«БУДЗЬМА!» у Варацэвічах

Мастакі суполкі «Пагоня» аддалі даніну пашаны і памяці Язэпу Драздовічу, прысвяціўшы ягонаму 120-гадоваму юбілею адмысловую выставу «Нябесныя бегі — Вечны вандроўнік», якая вандруе амаль па ўсёй Беларусі.
Мастакі суполкі «Пагоня» аддалі даніну пашаны і памяці Язэпу Драздовічу, прысвяціўшы ягонаму 120-гадоваму юбілею адмысловую выставу «Нябесныя бегі — Вечны вандроўнік», якая вандруе амаль па ўсёй Беларусі.
 
Напрыканцы снежня экспазіцыя дэманстравалася ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, радзіме мастака Напалеона Орды ў мастацкай галерэі музейнага комплексу, які носіць яго імя. Потым пераехала ў Ліду. Выставу плануецца паказаць таксама ў Пінску, Паставах, Вілейцы і Полацку.
У экспазіцыі больш за 30 твораў жывапісу і графікі. Сярод іх палотны Уладзіміра Сулкоўскага, Ігара Марачкіна, Генадзя Драздова, Георга Скрыпнічэнкі, Ігара Бархаткова, Ягора Батальёнка — усіх не пералічыць.
На адкрыцці экспазіцыі ў Варацэвічах прысутнічалі вучні Іванаўскай мастацкай школы, якой кіруе сябра суполкі «Пагоня» Янка Рамановіч. Аляксей Марачкін, старшыня суполкі, правёў першую экскурсію па выставе, распавёў пра творчасць Язэпа Драздовіча, ягоны нялёгкі лёс, а таксама падрабязна спыніўся на творах, якія знаходзяцца ў экспазіцыі.
Пры адкрыцці выставы адбылася прэзентацыя культурніцкай кампаніі «Будзьма!». Аляксей Марачкін зрабіў кожнаму з удзельнікаў сустрэчы падарункі ад кампаніі «Будзьма», дзякуючы якой мастацкія выставы трапляюць у самыя аддаленыя ад сталіцы куточкі нашай краіны.

Каментаваць