Беларускае сялянства ў Паўстанні Кастуся Каліноўскага

Аўтары першых прац пасляпаўстанцкай хвалі малявалі 1863 год як справу выключна шляхты і ксяндзоў. Роля сялян ў ім прыніжалася і падкрэсліваўся іх удзел у змаганні на баку расийскіх уладаў.



Фота з сайта istpravda.ru


Менавіта такім паўстанне адлюстроўвалася і ў расейскіх працах з іх імкненнем паказаць, што “польскае паўстанне было не народным рухам, а справаю польскіх палітычных партый, і толькі нязначнае па колькасці насельніцтва некаторых мясцовасцяў (пераважна ў Ковенскай губ.) было захоплена ў паўстанне гвалтам, махлярствам, абяцаннем узнагарод на зямлі і на небе”.

Прозвішчы ж прыхільнікаў шырокай працы ў сялянскім асяродку, Кастуся Каліноўскага, Уладыслава Барзабагатага, траплялі на старонкі гістарычных кніг і ўспамінаў як паказальнік празмернага радыкалізму гэтых “чырвоных воранаў”, “пачвараў”, з іх імкненнем да “сацыяльнага перавароту”. Яны былі палітычнымі праціўнікамі “белых”, непараўнальна больш напісаўшых пра паўстанне. Менавіта на дадзеныя апошніх мы вымушаныя абапірацца.

У беларускай гістарычнай навуцы разуменне паўстання як з’явы непарыўна звязана з успрыманнем ролі сялянства ў ім, у сувязі з выключным значэннем таго для захавання культурнай спадчыны і фармавання ідэнтычнасці нашага народа. Ад гэтага доўгі час залежала адзнака (плюс/мінус) 1863-га года для айчыннай гісторыі.

Дзякуючы працам І.Ф. Лочмеля і У.М. Перцава паўстанне ўвогуле характарызавалася як “сялянскае”. Прычым у часы ўз’яднання (1939) Беларусі падкрэслівалася, што сялянства не выступала супраць “рускага цара” і адмоўна адносілася да польскага руху, якое лічыла сваім галоўным ворагам. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тоесна “сялянскаму” ўжывалася “беларускае паўстанне ў часы польскай рэвалюцыі 1863 года”.

Само тэрміналагічнае напаўненне зместу падзеяў 150-гадовай даўніны адчула на сабе вялікія змены, прайшоўшы доўгі шлях ад “дробнабуржуазнай рэвалюцыі ў Беларусі” ў межах “польскага паўстання” (У.М. Ігнатоўскі) да “нацыянальна-вызваленчага паўстання” (М.В. Біч), апошнім часам, саступаючы месца глыбока палітызаваным маркерам — “антырасейскае” ды “антыпольскае”. І ў гэтым ідэалагічным індэксаванні, мэтаю якога з’яўляецца не разуменне рэчаіснасці, а яе кантроль, адным з галоўных “франтоў” застаецца ўдзел сялян у паўстанні, ступень і характар іх падтрымкі як паўстанцаў, так і расейскіх уладаў.

У якасці аргументаў гісторыкі карыстаюцца статыстыкай, дзякуючы якой колькасныя характарыстыкі грамадскіх з’яў атрымоўваюць адлюстраванне ў лічбавай форме. Аднак пры падліках вялікае значэнне маюць крыніцы і крытэр адбору. Напрыклад, польскі гісторык Веслаў Кабан адзначае, што ў другой фазе паўстання — з лета 1863 г. да моманту яго задушэння ў сакавіку 1864 г. — сяляне складалі каля 55 % усіх удзельнікаў атрадаў. Да такіх падлікаў ён прыйшоў на падставе аналіза лістоў сялян, сасланых у Сібір.

