Павел Аляксюк. Чалавек, якога ніхто не змог выкарыстаць

Павел Аляксюк — адна з найбольш таямнічых асобаў сярод «айцоў» БНР. Чалавек, які меўся ўзначаліць урад у рэспубліцы Балаховіча, абвешчанай у Мазыры, але быў зацкаваны як «здраднік» учорашнімі паплечнікамі па беларускім руху яшчэ ў 1920-х.

Вокладка кнігі Андрэя Чарнякевіча (фрагмент)

За прозвішчам Алексюка заўсёды цягнуўся шлейф фінансавых скандалаў ды абвінавачванні ў здрадзе на карысць палякаў. А яшчэ — гэта шлейф таямніцы: ён апынуўся ці не адзіным з масцітых палітыкаў 1917–1920-х гадоў, які сышоў у цень ды цалкам адышоў ад справаў. Сёння мы нават не ведаем года ягонай смерці і месца вечнага спачыну.

Хто ж ён: агент, карупцыянер, здраднік альбо таленавіты палітык, адзіны рэаліст і прагматык у «абойме» БНР? Дамо слова гісторыку і даследчыку беларускага руху Андрэю Чарнякевічу, з-пад пяра якога ў мінулым годзе выйшла кніга «Чужы сярод чужых. Павел Аляксюк і беларускія паланафілы».

 

Адно з нешматлікіх вядомых фота Паўла Алексюка

Алексюка зашмат у беларускім руху

Чаму ў якасці героя вы абралі Алексюка, а не, скажам, Ластоўскага ці Луцкевіча?

— Я звярнуў увагу на асобу, якую 99 адсоткаў сучаснікаў залічылі да негатыўных персанажаў. Калі ўсе кажуць, што нейкі персанаж — квінтэсенцыя зла — гэта выклікае цікавасць. З іншага боку, Алексюка ў прынцыпе зашмат у беларускім руху. Ён быў паўсюль. Прычым, не на другасных пасадах, але ў якасці пачынальніка, арганізатара, заснавальніка.

Беларускі Гродна шмат у чым пачынаўся акурат з яго. Ён быў адным з арганізатараў, духоўным бацькам гуртка беларускай моладзі «Наша хатка» ў 1909-1910 гадах. Быў карэспандэнтам «Нашай Нівы» па Гродзеншчыне. Быў адным з арганізатараў беларускага гуртка ў Пецярбурзе, дзе ўдзельнічаў у першай пастаноўцы «Паўлінкі». І вось гэтага «першага» накапілася вельмі шмат яшчэ да 1918 года і абвяшчэння БНР. Нават з Антонам Луцкевічам ён здолеў пасварыцца яшчэ ў 1915 годзе.

А з-за чаго пасварыліся?

— Невядома. Найхутчэй, нейкія амбіцыі, розныя бачанні. Магчыма, нейкія фінансавыя плыні — гэтае пытанне суправаджала Алексюка на працягу ўсяго жыцця... А ўжо ў 1917-м Аляксюк выступае адным з першых на беларускамоўным мітынгу ў Мінску, выступае ў Гарадской думе, спрачаецца з Фрунзэ на сялянскім з’ездзе, едзе разам з Варонкам прадстаўляць беларусаў у Петраградзе перад Часовым Урадам Расіі, узначальвае выданні: «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», выдавецтва «Заранка».

Больш за тое, напрыканцы 1917 года як беларускі прадстаўнік ён едзе ва Украіну з даручэннем арганізоўваць беларускія часткі, а пасля прывезці ўкраінскія грошы. І гэта ўражвае. Але разам з тым, у Алексюка ёсць рэнамэ, якое ўжо склалася ў нашай гістарычнай літаратуры: здраднік, паланафіл, агент Дэфензівы — усё самае кепскае.

 

Павел Аляксюк 

Прамаўляў як патрыёт, а не сацыяліст

Выглядае вельмі энергічным чалавекам…

— Так, безумоўна. Энергічны чалавек, прагматык, палітычны менеджар і піяршчык. Пры ўсім гэтым, у ягоных прамовах шмат той рамантычнай мовы, да якіх мы ўжо прызвычаіліся. На той час гэта было выключэннем. Большасць беларускіх дзеячаў размаўляла мовай сацыялістычных лозунгаў, а ён прамаўляў як беларускі патрыёт. Ён звяртаўся да гістарычнай спадчыны, праводзіў паралелі… Ён запальваў і на Усебеларускім з’ездзе, і на іншых выступах.

То бок, яшчэ і харызматычны лідар?

