Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці магчыма ўратаваць найстарэйшы беларускі некропаль?

Яшчэ напрыканцы 1980-х Гарадзенскія могілкі ўключылі ў спіс спадчыны мясцовага значэння, але ў агульнанацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, які фармаваўся ў 2000-х гадах, уключыць… забыліся. То бок, на паперы некропаль заставаўся ўсяго толькі нефункцыянуючымі могілкамі.

Так выглядаў каталіцкі сегмент могілак з брукаванкай і дрэвамі

Могілкі — гэта своеасаблівы партрэт цывілізацыі. Гэта не толькі аб’ект, дзе мы пакідаем памерлых, але і месца, важнае для жывых. Беларусь могілкамі перапоўненая: вайсковымі, татарскімі, яўрэйскімі, вясковымі, гарадскімі… Усе яны пра нешта свед­чаць. Яўрэйскія ці татарскія закінутыя, бо гэтых народаў больш няма ў колішняй колькасці. Курганы разрабаваныя. Вясковыя могілкі паміраюць, як памірае вёска. Гарадскія могілкі абласных цэнтраў нагадваюць мегаполісы з безаблічнымі панельнымі дамамі.

«Некропаль» у перакладзе з грэчаскай — «горад мёртвых». Праз такую прызму цікава зірнуць на старыя некропалі, якія месцяцца ў гістарычных цэнтрах Беларусі ды вельмі іх нагадваюць. Магілы — гэта дамы, прычым вельмі розныя: ад бетонных слупкоў да багатых комплексаў са скульптурнымі кампазіцыямі. Сцежкі паміж магіламі — вуліцы, галоўная алея — праспект, капліца — сабор.

Калі так глядзець на могілкі, можна зразумець, што некропалі — гэта люстэркавыя адбіткі нашага жыцця ў розныя часы. Якія могілкі — такое і жыццё. У гэтым сэнсе цікавыя найстарэйшыя беларускія гарадскія некропалі, хоць горад для беларусаў, учорашняй вясковай нацыі, паняцце ўмоўнае: мы толькі пачынаем яго засвойваць. Гродзенскі некропаль — ці не самы паказальны.

Больш за 200 гадоў гісторыі

Гродзенскі некропаль, які таксама згадваюць як Фарныя альбо Старыя могілкі, аб’ядноўвае вялікі комплекс праваслаўных і каталіцкіх могілак. Сёння гэта найстарэйшыя камунальныя могілкі, якія захаваліся ў Беларусі. Чаму камунальныя? Раней могілкі засноўваліся пры цэрквах альбо касцёлах. Але напрыканцы XVIII стагоддзя Сейм Рэчы Паспалітай стварыў інстытуцыі, якія займаліся арганізацыяй агульнагарадскіх — камунальных — пахаванняў.

Менавіта тады, у 1780–1790-х гадах паўсталі ўсе самыя знакамітыя могілкі на тэрыторыі дзяржавы: Павонзкаўскія ў Варшаве, Ракавескія ў Кракаве, а таксама тры найважнейшыя некропалі ва ўсходнім кірунку: Росы ў Вільні, Лычакаўскія ў Львове ды Фарныя ў Гродне. Цікава, што фармальна гродзенскія могілкі яшчэ называліся Фарнымі, як бы парафіяльнымі, але фактычна ўсіх хрысціян з горада незалежна ад парафіі ўжо хавалі тут. Раней жа могілкі атачалі кожны гродзенскі касцёл альбо царкву: Фару Вітаўта, Каложу, Бернардыны і інш.

Так у Гродне з’явіўся найстарэйшы і найбольш цікавы ў мастацкім плане некропаль у Беларусі, які сёння налічвае 215 гадоў. Праваслаўныя могілкі побач узніклі трошку пазней, на пачатку ХІХ стагоддзя. Магчыма, пачатак ім дало пахаванне генерала Ланскога, удзельніка вайны 1812 года, які памёр ад ранаў у 1814-м. Зараз і каталіцкія, і праваслаўныя могілкі ў Гродне на вуліцы Антонава ўтвараюць адзіны масіў.

Багацце стыляў і формаў

Могілкі шыкоўныя, калі паглядзець хаця б на асобаў, тут пахаваных. Узяць, напрыклад, магілу генерала Ланскога, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, паэта Міхася Васілька, маці Багдановіча Марыі Мякота… Цікава, што Гродна ніколі не быў багатым горадам, таму мы і не можам убачыць на вуліцах старых будынкаў з маскаронамі альбо атлантамі, якія трымаюць гаўбцы, як у Вільні альбо Львове. Падобнай багатай аздобы ў нас не было. Аднак усё гэта можна ўбачыць… на могілках!

