Ці перажыве гарадзенскі Стары Замак яшчэ адну зіму?

Пад выглядам кансервацыі з гістарычнага помніка збілі тынкоўку, а зараз ва ўзядной браме з’яўляецца ўсё больш расколін. На завяршэнне рэканструкцыі ва ўладаў няма грошаў.

Праект Уладзімімра Бачкова

Праект Уладзімімра Бачкова


За 2014-2015 гады на рэканструкцыю каралеўскага замка ў Гродна было выдаткавана каля 7 мільярдаў старых рублёў, што склала 350 тысяч долараў. Здаецца, грошы адносна невялікія як на праект рэспубліканскага значэння, але на што яны пайшлі — вялікая таямніца.

Паводле афіцыйных справаздач, бюджэт быў выкарыстаны на стварэнне “праекту”, які па факце выглядае як аббіванне тынкоўкі на ўяздной браме. Справа, канешне, слушная — аббіць тынкоўку трэба, каб убачыць кладку і яе стан — але ці каштуе тое 350 000 долараў?..

Зараз чыноўнікі сцвярджаюць, што грошы пайшлі яшчэ і на “кансервацыю” збудаванняў. Але па факце кансервацыя больш нагадвае “дэкансервацыю”, бо без тынкоўкі цэгла куды больш уражлівая да змен надвор’я ды вільгаці. Мясцовыя краязнаўцы ўжо адзначаюць, што колькасць расколін у брамнай вежы, а таксама ў месцы, дзе галерэя злучаецца з асноўным замкавым будынкам, істотна паболела. І калі так працягнецца яшчэ адну зіму, то ані брама, ані галерэя ўжо не будуць паддавацца аднаўленню.

Разбураць гісторыю для “упрыгожванняў” — злачынства



Даследчык артылерыі і абарончай архітэктуры Мікалай Волкаў ставіцца да ўсяго праекту рэканструкцыі скептычна:

“Зараз на самім замку фактычна нічога не зроблена, акрамя таго, што праведзеныя археалагічныя даследаванні ды зандажы на сценах. То бок ніякая кансервацыя ці рэстаўрацыя наўпрост не праводзілася. Ільвіная доля грошаў, якія былі выдаткаваныя ў папярэднія гады пайшлі на падрыхтоўку праекта. Ён сапраўды быў падрыхтаваны, але мяне зацікавіла яго якасць і адпаведнасць гістарычным крыніцам. Аказалася, што не ўсё так гладка...”

З даследаванняў Волкава вынікае, што праект аўтарства Уладзіміра Бачкова, якім кіруюцца ўлады, і блізка не нагадвае гістарычных рэаліяў замку. То бок сур’ёзных даследаванняў перад падрыхтоўкай праекту праведзена не было. Волкаў лічыць, што аўтар фактычна “дадумаў” некаторыя ранейшыя неправераныя гіпотэзы адносна архітэктуры замка, з мэтай яго штучна “упрыгожыць”.


“Па факце прапануецца дабудаваць на існуючай браме і галерэі каля яе паверхі, якіх ніколі не існавала, — працягвае Мікалай Волкаў, — а разам з тым разбурыць другі паверх прыбудовы да брамы першай паловы XVII стагоддзя. Жаданне разбурыць гістарычны будынак, які функцыянаваў чатыры стагоддзі, я лічу найбольшым злачынствам, на якое гатовы пайсці архітэктар з мэтай “упрыгожвання”.

Яшчэ адна важная хіба праекта, паводле Волкава, гэта прапанова нарабіць грунтоўных будынкаў на схіле з боку Нёмана. Па-першае, схіл вельмі няўстойлівы, што ў свой час і прывяло да разбурэння даўнейшых будынкаў на гэтым месцы. Па-другое, капітальнае будаўніцтва прывядзе да знішчэння багатай археалогіі замкавага дзядзінца. Асноўныя высілкі, як лічыць гісторык, варта скіраваць на рэстаўрацыю брамы і палаца, якія захаваліся да нашага часу.

Ці ўратуюць сітуацыю паў мільёны долараў?

Разам з тым, зусім не факт, што нават спрэчны праект Уладзіміра Бачкова, які крытыкуе Волкаў, будзе рэалізаваны бліжэйшым часам. На працягу 2016 году на працы ў замку не было вылучана ні капейкі. У 2017-м плануецца вылучыць 550 тысяч долараў, але яны могуць знікнуць такім самым чынам, як і папярэднія грошы: напрыклад, іх пусцяць на “дапрацоўку” праекта рэканструкцыі, які каардынуе “Гроднаграмадзянпраект”.