— Не ведаю, у сучаснікаў менавіта такое слова не гучыць. Але ягоныя прамовы цытуюцца. Характэрна, што ў канцы 1921 года, калі ягонае негатыўнае рэнамэ ўжо склалася, ён вырашае ехаць у Прагу на палітычную канферэнцыю. Там збіраюцца найперш эсэры, якія ўжо неаднойчы заявілі аб сваіх радыкальных поглядах, а гэта ўжо час перманентнага канфлікту… Таму гэта місія хай і не смяротніка, але ён аддаваў сабе справаздачу, што едзе ў вельмі непрымальны стан. Луцкевіч не паехаў, а ён паехаў. І пачаў там казаць!

Па вяртанні з Прагі Аляксюк пачынае бэсціць не толькі эсэраў, што зразумела, але і Лявона Дубейкаўскага, таксама беларускага паланафіла. Чаму? Бо яму не патрэбныя былі канкурэнты. У прыватнасці, Аляксюк вінаваціць яго ў сімпатыях да Ураду БНР Ластоўскага, які падтрымлівала Літва, што адразу ж адштурхнула ад Дубейкаўскага польскіх партнёраў… Вось такі палітычны стыль.

 

''Беларускі шлях'' — газета, якую выдаваў Аляксюк

Вельмі таленавіты і… амаральны

Сама паездка — смелы крок, але падобныя сваркі, падаецца, вельмі характэрныя наогул для БНР, варта адно пагартаць архівы…

— Уявіце сабе, што праз нейкі час гісторыку дастануцца перапіскі ў фэйсбуку сучасных палітыкаў ці нашы з вамі. Што яны пра нас падумаюць? Якая гэта частка нашага жыцця?.. Зноў жа, мы настолькі мала ведаем беларускіх дзеячаў, што пасля чытання іхных перапісак, першае, што прыходзіць у галаву, — гэта расчараванне. Маўляў, мы бачылі іх небажыхарамі, а тут — цалкам жыццёвыя рэчы. У выпадку Алексюка цікава, што яго ці не першым пачалі бэсціць публічна. Усё, што было напісана пра яго ў газетах напярэдадні выбараў у Сейм Сярэдняй Літвы — гэта чорны піяр.

Раней такога не было?

— Усе спрэчкі паміж Луцкевічам і Ластоўскім адбываліся прыватна. Пазней ужо ўсё гэта стала часткай публічнага жыцця, а ў часы «Грамады» расцвіло пышным цветам… Бачыце, і тут Аляксюк апынуўся першым. Агулам жа сучаснікі сыходзяцца ў дзвюх рэчах наконт Алексюка. Ён вельмі таленавіты і здольны ва ўсіх напрамках. Адначасна, цалкам амаральны. Прычым пра гэта кажуць людзі з розных лагераў і кірункаў.

Аляксюк браўся за безліч праектаў — выдавецтва, культура, войска, палітыка — ці ўсё атрымлівалася? Ці даводзіў нешта да канца?

— Цяжка ацаніць. Усё, чым займаўся Аляксюк — гэта калектыўная праца. Ён падыходзіў да гэтага як да твору нацыянальнага руху, таму і за вынік нясе адказнасць не ён адзін. Добры прыклад — Беларуская вайсковая камісія (БВК). Менавіта Аляксюк здолеў атрымаць ад Пілсудскага дазвол на яе арганізацыю. Але ўжо арганізоўваў справу не ён. Яму супрацьстаялі і «эндэкі», якія непрыхільна ставіліся да Пілсудскага, і Рак-Міхайлоўскі, і беларускія эсэры, і той жа Сільвестр Ваявудскі, а з ім Другі аддзел польскага Генштабу. Таму ацэньваць БВК як няўдалы твор асабіста Алексюка — не зусім карэктна.

 

''Краёвая Сувязь'' — адзін з праектаў Паўла Алексюка (выява пячаткі арганізацыі)

Грошы пайшлі на балахоўцаў

Яму часта закідаюць карупцыю: маўляў, браў грошы пад праекты, грошы знікалі, праекты развальваліся… Ці так было насамрэч?

— З пункту гледжання права, нічога не даказана. Але абвінавачванняў было поўна, яшчэ ад з часоў беларускага гуртка. З грашыма яму не шанцавала ці… шанцавала, залежыць, як глядзець на справу. Нават апошняя ягоная справа завязаная на грошах. Гэта гісторыя таго, як ён у 1930 годзе падпаліў сваю маёмасць, каб атрымаць страхоўку, і трапіў пад суд, але быў апраўданы.

