Ці піўная краіна Беларусь?

А вы ведаеце, што пад Расійскай Імперыяй у Беларусі спажыванне піва было выціснута гарэлкай? А пра тое, што наша краіна мае старадаўнія броварскія традыцыі? У Міжнародны дзень піва мы вырашылі пазнаёміць вас з цікавымі піўнымі фактамі.

 

Піва — адзін з найстаражытнейшых напояў, вырабленых чалавекам. Верагодна, піва было вынайдзена выпадкова, калі пакінутае ў гаршку зерне намокла і шляхам ферментацыі атрымаўся слабы алкагольны напой. У нашай кліматычнай зоне, на поўначы Еўропы, для вырабу піва выкарыстоўваўся ячмень, але ў іншых краінах можа быць і іншае зерне — пшаніца, авёс, грэчка, кукуруза, рыс.

Ячмень быў найбольш пашыранай аграрнай культурай. Адпаведна піва, разам з пітным мёдам, былі найбольш пашыранымі ў сярэднявечнай Беларусі алкагольнымі напоямі. У судовых фармулёўках XVI ст. словазлучэнне «ў піве быць» азначала “знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення”. У гэтым сэнсе піва выступала як сінонім спіртных напояў наогул.

Але апроч зерня для вырабу важны яшчэ адзін кампанент — хмель, які выкарыстоўваўся каб заглушыць рэзкаваты смак соладу, а таксама для антыбактэрыяльных якасцей.

У Вялікім Княстве актыўнае вырошчванне хмелю распачалося ў XVI ст., разам з бурлівым ростам колькасці бровараў у суседняй Польшчы і ў самім ВКЛ.

Прывілеі на зямельныя наданні XVI ст. нязменна згадваюць хмельнікі ў чарадзе гаспадарчых тэрыторый: «и со всими их землями пашными и бортными и з сеножатьями, и з лесы, и з дубровами, и с хмелники, и з боры, и з ловы звериными и пташыми...»

Фота kyky.org


Як адзначае гісторык кулінарыі Алесь Белы, большая частка хмельнікаў месцілася на захадзе Беларусі, бліжэй да рынкаў збыту. А Статут ВКЛ 1588 года прадугледжваў досыць сур'ёзную адказнасць за пашкоджанне хмельнікаў:

«Хто бы кому хмелища подрал або порубал... таковый маеть гвалту платити дванадцать рублей грошей. А если бы дерева не посек, толко хмель подрал, то маеть тры рубли грошей заплатити».

Піва і вытворчасць піва сталі заўважнай сферай гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага і практычна ўсе прывілеі гарадам на магдэбургскае права так ці інакш краналі праблему гандлю і імпарту піва. Вялікакняская ўлада імкнулася кантраляваць гэтую сферу і забяспечвала прыярытэт раздробнага гандлю піва за мясцовымі купамі.

Фота bybeer.info


Так, напрыклад, магдэбургскі прывілей вялікага князя Аляксандра ад 1499 года прадугледжваў, што “ні адзін купец нашага места, апрача віленцаў” не мог прадаваць у Менску “нямецкае піва і іншае пітво замежнае” ў дробнай тары — толькі “цэлаю бочкаю”: “Чужыя купцы не маюць права меншымі мерамі ні прадаваць, ні купляць, толькі як вышэй напісана. Калі ж бы хто з іх асмеліўся б інакш учыніць, тады войт тую пакупку павінен забраць у клець на нашу карысць”.

Сур’ёзныя выпрабаванні для піва пачаліся ў ХІХ ст. — у гэтага старажытнага напоя з’явіўся вельмі эфектыўны канкурэнт. Развіццё аграрнай гаспадаркі і перапрацоўчай вытворчасці зрабіла высокарэнтабельным масавую вытворчасць гарэлкі. Расійскія ўлады напоўніцу ацанілі фіскальныя магчымасці гэтай новай сітуацыі.


Гарэлка была завезена ў Вялікае Княства Літоўскае ў канцы XV — пачатку XVI ст. з Нямеччыны. Таму першапачатковая назва гарэлкі было «віно падпаленае» (калька з нямецкай Gebrant Wein). Да XVIІ ст. гарэлка была адносна дарагім і маладаступным алкагольным напоем. Але з памяншэннем выдаткаў на вытворчасць гарэлкі яе кошт памяншаўся.

