Будаўніцтва 1920-х — прыклад для сучаснай Беларусі

У сярэдзіне 1920-х польскія ўлады распрацавалі планы будаўніцтва цэлых раёнаў прыватных дамоў для чыноўнікаў. Некаторыя з тых даваенных польскіх камяніц захаваліся да сённяшняга дня. Яны з’яўляюцца не толькі архітэктурнымі помнікамі, але і прыкладамі таго, як трэба забудоўваць невялікія беларускія гарады.



Заслаўе—Хмелеўка


Новае аблічча гарадоў Заходняй Беларусі

28 мая 1924 года Міністэрства фінансаў Польшчы, кажучы сучаснай мовай, адчыніла крэдытную лінію для будаўніцтва дамоў для супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату ў усходніх ваяводствах. Фінансавыя сродкі ў рамках крэдыту атрымала Міністэрства грамадскіх работ (у якім быў створаны адмысловы Аддзел дзяржаўных будынкаў — І.М.) і ўжо 6 чэрвеня скіравала грошы ў сваё прадстаўніцтва ў Брэсце. 12 мая 1924 года былі створаны Ваяводскія камітэты будаўніцтва, якія ў супрацы з ваяводскімі ўладамі пачалі распрацоўваць план будаўніцтва індывідуальных дамоў у канкрэтных мясцовасцях. Хутка пасля гэтага былі створаны Павятовыя будаўнічыя камітэты, якія пад кіраўніцтвам стараст рыхтавалі неабходную інфармацыю для пачатку прац.

Катэджны пасёлак у Навагрудку

У чэрвені архітэктары пачалі распрацоўваць чарцяжы і праекты новых будынкаў. Паралельна ішла падрыхтоўка сметнай дакументацыі. Дарэчы, над распрацоўкай чарцяжоў працавалі 14 лепшых варшаўскіх архітэктараў. Хутка было прынята рашэнне аб будове тыповых дамоў. Было распрацавана 33 тыпы будынкаў, з якіх 8 было з дрэва і 25 каменных. Гэта былі дамы для старастаў (на дзве і чатыры кватэры), а таксама баракі для паліцыі. У дамах для стараст планавалася зрабіць 4 пакоі для сям’і і два службовых.

Катэджны пасёлак у Стаўбцах

Пры будаўніцтве павінны былі ўлічвацца кліматычныя ўмовы Палесся. Дзеля таго, каб т. зв. калоніі гарманічна ўпісаліся ў гарадскую забудову, былі праведзены спецыяльныя праектныя работы на мясцовасці. Паралельна з гэтым ішла купля будаўнічых матэр’ялаў. Усяго для будаўніцтва новых “мікрараёнаў было прывезена 11 600 000 штук цэглы і 3 800 000 штук дахоўкі.

Катэджны пасёлак у Нясвіжы

Нарэшце, пачаліся працы. Будаўніцтву спрыяла добрае надвор’е: восень 1924 года была даволі цёплай. У Навагрудскім ваяводстве дамы будаваліся ў 8, у Палескім – у 11, на Віленшчыне (Віленскае ваяводства было створана толькі ў 1925 годзе — І.М.) —  у 16 мясцовасцях. У Навагрудскім ваяводстве ў 1925 годзе было пабудавана 43 (21 каменны, 22 драўляных), у Палескім 69 (26 каменных, 43 драўляных), на Віленшчыне 27 (5 каменных, 22 драўляных). Чаму выкарыстоўвалі дрэва? Таму, што яно было танней за цэглу, да і будаўнічы працэс ішоў хутчэй. Варта таксама падкрэсліць, што адной з галоўных праблем была кепская транспартная інфраструктура некаторых з новых мікрараёнаў. Так, напрыклад, у Нясвіжу новая калонія знаходзілася ў 14 км ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі, у Валожыне — у 28, у Шаркаўшчыне — у 36 км.

Калонія Нарутовіча ў Брэсце

Катэджныя пасёлкі ўзору канца 1920-х гадоў з’явіліся ў Браславе, Шаркаўшчыне, Плісе, Глыбокім, Свянцянах, Дуніловічах, Смаргоні, Вілейцы, Ашмянах, Валожыне, Лідзе, Наваградку, Стаўбцах, Нясвіжы, Баранавічах, Слоніме, Косаве, Пружанах, Кобрыне, Драгічыне, Пінску, Брэсце, Століне. Варта падкрэсліць, што гэта акцыя адбывалася і на тэрыторыі Заходняй Украіны.  

Памежная інфраструктура

Асобнай сферай стала будаўніцтва памяшканняў для польскіх памежнікаў з Корпуса аховы памежжа (КАП). Па праграме на 1924/1925 гг. планавалася 238 заставаў і 111 дапаможных будынкаў. Аднак фінансавых сродкаў хапіла толькі на будаўніцтва адпаведна 61 і 134-х.