А што сталася з украінскім крэдытам на беларускае войска?

— Яшчэ ў канцы 1917 года Аляксюк ад імя Цэнтральнай Беларускай Рады едзе ў Кіеў да Цэнтральнай Украінскай Рады. Прычым, едзе не проста за грашыма, а за грашыма для арганізацыі беларускіх аддзелаў. Гледзячы па ўсім, грошы ён атрымаў, але па вяртанні ў Мінск яго чакала ўжо цалкам новая расстаноўка сілаў. Паміж Радай Усебеларускага З’езду і Аблвыкамзахам адбыўся канфлікт, бальшавікі арыштоўваюць і ўкраінцаў, і беларусаў, у тым ліку Езавітава.

Каму аддаць грошы ў такой сітуацыі? Для яго, відаць, гэта быў момант выбару. Ён палічыў, што даваць грошы Язэпу Варонку і «левым» на невядома што не варта. Згодна маёй думцы, ён грошы выкарыстаў для беларускай справы, на выданне «Новага шляху» ды іншага. Так ён стаў арганізатарам розных праектаў: у яго быў для гэтага рэсурс. Часта мы дапускаем, што ўсё гэта рабілася за кошт Скірмунта, але ў таго ў 1918 годзе грошаў наўпрост не засталося. А ў Алексюка яны былі.

Павел Аляксюк 

І гэта не адзіны выпадак?..

— Вельмі падобная гісторыя пазней сталася з касай БВК. Аляксюк прывозіць чарговыя грошы на войска ў Мінск, а сітуацыя за час яго адсутнасці ў чарговы раз карэнна змяняецца. Тут застаюцца эсэры, Рак-Міхайлоўскі, гатовыя іх узяць… Але куды тое пойдзе? У лепшым выпадку, на прыватныя патрэбы, але ўлічваючы, што большасць іх сімпатызуюць бальшавікам, а Рак-Міхайлоўскі наогул пасля апынецца ў гродзенскім рэўкаме… Аляксюк вырашае ўсё па-свойму, грошы застаюцца ў яго.

Але ў жніўні 1920-га ён пачынае ствараць Беларускі Палітычны Камітэт, актыўна дапамагае Балаховічу… Дапускаю, што грошы пайшлі на балахоўцаў. Ці засталося нешта Алексюку? Напэўна засталося. Але, зноў жа, гэта можна разглядаць як палітычную інвестыцыю. Гэта давала яму магчымасць больш-менш свабодна дзейнічаць, тым часам як большасць беларускіх дзеячаў пры адсутнасці грошай заставаліся ад некага залежнымі.

 

Беларускамоўная агітка Балаховіча — плён дзейнасці паліттэхнолага Алексюка

Палітычны менеджар Балаховіча

Што можна сказаць пра гісторыю Алексюка, Балаховіча ды Палескі паход 1920-га года?

— Балаховіч стаў беларусам, дзякуючы Езавітаву. Але Езавітаў на той момант паспеў знікнуць з поля зроку, яны разышліся. І тут надышоў момант, калі Балаховічу спатрэбілася палітычнае заплечча. Ён не быў у стане яго стварыць. У Латышонка ёсць узгадка, якая шмат што тлумачыць: Аляксюк ведаў Балаховіча яшчэ да ўсіх гэтых падзеяў. А значыць, ім лёгка было знайсці агульную мову. Аляксюк прапанаваў яму палітычную схему, а Балаховіч наўпрост дапасаваў яе да сябе.

Беларускамоўная агітка Балаховіча — плён дзейнасці паліттэхнолага Алексюка

Стварэнне Беларускай дзяржавы ў Мазыры ў лістападзе 1920 года — гэта кульмінацыя паходу. Уявіце, Аляксюк з 1909 года выношваў у сабе беларускасць, пасля яму ўсе запярэчвалі, адсоўвалі, бэсцілі. А тут — шыкоўная магчымасць пачаць усё з чыстага ліста. Так у Мазыры паўстае Беларусь. Але калі на нейкі момант сабе ўявіць, што бальшавікі саступілі, а ў Балаховіча з Алексюком атрымалася, мы б займелі адзіны магчымы сцэнар незалежнай Беларусі на той момант. І Аляксюк быў бы там прэм’ерам ці віцэ-прэм’ерам пры Балаховічы.

