Чалавек, які ўцёк з Паўночнага Урала

У Беларусі сталінскія рэпрэсіі застаюцца не да канца асэнсаванымі і не пераадоленымі мінулым. Пра гэта сведчыць не толькі адсутнасць афіцыйнага мемарыялу ў Курапатах, але і сітуацыя з ахвярамі. Ёсць падставы сцвярджаць, што сотні тысяч іх застаюцца нерэабілітаванымі.

Выпраўленча-працоўны лагер у Варкуце

У 1994 годзе Уладзімір Адамушка ў сваёй кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20–50-ых гадоў на Беларусі» сцвярджаў, што з лістапада 1917 па красавік 1953 года каля 250 тысяч чалавек былі асуджаны пазасудовымі і судовымі органамі «па палітычных матывах». Той самы аўтар падлічыў, што ў 1930–1950-я гады ў адміністрацыйным парадку было рэпрэсавана каля 350 тысяч чалавек. Гэта людзі, якія пацярпелі ад раскулачвання, высылкі з Заходняй Беларусі былых асаднікаў ды іншых падобных «аперацый». Разам атрымліваецца каля 600 тысяч чалавек. Ацэнкі гэтыя — вельмі асцярожныя, да іх можна смела дадаваць «не менш за».

Як паведамляецца на сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, сёння ў базе дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі» ўтрымліваюцца 180 500 запісаў. Праўда, вусна архівісты называюць большую лічбу — каля 250 тысяч чалавек. Так ці інакш, у базе нестае звестак пра сотні тысяч людзей. Апублікаванымі ж у газетах і кнігах «Памяць» былі звесткі толькі прыкладна пра 60 тысяч чалавек, рэпрэсаваных у Беларусі. Зараз яны, дзякуючы таварыству «Мемарыял», даступныя ў адкрытай базе дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР».

Ёсць яшчэ адна акалічнасць. Рэабілітацыі «зверху», якая ў 1990-я гады праводзілася дзяржаўнымі органамі, падлягалі толькі адміністрацыйна рэпрэсаваныя і асуджаныя за «контррэвалюцыйныя злачынствы» (артыкулы 63–76 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года). У згаданай кнізе Уладзімір Адамушка пісаў: «Нельга ставіць на адну дошку тых, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій, і тых, хто быў асуджаны за крымінальныя злачынствы. А апошніх было нямала ў 20–50-я гады».

Але не ўсё так проста з размежаваннем «крымінальных» і «палітычных» артыкулаў. Апроч «контррэвалюцыйных» існавалі і іншыя палітычныя артыкулы. Гэта, напрыклад, парушэнне правілаў цэнзуры (арт. 121-2 КК БССР 1928 г., уведзены ў 1935 г.), «антысавецкая агітацыя і прапаганда» (арт. 103 КК БССР 1928 г., скасаваны ў 1937 г.), «мужаложства» (арт. 235-1 КК БССР 1928 г., уведзены ў 1934 г.). Былі і значна менш відавочныя артыкулы, многіх з асуджаных па якіх трэба лічыць неабгрунтавана рэпрэсаванымі і рэабілітаваць.

Зараз я апрацоўваю дакументы «народнага» суда 3 участка горада Менска (у 1930-я гады назва горада афіцыйна пісалася праз «е») з Дзяржаўнага архіву Мінскай вобласці. Хаця суд знаходзіўся ў горадзе, судзілі ў ім пераважна сялян прыгарадных сельсаветаў, зрэдзьчасу — рабочых прыгарадных заводаў (напрыклад, цагляных) ці навучэнцаў вучэльняў. Таксама суд разглядаў справы тых жыхароў Заслаўскага, Чэрвеньскага ды іншых раёнаў, каго ўтрымлівалі да суда пад вартай у Менскай турме.

Адным з іх быў Пётра Арцёмавіч Сандовіч, 1873 года нараджэння, непісьменны. У 1930 годзе ён быў раскулачаны і высланы з тэрыторыі БССР у Чардынскі раён на поўначы Пермскага краю (на той час гэты рэгіён уваходзіў у склад Уральскай вобласці).


