Чвэрць стагоддзя Беларускаму згуртаванню вайскоўцаў (+відэа)

Дваццаць пяць гадоў таму, 12–13 кастрычніка 1991 года, адбыўся Устаноўчы сход Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ). Сваімі ўспамінамі пра тыя падзеі дзеліцца адзін з заснавальнікаў БЗВ, маёр запасу, Алесь Станкевіч.

Падчас прысягі Беларусі 8 верасня 1992 года


— Чвэрць стагоддзя мінула, як тыдзень. Зноўку восень, палова кастрычніка, як і тады, хіба што дажджу болей. Памяць вяртае ў мінулае, старонкі жыцця віртуальна гартаюцца назад. Час аналізаў і адзнак.

Стварэнне БЗВ на хвалі путчу 1991 года не было спантанным ці вымушаным, і выступ падпалкоўніка, кандыдата навук з МВІЗРВ Мікалая Статкевіча на плошчы Леніна падчас шматтысячнага мітынгу са зваротам да вайскоўцаў і грамадскасці — гэта не была «дэкларацыя аб намерах».



«Жнівеньскі путч 1991 года ў Маскве паказаў дэмакратычным партыям і іх лідарам, што ў Беларусі няма сілы, якая была б здольная бараніць дэмакратыю і суверэнітэт краіны. Таму, па ініцыятыве кадравых вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу, сябраў дэмакратычных партый было прынята ўзгодненае рашэнне аб стварэнні надпартыйнага патрыятычнага руху з ліку кадравых вайскоўцаў», — напісаў удзельнік тых падзеяў, маёр Міхал Варанец у сваёй дыпломнай працы на гістфаку БДУ.

Да паловы дня 20 жніўня было створанае Беларускае аб’яднанне вайскоўцаў (БАВ), у якое ўвайшлі: ад Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі — падпалкоўнік запасу Эдуард Райко і маёр Уладзімір Грыневіч, ад БНФ — падпалкоўнік Генадзь Банкевіч і шараговы Віктар Івашкевіч, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады — падпалкоўнік Мікалай Статкевіч і лейтэнант Сяржук Чыслаў, ад сялянскай партыі — капітан МУС Васіль Пятачэнка, маёр Мікола Хіўрэнка... Усяго дзесяць асобаў. Старшынёй абралі Мікалая Статкевіча, які ў той жа вечар і выступіў на плошчы перад мітынгоўцамі з заявай аб стварэнні БАВ і са зваротам да вайскоўцаў «не выконваць загады, што зыходзяць ад неканстытуцыйнага органу, які адхіліў ад улады прэзідэнта СССР і галоўнакамандуючага УС». Прагучала заява пра мэты арганізацыі, дзе дэкларавалася неабходнасць стварэння беларускага войска.

Аргкамітэт наладзіў кантроль за перамяшчэннямі войскаў у Мінску.


Алесь Станкевіч, Аляксандр Кулеш, Валер Костка, Уладзімір Савянок, Мікалай Бірукоў, Мікалай Статкевіч


Пасяджэнне БАВ 29 жніўня праходзіла ў адной з аўдыторый БДУ і мела ўжо пашыраны склад. Акрамя мяне (я тады быў маёрам, выкладчыкам пачатковай вайсковай падрыхтоўкі) дадаліся падпалкоўнік-палітработнік Уладзімір Савянок, капітан Алесь Карлюкевіч, вайсковы журналіст, падпалкоўнік Мікалай Бірукоў, кандыдат навук, выкладчык МВІЗРВ маёры Курбан Гельдыеў і Міхал Варанец з гарнізону Печы.

На пасяджэнні былі прынятыя рашэнні прыняць назву «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», ператварыць аргкамітэт у Каардынацыйную Раду, абраць намеснікам падпалкоўніка Уладзіміра Савянка, абраць Выканаўчую раду ў складзе Статкевіча, Бірукова, Цялькоўскага. Былі створаныя шэраг камісій, прыняты часовы (да з'езду) Статут БЗВ.


Падчас прысягі Беларусі 8 верасня 1992 года


Увесь верасень і пачатак кастрычніка былі прысвечаны падрыхтоўцы Устаноўчага з'езду. І вось 12 кастрычніка з раніцы мінскі Дом літаратараў прымаў дэлегатаў, гасцей, прэсу. У вестыбюлях абодвух паверхаў былі абсталяваны стэнды з матэрыяламі дзейнасці сяброў БЗВ у розных гарнізонах, прапановы па абмундзіраванні, знаках адрознення, узнагародах, фотаздымкі, газеты Станіслава Судніка з Казахстану «Рокаш», працавалі шапікі па распаўсюду беларускай літаратуры, сувеніраў, луналі нацыянальныя сцягі і харугвы продкаў-ваяроў...

Афіцыйна прынялі ўдзел у з’ездзе 119 дэлегатаў, 26 гасцей з іншых рэспублік, 14 сродкаў масавай інфармацыі. На парадку дня былі разгледжаны справаздача пра вынікі працы і мэты БЗВ, зацверджаны Статут БЗВ, пастанова аб стварэнні БЗВ, зварот да беларускага народу. У спрэчках па дакладзе выступілі 12 чалавек.


