Цяжкі выбар Рыгі і Таліна

Краіны Балтыі 14 чэрвеня адзначаюць Дзень памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій. У гэты дзень у 1941 годзе ў Латвіі, Літве і Эстоніі пачаліся масавыя дэпартацыі. Але на самай справе пачалося ўсё годам раней.


Брама на латвійска-савецкай мяжы, лета 1940 года


Вярхоўны Савет СССР прыняў пастанову пра ўваход Эстоніі ў склад Савецкага Саюза 6 жніўня 1940 года. За дзень да гэтага часткай СССР стала Латвія. Ці былі шанцы ў гэтых дзяржаў адстаяць сваю незалежнасць?

 

У вайне за незалежнасць

 

Латвія абвясціла незалежнасць у лістападзе 1918 года. Аднак на працягу наступных двух гадоў у краіне адбывалася барацьба паміж прыхільнікамі нацыянальнага суверэнітэту і тымі, хто бачыў будучыню Латвіі ў саюзе з бальшавіцкай Расіяй. У гэты ж час ішло фармаванне нацыянальнага латвійскага войска.


Урэшце, у жніўні 1920 года была заключана мірная дамова, паводле якой РСФСР прызнала незалежнасць Латвіі. Эстонія паўтарыла шлях паўднёвай суседкі: у лютым 1918-га эстонцы сталі незалежнымі, і таксама пачалося фармаванне эстонскага войска. Яго аснову склалі ахоўныя часткі “Эсті кайтселіт”, якія пазней пачалі баявыя дзеянні супраць бальшавікоў. У лютым 1920-га саветы вымушаны былі заключыць з эстонцамі прэлімінарную мірную дамову. Праз год абедзве краіны сталі членамі Лігі нацый.

 

Латвійскі жаўнер


У міжваеннае дваццацігоддзе краіны Балтыі разам з Другой Рэччу Паспалітай выконвалі ролю своеасаблівага “санітарнага калідору” паміж “буржуазнай” Еўропай і імперыяй Сталіна. Важную ролю ў гэтым адыгрывала Варшава, якая імкнулася арганізаваць Балтыйскі саюз. У сакавіку 1922 года Эстонія, Латвія, Фінляндыя і Польшча падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, аднак праз два месяцы фіны з яе выйшлі. У лістападзе 1923-га Талін і Рыга заключылі двухбаковую дамову аб супрацы.

 

Міжваеннае дваццацігоддзе

 

У 1924 годзе эстонскім уладам удалося падавіць камуністычны путч, і пасля гэтага жыццё краіны стабілізавалася. Асноўныя спрэчкі на палітычнай арэне адбываліся паміж прадстаўнікамі Сельскагаспадарчага саюзу і Саюзам удзельнікаў вызваленчай вайны. Апошнія прытрымліваліся правых, блізкіх да фашысцкіх, поглядаў. У снежні 1935 года прэм’ер-міністр Эстоніі Канстанцін Пятс дамовіўся аб падтрымцы з боку міністра ўзброеных сіл Ёахіма Лайданэра, у выніку чаго паліцыя затрымала 750 “ветэранаў” вызваленчай вайны. Праз год Пятс стаў прэзідэнтам.

 



Эстонскі прэзідэнт Канстанцін Пятс

Эстонскі прэзідэнт Канстанцін Пятс


Падзеі Першай сусветнай нязначна закранулі Эстонію, аднак пакінулі свае сляды ў Латвіі. Нямецка-рускі фронт доўгі час знаходзіўся на Дзвіне. Царскія ўлады вывезлі з краіны абсталяванне фабрык і заводаў. Тое, што не паспелі забраць рускія, забралі немцы. На Усход выехала некалькі соцень тысяч жыхароў Латвіі. Пасля атрымання незалежнасці латышы складалі 75% насельніцтва Латвійскай рэспублікі. У 1920-я гады ўлады краіны нацыяналізавалі стратэгічныя прадпрыемствы і правялі аграрную рэформу.


