Беларускія салдаты Войска Польскага

Амаль да канца 1990-х гадоў беларусам, якія сустрэлі пачатак Другой Сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага, адмаўлялі ў праве звацца ветэранамі. Але і да сённяшняга дня мы мала ведаем пра подзвіг тых людзей.



Салдаты Народнага войска Польскага. 1945 год. Фота з архіва Ігара Мельнікава


Улан з Кобрыншчыны

Беларус Дзмітрый Рыгоравіч Гіль нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Яўсімавічы, Кобрынскага павета. Звычайнаму беларускаму хлопцу давялося служыць у эліце Войска Польскага — кавалерыі. Дзмітрый трапіў у 25-ты полк уланаў вялікапольскіх, які ўваходзіў у Навагрудскую брыгаду кавалерыі і да вайны размяшчаўся ў Пружанах. Увесну 1939 года полк разам з другімі падраздзяленнямі брыгады быў перадыслакаваны на мяжу з Германіяй.  

Дзмітрый Гіль. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года ўланы з 25-га палка мужна змагаліся супраць сіл вермахта. 23 верасня 1939 года ўланы з Пружан атакавалі наступаючых гітлераўцаў пад Краснабродам і нанеслі ім паразу. У выніку той атакі польскім вайскоўцам удалося заняць горад і захапіць у палон штаб 8-й нямецкай пяхотнай дывізіі.

Аднак пазней уланскі полк трапіў у акружэнне нямецкіх танкавых частак і быў разбіты. Некаторым салдатам і афіцэрам удалося эвакуявацца ў Венгрыю, іншыя трапілі ў нямецкі палон. Сярод ваенапалонных быў і Дзмітрый Гіль, якога з лагера накіравалі на сельскагаспадарчыя працы пад Кёнігсберг. Цяжкая праца працягвалася некалькі гадоў. Там, ва Усходняй Прусіі, Гіль даведаўся пра паразу немцаў пад Сталінградам. Сярод былых польскіх вайскоўцаў гэта навіна выклікала радасць.  

Дзмітрый Гіль з жонкай. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Аднойчы Дзмітрыю Рыгоравічу ўдалося атрымаць неабходныя дакументы для выязду на радзіму і ў студзені 1943 года ён прыехаў у родныя Яўсімавічы. Праз год Беларусь вызвалілі і былы польскі вайсковец пайшоў служыць у савецкую армію. У складзе 20-га стралковага палка Дзмітрый Гіль браў удзел у баях пад Варшавай. Падчас фарсіравання Одэра быў цяжка паранены і трапіў у шпіталь. Тут яго і застала Перамога.

Пасля заканчэння вайны Гіль служыў у савецкай вайсковай камендатуры ў нямецкім горадзе Тойхерн. У кастрычніку 1945-га палешук вярнуўся дадому, адбудаваў жыллё, працаваў у калгасе. За сваё жыццё гэты чалавек атрымаў шмат розных узнагарод, аднак больш за ўсё ён ганарыўся савецкім медалём “За Адвагу”, атрыманым за баі пад Варшавай і польскім медалём “За абарону Айчыны”, якім беларуса ўзнагародзіў польскі урад за ўдзел у вераснёўскай кампаніі 1939-га.

 

Абаронцы Брэсцкай крэпасці

Пра гісторыю абароны Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года ў савецкіх падручніках па гісторыі не пісалі. Гэты эпізод быў выкрэслены з айчыннай гістарыяграфіі.

Сярод тых, хто ўдзельнічаў у той, першай абароне цытадэлі ад немцаў, было шмат заходніх беларусаў. Адзін іх — радавы 82-га пяхотнага палка Дзмітрый Максімавіч Іванчук.

Салдаты 82-га пяхотнага палка ў Брэсцкай крэпасці, 1934 год. Фота з архіва Ігара Мельнікава

У сярэдзіне верасня, калі фронт ужо падыйшоў да крэпасці, падраздзяленне, у якім ваяваў Іванчук, было накіравана ў бок Кобрына. Аднак падчас руху польскія жаўнеры трапілі ў нямецкую засаду. Палякам прыйшлося адступіць у крэпасць. Абарона цытадэлі працягвалася да 17 верасня 1939 года. Палонных байцоў Войска Польскага немцы памясцілі ў брэсцкую турму, а калі ў горад увайшлі часткі Чырвонай Арміі, пагналі ў лагер Мілашэвічы, які знаходзіўся за Бугам. Пазней этнічных беларусаў адпусцяць і Дзмітрый Максімавіч хутка апынецца ў роднай вёсцы.

Польская афіцэры ў Брэсцкай крэпасці. пачатак 1930-х. Фота з архіва аўтара.                              Цікава, а што сталася з дзецьмі на фота? Можа хтосьці з нашых чатачоў пазнае тут сябе ці сваіх бацькоў, іншых родзічаў? Калі так, чакаем вашых лістоў.

Адным з тых, хто сустрэў Другую Сусветную вайну ў Брэсцкай крэпасці быў і жыхар вёскі Далбізна, Каменецкага раёна, Брэсцкай вобласці Сцяпан Лявонцьевіч Раюк. У жніўні 1939 года ён атрымаў позву ў войска і быў накіраваны ў Брэсцкую крэпасць. Справа ў тым, што яшчэ ў 1931 годзе Раюк праходзіў тэрміновую службу ў артылерыйскім палку, які размяшчаўся ў крэпасці.

Сцяпан Раюк (справа). Фота з архіва Ігара Мельнікава

Ужо падчас аднаго з першых нямецкіх авіяналётаў была знішчана казарма, у якой размяшчаліся польскія артылерысты. Сцяпан Раюк быў кантужаны і цяжка паранены. Яму пашчасціла выжыць і пазней ён вярнуся да дому.

Аднак многія з тых, хто ўдзельнічаў у гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года знайшлі свой апошні прытулак на гарнізонных могілкаў ля цытадэлі. Шматлікія вайскоўцы трапілі ў нямецкі ды савецкі палон. Польскія афіцэры, трапіўшыя ў рукі НКУС, як напрыклад, апошні абаронца крэпасці, капітан Вацлаў Радзішэўскі, пазней былі растраляны ў Катыні. А тыя, хто змог выжыць у савецкіх лагерах, далучыліся да Арміі Андэрса, ці Народнага Войска Польскага і працягвалі змагацца супраць нацызму.

Беларус з дывізіі Касцюшкі

Калі пад Разанню пачалі фарміраваць Першую польскую пяхотную дывізію, у яе склад увайшлі не толькі этнічныя палякі, пражываючыя на тэрыторыі СССР, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. 17-ці гадовага беларуса Рыгора Сідаравіча Курмысу, ўраджэнца вёскі Хідры, Кобрынскага раёна, Брэсцкай вобласці накіравалі ў Народнае Войска Польскае таму, што той добра валодаў польскай мовай (“за панскім часам” ён скончыў семігадовую школу).

Рыгор Курмыса (злева). Фота з архіва Ігара Мельнікава

Спачатку паляшук быў наводчыкам 76-мм супрацьтанкавай гарматы, а потым стаў камандзірам адзялення. Удзельнічаў у баях за вызваленне Любліна і Варшавы. Аднак найбольш цяжка прыйшлося пры фарсіраванні Віслы. Там польскім артылерыстам прыйшлося весці агонь прамой наводкай па нямецкіх кулямётных гнёздах. Немцы змагаліся да апошняга. Падчас аднаго з авіяналётаў люфтваффэ гармата Курмысы была знішчана. Аднак разлік не загінуў. Артылерысты паспелі схавацца.

За баі на тэрыторыі Польшчы беларус быў узнагароджаны чатырма польскімі медалямі. Вайну Рыгор Курмыса скончыў пад Берлінам. На Одэры ўдзельнічаў у сустрэчы з амерыканцамі. Пасля вайны вярнуўся ў Беларусь, працаваў механізатарам. Да самай смерці гэты чалавек, як каштоўную рэліквію, захоўваў польскі вайсковы мундзір. Той самы, у якім ён у 1946 годзе вярнуўся з вайны.

***

Для заходніх беларусаў Другая Сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года. Нашы суайчыннікі ваявалі ў складзе Войска Польскага на працягу ўсёй вайны. Нехта з іх патрапіў у армію Андэрса і потым змагаўся пад Монтэ-Кассіна, іншыя ваявалі ў Дывізіі Тадэвуша Касцюшкі і Першай польскай арміі. Гэтай старонкай беларускай вайсковай гісторыі нам трэба ганарыцца.

Каментаваць