У беларускай гістарычнай навуцы прынятыя за аснову статыстычныя дадзеныя, атрыманыя Сусаннай Самбук. Згодна яе падлікам, у паўстанцкіх атрадах на Беларусі 75 % удзельнікаў паходзілі з ліку шляхты, сялян налічвалася толькі 18 %. Прычым з усіх сялян, што ўдзельнічалі ў паўстанні на Беларусі, больш за 33 % прыходзіліся на Гарадзеншчыну, 27 % на беларускія паветы Віленскай губерні, 20 % на Мінскую, 13 % на Магілёўскую, 7 % на Віцебскую.

У якасці яшчэ аднаго прыкладу варта прывесці такі крытэр як сацыяльнае паходжанне паўстанцаў, пакараных расейскімі ўладамі смерцю. У вядомай кнізе Вацлава Студніцкага “Rok 1863. Wyroki śmierci” прыведзены дадзеныя пра 180 такіх асоб (яшчэ 9 — казакі, пакараныя за гвалт над насельніцтвам і стараабрадцы, удзельнікі рабавання аднаго з маёнткаў і гвалце над яго ўладальнікамі і іх служкамі) удзельнікі з так званага “Северо-Западного края”, тэрыторыі сённяшняй Беларусі, Літвы і патрапіўшай у склад Польшчы Беласточчыны. З іх 43 (па паходжанні) — сяляне, што складае каля 24 %.

Але вымушаны, канстатаваць, што не адна з агучаных лічбаў не ў стане ахарактарызаваць рэальны ўдзел сялян у паўстанні. Для гэтага існуе як мінімум некалькі рэдка ўлічваемых перашкодаў:

— Расейскія ваенна-следчыя камісіі кіраваліся правіламі з царскага цыркуляру ад 23 траўня 1863 года, згодна якім вышэйшыя пакаранні прызначаліся для прывілеяваных слаёў: памешчыкаў, купцоў, чыноўнікаў, ксяндзоў, лекараў і настаўнікаў. Сяляне, аднадворная шляхта і непаўнагадовыя вучні, пры ўмове таго, што на судзе гаварылі пра прымус іх да ўдзелу ў паўстанні і паказвалі пакаянне ў сваіх учынках, вызваляліся ад прысуду або, у горшым выпадку, падпадалі пад паліцэйскі нагляд. Прысуд атрымоўвалі толькі тыя сяляне, якія змагаліся да апошняга са зброяю ў руках, або самі падбухторвалі іншых да ўдзелу ў паўстанні, ці выступалі ў якасці жаўнераў-вешальнікаў.

— У атрадах, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і ўзначальваліся буйнымі памешчыкамі, удзел сялян штучна абмяжоўваўся і выклікаў непакой. Да таго, ж паколькі адной з важнейшых праблемаў паўстанцаў было ўзбраенне, то ў свае шэрагі асабліва на другім этапе паўстання яны ўключалі ў асноўным тых, хто меў зброю. Бяззбройных сялян прыходзілася накіроўваць дахаты.

— Статыстычныя дадзеныя сацыяльнага складу ўдзельнікаў вельмі спрошчана адлюстроўваюць рэчаіснасць і не могуць паказаць сітуацыю ў кожным з дзеючых атрадаў. Так, напрыклад, у патрапіўшым у палон атрадзе Адама Пуслоўскага, сялян было 12 з 29 (або амаль 41,4 %). І гэта дадзеныя да пачатку “фальсіфікавання” ўдзелу сялян у паўстанні з боку расейскіх уладаў з канца траўня 1863 г.

— Вызначэнне колькасці забітых і параненых у баявых сутычках сялян фактычна немагчымая, паколькі польскія крыніцы ў асноўным прыводзяць страты з ліку шляхецкага саслоўя, пра якое аўтары, з ліку той жа шляхты, былі больш інфармаваныя. З сялянамі, а таксама мяшчанамі, сітуацыя значна горшая: многія прозвішы і імёны іх зніклі разам з палеглымі ў баях.