Фарныя могілкі маюць неймавернае багацце стыляў і тэхнікаў выканання. Гэта надмагіллі, зробленыя з пясчаніку, мармуру, вапняку, граніту, адлітыя з чыгуну, каваныя з жалеза, выкананыя ў тэхніцы ліцця, коўкі, разьбы. Гэта помнікі, зробленыя вельмі рознымі майстрамі ў разнастайных месцах, напрыклад, у Кіеве, Калузе, Вільні, Беластоку.

Ёсць некалькі гродзенскіх майстроў, працы якіх зрабілі б гонар любому некропалю Еўропы. Напрыклад, Баляслаў Шышкевіч, які геніяльна апрацоўваў пясчанік, ствараючы фантастычныя формы і скульптуры. У 1860–1870-х па граніту працаваў Юзэф Забароўскі. З гэтага пункту гледжання можна казаць, што нашы могілкі саступаюць Лычакаўскім у Львове, але не саступаюць (а ў мастацкім плане, магчыма, і пераўзыходзяць) Росы ў Вільні.

Мусілі знікнуць, але…

Безумоўна, лёс гэтых могілак — адлюстраванне сітуацыі з гісторыка-культурнай спадчынай у Гродне агулам. У прынцыпе, могілкі пачалі раскрадаць даўно: ёсць сведчанні міжваеннага часу, што адтуль выносілі фрагменты на метал.

За савецкім часам з’явіўся свой каларыт: пакуль жывыя чыноўнікі і партыйцы засялялі пустуючыя камяніцы горада, мёртвыя — перабіраліся ў праваслаўны сегмент могілак на Антонава, ствараючы свой «элітны раён». Гэта былі ўжо не сціплыя стаўпы з зорачкамі, а маштабныя надмагіллі з сімваламі прафесіяў: самалётам для лётчыка, кадуцэем для медыка.

Аднак у 1973 годзе з’явілася рашэнне аб закрыцці некропалю. Гэта значыла, што хаваць там было ўжо забаронена, а праз 25 гадоў, згодна з савецкай практыкай, могілкі аўтаматычна траплялі пад знос. На шчасце, 25-гадовы тэрмін прыпадаў на 1998 год, калі законы СССР ужо не працавалі.

На мяжы 1980–1990-х могілкамі пачалі цікавіцца гісторыкі. Юры Гардзееў, Валер Чарапіца і іншыя напісалі кнігі на тэму. Любоў Зорына яшчэ з канца 1980-х даследавала коўку і ліццё надмагілляў. Пра могілкі пачалі пісаць у прэсе ўжо не як пра «шэрую зону» ў цэнтры горада, але як пра аб’ект спадчыны.

Крыжы здаюць на металалом

Яшчэ напрыканцы 1980-х могілкі ўключылі ў спіс спадчыны мясцовага значэння, але ў агульнанацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, які фармаваўся ў 2000-х гадах, уключыць… забыліся. То бок, на паперы некропаль заставаўся ўсяго толькі нефункцыянуючымі могілкамі, на якіх нельга хаваць, толькі падхоўваць да старых магілаў.

Апошняя ініцыятыва па ўключэнні могілак у вышэйназваны спіс скончылася фіяска ў 2015–2016 гадах. Пры гэтым, у Беларусі ёсць «маладзейшыя» могілкі, якія ў спіс усё ж такі трапілі, напрыклад, Кальварыйскія ў Мінску альбо Трышынскія ў Брэсце. Нефармальная матывацыя тады гучала прыкладна так: могілкі ў занадта дрэнным стане, каб дадаваць іх у спіс агулам, таму варта ўключаць асобныя пахаванні.

Пры гэтым, за апошнія гады могілкі пачалі руйнавацца ўсё больш імкліва. Нават калі параўнаць стан захаванасці сярэдзіны 2000-х і сучасны, бачныя яскравыя негатыўныя змены. Асабліва гэта тычыцца металічных надмагілляў з чыгуну і жалеза. Іх элементарна крадуць на металалом, ніякіх камераў назірання на могілках няма, ніхто не маніторыць у гэтым святле пункты прыёму металу, ніводная крымінальная справа на гэтай падставе не была заведзеная.