Па факце атрымліваецца, што насамрэч у замак не ўкладзена нічога, бо праект недасканалы і выклікае шмат пытанняў, а замест кансервацыі атрымалася “дэкансервацыя”, якая можа толькі пашкодзіць замку. Дык, магчыма, браму і галерэю адмыслова ачысцілі ад тынкоўкі і пакінулі развальвацца, каб пасля збудаваць усё нанова з сучасных матэрыялаў?..

Варта нагадаць таксама, што праграма “Замкі Беларусі”, са сваімі моцнымі і слабымі бакамі, дзякуючы якой, усё ж такі, былі адноўленыя замкі ў Міры, Нясвіжы і Лідзе, спыніла сваё існаванне. Адказнасць за паў мільёны долараў, якія маюць быць вылучаныя ў гэтым годзе, разбілі паміж абласным і рэспубліканскім бюджэтам, але што далей? Зразумела, што гэтых грошаў не хопіць нават на першачарговыя працы па праекце.

Ну, і ў якасці “апошняга акорду”, адзначым, што “Гроднаграмадзянпраект”, з якога спачатку звольнілі, а пасля зноў прынялі на працу архітэктара Бачкова, зараз, паводле неафіцыйнай інфармацыі, знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Такім чынам, сотні тысяч долараў, якія пайшлі толькі на праект, могуць знікнуць наогул без сляда, тым часам як Стары Замак будзе далей паволі разбурацца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Антон Астаповіч
  • 2017-02-19 16:16:29
Яшчэ раз пра тое, чаму асабліва не хочацца мецб справу з журналістамі, якія пішуць для недзяржаўных СМІ., акрамя лічаных асобаў. Вельмі доўга тлумачыў Алесю ўсё што тычыцца прац па кансервацыі, рэстаўрацыі, тлумачыў, што збіты тынк не ўплывае на канструктыў муроўкі і г.д. Як вынік - матэрыял праз, прабачце мяне, задніцу. Тыпова журналісцкі падыход - чым болей фэйку і жаўцізны, тым лепей.
  • Алесь
  • 2017-02-19 17:11:37
Пан Антон, Вашы словы, здаецца, не перакручаныя і не выстаўленыя ў няслушным кантэксце. Наўпрост было выкарыстанае меркаванне Волкава, які замак вывучаў і займаўся ім не дзень і не месяц. Чалавек аўтарытэтны ў пытанні. Калі лічыце, што ўсё, што адбываецца са Старым Замкам - класна і мэтазгодна, Ваша права...
  • Алесь
  • 2017-02-19 17:22:57
Рэпліка супрацоўніка музея: " Шчыліны ў сцянах за апошнія два гады сталі ў два разы шырэйшыя і нават калі збітая тынкоўка і не ўплывае на муроўку то адсутнасць ацяплення ўплывае дакладна. Ды і калі няма тынку, то розчына паміж цэглай вымываецца проста на вачах. Проста трэба аб такіх рэчах рабіць высновы пагледзеўшы ўсе на свае вочы"
  • музейшчык
  • 2017-02-19 17:24:42
А я лічу што матэрыял Кіркевіча актуальны і важны. Шчыліны ў сцянах за апошнія два гады сталі ў два разы шырэйшыя і нават калі збітая тынкоўка і не ўплывае на муроўку? то адсутнасць ацяплення ўплывае дакладна. Ды і калі няма тынку, то розчына паміж цэглай дажджом вымываецца проста на вачах. Я думаю, што трэба аб такіх рэчах рабіць высновы, пагледзеўшы ўсе на свае вочы, а Кіркевіч бачыў усё!
  • Раман Забела
  • 2017-02-20 20:10:09
Тэма вельмі важная і правільныя пытанні падымаюцца. Але як практыкуючы архітэктар-рэстаўратар магу сказаць дакладна, што паводле характару дыструкцый бачна, што яны не звязаныя ані са збіццём тынкоўкі, ані з адсутнасцю ацяплення. Такія расколіны характэрныя руху падмуркаў. Прычым акурат у бок ракі. І тут паўстае іншае пытанне: чаму няма маніторынгу за раскрыццем расколінаў (прынамсі маякі паставіць дакладна трэба было). Бо тут могуць спатрэбіцца супрацьаварыйныя працы, а не далейшае фантазаванне над дэкарацыяй фасадаў "Гроднаграмадзянпраекта" разам са сп. Бачковым.

Каментаваць