Падчас прысягі Беларусі 8 верасня 1992 года


У Статуце было запісана: «Арганізацыя БЗВ з’яўляецца непалітычным грамадска-патрыятычным дабраахвотным рухам», які «садзейнічае стварэнню беларускага войска» і дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, абараняе правы беларускіх вайскоўцаў.

Асабліва запамінальнымі былі выступы Міхася Ткачова, прафесара гісторыі, старшыні БСДГ, падпалкоўніка Станіслава Судніка, які стварыў у гарнізоне ў Казахстане нядзельную беларускую школу і выпускаў газету «Рокаш», Зянона Пазьняка, лідара БНФ, дэпутата Вярхоўнага Савета маёра Валера Косткі, таксама дэпутата, маёра Віктара Шэймана, палкоўніка Вілена Марцірасяна дэпутата Вярхоўнага Савету СССР і старшыні Саюза афіцэраў Украіны, падпалкоўніка Вікенція Чорнага, кандыдата навук з Калініна.


Група дэлегатаў у перапынку сходу


У перапынку была закладзена традыцыя ўскладання кветак да помніку ахвярам Другой сусветнай вайны на Вайсковых могілках, якая кожны год адзначаецца, праўда, ужо 8 мая.

Напрыканцы першага дня з’езду дэлегаты ў вайсковых строях пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з пераможнымі харугвамі Грунвальду і Воршы рушылі калонай ад Дома літаратара праспектам Скарыны да помніку Купалу (гэта было першае шэсце БЗВ), дзе адбываўся рок-канцэрт у наўпроставым эфіры БТ. Вядучы Віталь Сямашка запрасіў да мікрафону Мікалая Статкевіча, і той зачытаў у эфір «Зварот да Вярхоўнага Савету, палітычных партый і народа Беларусі». Журналістка Галіна Айзенштат напісала потым: «І ўсё ж самы моцны псіхалагічны момант быў тады, калі ваеннаслужачыя ішлі пад Грунвальдскімі сцягамі. Ад Дому літаратара да помніку Купалу ўсяго два кварталы. Але была пройдзена куды большая адлегласць. Адлегласць паміж мінулым, калі была страчана дзяржаўнасць, і сучасным, калі яна адраджаецца».


Мандат удзельніка Устаноўчага сходу


Такімі былі першыя крокі БЗВ.

Сёння гэта стала ўжо гісторыяй. Час мінуў, забраў ад нас шмат сяброў, сярод якіх Кастусь Жвірко, Генадзь Банкевіч, Мікалай Бірукоў, Артур Вольскі. Нехта апынуўся па за межамі Беларусі: Уладзімір Савянок — у ЗША, Уладзімір Барадач — у Германіі. Але днямі група ветэранаў збярэцца цёплым колам, каб узгадаць мінулае, пагутарыць пра надзённае. Так што БЗВ жыве і віншуе ўсіх, хто спрычыніўся да яго дзейнасці, віншуе з юбілеем і выказвае ўпэўненасць у тым, што мы па-ранейшаму разам.


Ускладанне вянка на Вайсковых могілках 8 мая 1993 года.


Здароўя вам, сябры! Жыве Беларусь!


На мітынгу ў скверы Янкі Купалы  21 сакавіка 1993 года


Відэа з каналу Zyve Belarus

Фота з асабістага архіву архіва Алеся Станкевіча


Для даведкі:

БЗВ прымала ўдзел у распрацоўцы дакументаў, накіраваных на фарміраванне беларускага войска і правядзенне вайсковай рэформы: правяло рэспубліканскую акцыю «Урок патрыятызму», у межах якой падрыхтаваны і змешчаны ў перыядычным друку кароткі нарыс вайсковай гісторыі Беларусі «Забытая слава» (1992).

У сакавіку 1992 года выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісання «Антыкрызіснага пагадненні супраць знешняй пагрозу суверэнітэту Рэспублікі Беларусь», якое аб'яднала ўсе патрыятычныя сілы рэспублікі.

8 верасня 1992 года, падчас першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы, па ўсёй краіне — у Мінску, Гродна, Брэсце і іншых гарадах — прайшла масавая акцыя прыняцця прысягі на вернасць Беларусі вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу.

На сталічнай плошчы Незалежнасці, стоячы ў форме перад вялікай грамадой людзей, прынялі прысягу 15 афіцэраў-актывістаў БЗВ. На працягу года 12 з іх былі звольненыя з войска, потым чарга дайшла і да іншых.

16 лютага 1994 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Мінску. Тады ж быў створаны аргкамітэт патрыятычнага руху БЗВ, 10 сакавіка 1995 года зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу, асобаў у адстаўцы і іншых грамадзян.

У 2000 годзе Беларускае згуртаванне вайскоўцаў не прайшло перарэгістрацыю і было ліквідавана дэ-юрэ.



Каментаваць