У адрозненні ад фактаў падтрымкі паўстанцаў, да прыкладаў дапамогі сялян расейскім уладам апошнім часам апелююць значна часцей. Але не столькі прыводзяць канкрэтныя прыклады, колькі канстатуюць сам гэты факт. А вось і прыклады: сяляне Турава затрымалі аднаго з кіраўнікоў паўстанцкага атрада Рагінскага і сакратара Юрашкевіча, калі заўважылі шчодрасць тых пры аплочванні паслугаў фурманшчыка. Рагінскі прапаноўваў мужыкам ўсе 5000 рублёў срэбрам, якія меў пры сабе. Аднак тыя не згадзіліся і, згодна расейскаму рапарту, адказалі: “Мы одному царю служим, Царю нашему Освободителю и присяги не изменим”. 

Вядомыя і іншыя выпадкі, калі сяляне выдавалі паўстанцаў расейскім уладам (атрымоўваючы за гэта грашовае ўзнагароджванне, пра што звычайна “забываюць”), як і выпадкі знаходжання імі схаваных зброі і пораху.

Сяляне пасля ініцыяванага М.М. Мураўёвым стварэння вясковай варты (“сельские караулы”) прымалі таксама сумесна з расейскімі войскамі ўдзел у 4 баявых сутычках (дадзеныя па ст.ст.): 9 чэрвеня 1863 пры мястэчку Крывошына (11 сялян з таго бою атрымалі бронзавы медаль у памяць задушэння паўстання), 29 чэрвеня ля мястэчка Домачава, 27 ліпеня паблізу ўрочышча Цымлева, 30 жніўня паблізу ўрочышча Бярозаўка. 

Аднак жадаемых вынікаў ні прапагандысцкія захады, ні ўзнагароды, шырока абяцаныя сялянам расейскімі ўладамі, не прынеслі. Тым больш аснову караулаў складалі размешчаныя па вёсках воінскія і казацкія патрулі (толькі стараабрадцы добраахвотна ўступалі ў іх) і царскія афіцэры вымушаныя былі прызнаць, што сяляне ў Ковенскай і Гродзенскай губернях “адмовіліся ад добраахвотнага стварэння караулаў”, ратаваліся нават бегствам у лясы пры спробах прымусовай арганізацыі варты. 

Нездарма А.І. Мілавідаў у сваёй працы па гісторыі паўстання, адзначаў: “З нагоды мецяжу 1863 года існуе перакананне, што сельскае насельніцтва Паўночна-Заходняга края з самага пачатку руху было цалкам на баку законнага расейскага ўрада. Гэта можна сказаць толькі пра беларускія (маюцца на ўвазе — Віцебская і Магілёўская) з пераважным рускім, праваслаўным насельніцтвам, і то якое далёка не цалкам праяўляла сваю адданасць”.

Прадстаўнікоў расейскай улады на мясцовасці, у адказ на разгорнутыя царскімі ўладамі рэпрэсіі, паўстанцы жорстка каралі, нават да фізічнага іх вынішчэння. Сярод забітых у Беларусі быў праваслаўны святар Данііл Канапасевіч, якога часта ўзгадваюць пэўныя асобы, забываючыся на тое, што за яго забойства былі павешаныя чатыры чалавекі, двое з якіх — сяляне той жа мясцовасці, дзе святаром быў Канапасевіч: Аляксандар Падалецкі і Якуб Саковіч.

Каб стварыць максімальна блізкую да рэчаіснасці 1863-га года карціну падзей, патрэбна ўлічваць факты як падтрымкі сялянамі паўстанцаў, так і расейскіх уладаў. І адказаць на пытанне: чаму так адбывалася. У іншым выпадку мы так і не здолеем зразумець змест тых падзеяў з пункту гледжання тутэйшага селяніна, якому былі далёкія як ідэя “аднаўлення Рэчы Паспалітай”, так і змаганне з “польскай справай”.

www.istpravda.ru

Каментаваць