Станіслаў Булак-Балаховіч

Ёсць нават думка, што ў такім выпадку Беларусь перажыла б эпоху аўтарытарызму яшчэ ў 1920-я…

— Развагі пра тое, што Балаховіч — тагачасны Лукашэнка — гэта, безумоўна гульня. Але гульня, якая дазваляе зразумець гісторыю. У іх шмат чаго агульнага, праўда. Гэта найперш стаўленне да палітычных дагматаў, якія можна выкарыстоўваць для сваёй карысці, для ўлады. Яны хочуць і рэалізуюць уладу. Дарэчы, Аляксюк быў тады адным з нешматлікіх палітыкаў, якія мелі волю да ўлады. Таксама, як Балаховіч, як Лукашэнка.

 

Беларускамоўная агітка Балаховіча - плён дзейнасці паліттэхнолага Алексюка

Рэдактар баяўся, што жонка Алексюка яго застрэліць…

Ці вядома нешта пра сям’ю Алексюка?

— Гэта вельмі драматычная гісторыя. Ягоная малодшая сястра была рэдактаркай гродзенскай газеты «Зорка». У канцы 1919 года яна нават атрымала ўзнагароду БНР за тое, што здолела перайсці ўкраінска-бальшавіцкі фронт і перанесці вэксаль на частку ўкраінскіх грошаў. Пазней яна яшчэ раз узгадваецца як адзін з кіраўнікоў партызанскіх атрадаў «Зялёнага Дубу» ў 1921 годзе. Пазней, як і большасць Алексюкоў, яна губляецца.

Пячаткі антысавецкіх партызанаў ''Зялёнага Дуба'', да якога спрычыніўся Аляксюк пасля паразы Палескага паходу Балаховіча 

Жонка Алексюка была літоўкай. Яны ажаніліся напярэдадні Першай сусветнай вайны. Варта памятаць, што Аляксюк — адзін з першых перакладчыкаў з літоўскай на беларускую мову. Разам з тым, ад 1921 года Аляксюк, як прыхільнік Польшчы, стаў ворагам Літвы №1 з ліку беларускіх дзеячаў. Ёсць згадка, як ягоная жонка прыйшла ў выдавецтва аднаго часопіса ў Вільні, а рэдактар-літовец баяўся, што яна яго застрэліць: сачыў увесь час за ейнай рукой.

У іх былі дзеці?

— Ягонага сына напаткаў трагічны лёс. Вітольд Аляксюк, вучань адной з віленскіх каталіцкіх семінарыяў, у 1926 годзе прыехаў да бацькоў у Наваградак і застрэліўся. У прэсе пісалі, што ён выпадкова стрэліў сабе ў галаву, але, улічваючы моду на самагубствы сярод моладзі ў той час, магло быць і па-іншаму. Магіла Алексюка-малодшага дагэтуль захавалася на каталіцкіх могілках у Наваградку.

Беларусь (Горадня) — 1919.04.27, Nr7-1


Цікавы і гродзенскі след Алексюкоў. Старэйшая сястра Яўгенія была жонкай аднаго з прадстаўнікоў гродзенскага старастата. Згодна дакументам польскай выведкі ад 1921 года, і яна, і ейны муж праходзяць як прамоўтары беларушчыны. Муж памёр у першай палове 1920-х гадоў, жонка невядома ці засталася, ці з’ехала. Ёсць і іншыя згадкі пра Алексюкоў, але невядома, ці тое крэўныя, ці з адным прозвішчам. Наогул жа, усе яго сваякі — гэта энергічныя і яскравыя асобы, якія самі выскокваюць на старонкі гістарычных дакументаў.

 

Пячаткі антысавецкіх партызанаў ''Зялёнага Дуба'', да якога спрычыніўся Аляксюк пасля паразы Палескага паходу Балаховіча

Данясенні на Алексюка пісаў сам Аляксюк…

Усё ж такі, ці быў Аляксюк кадравым супрацоўнікам польскай выведкі? Ці праўдзівыя абвінавачванні супраць яго з боку беларускіх дзеячаў?

— Дакладна можна сказаць, што ў Алексюка, у адрозненне ад іншых цалкам падкантрольных асобаў, не было тэчкі ў Другім аддзеле польскага Генштабу (Двуйка). Ёсць тэчкі і на Ладнова, і на Зямкевіча — яны дакладна супрацоўнічалі. З іншага боку, ён дакладна карыстаўся ўплывамі, і гэтыя ўплывы выкарыстоўваў. Але шмат што было на асабістым узроўні. Гэта цікавая палітычная гульня...


