіне…

* * *

У выніку польска-бальшавіцкай вайны Бабруйск застаўся за бальшавікамі. Ужо ў сярэдзіне 1920-х гадоў тыя знеслі частку пабудоў у цытадэлі і знішчылі польскі курган. Сёння дакладна вядома месца, дзе ў 1918 годзе быў пабудаваны мемарыял. Зараз там голае поле, а побач стаяць паўразбураныя казармы. Падчас будаўніцтва «Бабруйск-Арэны» ў 2008 годзе ля будаўнічай пляцоўкі былі знойдзены парэшткі людзей, нямецкая ўніформа часоў Першай сусветнай вайны, а таксама польскія эмблемы і гузікі з арлом у кароне. Атрымліваецца, што «велькапаляне» былі пахаваны і ля Мінскай брамы.

Гузікі, знойдзеныя ў 2008 г. у Бабруйскай крэпасці

 

Пагон велькапольскага стральца, знойдзены ў Бабруйскай крэпасці

Ці ведаюць сённяшнія бабруйчане пра падзеі 1919–1920 гадоў? Нават у Бабруйскім краязнаўчым музеі няма ніводнага экспаната, які б расказваў пра «беларускую кампанію» велькапольскіх жаўнераў. Між тым, гэта не толькі польская, але і беларуская гісторыя.

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2014-12-13 22:28:48
У кнізе "Нарысы шахматнай мінуўшчыны і будучыні" цытую Радзівона Шукевіча-Траццякова, які ў "Звезде" 14.03.1923 успамінаў, як з іншымі камуністамі бараніў Слуцк ад
познанцаў 6 жніўня 1919 г.
  • George Kurpyka
  • 2014-12-19 01:07:16
Отличный материал. Бобруйчане этому Мельникову должны памятник поставить. Он столько неизвестных страниц истории Бобруйска раскрыл, что рядом с ним ни один отечественный историк не стоит. У нас все
про "польскую оккупацию" любят рассказывать. А кто был, когда, откуда, почему, никто толком рассказать не может. А тут прочитал понял. Спасибо!

Каментаваць