А за што заводзіць? Чыя гэта маёмасць?.. Родныя памерлых 150 гадоў таму гродзенцаў наўрад ці куды звернуцца, а да дзяржавы няма чаго апеляваць — гэта ж не аб’ект спадчыны, прычыненне шкоды якому павінна карацца. Так і атрымліваецца: шэдэўры стогадовай даўніны, паводле закону — усяго толькі зачыненыя могілкі, на якіх больш не хаваюць…

Турыстычны кландайк

Могілкі — гэта месца, напоўненае сэнсамі: гістарычнымі, хрысціянскімі, чалавечымі. Адначасна, гэта месца, дзе можна ладзіць лекцыі па гісторыі сусветнага мастацтва, тлумачачы, што лаўровы вянок сімвалізуе славу, мірт — жалобу, а матылёк — замагільны свет. Тут жа можна распавядаць пра тэхналогіі будаўніцтва стагоддзі таму альбо даследаваць гісторыю фотаздымка: найстарэйшы гродзенскі фотаздымак на могілках датуецца 1870-мі гадамі — ён наўпрост схаваны ў помніку пад шклом.

Могілкі — адзін з самых каштоўных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. Ніводная польская экскурсія іх не мінае, значная частка літоўскіх і расійскіх — завітвае таксама. Кожны месяц праз іх праходзяць сотні лю­дзей. Дык чаму б не акумуляваць некропаль не толькі як частку нацыянальнай памяці, але і як турыстычны капітал?

Кожны год мы нешта губляем…

Што можна зрабіць? Па-першае, каталагізаваць, дасканала вывучыць. Можна нават правесці паралель: сёння ёсць кніжкі, якія апісваюць гістарычны Гродна, горад жывых, літаральна дом за домам, з пазнакай года будаўніцтва, архітэктара, жыхароў, архітэктурнага стылю і іншага. Тое ж можна зрабіць і з горадам мёртвых. Бо кожны год на Фарным некропалі мы нешта страчваем, нават не ведаючы што, і гэта назаўжды сыходзіць у пясок.

Па-другое, распачаць паступовы працэс аднаўлення могілак. Гэта можна было б зрабіць і праз транспамежнае супрацоўніцтва (што зараз робяць львавяне разам з палякамі), і праз абласны бюджэт, і праз ахвяраванні. Варта адзначыць, што камунальныя службы хоць нешта, але робяць: там сёння няма гораў бутэлек, шпрыцаў ды іншага смецця. Пры гэтым, за часамі «губернатарства» Уладзіміра Саўчанкі была знішчаная старая брукоўка, выпілаваныя 100-гадовыя дрэвы…

Так, сухія галіны зараз не падаюць і нічога не ламаюць, але ад каранёў расце падростак, які выварочвае помнікі, знішчаючы іх цалкам. На тых жа віленскіх Росах надалей растуць велічэзныя дрэвы, якія ствараюць дах, пад якім, у ценю, ніякі падростак не расце. У нас жа за год ад старога карэння вырастае малады лясок клёнаў. Калі семя клёна трапляе ў шчылінку пясчанікавага помніка — яно яго разрывае. Але нават гэта ўжо не так істотна.

Адзіны шлях — стварэнне запаведніка

Адзіны пазітыўны шлях для могілак — стварэнне запаведніка і асобнай адміністратыўнай адзінкі, якая б адказвала за іх стан. Так зроблена ў Львове, дзе працуе мемарыяльны запаведнік «Личаківський цвинтар». Такім чынам, патрэбны дырэктар, два навуковыя супрацоўнікі, два рэстаўратары, два ахоўнікі — агулам 6–7 чалавек, не болей.

Першае, што мелі б зрабіць навуковыя супрацоўнікі, — гэта каталагізацыя цягам двух гадоў. Усе кавалкі магілаў і крыжоў варта пранумараваць і вывезці, каб пазней скласці, ведаючы, што да якога пахавання адносіцца. Інакш кавалкі 120-гадовых крыжоў, раскіданыя тут і там, надалей будуць выносіць бамжы ды здаваць на метал...

Пасля — юрыдычнае вызначэнне статусу. Варта замацаваць правілы: касцёл і царква маюць паўнамоцтвы толькі на тэрыторыі сваіх капліцаў, любыя падзахаванні адбываюцца толькі з дазволу дырэктара запаведніка, з ім жа ўзгадняецца знешні выгляд. Наступны этап — прыцягненне сродкаў на рэстаўрацыю: аднавіць 4–5 магілаў за год цалкам рэальна.

Усё гэта дало б шанец праз 20–25 гадоў мець цалкам прыстойны найстарэйшы ў Беларусі некропаль нацыянальнага значэння, які б не саступаў ані Вільні, ані Львову.


Каментаваць