На прыкладзе дынамікі цэн у кнігах актаў Магілёўскага магістрата можна бачыць паступовы працэс замены піва гарэлкай. У 1697 годзе суадносіны коштаў гарэлкі і піва складала 11 : 1, але ў 1710 ўжо 7 : 1. У гэты ж час цэны на асноўныя тавары (хлеб, цукар, піва, абутак) выраслі ў два разы, а зарплата мінімум на 20%. Гарэлка стала выцясняць піва і, асабліва, пітны мёд.

Але эпохай сапраўднага росквіту для гарэлкі стаў перыяд панавання Расіі. У 1811 годзе была ўведзена сістэма выкупу гандлю алкаголем у Расійскай Імперыі. Гандляр уносіў у дзяржаўны скарб фіксаваную плату, якая не залежала ад будучага прыбытку. Фактычна купец манапалізаваў гандаль алкаголем на пэўнай тэрыторыі. Найбольшы прыбытак прыносіла продаж гарэлкі, а не піва. Гэта быў перыяд імклівага распаўсюджвання корчмаў і шынкоў з выкупленым правам гандлю алкаголем.

Піва аб'ектыўна тармазіла працэс імклівай алкагалізацыі. Але таксама распаўсюджванне піва ў беларускіх губернях не садзейнічала папаўненню імперскай казны. Палітыка расійскага ўрада была накіравана на атрыманне як мага большай сумы падаткаў і збораў ад вытворчасці і продажу алкагольных напояў. 46% даходаў дзяржаўнага бюджэту Расіі ў 1859 годзе складалі «п’яныя» грошы! Піва прайгравала ў супрацьстаянні з гарэлкай.

Фота kaktutzhit.by


Але, у сваю чаргу, прагрэс у аграрнай сферы і развіццё сыравіннай базы, а таксама пашырэнне ўрбанізацыі і кшталтаванне новых гарадскіх традыцый з больш інтэнсіўным рытмам жыцця, калі цанілася толькі лёгкае ап’яненне, аб’ектыўна стварылі ўмовы для новага этапу пашырэння піва ў Беларусі. Апроч таго, у канцы 1863 годзе ў Расіі была ліквідавана заганная адкупная сістэма і ўведзены больш цывілізаваны піцейны збор. У Беларусі пачалі імкліва ўзнікаць індустрыяльныя бровары.

Добра вядомая сёння “Аліварыя” ўзнікла як раз у 1864 годзе. Менскай мяшчанкай Фрумкінай на месцы сучаснага завода была пабудавана драўляная піваварня. Пазней уладальнікам бровара стаў граф Караль Чапскі — адзін з самых удалых гарадскіх кіраўнікоў Менска за ўсю яго гісторыю. У 1894 годзе Чапскі пабудаваў мураваную піваварню. У 1898-м бровар быў прададзены аўстрыйскім купцам братам Лекертам, пасля чаго прадпрыемства пачало звацца заводам Лекертаў.

Да гэтага ж часу адносіцца і ўзнікненне легендарнага лідскага брэнду. Бровар у Лідзе быў пабудаваны ў 1873 годзе лідскім мешчанінам Носелем Пупко. Завод належаў яму і яго нашчадкам на працягу трох пакаленняў.


Беларускаму піваварэнню прыйшлося перажыць у другой палове ХХ ст. няпростыя часы ўніфікацыі і радыкальнага зніжэння якасці масавага прадукту. Рэальна адзін гатунак — “Жыгулёўскае”, — прадаваўся па ўсіх абшарах Савецкага Саюза, а знайсці ў крамах іншае піва было практычна немагчыма.


Піўная галіна Беларусі якасна адраджаецца (ці ўзнікае) практычна толькі апошнія 15—20 гадоў. Усё ж паводле статыстыкі беларусы ўваходзяць у групу “сераднячкоў” па ўжыванню піва.

Паводле дадзеных статыстыкі 2015 года, абсалютным лідарам па выпітаму піву (з разліку літраў на аднаго чалавека на працягу года) выступае Чэхія — 149 л, за ёй ідуць Аўстрыя (108 л.) і Нямеччына (106 л.). Беларусь дае лічбу ў 51 л. Гэта меней, чым ва ўсіх суседзяў Беларусі: Польшчы (99), Расіі (74), Літвы (73), Латвіі (66), Украіны (62).

Разам з тым, Беларусь застаецца адным з лідараў спажывання алкаголю ўвогуле ў свеце. Таму застаецца слабая надзея, што пашырэнне піва ў Беларусі (не проста ў літрах, а ў гатунках) прывядзе да змены структуры спажывання алкаголю, калі менавіта піва пасуне моцныя напоі. У такім разе, гэта будзе азначаць адраджэнне нашых даўніх традыцый.

Каментаваць