Чвэрць стагоддзя пасля путчу: успаміны і вынікі

Жнівеньскі путч. Ужо 25 гадоў мінула. Ужо вырасла і абзавялося ўласнымі дзецьмі цэлае пакаленне, якое шчыра не разумее, чаму ўбачыць раніцай у тэлевізары "Лебядзінае возера" — гэта вельмі дрэнная прыкмета. Аднак што мы маем сёння? Няўжо ГКЧП усё ж такі дамаглося свайго?


Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net


Успаміны


Для кагосьці тыя тры дні ў жніўні 1991-га засталіся ў памяці як набор фотаздымкаў: "Лебядзінае возера", а потым строгія галасы савецкіх дыктараў па ТБ, трасучыеся рукі віцэ-прэзідэнта СССР Генадзя Янаева, Ельцын на танку, Хасбулатаў з нязменнай трубкай, Руцкі з АКСУ на плячы, прэзідэнт Гарбачоў, што спускаецца па трапе самалёта, дачка Гарбачова, накрытая пледам, ахоўнікі Белага дому з аўтаматамі, у якіх ражкі прыкручаныя адзін да аднаго лейкапластырам, калоны БТРаў у Маскве, Мсціслаў Растраповіч, што ўзяў аўтамат свайго ахоўніка, які заснуў…

Але я памятаю ўсё інакш — па-свойму і вельмі падрабязна. Мне было 17 гадоў, я толькі што скончыў школу і ўжо здаў уступныя іспыты ў БДУ (чым страшна ганарыўся). У той дзень, 19 жніўня, я ўстаў вельмі рана — трэба было прыйсці ў паліклініку да адкрыцця, узяць нейкую даведку для ўніверсітэта. Выйшаў у калідор і сутыкнуўся з маці, якая выходзіла са свайго пакою. Яна была ў начной кашулі, прычым кашуля і твар былі аднолькава белага колеру.

"У Маскве пераварот, Гарбачова скінулі", — сказала маці.

Тэлевізар паказваў "Лебядзінае возера", прычым па ўсіх трох каналах. Інфармацыйным акном у свет тут жа стаў легендарны савецкі прымач "Акіян–209", які не то што ўвесь свет лавіў — мусіць, нават перамовы іншапланецян дазваляў слухаць. З таго моманту "Радыё Свабода" мы не выключалі некалькі сутак запар. Адразу стала зразумела: перабудова адмяняецца, пра незалежнасць Беларусі можна забыцца, нас усіх хутка прыйдуць арыштоўваць. Ні першае, ні другое, ні трэцяе мне не падабалася.

Першы, каму я патэлефанаваў, быў мой сябар, сусед па дому і аднакласнік — такі жа юны беларускі нацыяналіст, як і я. Ён ужо быў у курсе таго, што адбываецца, — ён таксама паступіў у БДУ і гэтак жа падняўся рана раніцай ісці за даведкай. Мы вырашылі, што далей усё будзем рабіць разам — хоць не так страшна будзе. Потым я абтэлефанаваў яшчэ некалькі сяброў з ліку тых, з кім мы раз-пораз хадзілі біць камсамольцаў. Але ўсе былі на дачах — жнівень. Стала зразумела, што ратаваць радзіму давядзецца нам удвух.

Зрэшты, тады, 19-га, гадзін да трох дня мы нічога не рабілі. Не адыходзілі ад прымачоў, а ў тэлевізары з выключаным гукам усё гэтак жа танчылі маленькія лебедзі. Не, не зусім так. Пару разоў балет перарываўся на навіны, у якіх дыктары з шэрымі ад жаху абліччамі зачытвалі заяву ГКЧП. Мы ж толькі гадалі — што з Гарбачовым?


Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net


Пасля абеду стала ясна: без нашага з сябрам умяшання сітуацыя сама не вырашыцца. І мы пайшлі на плошчу (тады — Леніна). Цяпер часта можна бачыць фатаграфіі тых дзён, і на іх абавязкова натоўп людзей з плакатамі. Але тое было пачынаючы з 20 жніўня. 19-га плакатаў не было. Было зацягнутае хмарамі свінцовае неба і чалавек 200 у цэнтры плошчы Леніна.

У кожнага трэцяга — партатыўны транзістарны прымач. "Радыё Свабода", "Голас Амерыкі", "Свабодная Еўропа". Людзі маўчалі або ціха перагаворваліся. Страх, здавалася, вісеў у паветры. Зараз гэта складана ўявіць, але тады мы рэальна баяліся, што на плошчу вось-вось заедуць БТРы, што з'явяцца жаўнеры з аўтаматамі і адкрыюць агонь. Мы ўжо бачылі, як гэта было, — у Тбілісі, у Баку, у Вільнюсе…

У нейкі момант мы з сябрам дасталі загадзя стыраную ў школе крэйду і пачалі маляваць на асфальце надпіс — "Слава КПСС!". Толькі ў слове "КПСС" мы апошнія дзве літары малявалі як нацысцкі знак SS.

Так мінулі гадзіны тры. Стала зразумела, што сёння нас, хутчэй за ўсё, ні арыштоўваць, ні расстрэльваць не будуць. І ўсе патроху разышліся. Пад тым жа свінцовым небам — і нават ніводнага міліцыянера бачна не было.