Латвійскі прэзідэнт Карліс Ульманіс


Латвійскі жаўнер пад партрэтам прэзідэнта Ульманіса



У 1934 годзе ў Латвіі адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўладу сканцэнтраваў прэм’ер-міністр Карліс Ульманіс. Ён абмежаваў дзейнасць партый, а праз два гады прызначыў сябе прэзідэнтам і, такім чынам, спалучыў у сваіх руках усю паўнату ўлады. Гэты перыяд развіцця краіны адзначаўся значным ростам латвійскай эканомікі: у 1930-я гады ў Латвію на сезонныя працы выязджалі нават грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і беларусы.



Латвійскі пашпарт О.Снорыньш


Альгіс Снорыньш з жаўнерамі, 1937 г.


Аднымі з жыхароў міжваеннай Латвіі была сям’я Снорыньш з партовага горада Вэнтспілс. Вольга Снорыньш працавала разам з мужам у ва ўласнай рыбнай краме, а іх сын Альгіс служыў у латвійскім войску.

 

Уся надзея на жаўнераў

 

Улічваючы нестабільную сітуацыю ў Еўропе, Латвія і Эстонія імкнуліся стварыць баяздольныя ўзброеныя сілы. У пачатку 1930-х у латвійскім войску служыла 25 тысяч чалавек. Абавязковая служба працягвалася год у пяхоце і 15 месяцаў у іншых падраздзяленнях.

Жаўнеры латвійскага войска, 1930-я гады


Узброеныя сілы Латвіі складаліся з чатырох пяхотных дывізій: 1-й Курляндскай (дыслакавалася на захадзе краіны, штаб быў у Елгаве); 2-й Інфлянцкай (знаходзілася на поўначы Латвіі, штаб у Рызе); 3-й Латгальскай (размяшчалася на ўсходзе, штаб у Плавінасе); 4-й Семігальскай (дыслакавалася на поўдні, штаб у Дынабургу). Галоўнай задачай 1-й дывізіі была абарона краіны ў выпадку магчымага канфлікту з Германіяй, а вось 4-я дывізія прыкрывала мяжу з СССР.


Жаўнеры латвійскага войска, 1930-я гады


Спецыяльная памежная дывізія (у 1936 г. перафармавана ў брыгаду) ахоўвала дзяржаўныя рубяжы. Гэтае фарміраванне падпарадкоўвалася міністру ўнутраных спраў і шмат у чым паўтарала польскі Корпус аховы памежжа. На мяжы былі пабудаваныя ўмацаваныя заставы, якія, па разліку камандавання латвійскага войска, павінны былі затрымаць першы ўдар ворага.

 

ВПС Латвіі складаліся са старых самалётаў ("Фіят", "Брыстоль" і іншых). Вайсковы флот налічваў невялікую колькасць судоў: вартаўнічы карабель “Virsaitis”, два тральшчыка — “Viesturs” і “Imanta”, дзве падводныя лодкі — “Spidola” і “Ronis”, чатыры ледакола — “Krisjanis Valdemars”, “Lacplesis”, “Perkons” і “Zibens”. За арганізацыю вайсковай падрыхтоўкі моладзі адказвала “Арганізацыя айсаргаў”. У кожным раёне краіны яна мела свой полк. Пасля 1934 года айсаргі атрымалі паліцэйскія паўнамоцтвы. У 1940 годзе колькасць чальцоў арганізацыі складала 60 тысяч чалавек.

 

Жаўнеры латвійскага войска, 1930-я гады


У кожнай латвійскай дывізіі было па тры пяхотных палкі і адзін полк лёгкай артылерыі. У мірны час дывізія складалася з 3 тысяч жаўнераў, а падчас ваенных дзеянняў планавалася павялічыць яе асабовы склад да 12 тысяч чалавек. У 1930-я гады вайсковыя ўлады Латвіі набылі ў Швецыі 30 сучасных 40-міліметровых супрацьпаветраных гармат “Бафорс”. У сакавіку 1940 года была сфармавана танкавая брыгада, у якую уваходзілі: 3 супрацьтанкавыя дывізіёны, матарызаваны батальён і танкавы батальён (складаўся, у тым ліку, і з брытанскіх танкаў “Вікерс”). У выпадку вайны латвійскі генштаб разлічваў сфармаваць 8 пяхотных дывізій.