Дом старасты ў Нясвіжы

Рэалізацыя праграмы складалася з трох фаз, чарговасць якіх акрэсліла камандаванне КАП. У першай фазе, на якую адводзілася 14–16 тыдняў, будаўніцтва ў 10 памежных участках Валынскага, Навагрудскага ваяводства, а таксама на Віленшчыне, у выніку чаго павінна было паўстаць 136 будынкаў, кубатурай 274,154,16 м. кв. У другой фазе (з 1 сакавіка 1925 г.) — быў запланаваны ўвод у эксплуатацыю 63 будынкаў КАП у 4-х памежных участках Палескага ваяводства агульнай кубатурай 114,222,77 м. кв. У трэцяй фазе (з 7 мая 1925 г.) — 19 будынкаў у Тарнопальскім ваяводстве кубатурай 23, 498,55 м. кв. Працы на другой і трэцяй фазе павінны былі працягвацца таксама 14–16 тыдняў.

Дом у Баранавічах

Трэба браць пад увагу, што памежныя тэрыторыі былі небяспечным рэгіёнам. Там, не гледзячы на з’яўленне ў 1924 годзе памежнікаў КАП (да 1924 г. ахову межаў неслі супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі — І.М.) усё ж працягвалі дзейнічаць прабальшавіцкія атрады, якія здзяйснялі напады на дзяржустановы. Падчас першай фазы адбылася падрыхтоўка неабходнай інжынерна-тэхнічнай дакументацыі, а таксама распрацоўка чарцяжоў. Разам з тым, адбываўся завоз будаўнічых матэрыялаў. (Дарэчы, як паказваюць пазнейшыя падлікі, у усходнія ваяводствы для будаўніцтва інфраструктуры КАП было завезена 7 657 578 штук цэглы — І.М.).  На працягу гэтай фазы ўдалося збудаваць частку застаў і нарэшце наладзіць сістэматычную ахову дзяржаўнай мяжы.

Дом на дздве сям'і ў Стаўбцах

Па ўспамінах сучаснікаў тых падзей, у польскіх дзяржаўных устаноў здараліся праблемы з набыццём тэрыторый пад будаўніцтва. Часам ўласнік зямлі банальна адсутнічаў на тэрыторыі Польшчы. Не з усімі ўдавалася дамовіцца. Не сакрэт, што пад будаўніцтва новых мікрараёнаў для тагачаснай катэджнай забудовы выбіраліся найбольш прывабныя часткі гарадоў і мястэчак. Павятовы стараста павінен быў жыць не на выселках, а амаль у цэнтры горада. А такія прывабныя кавалкі зямлі каштавалі. Цэны за гектар зямлі вагаліся ад 429 да некалькіх дзесяткаў тысяч злотых. Найбольш танная зямля была ў Пружанах (трошкі больш за 400 злотых), а найбольш высокія цэны былі ў Брэсце (ад 50 да 60 тысяч злотых за гектар).

Брама КАП у Клецку

Брама ў Клецку. Сучасны выгляд. Фота radzima.org

Памежнікам таксама прыходзілася змагацца з уласнікамі зямельных надзелаў у справе атрымання права будаўніцтва на тых ці іншых зямельных надзелах. Кошты зямлі для будаўніцтва памежнай інфраструктуры вагалася ад 115 злотых да 1500 злотых за гектар. Цяжка прыйшлося з будаўніцтвам для КАП на Палессі, дзе было шмат балот.

Малюнак аднаго з дамоў

Даволі актуальнай праблемай для польскіх улад, як дарэчы і для сённяшніх беларускіх, была адсутнасць кваліфікаваных працоўных рук. Дзеля гэтага палякам прыйшлося прывозіць рабочых з Цэнтральнай і Заходняй Польшчы. Аднак варта падкрэсліць, што масавае будаўніцтва на “крэсах стала для жыхароў Заходняй Беларусі добрай магчымасцю зарабіць грошы. Шмат палешукоў тады ўстроіліся на будаўніцтва ў якасці працоўных.

План калоніі ў Нясвіжы

Працэс будаўніцтва польскіх мікрараёнаў на тэрыторыі заходне-беларускіх ваяводстваў працягваўся на працягу ўсяго міжваеннага двадцацігоддзя. Таксама ўдалося стварыць і добрую памежную інфраструктуру. Калі глядзіш на праекты тых будынкаў і калоній становіцца зразумела, што над імі працавалі сапраўды лепшыя з лепшых.

У выніку паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939-га Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Савецкага Саюза. Нехта з уладальнікаў дамоў у Нясвіжы, Слоніме, Брэсце, ці Лідзе паспеў пакінуць радзіму, другія засталіся. Аднак не на доўга. Хутка яны былі арыштаваны, ці дэпартаваны з БССР. Некаторыя з тых, даваенных польскіх камяніц захаваліся да сённяшняга дня. Яны з’яўляюцца не толькі архітэктурнымі помнікамі, але і прыкладамі таго, як трэба забудоўваць невялікія беларускія гарады і мястэчкі.

Заслаўе. Сучасны выгляд

Абмеркаванне:

  • Безземельный
  • 2013-01-18 19:51:22
Действительно ряд домов сохранилось до наших дней. Большевики не все уничтожили. Эти "каменицы" по сути тоже исторические памятники. Они артефакты той эпохи, когда Западная Бларусь
была в составе Польши.

Спасибо газете за интересную статью.

Каментаваць