Уцёк з месца высылкі

Паводле звестак асобага аддзела АДПУ, на 10 снежня 1930 года ў БССР было раскулачана 13 236 сялянскіх гаспадарак, з іх выслана 11 079 гаспадарак (52 914 чалавек). Ва Уральскую вобласць з БССР было ўселена 4 468 сем'яў (21 273 чалавекі). У Чардынскі раён планавалася пасяліць 7 тысяч раскулачаных сем'яў з розных рэгіёнаў СССР. Іх везлі чыгункай да станцыі Салікамск, адкуль 90 кіламетраў да райцэнтра Чардыні трэба было пераадолець па рэках ці гужавым транспартам.

Працу раскулачаным павінны быў даць «Волга-Каспій лес», то бок выкарыстоўваць іх планавалася на лесанарыхтоўках. Работу давалі не адразу, а нават калі давалі, то мізэрную плату за яе затрымлівалі. Жыць даводзілася ў пабудаваных на скорую руку бараках. Выселеныя галадалі, малыя дзеці паміралі ад голаду і хвароб.

Летам 1930 года ў рэдакцыю газеты «Правда» з поўначы Пермскай вобласці пісаў нехта А. Корасцін: «Ссыльнопоселенцы, живущие в д. Чувашеевой Чердынского района Верхне-Камского окр., ходят в ближайших деревнях около Чувашеевой собирать «ради Христа» и наводят панику: «Вы, мол, [в] колхозы не вступайте, а то будет плохо».

Адразу ж пачаліся ўцёкі. 5 ліпеня 1930 года ў АДПУ нават прайшла нарада па барацьбе з уцёкамі «кулакоў» з месцаў высылкі. Паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Уралу Матсон дакладаў, што ўвесну ўцякала па 30–40 чалавек на дзень. Для барацьбы з уцёкамі былі ўведзены кругавая парука сярод высланых і грашовыя прэміі мясцоваму насельніцтву памерам 30 рублёў за кожнага злоўленага «кулака», былі створаны 6 апергруп транспартнага аддзела АДПУ для праверкі параходаў і чыгункі. Тым не менш, высланыя працягвалі збягаць.

У 1933 годзе з месца высылкі ўцёк і Пётра Сандовіч. Ён вярнуўся ў БССР. У лістападзе 1934 года яго затрымалі, і з таго часу трымалі пад вартай. На жаль, з ацалелых дакументаў не зразумела ані дзе менавіта жыў Сандовіч да раскулачвання, ані ў якую мясцовасць БССР ён вярнуўся, ані дзе яго затрымалі. Няма ў гэтых дакументах і ніякіх іншых біяграфічных звестак пра падсуднага. Пад вартай яго трымалі, хутчэй за ўсё, у Менскай турме (т. зв. Пішчалаўскім замку).

4 снежня 1934 года Пётра Сандовіч быў асуджаны судом 3 участка г. Менска (суддзя Шклярман) да трох гадоў высылкі па артыкуле 118 (частка «б») КК БССР.

Артыкул 118 КК БССР пачынаючы з 15 жніўня 1931 года гучаў наступным чынам: «118. а) Уцёкі з месца абавязковага пасялення або з дарогі да яго, а таксама паяўленне ў мясцовасці, дзе жыць данай асобе забаронена, выклікае — пазбаўленне свабоды да аднаго года. б) Уцёк арыштаванага з-пад варты або з месца зняволення выклікае — пазбаўленне свабоды да двух гадоў».

Незразумела, чаму да Сандовіча была прымененая частка «б» артыкула 118. Як адміністрацыйна высланы ён, відавочна, патрапляў пад дзеянне часткі «а». Асуджаны абскардзіў прысуд у Вярхоўны суд БССР. Але — сабе на бяду.

15 снежня касацыйная калегія Вярхоўнага суда БССР у складзе старшыні пасяджэння Безбарда і членаў Белкінд і Бімбат разгледзела справу Сандовіча і знайшла, што суд першай інстанцыі прызначыў меру пакарання не ў адпаведнасці з артыкулам 118б КК БССР. Апрача таго, суд першай інстанцыі не высветліў, на колькі быў «асуджаны» да гэтага прысуду падсудны і колькі ён адбыў. Касацыйная калегія Вярхоўнага суда вынесла азначэнне, што прысуд суда першай інстанцыі ад 4 снежня 1934 года падлягае адмене, а справа — накіраванню на разгляд у той самы суд у іншым складзе. Мера стрымання Пятру Сандовічу пакідалася ранейшая — утрыманне пад вартай.