 

Царскія браневікі і брытанскія падлодкі

 

Рэфармаванне эстонскага войска было праведзена ў 1928 годзе. Былі ліквідаваны палкі, а батальёны пяхоты ўключылі ў склад дывізіёнаў. У выпадку мабілізацыі восем батальёнаў павінны былі быць разгорнутыя да ўзроўню палка. У складзе тагачаснага войска Эстоніі былі падраздзяленні кшталту “нацыянальнай гвардыі”, якія ў выпадку надзвычайных сітуацый павінны былі выконваць паліцэйска-вайсковыя функцыі. Быў таксама батальён для выканання “спецаперацый”.


Брама на савецка-эстонскай мяжы, 1930-я гады


Урэшце пакінулі і два пяхотныя палкі. Першы з іх дыслакаваўся на поўнач ад возера Пэйпус на мяжы з СССР, а другі месціўся ў Тарту. Гэтыя падраздзяленні пастаянна ўтрымлівалі асабовы склад па штату вайсковага часу (тры батальёны пяхоты, рота сувязі, рота веласіпедыстаў). Штаб 1-й пяхотнай дывізіі і частка вайсковых падраздзяленняў знаходзіліся ў Нарве, а з 1932 года — у Ракверы. 2-я пяхотная дывізія дыслакавалася ў Тарту. Пазней з’явіліся планы сфармаваць 4-ю дывізію пяхоты, аднак гэта было зроблена толькі ў 1940 годзе.

 

Жаўнеры эстонскага войска. 1931 г.


У эстонскім войску быў полк кавалерыі, які складаўся з двух эскадронаў. Артылерыя ўключала ў сябе 5 дывізіёнаў. Горш за ўсё было з бронетэхнікай. Да сярэдзіны 1930-х гадоў “бронеатрад” эстонскіх узброеных сіл складаўся з яшчэ царскіх бронеаўтамабіляў, трох рот танкаў “Рэно ФТ 17”, браневікоў “Крослі” і 6 польскіх танкетак ТКS. Некалькі браневікоў было на ўзбраенні паліцыі.




Вайсковае пасведчанне эстонскага памежніка Гаўрыла Карніга


У ВПС Эстоніі былі старыя французскія самалёты. У ВМФ Эстоніі было некалькі караблёў, але частку з іх улады ў пачатку 1930-х гадоў прадалі ў Перу і набылі ў Вялікабрытаніі некалькі падводных лодак. У 1940 г. вайсковы флот Эстоніі складаўся з узгаданых брытанскіх падлодак, кананерскіх лодак, мінных загараджальнікаў, тральшчыкаў і мінаносца.

 

Эстонская падлодка, зробленая ў Вялікабрытаніі

Служылі ў войску эстонцы два гады, але пазней гэты тэрмін скарацілі да года. Асабовы склад войска Эстоніі ў 1930-я гады ўключаў у сябе 13 тысяч жаўнераў і афіцэраў. Таксама існавала ваенізаваная арганізацыя “Кайтэсліт” (складалася з 13 тэрытарыяльных падраздзяленняў), у склад якой уваходзіла каля 100 тысяч грамадзян.

 
Жаўнеры эстонскага войска, 1938 г.


Другая сусветная грукае ў дзверы

 

У Латвіі і Эстоніі быў і свой “спрэчны” памежны рэгіён. Насамрэч, асаблівых спрэчак не было, але дзяржаўная мяжа падзяліла горад Валгу на дзве часткі. Справа ў тым, што восенню 1919 года рускі генерал Павал Бермондт-Авалаў выступіў супраць латвійскіх уладаў, і апошнія звярнуліся па дапамогу да эстонцаў. Паўночныя суседзі накіравалі ў Латвію бронецягнікі і дапамаглі латышам вызваліць іх тэрыторыю.


