Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці маюць каштоўнасць манеты «панскага» часу?

Калі манет даваеннай Польшчы захавалася даволі шмат і кошт на іх не вельмі высокі (за выключэннем «срэбра»), то крэдытныя маркі польскіх вайсковых кааператываў сёння выклікаюць вялікую зацікаўленасць у айчынных і замежных нумізматаў.

Манеты Другой Рэчы Паспалітай з калекцыі аўтара

Манеты Другой Рэчы Паспалітай з калекцыі аўтара


Падчас адной з вандровак я знайшоў 50 грошаў 1938 года. Дваццаць міжваенных гадоў гэтымі грашыма карысталіся жыхары Заходняй Беларусі. Акрамя гэтага, у гарнізонах і частках Войска Польскага ў 1920–1930-я гады ўжываліся спецыяльныя крэдытныя маркі, якія сёння з’яўляюцца нумізматычнымі рарытэтамі.
Тыя самыя 50 грошаў (справа) выпадкова знойдзеныя побач з польскай стражніцай

Тыя самыя 50 грошаў (справа) выпадкова знойдзеныя побач з польскай стражніцай

Ад маркі да злотага

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны эканоміка Другой Рэчы Паспалітай была ў кепскім стане. У красавіку 1924 года быў створаны галоўны фінансавы інстытут Польшчы — Банк Польскі, які па форме ўласнасці з’яўляўся акцыянернай кампаніяй. Такі статус галоўны банк краіны атрымаў дзеля таго, каб пазбегнуць уплыву на яго працу дзяржавы і палітычных колаў.

Яшчэ раней, у студзені, каб стрымаць гіперінфляцыю, улады правялі грашовую інтэрвенцыю. Тады ў эканоміку ўлілася каля 2,5 мільёна долараў. Гэта дазволіла стабілізаваць курс тагачаснай польскай валюты — маркі. За 1 долар у той момант давалі каля 9 тысяч марак. Нарэшце, 28 красавіка 1924 года ў грашовы зварот быў уведзены новы від валюты — польскі злоты. Тады яго курс быў прыроўнены да курсу швейцарскага франка, а долар каштаваў 5,18 злотых. Былую валюту — маркі — абменьвалі па курсе 1,8 мільёна за 1 злоты.

Крэдытная марка ўланскага палка з Пружан

Разам з папяровымі грашыма ў кішэнях людзей з’явіліся і манеты. Наміналы 1, 2, 5 грошаў былі выбіты з бронзы, манеты ў 10, 20 і 50 грошаў — з нікелю. Першапачаткова планавалася, што 1, 2 і 5 злотых будуць са срэбра, а наміналы 10–100 злотых — з золата. Аднак эканамічныя цяжкасці прывялі да таго, што ў 1929 годзе манету ў 1 злоты пачалі выпускаць з нікелю.

З золатам таксама выйшлі праблемы. У 1925 годзе планавалася выпусціць манеты ў 10 і 20 злотых (у золаце). На іх была выява караля Баляслава Адважнага, бо выхад манеты прысвячаўся 900-годдзю каранацыі манарха. Залатая манета ў 20 злотых, эскіз якой распрацавала мастачка Зоф’я Тшцінская-Каменская, была па курсу роўнай 20 швейцарскім франкам. Але з-за таго, што злоты не мог утрымаць такі высокі курс, гэтыя манеты (10 і 20 залатых злотых) так і не былі ўведзеныя ў абарачэнне.

Срэбра ў кішэнях

У 1928 годзе ў міжваеннай Польшчы з’явілася пяцізлотавая срэбная манета з выявай багіні Нікі, яшчэ праз два гады ў гонар 100-годдзя Лістападаўскага паўстання 1830 года была адчаканеная манета такога ж наміналу і металу. У 1932 годзе ў гаманцах у тым ліку і жыхароў Заходняй Беларусі з’явіліся срэбныя манеты наміналам 2, 5, 10 злотых з выявай жанчыны, а праз два гады на срэбных грошах узнік барэльеф бацькі Другой Рэчы Паспалітай — маршала Юзафа Пілсудскага.

Срэбныя манеты Другой Рэчы Паспалітай

У 1933 годзе ў гонар 250-годдзя караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага была адчаканеная срэбная манета ў 10 злотых. У тым жа годзе ў памяць 70-годдзя смерці «дыктатара» Студзеньскага паўстання 1863 года Рамуальда Траўгута таксама былі выпушчаны срэбныя 10 злотых. У 1935 годзе польскі паруснік «Дар Памор’я» здзейсніў кругасветнае падарожжа, і ўжо ў наступным годзе яго выява аздобіла польскія манеты ў 2, 5 і 10 злотых.

Аднак акрамя гэтых грошай у польскіх вайскоўцаў у міжваенны час былі «свае».

Крэдытныя маркі з Заходняй Беларусі

У свой час мяне вельмі здзіўляла польскае словазлучэнне «kasyno oficerskie». Што ж гэта за казіно? Пазней, калі пачаў глыбей даследаваць гісторыю польскага войска ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах, зразумеў, што гутарка ідзе пра звычайны клуб, які, аднак, мог аб’ядноўваць і сталовую, і краму, і бібліятэку. У гарнізонах і частках Войска Польскага дзейнічалі кааператывы (Spółdzielni wojskowe), пайшчыкамі якіх былі афіцэры, падафіцэры і, у некаторых выпадках, радавыя. Кааператыўныя крамы забяспечвалі пайшчыкаў неабходнымі таварамі і паслугамі. А «гандаль» ажыццяўляўся не за наяўныя грошы, а за крэдытныя маркі, якія выпускала амаль кожная польская вайсковая частка.

