Ці была Беларусь краінай-партызанкай?

З гэтым пытаннем напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі НЧ звярнуўся да вядомага беларускага папулярызатара айчыннай гісторыі, прафесара Анатоля Тараса. І вось што ён адказаў:



Кадр з фільму «Акупацыя. Мiстэрыi»


— Уся савецкая гісторыя партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі СССР пад час Другой сусветнай вайны з’яўляецца адным вялікім міфам, які, як матрошка, складаецца з міфаў меншых — пра ўсенародны характар партызанкі, пра вялізную шкоду, нанесеную акупантам, пра абарону мірнага насельніцтва ад нацыстаў, і, урэшце, пра беззаганныя паводзіны партызанаў. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што галоўным ворагам савецкіх партызанаў былі не акупанты, а ўласны народ.
 
 
Так, з’яўляецца прыдумкай тэзіс пра тое, што ўвесь беларускі народ, абураны зверствамі намяцка-фашыскіх захопнікаў, масава пайшоў партызаніць ў лясы. На самай справе з самага пачатку акупацыі партызанскі рух быў арганізаваны партыйна-савецкімі органамі і, у першую чаргу і ў асноўным, органамі НКУС. Структуру і касцяк усіх партызанскіх атрадаў складала партыйна-савецка-камсамольска-прафсаюзная наменклатура раённага і, часткова, абласнога ўзроўняў. А людское напаўненне партызанскіх атрадаў першыя два гады складалі, галоўным чынам, акружэнцы — байцы і камандзіры разбітых частак Чырвонай Арміі, якія ў вялікай колькасці знаходзіліся на акупаваных тэрыторыях.
 
 
Нават па завышаных афіцыйных дадзеных, у партызанскім руху на тэрыторыі БССР удзельнічалі 350 тысяч чалавек. А па неафіцыйных дадзеных гэты паказчык быў амаль утрая меншым, што непараўнальна з колькасцю тых чырвонаармейцаў (прыкладна 900 тысяч), якія здаліся ў палон на тэрыторыі Беларускай асобнай ваеннай акругі, а таксама з амаль мільённай Рускай вызваленчай арміяй генерала Андрэя Уласава і іншымі ваеннымі антысавецкімі фармаваннямі. Апроч таго, сярод партызанаў, што дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі БССР, этнічныя беларусы складалі невялікую частку. Так, сярод 23 найбольш вядомых партызанскіх камандзіраў беларусамі з’яўляліся толькі Васіль Корж, Алесь Рабцэвіч і Кірыла Арлоўскі.
 
 
Разам з тым, сярод усіх акупаваных нацыстамі савецкіх рэспублік найбольш партызанаў было менавіта ў БССР. Але аб якім усенародным супраціве акупантам на тэрыторыі Беларусі можна гаварыць, калі толькі менш за два асоткі жыхароў рэспублікі пайшлі ў партызаны, у асноўным, на прыканцы 1943 году. Менавіта тады пачалося вызваленне БССР ад нацыстаў і людзі рушылі ў лясы, бо з жахам чакалі вяртання НКУС і мажлівых рэпрэсій за так званае “супрацоўніцтва” з акупантамі, пад якім разумелася праца дзеля штодзённай лусты хлеба.
 
 
Людскія страты, якія панеслі захопнікі ад дзеянняў усіх савецкіх партызан, былі мізэрнымі -- 35 тысяч чалавек (па дадзеных дырэктара Нямецкага гістарычнага інстытуту ў Маскве Бернда Вонвеча), з якіх каля паловы прыпадае на тэрыторыю БССР. За перыяд акупацыі нацысты згубілі нашмат болей ад санітарных страт — хвароб і няшчасных выпадкаў. Разам з тым, савецкія партызаны забівалі непараўнальна больш сваіх суайчыннікаў. Гаворка ідзе пра масавае вынішчэнне ўсіх пасобнікаў нацыстаў, настаўнікаў, святароў і людзей, якія не хацелі аддаваць прадукты, бо самім трэба было нешта есці. Менавіта партызаны былі злейшымі ворагамі мясцовага насельніцтва — яго рабавалі і тэрарызавалі. У раёнах, дзе не было партызанкі, нацысты нават не з’яўляліся і нікога не чапалі.
 