У адказ эстонцы патрабавалі перадаць большую частку мястэчка Валга ім. Так на тагачасных мапах з’явіліся латвійская Валка і эстонская Валга. Менавіта тут у складзе эстонскіх памежных войсках нёс службу капрал Гаўрыла Карніг. У гэтым раёне часта адбываліся міжкамісарскія сустрэчы. У іх удзельнічаў і згаданы вайсковец. Асабліва часта сустракацца эстонскія і латвійскія памежнікі сталі восенню 1939 года. 31 жніўня 1939 года капрал Карніг разам з калегамі ў чарговы раз выехаў з эстонскай Валгі да суседзяў.


Пячаткі аб перасячэнні мяжы Карнігам


На наступны дзень Германія напала на Польшчу і пачалася Другая сусветная вайна. Войскі краін Балтыі былі прыведзены ў баявую гатоўнасць. Наступная сустрэча адбылася 17 верасня 1939 года, калі падраздзяленні Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу і пачалі далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР.

 

У чэрвені 1939 года Латвія і Эстонія падпісалі з Трэцім Рэйхам дамову пра ненапад. За 7 год да гэтага такія ж дамовы былі падпісаныя і з СССР. Аднак 23 жніўня 1939 года гэтыя дакументы, па сутнасці, былі дэнансаваныя падпісаным у Маскве Пактам Молатава-Рыбентропа. Паводле яго дзве балтыйскія краіны ўваходзілі ў сферу інтарэсаў Савецкага Саюза. І ўжо 26 верасня 1939 года (у гэты час супраць вермахта і Чырвонай Арміі яшчэ актыўна змагалася Асобная аператыўная група Войска Польскага “Палессе”. — І.М.)


Савецкая мапа 1938 г. (яшчэ з даваеннымі межамі))


Крэмль загадаў войскам Ленінградскай вайсковай акругі сканцэнтраваць свае часткі на мяжы з краінамі Балтыі. Супраць Эстоніі павінна была дзейнічаць 7-я армія (Кінгісэпскі накірунак), а супраць Латвіі — 8-я (Пскоўскі накірунак). У агульнай колькасці — 17 дывізій (160 тысяч чалавек, 700 гармат, 600 танкаў і 600 самалётаў). З боку Літвы ў баявым стане знаходзіўся Беларускі фронт РСЧА.

 

Ім супрацьстаялі 12 эстонскіх і латвійскіх дывізій, а з улікам літоўскіх войскаў балтыйцы маглі супрацьпаставіць бальшавікам каля 18 дывізій пяхоты, часткі кавалерыі і некалькі механізаваных брыгад. У Фінляндыі падчас “Зімовай вайны” войскаў было менш, але яна выстаяла. Але фіны паспелі пабудаваць памежныя ўмацаванні, якія сталі вядомыя як “Лінія Манэргейма”, чаго не было ў краін Балтыі. Яшчэ адным мінусам была немагчымасць паставак зброі з Вялікабрытаніі і Францыі, бо Балтыйскае мора было “зачынена” савецкімі караблямі.

 

Савецкая мапа 1940 года, ужо з новымі межамі


Пры гэтым варта ўлічваць, што падрыхтоўка Чырвонай Арміі, нягледзячы на яе колькасны склад, пакідала жадаць лепшага. Канешне, танкаў і самалётаў у савецкага боку хапала, але, як паказаў “вызвольны паход у Заходнюю Беларусь і Украіну” і баявыя дзеянні ў Фінляндыі, “чырвоныя” былі далёка не такой грознай сілай, як яе малявалі на плакатах і паказвалі ў кінахроніцы. Калі нават паўразбітыя часткі Войска Польскага ў верасні 1939 года маглі нанесці падраздзяленням РСЧА цяжкія страты, то і падрыхтаваныя і адмабілізаваныя дывізіі прыбалтаў маглі б пазмагацца.

 

Ці варта было аказаць узброены супраціў? Адказаць на гэта пытанне цяжка. Канешне, баявыя дзеянні каштавалі б краінам Балтыі вельмі дорага, але і “мірнае вырашэнне” савецка-латвійскіх і савецка-эстонскіх “спрэчак” прывялі да значных ахвяр з боку жыхароў дзвюх краін.