Лагер на Калыме

І вось тут — заўвага. Высветліць, на колькі быў «асуджаны» ў 1930 годзе Пётра Сандовіч, было немагчыма. Бо раскулачаных не асуджалі, а высылалі ў адміністрацыйным парадку. Высылалі не на нейкі тэрмін, а бестэрмінова, да прыняцця іншага рашэння пра лёс высланых. Але суддзі як Вярхоўнага, так і «народнага» суда ўпарта рабілі выгляд, што гэтага не ведалі (паўстае пытанне пра іх кваліфікацыю).

Паўторна справа Пятра Сандовіча разглядалася судом 3 участка г.Менска 4 студзеня 1935 года (суддзя Руды, члены засядацелі Баранаў і Багдановіч, сакратар Стрыгун, без удзела пракурора і абаронцы). У прысудзе запісана: «Адносна таго, на колькі гадоў быў выслан падвіноўны Сандовіч, то апошні суду не сказаў, тлумачачы тым, што ён не ведае». Зрабіць запыт у орган, які прыняў рашэнне аб высылцы Сандовіча, было, відаць, вышэй за кваліфікацыю суддзі Рудога. Дый нашто губляць каштоўны час «народнага» суда на нейкага «кулака»? Пятра Сандовіча асудзілі паводле артыкулу 118 КК БССР да двух гадоў пазбаўлення волі, то бок далі яму найбольшае магчымае пакаранне па частцы «б» гэтага артыкула.

Успаміны беларускіх раскулачаных, якія ўцяклі з месца высылкі, апублікаваў у кнізе «Побеги из ада» (2003) Андрэй Заерка. Яны даюць канкрэтнае ўяўленне пра ўмовы жыцця высланых (у тым ліку і менавіта ў Чардынскім раёне) і пра тое, якімі шляхамі ўцякалі з Урала. Многія людзі, чые лёсы фігуруюць у кнізе «Побеги из ада», былі пасля ўцёкаў арыштаваныя. Выходзіць, цэлая катэгорыя рэпрэсаваных — асуджаныя за ўцёкі.

Ані ў адкрытай базе дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР», ані ў базе дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі» звестак пра Пятра Сандовіча няма. Гэта значыць, што ён не рэабілітаваны не толькі па прысудзе 1935 года, але і ў справе адміністрацыйнай высылкі 1930 года. Што, у сваю чаргу, паказвае, наколькі незавершаны ў Беларусі працэс рэабілітацыі. Застаюцца нерэабілітаванымі тыя рэпрэсаваныя, хто ўцёк з месца ссылкі ці зняволення і потым быў асуджаны па артыкуле 118 КК БССР.

Але здзіўляе іншае: выяўляецца, што рэабілітаваны не ўсе адміністрацыйна высланыя, хаця па заканадаўстве Беларусі ўсе яны падлягалі рэабілітацыі. Пры гэтым афіцыйна працэс рэабілітацыі ў Беларусі быў завершаны ў 1998 годзе.

Пётру Сандовіча неабходна рэабілітаваць, як і даведацца больш пра яго жыццёвы шлях. Рэдакцыя «Новага Часу» просіць звязацца з ёй сваякоў ці іншых людзей, якія што-небудзь ведаюць пра лёс гэтага чалавека.


P.S.: Аўтар гэтага артыкула быў вызвалены з СІЗА 7 красавіка 2017 года. Ён адбываў 14 сутак паводле артыкула 17.1 (дробнае хуліганства). Родныя, сябры і ўсе неабыякавыя да лёсу затрыманых да і пасля Маршу недармаедаў у Мінску 15 сакавіка, а таксама асуджаных на суткі, абвясцілі адкрыты збор у дапамогу арыштаваным, які распачаўся ў офісе Беларускай партыі «Зялёныя». Уладзімір Валодзін, як і іншыя, быў затрыманы 24 сакавіка ў офісе БПЗ пры зборы гэтай дапамогі.



Каментаваць