 
Не вытрымліваюць праверку часам дадзеныя савецкай гісторыяграфіі пра ўрон, нанесены захопнікам партызанамі. Калі верыць гэтым дадзеным, дык беларускія партызаны знішчылі на акупаванай тэрыторыі БССР 350 тысяч нацыстаў — амаль дзве групы армій “Цэнтр” з дапаможнымі і паліцэйскімі фармаваннямі. Дык з кім жа тады ваявала Чырвоная Армія ў аперацыі “Баграціён”? Такімі ж міфічнымі выглядаюць дадзеныя пра тое, што беларускія партызаны знішчылі 305 самалётаў люфтвафэ (цікава, чым?), 1.355 танкаў і бронемашын, 948 нямецкіх штабоў і гарнізонаў, хаця гарнізонамі партызаны называлі вёскі незалежна ад таго, колькі там было акупантаў і паліцаяў. Яскравым прыкладам такой статыстыкі прыпісак з’яўляецца трагедыя вёскі Дражна ў Старадарожскім раёне, што на Міншчыне. Партызаны забілі там 25 мірных жыхароў, палову якіх складалі жанчыны з дзецьмі, а напісалі, что зніштожылі 234 нямецка-фашысцкіх сволачы. Дарэчы, сапраўдная статыстыка забойства суайчыннікаў партызанамі да гэтай пары хаваецца, хоць у партызанскіх справаздачах была адмысловая графа пра колькасць спаленых вёсак.
 
 
Трэба падкрэсліць, што міф пра ўсенародную партызанскую барацьбу на тэрыторыі Беларусі падтрымліваецца сённяшняй беларускай дзяржавай, якая лічыць савецкую уладу сваёй.
 
 
На ўзнятае і іншыя пытанні дае адказы кніга Сяргея Захарэвіча “Партизаны СССР: от мифов к реальности” у маёй рэдакцыі, якая два з паловай гады таму выйшла ў віленскім выдавецтве “Наша будучыня”. Сёлета кніга зноў пабачыла свет пад назвай “Советские партизаны: мифы и реальность”, аднак наклад яе настолькі мізэрны, што прыдбаць гэтае выданне практычна немажліва».
 
 
Разважанні шаноўнага Анатоля Тараса хацелася б дапоўніць некаторымі сведчаннямі відавочцаў падзей, што маюць дачыненне да партызанкі часоў Другой сусветнай вайны.
 
 
У вёсцы на Берасцейшчыне мне распавялі такую гісторыю. На Дзень Перамогі , як звычайна, ля помніка загінулым чырвонаармейцам сабраліся вяскоўцы. Паколькі на той час амаль усе мясцовыя франтавікі ўжо сышлі ў нябыт, прысутныя звярнуліся да былога партызана Леаніда, каб ён распавёў пра сваю ваенную маладосць. Леанід стаў аднеквацца і ўрэшце сказаў: «Няма пра што казаць. У нашым партызанскім атрадзе было ўсё ў парадку…». І на гэтым выступ былога партызана закончыўся. Аднавяскоўцы толькі пераглянуліся і зарагаталі…
 
 
У шматлікіх беларускіх вёсках на пытанне пра дзеянні партызанаў пад час Другой сусветнай вайны сяляне адказвалі коратка і па сутнасці аднолькава: «Немцы рабавалі днём, а партызаны — ноччу. А калі б немцы не пачалі затрымліваць акружэнцаў, увогуле аніякай партызанкі і не было б.

Абмеркаванне:

  • galina
  • 2014-07-06 05:22:09
Я написала блог о партизанской жизни нашей семьи в Могилевской области

Моя партизанская жизнь

http://galinapop-russia.blogspot.com/2014/07/blog-post.html
  • ВР
  • 2014-07-06 16:21:34
"У раёнах, дзе не было партызанкі, нацысты нават не з’яўляліся і нікога не чапалі..." А можна прывесці прыклады (хаця б адзін) такіх раёнаў?
  • Марнатраў
  • 2014-07-06 18:39:00
Нават Хатынь не спалілі б, каб партызаны без асаблівай на тое патрэбы не забілі алімпійца Ганса Вельке.
  • ВР
  • 2014-07-07 13:22:07
У Беларусі былі сотні вёсак, спаленых нацыстамі і іх памагатымі. Ля кожнай партызаны забівалі алімпійцаў?

Каментаваць