Наступную ноч я правёў ля прымача, круцячы ручку налады і прагна ловячы любыя ўрыўкі інфармацыі. А раніцай мы з сябрам зноў пайшлі на плошчу. Толькі выглядала яна цяпер зусім па-іншаму. Людзей былі ўжо тысячы — і шмат плакатаў, намаляваных ад рукі. А вось атмасферы страху ўжо не было. Людзі ведалі, што ў Маскве і іншых буйных гарадах СССР людзі трымаюцца, што ГКЧП не падтрымаў ніхто ў свеце, што кіраўніцтва Расіі і асабіста Ельцын узначалілі супраціў. Настрой было нервова-прыўзняты, мы разумелі, што танкі не прыедуць і сёння. Толькі за Гарбачова хваляваліся — пра яго па-ранейшаму не было нічога вядома.

Далей — новая бяссонная ноч ля радыё. І раніцай 21-га — зноў на плошчу Леніна. І зноў гэта была іншая плошча. Яна была ўжо ўся запоўненая народам, з масай плакатаў, — і свяціла сонца. З'явіліся палітыкі — дэпутаты ад БНФ з мегафонамі. Усе ведалі, што ў Маскве надыходзіць развязка, што ГКЧП практычна прайграў, і што ў Фарос да Гарбачова адправіліся капітуляваць Лук'янаў, Язаў, Івашка і Кручкоў. У той момант стала зразумела: справы СССР і Расіі нас больш не датычаць, нам трэба наводзіць парадак у Беларусі. Асабіста для мяне Савецкі Саюз распаўся менавіта тады, 21 жніўня 1991-га. А на плошчы ўжо пачынаўся стыхійны запіс у Нацыянальную Гвардыю…

Потым я адсыпаўся — ды так, што зноў на плошчу прыйшоў ужо толькі 24 жніўня, калі тэрмінова збіраўся Вярхоўны Савет БССР. Той самы, які на наступны дзень пастанавіў надаць Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статут канстытуцыйнага закона. У той жа дзень былі таксама прынятыя пастановы аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі і аб прыпыненні дзейнасці КПБ.

Але гэта была ўжо зусім іншая краіна і іншая гісторыя.


Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net


Вынікі

Сёння, праз чвэрць стагоддзя і мільён падзей, я разумею: тады ні ГКЧП не прайграў, ні мы не перамаглі. Так, СССР больш няма, — але ёсць Саюзная Дзяржава, СНД, ЕАЭС, АДКБ і іншыя мацюкальныя словы. Беларусь стала суверэннай дзяржавай — але наколькі рэальны наш суверэнітэт, калі для любога з нашых чыноўнікаў важна, што скажуць у Маскве? А ў галовах — мы незалежная краіна?

Так, мы пазбавіліся ад савецкага сацыялізму з яго пустымі паліцамі і бясконцымі чэргамі ў нікуды. Але і нармалёвы капіталізм мы не атрымалі. Так і боўтаемся як вядома што ў палонцы. Мы пазбавіліся аднапартыйнай сістэмы, але не пазбавіліся сістэмы адміністратыўна-каманднай. І ад людзей з КПСС у галаве мы не пазбавіліся — намі дагэтуль кіруюць выпускнікі Вышэйшай партыйнай школы.

Настальгія па СССР з'явілася вельмі хутка — людзі, якія не звыклі браць на сябе адказнасць за сваё жыццё, зноў захацелі адчуць над сабой "моцную руку". З-за гэтага ў 1993-м у Расіі амаль пачалася грамадзянская вайна, у 1994-м у Беларусі прыйшоў да ўлады Лукашэнка, а ў Казахстане Назарбаеў з улады наогул дагэтуль не сышоў. Больш за тое, сёння зноў стала модна настальгаваць па Савецкім Саюзе. І ўжо зусім дзіка чуць аповеды пра "шчаслівае жыццё ў СССР" ад дваццацігадовай моладзі.

Чаму сёння зразумела, што путчысты не прайгралі? Ды таму, што яны жадалі прыкладна таго, што цяпер робіць Расія, што адбываецца ў Беларусі, у Казахстане, ды і наогул у значнай частцы постсавецкіх краін. То бок там, дзе гісторыя ў нейкі момант звярнулася назад. І вось сёння новае-старое пакаленне чыноўнікаў увасабляе ў жыццё практычна ўсе мары ГКЧП — ад "рускага міру" ў савецкіх межах да паліцэйскай дзяржавы.

Шмат якія людзі працягваюць раздзірацца паміж "назад, у СССР" і "наперад, на Захад". Паміж "асаблівым шляхам" са "стабільнасцю" і жаданнем, "каб усё як у людзей". Дагэтуль у нас спрабуюць у пэўным сэнсе адмяніць распад СССР, прызнаць яго неадбыўшымся. І нядаўнія рытуальныя скокі вакол падпісання дамовы аб ЕАЭС — таму сведчанне.

На дзяржаўным узроўні адраджэнне ідэй ГКЧП мы бачым у адраджэнні ідэі аб вялікім і безумоўна трыумфальным мінулым, у якое нас спрабуюць перамясціць сілай з дапамогай машыны прапаганды, рэпрэсіўных законаў, варварскіх звычаяў і дзяржаўнага самаўпраўства.


Фота Уладзіміра Кармілкіна, vytoki.net


"Два асабістых антаганіста — Гарбачоў і Ельцын — кожны ў меру сваіх сіл імкнуліся адвесці Расію з палёў вайны ў мірнае жыццё. І абодва пацярпелі паразу. ГКЧП, дарэчы, якраз наадварот жадаў вярнуць краіну ў яе звычайны стан вайны. У жніўні 1991-га путчысты прайгралі. Па стане на сённяшні дзень — адназначна перамаглі. Аднак праблема цяперашніх пераможцаў у тым, што вайну, якую яны вядуць па большай частцы самі з сабой, нельга выйграць", — піша расійскі публіцыст Сямён Навапрудны. І я не магу з ім не пагадзіцца.



Каментаваць