Эмблема польскага Генштабу

Дзіўна, але ў часы Савецка-польскай вайны 1920 года, калі ў Польшчы ішла канкурэнцыя паміж рознымі сіламі, «паланафіл» Аляксюк быў у контрах з Другім аддзелам. Пра гэта сведчыць той момант, што ў 1921 годзе Дэфензіва сачыла за Алексюком, але… у гэтым увесь Аляксюк! На матэрыялах выведкі, якія захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы, ёсць вельмі цікавая нататка алоўкам, напісаная адным з аналітыкаў Другога аддзелу: «У мяне вельмі моцныя падазрэнні, што гэтыя данясенні на Алексюка пісаў сам Аляксюк…»

Я разумею, што гэта даволі не тыповы фармат стасункаў…

— Такіх беларускіх дзеячаў вельмі мала, насамрэч. Усе прадстаўляюцца альбо ахвярамі, альбо апантанымі ідэяй, а гэта быў чалавек, здольны самастойна мацаваць свой лёс. Столькі разоў яго ламала праз калена, столькі разоў яго публічна пракліналі… а ён штораз вяртаўся, як птушка-фенікс. Алексюка не здолеў выкарыстаць ніхто. А ён — выкарыстаў шмат каго.

 

Гераічны вобраз балахоўцаў, які набывае папулярнасць сёння (фота istpravda.ru)

Падчас вайны з ім магло быць усё, што заўгодна…

Якім чынам Аляксюк сышоў з палітычнай гонкі?

— У Заходняй Беларусі на той момант ужо ўсё «пасыпалася». Засталіся камунізаваныя рэшткі «Грамады», нешта ад хадэкаў, розныя маргінальныя праекты... Ва ўсё гэта ён ужо не ўпісваецца, адыходзіць ад беларускіх справаў. І ў 1931-м ён арганізоўвае хіба самую бліскучую гульню: знікае з грамадскага жыцця. З таго, што можна адсачыць, з’язджае ў Острув Мазавецкі. У 1944 годзе ці пазней паглыбляецца яшчэ далей у карэнную Польшчу.

Год і месца ягонага пахавання невядомыя. Я вырашыў для сябе не працягваць пошукі ў гэтым кірунку, скончыць кнігу. Гэтае знікненне — ягонае права на забыццё. З іншага боку, калі недзе яшчэ захаваўся ягоны архіў… гэта была б бомба! Ва ўніверсітэтах вучаць, што гісторыю чалавека трэба скончваць ягонай смерцю. Але 1931 год — канец менавіта ягонай палітычнай біяграфіі.

Няўжо Аляксюк ніяк не засвяціўся ў гады Другой сусветнай вайны? Няўжо не вярнуўся ў Беларусь?

— З таго, што я ведаю пра гэтага чалавека, дапускаю, што ён вяртаўся. Усё, што заўгодна магло быць. Магчыма, Аляксюк недзе ўдзельнічаў, прычым актыўна. Я не здзіўлюся, калі знойдуцца дакументы пра яго ўдзел у АК альбо ў паваенным польскім СБ. А можа, у 1931 годзе ён зрабіў для сябе нейкую катэгарычную выснову і шчыра ад усяго адышоў.

 

Гераічны вобраз балахоўцаў, які набывае папулярнасць сёння (фота istpravda.ru)


Пячатка з сонцам па-над хвалямі

На вокладцы кніжкі мы бачым разбітую рамку з партрэтам Алексюка, а зверху — адбітак падэшвы. Гэта стаўленне аўтара да героя?

— Такую вокладку мне зрабіў выдавец, але трапіў у самую сутнасць. І падэшву, і разбіты партрэт можна інтэрпрэтаваць зусім па-рознаму. Можна трактаваць як вобраз, збэшчаны сучаснікамі і нашчадкамі. А што за гэтым партрэтам? Што ўвасабляе гэты чалавек?.. Я вельмі хачу, каб выснову рабіў чытач.

''Зьвястун'' — перыёдыка Беларускага Палітычнага Камітэту, які стаў палітычным заплеччам Балаховіча

Ну і апошняе: калі Аляксюк пісаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» лісты ў 1910 годзе, нешта па-беларуску, нешта па-польску, на сваіх капэртах ён заўжды пазначаў на зваротным адрасе: «Беларусь». То бок, ён яшчэ тады дакладна вызначыў прыналежнасць свайго гораду, а пісаў ён з Гродна. Дарэчы, на лістах была і ягоная асабістая пячатка: узыходзячае сонца па-над хвалямі. Можна сказаць, што Аляксюк прыдумаў і частку сучаснага беларускага гербу. Але гэта ўжо жарт.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць