Браты Дыбоўскія — навукоўцы і паўстанцы

Тыя, хто праязджаў па дарозе Дзяржынск — Рубяжэвічы, маглі заўважыць занядбаную старадаўнюю пабудову на павароце да вёскі Баравое. Гэта — рэшткі капліцы, магільнага склепу шляхецкага роду Дыбоўскіх.



Радавая капліца магільнага склепа Дыбоўскіх


Радавы маёнтак Дыбоўскіх знаходзіўся непадалёку ад каплічкі — у вёсцы Баравое. Шляхецкі род Дыбоўскіх быў вядомы з ХVI стагоддзя, меў герб «Наленч». З гэтага ж старажытнага роду паходзяць і вядомыя вучоныя, браты Дыбоўскія Бенядзікт і Уладзіслаў, якія нарадзіліся ў фальварку Адамарын Вілейскага павета (цяпер Маладзечанскі раён), недалёка ад вёскі Дудрова. Ёсць меркаванне, што хрысцілі братоў у Койданаўскім касцёле Святой Ганны. Абодва мелі выдатныя здольнасці і ўсё сваё жыццё аддалі навуцы.

Герб «Наленч»

Бенядзікт

Старэйшы брат, акадэмік, прафесар, прыродазнавец, заолаг і ўрач, Бенядзікт Іванавіч, нарадзіўся 12 мая 1833 года. Сёлета споўніцца 180 гадоў з дня яго нараджэння. У дзіцячыя гады Бенядзікт любіў разам з бабуляй хадзіць на луг, дзе яны збіралі лекавыя травы. Бабулька лячыла імі прыгонных сялян.

Ужо тады, гледзячы на людскія пакуты, хлопчык вырашыў стаць урачом. Першапачатковыя веды ён атрымаў у Мінскай гімназіі, затым скончыў Дэрпцкі (цяпер Тартускі) універсітэт па спецыяльнасці «медыцына». Дзякуючы сваім выдатным здольнасцям, Бенядзікт атрымаў ступень доктара медыцыны і застаўся ва ўніверсітэце, дзе ён рыхтаваў сябе да прафесарскай дзейнасці. Аднак яго марам не далі спраўдзіцца ўдзел у дуэлі, а затым і ў антыўрадавых дэманстрацыях.

Малады вучоны мусіў выехаць за мяжу, дзе працаваў на кафедрах Берлінскага і Вроцлаўскага ўніверсітэтаў. У 1862 годзе Бенядзікт быў абраны прафесарам заалогіі і анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Але тут навуковая кар’ера маладога вучонага перапыняецца. Бенядзікт зблізіўся з арганізатарамі паўстання супраць царскага самадзяржаўя і прыняў актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Вясной 1864 года царскі суд прыгаварыў Бенядзікта Іванавіча да смяротнага пакарання, якое, дзякуючы хадайніцтву нямецкіх вучоных, было заменена катаргай, а затым бестэрміновай высылкай у Сібір. Там ён, як і яго выдатныя землякі Іван Чэрскі, Адольф Янушкевіч, не сядзеў склаўшы рукі, а працягваў навуковую дзейнасць. Вывучаючы жывёльны і раслінны свет Прыбайкалля і фауну возера Байкал, узбагаціў навуку адкрыццём шматлікіх відаў рыб, птушак, насякомых. Упершыню ў навуцы Бенядзікт апісаў жывёльны і раслінны свет Байкала, правёў серыю замераў тэмпературы вады ў Байкале да глыбіні 1320 метраў. Адсюль, з месца высылкі, зняволены Бенядзікт адправіў у еўрапейскія музеі мноства па-майстэрску зробленых чучал птушак, вялікую — больш за 100 тысяч — калекцыю насякомых.

Навуковыя дасягненні сасланага Бенядзікта Іванавіча Дыбоўскага не засталіся не заўважанымі: Імператарскае рускае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго малым залатым медалём. Урад Расійскай імперыі дазволіў яму вярнуцца на радзіму, на Беларусь. Прапанавалі вучонаму працу ў маскоўскіх сталічных музеях, у Томскім універсітэце, але ён папрасіў накіраваць яго на Камчатку ўрачом. На паўвостраве Бенядзікт лячыў людзей, вывучаў побыт мясцовага насельніцтва, за свае грошы завёз туды аленяў. Свае ўражанні і назіранні ён падрабязна апісаў у кнізе «Воспоминания о путешествии в Сибирь и на Камчатку».

Пасля вяртання ў Еўропу Бенядзікт Іванавіч узначальваў кафедру заалогіі Львоўскага ўніверсітэта. За выдатныя навуковыя дасягненні ў 1927 годзе яго абралі член-карэспандэнтам АН СССР. Наш слынны зямляк пражыў амаль 100 гадоў, напісаў больш за 170 навуковых прац. Памёр Бенядзікт Іванавіч Дыбоўскі ў 1930 годзе, і яго, як апошняга жывога ўдзельніка паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Каліноўскага, грамадскасць Масквы хавала з вялікімі вайсковымі пашанамі, пад залпы гармат.

Уладзіслаў

Уладзіслаў Дыбоўскі, малодшы брат Бенядзікта, таксама вызначыўся як буйны вучоны: заолаг, батанік, мінералог, палеантолаг і фалькларыст. Нарадзіўся ён 18 красавіка 1838 года, сёлета якраз споўнілася 175 гадоў з дня яго нараджэння. Як і брат, таксама скончыў Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт і атрымаў ступень доктара мінералагічных навук.

І таксама прымаў актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і быў прыгавораны да турэмнага зняволення. Акрамя Бенядзікта і Уладзіслава, у паўстанні прымалі ўдзел і іншыя прадстаўнікі роду Дыбоўскіх. Усе яны, у тым ліку і жанчыны, былі сасланыя царскім урадам у розныя куткі Расіі.

Адбыўшы пакаранне, Уладзіслаў пачаў даследаваць выкапнёвыя рэшткі Сібіры, Прыбалтыкі, вывучаў флору і фауну Навагрудчыны, збіраў беларускі фальклор. Вынікі навуковай дзейнасці Уладзіслава Іванавіча былі надрукаваныя ў шматлікіх навуковых працах. Акрамя таго, з-пад яго пяра выйшлі такія кнігі, як «Беларускія загадкі з Мінскай губерні», «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета».

Пры дарозе Навагрудак — Любча ўсталяваны мемарыяльны камень у гонар Уладзіслава Дыбоўскага. Браты Дыбоўскія, тыповыя прадстаўнікі беларускага народа, і ў турэмных царскіх засценках, і ў далёкай ссылцы выявілі сябе як выбітныя асобы.

Браты Дыбоўскія, таксама, як і даследчык Усходняй Сібіры Ян Чэрскі, Адольф Янушкевіч, шэраг іншых — нашы суайчыннікі, беларусы, тут нарадзіліся, тут жылі, адсюль выйшлі на вялікі прастор сусветнага прызнання. На вялікі жаль, знаёмячыся з матэрыяламі расійскіх выданняў, прысвечаных гэтым і іншым выдатным асобам, робіш адкрыццё, што яны — палякі. Ці не час выпраўляць памылкі, спадары расіяне?

                                                 

Каментаваць