 

Анексія

 

26 верасня 1939 года Крэмль аддаў загад сваім войскам праз тры дні нанесці ўдар па Эстоніі, а калі суседзяў падтрымае Латвія, то атакаваць і яе. 27 верасня Саветы патапілі свой параход “Металіст” і абвінавацілі ў гэтым “невядомую падводную лодку”. У той жа дзень у Маскву прыбыла эстонская дэлегацыя, якая вымушана была падпісаць Пакт аб узаемадапамозе з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на эстонскай тэрыторыі савецкіх вайсковых баз.


Ужо 18 кастрычніка 1939 года ў Эстонію былі ўведзены часткі РСЧА (65-ты асаблівы стралковы корпус і асаблівая група ВПС). 2 кастрычніка 1939 года ў Маскве пачаліся савецка-латвійскія перамовы. СССР патрабаваў ад Рыгі доступу да Балтыйскага мора праз парты Ліепая і Вэнтспілс. Праз тры дні быў падпісаны дагавор, які прадугледжваў увод у Латвію 25-тысячнага кантынгенту Чырвонай Арміі. 23 кастрычніка 1939 года ў порт Ліепая ўвайшоў савецкі крэйсер “Кіраў”.

 

Латвійскія жаўнеры на парадзе, пасля далучэння Латвіі да СССР, лета 1940 года


Лёс Латвіі і Эстоніі быў вырашаны. Нягледзячы на гэта, жыхары падтрымлівалі барацьбу фінаў супраць савецкай агрэсіі, а эстонская выведка нават перадавала паўночным суседзям дадзеныя пра дыслакацыю і дзейнасць Чырвонай Арміі. У маі 1940 года Германія разбіла Францыю, што прымусіла Маскву фарсіраваць вырашэнне “прыбалтыйскага пытання”. 4 чэрвеня 1940 года войскі савецкіх Беларускай асаблівай, Ленінградскай і Калінінскай вайсковых акруг былі выведзены да межаў краін Балтыі.

 

Паводле сцэнару Арлоўскага і Ваўпшасава

 

15 чэрвеня 1940 года група спецыяльнага прызначэння НКУС атакавала латвійскі памежны пункт у вёсцы Маслёнкі, які быў пабудаваны ўсяго ў 10 метрах ад памежнай ракі Лудза. 25 жаўнераў НКУС ноччу незаўважанымі перасеклі Лудзу і атачылі будынак заставы з усіх бакоў. Быў акружаны і дом памежніка Крыевіньша. Вакол будынка заставы савецкія дыверсанты расклалі звязкі ручных гранат. Калі пачуліся першыя стрэлы, нкусаўцы вырашылі не браць палонных і знішчыць гарнізон латвійскай заставы. Цяжка паранены патрульны Яніс Мацыціс спрабаваў дабрацца да будынка заставы, які ў той момант яшчэ не быў падпалены. Аднак недалёка ад яго памежнік наступіў на гранату і падарваўся.

 

Латвійская памежная застава ў вёске Маслёнкі


Вось як тыя падзеі апісвала жонка камандзіра латвійскай памежнай заставы: “Каля 3 гадзін раніцы я прачнулася ад аглушальнага выбуху. Адчула ўдар у галаву і боль па ўсім целе. Высветлілася, што ў дом кінулі ручную гранату і я цяжка параненая. Муж і дзеці не былі параненыя. Муж крыкнуў: “Чырвонаармейцы!”, і загадаў дзецям лезці пад ложак, а мяне выцягнуў у калідор, таму што звонку раздаваліся стрэлы з вінтовак і аўтамата. У той жа час звонку пачалі крычаць на рускай мове, каб выходзілі, і сталі ламаць дзверы. Праз выламаныя дзверы ўвайшлі тры чырвонаармейца, узброеныя вінтоўкамі са штыкамі. Забралі майго мужа і дванаццацігадовага сына Артурса. Куды яны падзеліся, не ведаю. Ад раненняў на час я страціла прытомнасць. Калі прачнулася, звонку нікога не было. Бачыла толькі, як гарыць будынак кардона”. Некалькіх латвійскіх памежнікаў, а таксама некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў нкусаўцы захапілі ў палон і ўвялі на сваю тэрыторыю. Увогуле ж у той дзень савецкія дыверсанты атакавалі тры латвійскія памежныя пасты.