Крэдытныя маркі з калекцыі аўтара

Гэтыя «грошы» нагадвалі звычайныя злотыя, але вырабляліся з больш танных матэрыялаў (алюмінію, жалеза, цынку, латуні, радзей — з медзі і нікелю). На іх чаканіліся назва і нумар вайсковай часткі, а таксама месца дыслакацыі і год. На адваротным баку быў намінал.

Крэдытныя маркі батальёна КАП Падсвілле

Звычайна гутарка ішла пра 10, 20, 50 грошаў (з цынку), 1 (з алюмінію), 2, 5 (з медзі ці нікелю) злотых. Часамі на такіх «грошах» былі надчаканкі «KO» — «kasyno oficerskie», ці «KP» — «kasyno podoficerskie». На некаторых «манетах» былі выявы Тадэвуша Касцюшкі, Юзафа Пілсудскага (напрыклад, кааператыў 15-га батальёна КАП у Людвікава), ці караля Стэфана Баторыя. На некаторых марках выбіваліся зашыфраваныя назвы кааператываў «Zacisze», «Mrozy», «Sybirak» (Берасце-на-Бугу), «Żagiel».

2 злотых 15 батальёна КАП з Людвікава

Рэдка, але здараліся выпадкі, калі маркі аднаго вайсковага кааператыву выкарыстоўваліся вайскоўцамі іншага гарнізону. Так, «манетамі» 78-га пяхотнага палка з Баранавічаў карысталіся і байцы 1-га і 4-га дывізіёнаў 20-га палка лёгкай артылерыі.

Кошты, рарытэты, падробкі…

Большасць крэдытных марак чаканіліся ў Майстэрні гравёра Браніслава Грабскага ў Лодзі. Як адзначае беларускі даследчык Валер Калясінскі, над макетамі штэмпеляў там працавалі мастакі Марыян Кенджэнскі, Пётр Абрамоўскі і Юзаф Рышард Вадзыньскі. Даследчыкі-нумізматы налічылі, што ў міжваенны час было праведзена 11 тыпаў эмісій крэдытных марак. У 1927 годзе камплект «карпаратыўных грошай» для аднаго з вайсковых кааператываў каштаваў каля 600 злотых.

Манеты міжваеннай Польшчы

Варта адзначыць, што напярэдадні Другой сусветнай вайны з крэдытных марак зніклі нумары вайсковых адзінак, у якіх яны выкарыстоўваліся. Звязана гэта было з жаданнем польскага вайсковага камандавання захаваць службовую таямніцу і не даць замежным выведнікам лёгка атрымаць важную інфармацыю.

Знак За памежную службу КАП, 1930-я гады

У прыватнай калекцыі аўтара ёсць некалькі такіх крэдытных марак. Перш за ўсё, гутарка ідзе пра «жэтоны» батальёна Корпуса аховы памежжа «Падсвілле». Маркі наміналам у 10, 20 і 50 грошаў былі знойдзены там, дзе ў 1930-я гады дыслакаваліся польскія памежнікі. Нагадаю, што гэтая вайсковая частка была сфармавана ў 1924 годзе і размяшчалася ў межах Віленскага ваяводства.

Польскія даваенныя манеты з Заходняй Блеарусі

Жаўнеры з «Падсвілля» ахоўвалі амаль 80 кіламетраў польска-савецкай мяжы. У канцы 1930-х гадоў гэтая частка выконвала адміністратыўныя функцыі. У жніўні 1939 года батальён «Падсвілле» ўвайшоў у склад 3-га палка пяхоты КАП, які ў верасні ўдзельнічаў у баях з нацыстамі на Сувальшчыне. У сваю чаргу, рэзервовыя часткі бралі ўдзел у баях з Чырвонай Арміяй, якая перайшла савецка-польскую мяжу раніцай 1939 года.

Яшчэ некалькі крэдытных марак у маёй калекцыі паходзяць з кааператыву 25-га палка ўланаў велькапольскіх з Пружан. Да Другой сусветнай вайны яго часткі дыслакаваліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а ў верасні гэтае падраздзяленне змагалася з ворагам у складзе Навагрудскай брыгады кавалерыі.

Крэдытная марка КАП

Калі манет даваеннай Польшчы захавалася даволі шмат і кошт на іх не вельмі высокі (за выключэннем «срэбра»), то крэдытныя маркі польскіх вайсковых кааператываў сёння выклікаюць вялікую зацікаўленасць у айчынных і замежных нумізматаў. Сярэдні кошт такой крэдытнай маркі даходзіць да 100 беларускіх рублёў, аднак вядомы выпадак (2011 г.), калі за 1 злоты з афіцэрскай сталоўкі 17 палка лёгкай артылерыі з Гнезна калекцыянер выклаў 3400 злотых (больш за 800 долараў).

20 злотых 1925 г. з золата

Зразумела, што з кожным днём кошты на гэтыя артэфакты павышаюцца. Як расказваюць калекцыянеры, у канцы 1970 гадоў у Лідзе жыў чалавек, які рабіў выдатныя копіі крэдытных марак 77-га лідскага пяхотнага палка, на якіх была выява двух мядзведзяў, што стаяць на задніх лапах. Тады фальшывыя маркі з Беларусі «дапоўнілі» калекцыі не аднаго нумізмата.

Фота аўтара



Абмеркаванне:

  • Вася Варапай
  • 2017-08-09 13:35:09
Вельмі цікава! Гадоў 10 таму на лецішчы такія грошы знаходзіў. Пад Навагрудкам

Каментаваць