 

Акупацыя

 

16 чэрвеня 1940 года Крэмль прад’явіў ультыматум Рызе і Таліну, у якім урады гэтых дзяржаў абвінавачваліся ў парушэнні ўмоў, прапісаных у “Дамове аб узаемадапамозе”. На наступны дзень у гэтыя краіны былі ўведзены дадатковыя вайсковыя часткі РСЧА. Хутка ў Латвіі і Эстоніі былі сфармаваныя новыя ўрады. 14 ліпеня 1940 года былі праведзены выбары ў парламент, на якіх “перамаглі” пракамуністычныя блокі. Новыя парламенты 21–22 ліпеня абвясцілі стварэнне Латвійскай і Эстонскай савецкіх рэспублік, якія “выказалі жаданне” ўвайсці ў склад СССР.

 

З гэтым не маглі пагадзіцца некаторыя вайсковыя часткі. Так, у Таліне, у сваіх казармах да апошняга абараняўся батальён эстонскіх сувязістаў. 3–6 жніўня 1940 года Вярхоўны савет у Маскве “задаволіў” просьбу “прыбалтыйскіх таварышаў”. 22 ліпеня 1940 года былы прэзідэнт Латвіі Карліс Ульманіс быў вывезены ў Маскву, а пазней арыштаваны і высланы ў Туркменістан. Там ён і памёр у турэмным шпіталі ў 1942 годзе. Эстонскі прэзідэнт Канстанцін Пятс быў арыштаваны і дэпартаваны ў Уфу. Утрымліваўся ў псіхіятрычнай лякарні ў Калінінскай вобласці РСФСР і памёр у 1956 годзе.

 

Прасавецкі парад у Таліне


Войска Латвіі і Эстоніі былі ператвораныя ў 24-ты і 22-гі тэрытарыяльныя стралковыя карпусы РСЧА адпаведна. Частка “буржуазных” афіцэраў была арыштавана НКУС. За год, які прайшоў з моманту далучэння Латвіі і Эстоніі да СССР, бальшавікі паспелі арыштаваць і рэпрэсаваць значную частку насельніцтва гэтых краін.


Дэпартацыя ў чэрвені 1941 года


Падчас самай буйной дэпартацыі, якая скончылася за дзень да нападу Германіі на СССР, з Латвіі было дэпартавана каля 16,5 тысяч чалавек, а з Эстоніі — больш за 10 тысяч. Пасля далучэння Эстоніі да СССР капрал эстонскай памежнай аховы Гаўрыл Карніг некаторы час жыў у Таліне. У лютым 1941 года яму прыйшлося рэгістравацца ў талінскай міліцыі. Праз некалькі месяцаў, калі пачаліся арышты былых эстонскіх памежнікаў, Карніг па падробленых дакументах выехаў у Швецыю, а адтуль эміграваў у ЗША. 


Рыбная крама, якая належала грамадзянцы Латвіі Вользе Снорыньш і яе мужу, была нацыяналізавана. Альгіс Снорыньш стаў сяржантам 24-га тэрытарыяльнага корпуса Чырвонай Арміі.

 

Справу анексіі Крамлём краін Балтыіі лепей за ўсё ахарактарызаваў брытанскі прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль: “Мы ніколі не прызнавалі межы Расіі 1941 года, акрамя як de facto. Яны дасягнутыя шляхам агрэсіі ў ганебнай змове з Гітлерам. Здача народаў краін Балтыі пад уладу савецкай Расіі супраць іх волі будзе супярэчыць усім прынцыпам, за якія мы вядзем вайну і будзе ганьбіць нашу справу”.

 

Каментаваць